ДА МАГЧЫМАГА ЧЫТАЧА


Гэтая кніга, шаноўны магчымы чытач, пісалася мною амаль чатыры гады. Я пісаў свае апавяданні і аповесці, шчыра спадзеючыся, што выказваю ў мастацкай форме пэўныя настроі, думкі частачкі блізкіх мне па духу людзей, я цешыў сябе надзеяю, што нейкаму незнаёмаму майму аднадумцу ад гэтай кніжкі стане трошкі лягчэй жыць — магчыма, ён адчуе сябе не такім адзінокім і знойдзе ў асобе аўтара для сябе сябра.

Калі ж я сабраў кніжку, падправіў яе, шмат што перапісаў нанова, перачытаў больш уважліва яшчэ раз — як бы чужымі вачыма, калі ўспомніў тыя вусныя і пісьмовыя водгукі на маё раней друкаванае — я ўбачыў самы вялікі недахоп гэтай кніжкі. Я зразумеў, што яна не зможа задаволіць нават самага нястрогага, паблажлівага чытача, бо не дае адказу на пэўныя пытанні, у прыватнасці, — для чаго аўтар усё гэта пісаў і што ён гэтым хацеў сказаць? I даць адказ на гэтыя пытанні мастацкім творам нельга. Кніжцы патрэбна нейкае іншае завяршэнне.

Я прыгадаў, што еўрапейскія пісьменнікі амаль скрозь выдаюць кнігі з аўтарскімі тлумачэннямі, што там шырока распаўсюджаны аўтарэцэнзіі, што былі такія кнігі ў рускіх і ў рускіх савецкіх пісьменнікаў, што двухтомнік «Кругі» нашага Янкі Скрыгана пабудаваны таксама арыгінальна: кавалачак біяграфіі — мастацкі твор, напісаны ў гэты час, што легла ў аснову твора, хто прататып, як друкаваўся... аж да “шуфляды пісьменніка”, раскрыцця розных таямніцаў пісьмснніцкай лабараторыі. Цікавая, між іншым, атрымалася кніга.

Адно з распаўсюджаных у літаратурным свеце выказванняў — што мастацкі твор і не павінен адказваць ні на якія пытанні, ён нават не абавязаны іх ставіць, што сапраўдная, высокамастацкая, урэшце элітарная літаратура тым і адрозніваецца ад шэрага традыцыйнага гладкапісу, што чытач не павінен ведаць, што хацеў сказаць аўтар. Я з гэтым не магу пагадзіцца. Чаму я павінен лічыць свайго магчымага чытача дурнейшым за сябе, аўтара, чаму павінен выстаўляць сябе разумнікам, які адзін ведае, пра што піша? Нешта хаваць, недагаворваць? Набыўшы ў кнігарні ці ўзяўшы ў бібліятэцы кнігу, чалавек спадзяецца знайсці ў аўтару роўню сабе, шчырага сябра — а шмат хто з нас захоча сябраваць з чалавекам, які выстаўляе сябе разумнейшым?

Усе мае каментарыі, адказы на пэўныя пытанні магчымы чытач знойдзе ў канцы кнігі, бо яны знітаваны, пераплецены з мастацкімі творамі і з'яўляюцца не столькі тлумачэннямі да іх, твораў, колькі — працягам, своеасаблівымі маленькімі эпілогамі, — без мастацкай часткі эпілогі гэтыя будуць толькі наборам сказаў.


Загрузка...