Урывак з дзённіка


Замест эпілога

«...Раней я так думаў: скончу вучобу, прыеду дадому, сядзем мы за стол, нальём поўныя чаркі, і я пацалую натруджаныя рукі сваім бацькам і скажу ім шчырае-шчырае дзякуй за ўсё тое добрае, што зрабілі яны для свайго сына. Я раскажу ім аб сабе — як мне было часам цяжка, як не лез у горла той кавалак, прысланы ці прывезены з дому, бо я ведаў, што ён апошні; як часам я плакаў ноччу, ціха, каб ніхто не пачуў, лежачы ў інтэрнаце на студэнцкім ложку. Сухія і кароткія мае лісты не перадавалі і сотай долі таго, як мне жылося. У іх ніколі не было скаргаў і нараканняў на лёс, на нястачы, на здароўе. Калі і гаварылася часам пра цяжкасці, то пра тыя, што ўжо мінуліся, прайшлі, калі пра хваробу, то ўжо тады, калі яе не было. Бо ці мог я напісаць табе, мама, што твой сын перад стыпендыяй іншы раз есць адзін раз у дзень, што ў яго кепска са здароўем? Ці мог я напісаць, колькі хвалявання, колькі няўдач, правалаў і перажыванняў выпадае на долю кожнага студэнта, у тым ліку і твайго сына?

Успамінаю, як вярнулася Зося, як я, трохі выпіўшы, насупіўся, слухаў яе расказ аб сваім жыцці... Слухаў і маўчаў... Каб я стаў расказваць, я таксама, як і сястра, расплакаўся б,— а гэтай слабасці я ніколі не дараваў бы сабе. Таму я маўчаў...

Даруй мне, дарагая мама, што я ў цябе такі сухі і скупы на ласку, што такі маўклівы. У сэрцы я не такі, я люблю цябе, мама, і многа-многа добрых слоў гавару заўсёды табе, я цаню цябе як самага дарагога чалавека. Мо таму ты так дрыжыш за сваіх дзяцей, што многа здароўя, сіл і ўсю душу ўклала ты ў іх, што так многа недаела, недаспала, выплакала рэчку слёз, пакуль выгадавала і вывела іх у людзі.

Памятаеш, як песціла ты нас, аберагала, шкадавала, а калі мы рабілі што кепскае — была строгая, але заўсёды справядлівая?

Сялянскае жыццё — нялёгкае: таго мала, таго зусім няма, тое не так, а гэта не гэтак. Сваркі, крык. І часцей за ўсё з-за нас. Але ты ўсё цярпела, абы добра было дзецям. Ты магла быць галоднай, абы пад’елі твае дзеці, ты магла хадзіць у латаным, абы адзеты былі твае дзеці. Любоў да дзяцей у цябе засланіла ўвесь свет, ты ёю жывеш і ёю дыхаеш.

Мне ніколі не забыць, як ты збірала мяне ў дарогу. Ты аддала б, здаецца, усё, да апошняга кавалка, не думаючы аб тым, ці застанецца што ў самой на заўтрашні дзень.

«Вазьмі яшчэ гэты кавалачак, сынок, вазьмі! Мы тут як-небудзь, а табе ж трэба вучыцца, трудзіць мазгі. Бяры, не глядзі на нас... Мы дома. А дома і салома ядома».

Часам з-за гэтага ў мяне з табою бывалі сваркі, я не хацеў браць, а ты стаяла на сваім, чуць не сілаю пхала мне ў мяшок той «лішні» кавалак, а калі я адмаўляўся, ты плакала і бедавала, што я буду там галадаць.

А колькі пасылак ты пераслала — у два канцы, мне і сястры, колькі панасіла іх за свет, у Даматканавічы, на пошту, бо не заўсёды лёгка было дастаць таго каня! І ніколі, відаць, ты не падумала пра сябе, хоць адпраўляла не толькі апошні кавалак сала ці каўбасы, а часцей за ўсё быў гэты кавалак або куплены за пазычаныя грошы, або пазычаны ў суседа, якому ўжо абрыдла гэтае бясконцае пазычанне. Ты азіралася толькі на бацьку — што ён скажа? Калі толькі бурчыць, то гэта яшчэ паўбяды, хай бурчыць, можна яшчэ трошкі пакласці... Колькі цяжкіх мінут давялося перажыць табе з-за твае дабраты, выцерпець нараканняў і папрокаў! Я не ведаю, ці вынес бы ўсё гэта хто другі...

«Паглядзім, як дзеткі табе памогуць. Будзеш мець... Вось хутка расцягнуць па кавалку. Не выстарчыць на ўсе канцы свету слаць пасылкі кожны месяц. У другіх людзей дзеці як дзеці, а ў мяне — толькі цягнуць ад бацькі, а ў гаспадарку — ні граша».

Бацькавы довады здаваліся важкімі і пераканаўчымі, але ты, мама, разбівала іх логікай свайго мацярынскага сэрца:

«А ты хочаш, каб дзіця пусціў на свет — і ўсё, хай жыве, як ведае? А на ногі яго паставіць, а вывесці ў людзі, даць нешта ў рукі, каб яно не прапала, каб яно добрым словам памянула сваіх бацькоў? Ты папракаеш, што яны цягнуць... А ў гаспадарку яны не цягнулі? Калі хоць адно лецейка твой сын згуляў, як другія, калі прыязджаў на канікулы? Ад цямна да цямна ў полі, абліваецца потам, рук не чуе — і косіць, і возіць, і малоціць,— мінуты не згуляе. А што ты яму купіў, як другія бацькі? Што сам купляў за стыпендыю, у тым і хадзіў. Ці ў яго быў, як у людзей, гарнітур, паліто, плашч, добрыя боты? А ён жа малады, не забывай. Можа, яму трэба з таварышамі павесяліцца і ў кіно з дзяўчынаю схадзіць, ды і з’есці лепей хочацца, хопіць таго, што тут жыў аб бульбе ды аб кіслым малацэ, дык і там яшчэ на маргарыне будзе цягнуць?»

Бацька часам маўчаў, а часам кідаўся ў сварку... Яму не суджана было дажыць да нашага сямейнага шчасця. Крыўду на лёс і на жыццё ён панёс ад нас назаўсёды, крыўду, якую мы, яго дзеці, павінны былі растапіць сваімі клопатамі і ўвагай. Мы не паспелі... Ці не іронія лёсу ў тым, што чалавек заўсёды не паспявае зрабіць галоўнага? Няўжо такі няўмольны закон жыцця?

Я зноў вяртаюся да цябе, мама!

Памятаеш, ты заўсёды гаварыла мне на дарогу: «Глядзі, сынок, сцеражы сябе, не пападзі пад поезд. Я так баюся — як ты едзеш?.. Не прастудзіся, настаўляй каўнер, пададзень яшчэ што цёплае... Бяры з сабою ў кішэню скварку, з’ясі ў дарозе... Не марнуй сябе дарэмна, не сядзі вельмі над кнігай... Папраўляйся, ты такі худы, як з крыжа зняты. Няўжо і твае таварышы такія?»

Я толькі смяяўся, каб заглушыць боль сэрца і перамагчы слёзы, якія падступалі да вачэй, знарок рабіўся суровы або бесклапотны, каб адагнаць чуллівасць. І можа ты падумала калі, што твой сын чэрствы або нават бяздушны... Але, здаецца, я ніколі не зрабіў нічога кепскага — ні табе, ні людзям. Я вучыўся ў цябе быць праўдзівым з усімі, не насміхацца над чужой бядой ці няўдачай, не зайздросціць чужому шчасцю. Ты заўсёды патрабавала ад нас гаварыць праўду, не ашукваць, не крыўдзіць слабых, паважаць старэйшых. Ты прывучыла нас да працы, хоць заўсёды ведала меру, хоць заўсёды шкадавала будзіць дзіця — хай паспіць, яно расце, яму сон так патрэбен...

А памятаеш, як мы не раз спрачаліся з табою, калі я хадзіў яшчэ ў школу? Цяпер прызнаюся, што быў я несправядлівы да цябе, не раз рабіў табе балюча.

Ды ўсё гэта ўжо мінулася, і сёння не пра тое трывога. Трывожыць тое, што наперадзе. А тое, што было, здаецца ўжо лёгкім, такім, што не варта пра яго і ўспамінаць. Па крайняй меры, мінулае не турбуе. Турбуе, варушыць фантазію будучае. Страшна падумаць, што я буду настаўнікам, буду вучыць некага. Нядаўна вучылі толькі мяне. А вучыцца ў сто разоў лягчэй, чым вучыць. Прынамсі, мне цяпер так здаецца. Не сцерлася з памяці, як сам даваў урокі ў школе ў трэцім класе і метадыст здорава мяне адчытаў за тое, што разгубіўся быў перад маляўкамі-трэцякласнікамі.

Ведаю, мама, што ты таксама думаеш пра свайго сына, думаеш, што яму зноў будзе цяжка аднаму на новым месцы, што не будзе каму яго дагледзець, паклапаціцца аб ім, парадзіць, выручыць з бяды. Ты не-не ды і дасі якую-небудзь раду на будучае: «Глядзі, сынок, каб і там лічылі цябе за чалавека, каб нам тут не было сорамна за цябе... Знайдзі толькі добрую кватэру, каб з харчамі, са сталом, а то ты заморыш сябе голадам... Глядзі, каб дзеці цябе любілі, слухалі...»

Як наказ сэрца, я прымаю, мама, твае простыя і шчырыя словы. І думаю, што, калі я не адступлю ад іх, мяне будуць «лічыць за чалавека». І мне не будзе сорамна перад табою, мама.

...Сёння атрымаў ліст са Слоніма. Антановіч запрашае на вяселле! Будуць усе нашы хлопцы. Абавязкова паеду!..»


1964—1967 гг.


Загрузка...