«Рэкляма» (Апавяданне)


Яны сустрэліся выпадкова, на пустой алеі няўтульнага восеньскага сквера,— два блізкія некалі сябры, якіх пасля інстытута раскідала жыццё па сваіх расхлістаных дарогах; яны шчыра абняліся, абое непрыдумана радыя, і прыселі на лавачку пад зжаўцелым клёнам.

- Ну што — дзе ты, як? — закурваючы, узрушаны, спытаў адзін — у капелюшы, у доўгім скураным плашчы, з-пад адваротаў якога выглядвала бялюткая кашуля і бліскуча-чырвоны буйны гальштук.

- Так, — адказаў другі, апускаючы вочы на свае зацяганыя джынсы, на рукавы польскай джынсавай куртачкі, якую сябар павінен быў памятаць яшчэ з інстытута. — Жыву, як усе.

- Нешта ты, Лесь, невясёлы... і пастарэў, прабач, і вочы неяк не гараць... Што такое? Не бойся — каму-каму, а мне можаш расказваць усё як ёсць.

Лесь паглядзеў на яго і засмяяўся:

– Табе праўда цікава гэта?

- Больш, чым ты думаеш.

- Ну, тады слухай. Жыву я, калі шчыра, як сабака, нават горш, бо не кожны сабака адчувае страх, а я яго кожную хвіліну адчуваю. Мала вясёлага: дзесяць гадоў па абшчагах, так і не жаніўся, кватэра не свеціць, палысеў, як бачыш... Аклад — малюпасенькі, і таго скора не будзе — скарачаюць. Галоўнае ж, што я так і не навучыўся ні красці, ні хлусіць, ні рабаваць...

- Але ж не адзін ты такі, прашу паверыць. Чаго ж страшна?

- Страшна, бо няма дзе падзецца. Бізнесоўцам я быць не магу, ды і не хачу, а дзяржаве такія, як я, непатрэбныя, ды і нікому непатрэбныя. Законаў не напісалі для такіх, як я! Узаконена іншае: украдзь, абылжы, кінь камень, а зможаш — дык і забі блізкага свайго, бо інакш той наблізіцца і абкрадзе, абылжэ альбо заб'е цябе самога. Законы цяпер пісаны для хітрых, нахабных, бязлітасных, а я — слабы, таму і прападаю, таму і страшна.

Сябар выслухаў уважліва, нават задаволена, быццам не першы раз чуў такое; калі Лесь змоўк, ён зрабіў некалькі апошніх глыбокіх зацяжак, адкінуў «бычка», сеў зручней і загаварыў - - спачатку ціха, з дакорам, а потым з усё большым уздымам:

- Твае думкі – гэта і мае думкі... Толькі я іх закопваю так глыбока, каб яны ніколі не вылезлі. Бо інакш — сапраўды адчай, страх, слабасць. А жыць трэба. I тады я думаю: «Так, вакол абы-што, але гэта не значыць, што так заўсёды будзе!» Я ўспамінаю тады сваіх сяброў, цябе, я думаю: вось сапраўдныя людзі, вось каму такая маладушная дрэнь ніколі не палезе ў галаву! I што я чую? Ад каго? Ад колішняга маралізатара, чалавека, на якога маліўся ўвесь паток, каго двойчы ледзь не выключылі з інстытута, бо не баяўся казаць праўду ў вочы! Няўжо ты так хутка патух, няўжо можаш верыць, што кавардак гэты — надоўга?! Як ты можаш баяцца, не верыць, што самае лепшае - - наперадзе? Ты захацеў пазнаць смак вады, не паспытаўшы салёнага? Спіраль дасць новы віток, рана-позна людзі перабесяцца, скончыцца ўсё - - і надыдуць часы дабра і справядлівасці. Людзі паразумнеюць, яны з абурэннем адвернуцца ад нясмешнага гумару «по шесть, но большие», ад парнухі і «Палюбоўнікаў на дваіх», яны панясуць з базара Чэхава і Мележа, ім захочацца шчырых, лірычных песень, фільмаў са шчаслівым канцом, кніжак з псіхалогіяй, гуманізмам, станоўчым героем і з апісаннямі прыроды; настане час, калі модаю будзе не свінства — а дабро, і ўсе навыперадкі рынуцца хваліць адзін аднаго, захапляцца адзін адным, аддаваць адзін аднаму апошнія кашулі і падстаўляць шчокі, будуць любіць адзін аднаго — галоўнае, любіць! Блудныя, прапашчыя бацькі вернуцца да кінутых дзяцей і жонак і, плачучы, валяючыся ў нагах, будуць прасіць даравання; каханне жанчыны будзе ўспрымацца як найвялікшая ў свеце ўзнагарода, як дар Божы, і жанчын будуць насіць на руках, дарыць ім кветкі і здзьмухваць з іх парушынкі, не будзе разбітых сем'яў і адзінокіх людзей — усе знойдуць сваё шчасце; людзі навучацца жыць драбязою, будуць за шчасце лічыць саступіць некаму месца ў аўтобусе, прапусціць наперад у чаргу, пачаставаць цыгарэтаю, пазычыць усе да апошняга грошы незнаёмаму чалавеку і са слязамі на вачах дзякаваць, што ён іх пазычае!..

У Леся ў самога ледзь не наварочваліся на вочы слёзы. ЁН і сам ужо не помніў, ці быў ён маралістам і ці так ужо любіў рэзаць праўду, што яго нават збіраліся выганяць з інстытута. Галоўнае, яму хацелася слухаць і слухаць яшчэ...

Але сябар нечакана зірнуў на гадзіннік і падняўся:

- Вось так, а ты кажаш.

-- Пачакай! - - Лесь ухапіў яго за крысо плашча. Няўжо вось так зусім будзённа сябар павернецца і пойдзе. — А сам ты? Як, дзе — нічога ж пра сябе не расказаў!

Сябар кашлянуў, запусціў руку пад плашч і дастаў акуратную візітоўку.

- Я, Лесь, - - ніякавата пасміхаючыся, пакручваючы яе ў пальцах, сказаў ён, — якраз і ёсць тое, што ты называеш бізнесоўствам. Уласная фірмачка, «Аптыміст» называецца.

-- ?І

- Так што прыходзь да мяне, спакутаваны і збалелы, і я суцішу цябе...

- I... шмат прыходзіць?

- Хапае! Кінутыя мужы, няверныя жонкі, нешчасліўцы ў каханні, хворыя, здаровыя, дурні, разумнікі, былыя камуністы, новыя капіталісты... I кожнага трэба супакоіць.

- Цяпер зразумела. Ты і мяне супакойваў як прафесіянал?

- Ну, вядома, гэта ж мой хлеб. Калі б спатрэбілася, я мог бы гэтаксама набалбатаць табе, што будучыня — у свабодзе ад такіх хімер як сумленне, дабро, агульная любоў і выдуманае людзьмі таму падобнае... Але прабач яшчэ раз... Заходзь!

Лесь стаяў, пераводзіў вочы з візітоўкі на спіну сябра, які ўсё аддаляўся, і яму хацелася дагнаць яго і слухаць, слухаць яшчэ і нават заплаціць наперад.


Загрузка...