Сюрпрызы навагодняга вечара

Да Новага года заставалася дзве гадзіны. Хлопцы сабраліся ў сваім пакоі, было тут яшчэ некалькі студэнтаў з іх курса — Дзмітэрка, Касцюковіч і, як свой чалавек,— Рамашка. Выпілі толькі па чарцы, каб трохі было весялей, ды і павячэралі — апошні раз у старым годзе.

Святочны вечар быў у хімкорпусе, у вялізнай спартыўнай зале. Пасярэдзіне стаяла высокая, амаль да столі, ёлка, пераліваючыся агнямі ўбранства. Народу было многа: і сваіх, і чужых, мільгалі афіцэрскія пагоны і гальштукі, дзяўчат зусім нельга было пазнаць — так змянілі іх святочныя ўборы.

Хлопцы таксама апранулі ўсё, што было лепшага, адпрасавалі гарнітуры, начысцілі чаравікі.

Русіновіч сёння скінуў кіцель і фарсіў у Ярошкавым падношаным касцюме, гальштук і белую рубашку ўзяў у Рамашкі. Хлопца было не пазнаць. Выглядаў ён ледзь не гарадскім франтам.

Ярошка, Антановіч, Малец, Рак, Рамашка і ўсе астатнія — былі як на падбор: прыгожыя, вясёлыя, дасціпныя, хоць сярод астатняй публікі крыху вылучаліся прастатой вопраткі. Сталі шукаць дзяўчат са свайго курса, але іх не было, а калі і былі, то ўжо з хлопцамі. Неяк так выходзіла, што свае дзяўчаты мелі хлопцаў з другіх курсаў або зусім з чужых інстытутаў. І ў гэтым нельга было вінаваціць дзяўчат, а хутчэй за ўсё хлопцаў, бо яны, як закон, ніколі не выбіралі сабе дзяўчат на сваім курсе. Гэта нават цяжка было вытлумачыць. Мо таму, што адны другіх ведалі навылёт.

Зала была высозная, вялізная, прасторная, як стадола, ля сцен сціпла туліліся спартыўныя прылады — сёння было не да іх. У кутку стаялі коні, казлы, брусы і перакладзіны, а высока пад столлю віселі кольцы. Яшчэ гады два назад сюды часта прыходзілі Антановіч з Русіновічам, займаліся ў гімнастычнай секцыі, потым кінулі яе і перайшлі ў літаратурны гурток.

У другім кутку залы на лаўках размясціўся студэнцкі духавы аркестр. Моладзь стаяла пераважна парамі або купкамі па некалькі чалавек, усе былі вясёлыя, узбуджаныя, смяяліся і азіраліся навокал, нібы яшчэ кагосьці чакалі.

Хлопцы, зірнуўшы сюды-туды, пачалі шукаць каго хоць з другіх факультэтаў, а самы знаёмы ім быў пяты геафак, дзе быў студэнтам Коля Ярошка, зямляк і далёкі сваяк Міхася Ярошкі. Пяты геафак быў бедны на хлопцаў — усяго чалавек пяць і то ў большасці інваліды вайны, сямейныя людзі. Затое дзяўчаты там былі як на падбор, і ўсе нібы сёстры — русавалосыя, сінявокія, па-сялянску здаровыя. Каб не Коля Ярошка, хлопцы з 77-га пакоя, мусіць, ніколі не асмеліліся б падысці да такіх красунь, ды за чатыры гады вучобы даводзілася сяды-тады сустракацца з імі — у бібліятэцы, а то і на танцах, на вечарах.

Дзяўчаты з пятага геафака стаялі ля самай ёлкі. Хлопцы акружылі іх, утварыўшы вакол другое кола.

— З Новым годам, дзяўчаты! — павіншаваў іх Антановіч.— Нас да вас прыслаў Дзед Мароз. Не прагоніце?

— Калі ласка, калі ласка,— засмяяліся дзяўчаты.

Русіновіч увесь час неўпрыкмет азіраўся, шарыў вачыма па зале, цьмяна спадзеючыся знайсці Галю. Неяк так выйшла, што ён не ведаў нават, дзе яна будзе сустракаць Новы год. Можа, у брата — аднаго ці другога, а можа, і тут...

Грымнуў аркестр, пачаліся танцы. Хлопцы і дзяўчаты, што стаялі побач, як расталі, Русіновіч застаўся адзін. Каб не замінаць танцорам, ён паволі прабіраўся да выхада.

Выйшаў на пляцоўку, схадзіў у другі канец калідора, дзе размяшчаўся буфет. Тут таксама было людна: каму танцы, а каму што другое. Гарэлкі не прадавалі, толькі віно і піва. Аднак Русіновіч памыліўся, бо тут жа, глянуўшы на сталы, заўважыў, што Краска з нейкімі хлопцамі паміж піўных бутэлек маюць пляшку «Маскоўскай». Краска глянуў на Русіновіча, зрабіў выгляд, што не пазнаў, і тут жа, напусціўшы на твар вясёлую міну, нешта зашаптаў на вуха свайму суседу, здароваму смугламу хлопцу з кароткай шыяй. Той правёў Русіновіча вачыма і заківаў круглай, як футбольны мяч, галавою.

Да канца старога года заставалася менш гадзіны, Русіновіч накіраваўся зноў у залу, каб знайсці хлопцаў.

Зала гула, варушылася, як растрывожаны вулей, шорганне ног і гукі аркестра зліваліся ў адну невыразную мелодыю, праз якую прабіваліся, як першая вясенняя трава праз зляжалае лісце, асобныя галасы і смех. Моладзь весялілася, смяялася, жартавала, яна была бесклапотная, як вецер, перапоўненая да краёў шчасцем адчування вось гэтай вясёлай хвіліны,— і больш нічога не хацела прызнаваць. Гледзячы збоку на ўсіх, ніхто не падумаў бы, што тут, у гэтай масе, ёсць хто-небудзь няшчасны.

А чаму не смяяцца ў такі вечар? Грэх не смяяцца і быць такім посным, як ён, Русіновіч...

— Што задумаўся, Стары? Чаму не танцуеш?

Русіновіч азірнуўся: Ярошка з геафака. Усміхаецца, бліскаючы пярэднімі залатымі зубамі.

— Ты ж ведаеш, які я танцор,— сумна адказаў Русіновіч.

— Вучыцца ніколі не позна, гаворыць старая ісціна. Ты некалі зразумееш, як многа страціў, што не навучыўся танцаваць. Гэта сур’ёзна! — Ён усміхнуўся, а вочы ўсё роўна заставаліся сумныя.

— Ці гэтулькі мы трацім? Каб тое бяды, што не танцуем — і гора не было б.

Танцы танцамі,— яны ведалі, што гавораць не тое.

Коля Ярошка быў на рэдкасць чулы і добры хлопец, спакойны, пакладзісты, з ім прыемна і весела гаварыць, у яго заўсёды ёсць для чалавека цёплае слова спагады, а вось самога яго нельга суцешыць: у яго туберкулёз. Хлопец сохне на вачах. У яго ёсць дзяўчына, якую ён шчыра кахае, а яна яго,— і невядома, які лёс чакае іх наперадзе.

— Слухай, Коля, давай лепш вып’ем шампанскага за Новы год,— прапанаваў Русіновіч і ўзяў сябра за локаць.

Ярошка нібы ачнуўся ад задумлівасці і, махнуўшы рукою, сказаў:

— Давай! Чым чорт не араў, тым сеяць не стаў.

Яны пайшлі ў буфет, сталі ў хвост чаргі. Чарга пасоўвалася хутка: ніхто не таргаваўся, выбар быў небагаты.

— Ты стой, а я пайду паклічу Раю,— сказаў Коля і неяк стушаваўся.— Бяры грошы!

— Што ты? — заўпарціўся Русіновіч.

— Перастань, я ведаю, які ты багаты.

— Добра... Скажы там хлопцам, хай ідуць, а то спозняцца,— наўздагон сказаў Русіновіч.

Але хлопцы ўжо самі тут. Міхась Ярошка становіцца ў Русіновіча спераду, пытае, што браць. Побач спрачаюцца Малец, Антановіч, Рамашка. Рак маўчыць. І тут ён надзьмуты. Няўжо не мог пакінуць дома сваю маску — хоць адзін раз у год?

— Займайце там стол,— камандуе Міхась.— І крэслы.

Хлопцы адвальваюцца ад чаргі, грукаюць крэсламі, у кутку адваёўваюць сабе стол.

Урэшце даходзіць чарга, Ярошка па-змоўніцку шэпча буфетчыцы некалькі слоў, яна дастае з-пад прылаўка закручаную ў паперу бутэльку, пасля дадае яшчэ некалькі бутэлек піва, віна, важыць кілбасу. Русіновіч бярэ дзве бутэлькі шампанскага.

Яны ўжо расселіся за сталом, Міхась налівае ўсім шампанскага і нецярпліва паглядвае то на гадзіннік, то на дзверы. Застаецца дзесяць хвілін. З рэпрадуктара пачулася навагодняе віншаванне.

Урэшце паказаўся Коля Ярошка з Раяй — бялявай, тонкай, як сцяблінка, дзяўчынай. Яна сарамліва павіталася з хлопцамі і села на адно крэсла з Колем.

— А дзе дзяўчаты? — спытаўся Русіновіч у Міхася Ярошкі.

— Не пайшлі. Бог з імі...

— Цішэй! — зашыкалі на іх.

Усе маўчалі і слухалі. Стаяла нязвыклая для такой масы людзей цішыня, толькі ўрачыста і чынна гучаў голас з рэпрадуктара.

— З Новым годам, сябры! З новым шчасцем!

Усе стаялі, чокаліся, віншавалі адзін аднаго і ўсіх разам, жадалі добрае долі і шчасця ў новым годзе.

Звонка і неяк па-новаму ўрачыста білі крамлёўскія куранты. Стралялі ў столь коркі ад шампанскага. Шумелі за сталамі вясёлыя хлопцы і дзяўчаты.

Маладосць прагне новага. Яна з нецярпеннем адчыняе дзверы Новага года і хоча ведаць, што наперадзе. Але там пакуль што туман, загадкавы, невыразны туман, і невядома, што ён у сабе тоіць. Усе сёння вясёлыя, трохі п’яныя, узбуджаныя — усе хочуць бачыць наперадзе толькі добрае. А каму ж будзе кепскае? Жыццё шчодрае на тое і на гэта...

Гаварылі тосты — зноў за Новы год, за шчасце ў новым годзе, за канец вучобы і за пачатак самастойнага жыцця. «За свой хлеб»,— сказаў нехта, і ўсе дружна паднялі чаркі. «За новыя, непратаптаныя дарогі»,— падтрымаў яго другі. «І за гэта варта»,— падхапілі навокал.

...Русіновічу здавалася, што плафоны ў калідоры падміргваюць яму, што падлога трохі падаецца пад нагамі, як дно лодкі на вадзе, што ў вушах у яго нібы па камяку ваты — гукі пранікалі да яго свядомасці як праз нябачны фільтр, трацілі рэзкасць, рабіліся мяккія і глухаватыя.

Раптам ён аслупянеў на момант. Што такое? Няўжо яму здалося? Галя гэта ці не? Яна... Але з кім? Лётчык. Лейтэнант! Ух, які хлапчына! Ён павёў яе пад руку з калідора ў спортзалу. Зайграў аркестр, і моладзь з калідораў і пляцоўкі хлынула ў залу — танцаваць.

Русіновіч павярнуў назад, пастаяў ля акна, але нічога не чуў і не бачыў. Ён быў заняты толькі адной думкай: сур’ёзна гэта ці яе новы выбрык?.. Урэшце, што яму да таго? Ён жа хацеў скончыць усю гэтую гісторыю. Дык чаго ён цяпер ускіпеў? Яму стала так горача, што ён зайшоў у туалет, адкруціў кран над мыцельнікам і падставіў галаву пад халодны пякучы струмень, з асалодай абдаў твар. Адразу стала лягчэй. Русіновіч дастаў расчоску, перад люстэркам зачасаў мокрыя чорныя, бліскучыя, як ад брыльянціну, валасы, хвіліну ўглядаўся ў нахмураны, нібы чужы, твар.

Але вось нечакана побач з яго тварам вырас другі — чорны вожык, круглая, як футбольны мяч, галава, шырокія плечы грузчыка. На твары — крывая, ненатуральная ўсмешка.

— А-а-а, Русіны... Станцыя ля Баранавіч.

Русіновіч рэзка павярнуўся.

— Адкуль вам вядомы Русіны? — спытаў ён суха.

— Мне ўсё вядома,— самаўпэўнена сказаў «вожык».— Мне нават вядома, што ты, Русіновіч, зараз будзеш ляжаць тут пластом...— Яго трохі вадзіла ў бакі.

— Ага, наёмнік! — здагадаўся Русіновіч, успомніўшы Краскаву кампанію.— Гэта мы пабачым...

Ён напяўся, як сталёвая спружына, гатовы ў кожную хвіліну адбіць удар. Злосць, якая бушавала ў ім, як толькі ён убачыў Галю з лётчыкам, перакінулася цяпер на гэтага вось найміта, які за чарку гарэлкі ці мо за грошы стане зараз выбіваць яму зубы і ламаць рэбры. Не, так гэта яму не абыдзецца. «Не трэба толькі падпускаць блізка, у яго, відаць, мёртвая хватка»,— прамільгнула ў галаве...


«Цяпер ты тут трохі паляжы пластом»,— зларадна падумаў Русіновіч і выйшаў на калідор. Моцна біла сэрца ды балела правая рука ў плячы — вывіхнутая, ці што? Але што рука? Развязка магла быць зусім іншая. Яму проста пашанцавала.

Што ж цяпер? Яго пацягнула да людзей — у залу, дзе танцавала моладзь.

Але ранейшая ўзнёсласць прапала, усё страціла той арэол, які быў некалькі хвілін назад. Усё набывала рэальныя фарбы, і ён пачынаў шкадаваць аб гэтым. Няўжо толькі таму, што вылецеў хмель з галавы? Можа... Ён ужо хацеў накіравацца ў буфет, але раптам нехта пацягнуў яго за руку. Ён падумаў, што гэта хто са сваіх хлопцаў, бо ўвесь вечар ён іх калі і бачыў, то не болей, чым на хвіліну. Але, азірнуўшыся, ён заўважыў Галю. Яна падміргнула яму і шапнула на вуха:

— Запрасі мяне на наступны танец. Мы будзем ля дзвярэй.— І знікла, растварылася ў натоўпе.

Што за дзіўны вечар? Рой думак праляцеў у яго галаве, пакуль ён стаяў ля дзвярэй і ўжо з нецярпеннем чакаў, калі зноў паявіцца Галя з лейтэнантам. Ён безуважліва аглядаў усіх, спыняючы позірк на дзяўчатах, якія хоць нечым былі падобны да Галі. Як умела яна перавярнуць у яго душы ўсё ўверх нагамі! Ён гатоў быў дараваць усе яе выбрыкі за гэтыя цёплыя, па-змоўніцку сказаныя словы. Але... Колькі было такіх момантаў! Колькі разоў ён верыў, што ўсё будзе лепш!..

Ды вось і яны. Лётчык вядзе яе пад руку, нешта шэпча на вуха, ён расчырванелы, на лоб падаюць светла-русыя хвалістыя валасы. Лётчык, відаць, хоча развесяліць яе, але гэта яму не ўдаецца, ён адчувае сябе нібы вінаваты перад ёю.

Які ж знаёмы да драбніц малюнак!

Стала шкода гэтага хлопца, бо сам Русіновіч надта ўжо добра і не адзін раз перажываў нешта падобнае.

Яны спыніліся недалёка ад дзвярэй. Русіновіч сачыў, ці не пойдуць яны ў другое месца. Увесь час туды-сюды снавалі людзі, засланяючы сабой тых, хто цікавіў Русіновіча больш за ўсё. Недзе падзеліся ўсе свае хлопцы. Няўжо стаяць з дзяўчатамі па цёмных кутках на калідоры? Ці мо зноў заселі ў буфеце?

Зайграў аркестр, моладзь хлынула з калідора ў залу, да дзяўчат падыходзілі хлопцы, кланяліся і ішлі ў танец. Русіновіч захваляваўся: а што, калі хто запросіць Галю? А што, калі яна пойдзе танцаваць са сваім лейтэнантам? Але раз яна абяцала, то нешта прыдумае, у яе гэта выходзіць надта проста і нават забаўна.

Вось каб яму хоць крыху мець такіх здольнасцей! Наступаючы людзям на ногі і штурхаючыся, Русіновіч прабраўся да месца, дзе стаяла Галя, няўмела пакланіўся, звярнуўшыся да лётчыка з просьбай адпусціць на танец яго даму. Лётчык з нейкай затоенай злосцю ці адчаем сказаў «пажалуйста», па складах вымавіўшы гэтае слова, сціснуў вусны і пабялеў. Ці мо Русіновічу толькі так здалося?

А Галя хітравата ўсміхнулася, узяла Русіновіча пад руку і сама павяла яго праз натоўп у цэнтр залы, да ёлкі, дзе ўжо, як у віры, кружыліся пары.

Ігралі хуткі і меладычны факстрот «Рыа-Рыта», ногі самі паняслі Русіновіча па кругу, ён далікатна абдымаў Галю за талію, злёгку тулячы дзяўчыну да сябе. Яна нібы не адчувала гэтага, і Русіновіч чамусьці падумаў, што сёння ён патрэбен ёй. Яны кружыліся доўга, у яго ўсё мільгала перад вачыма — маладыя твары з усмешкамі на вуснах, голыя дзявочыя рукі, тонкія таліі, пышныя грудзі, ёлка з бліскучымі цацкамі таксама пачала кружыцца ў карагодзе, нешта казачна-рамантычнае было ў гэтым палёце, у святочных радасных гуках «Рыа-Рыты», у зладжаным рытме дзесяткаў ног. Хацелася, каб не было канца гэтаму лёгкаму хуткаму танцу, каб свет быў запоўнен толькі ім адным; здавалася, што навокал цябе такія цудоўныя, мілыя людзі, што сэрцы іх перапоўнены толькі пачуццём любасці да бліжняга, што няма больш ні здрады, ні злосці, ні пакут. Сапраўды, як многа траціць той, хто не навучыўся танцаваць!

Галя маўчала, толькі добрая ціхая ўсмешка не сыходзіла з яе вуснаў, а калі Русіновіч зазіраў дзяўчыне ў вочы, усмешка рабілася смялейшай, ажыўляла яе твар. Даўно Русіновіч не бачыў яе такою...

— Ты пад гальштукам,— шапнула яна ціха.

Русіновіч толькі ўсміхнуўся.

— Ён табе да твару. Асабліва да тваіх вусоў...

— Не веру.— Ён мацней прытуліў яе да сябе.— Чаго ты прыйшла на нашу ёлку? — Ён знарок зрабіў націск на слове «нашу».

— Мне захацелася ўбачыць цябе...

— Не веру.— Русіновіч пакруціў галавою.

— Павер.

Аркестр перайшоў на шалёны тэмп, усе танцоры, як заведзеныя, таксама заспяшаліся,— гэта азначала, што танец канчаецца. Сапраўды, музыка абарвалася, наступіла нязвыклая цішыня. Русіновіч і Галя спыніліся ля дзвярэй, абое міжвольна глянулі на тое месца, дзе нядаўна стаяў лётчык. Яго не было.

— Ён што — паляцеў? — з намёкам спытаў Русіновіч.

— Хай ляціць... Ён мне надакучыў. Я не магла ад яго адчапіцца.

— Хадзем у буфет,— прапанаваў Русіновіч.

— Хадзем. Я хачу піць.

У буфеце была страшэнная чарга, ды тут яго выручыла сама Галя:

— Доўга чакаць...

Яны зноў выйшлі на калідор.

— Хадзем да нас.

Русіновіч здзіўлена глянуў на яе — нібы ўбачыў у ёй нешта новае.

— Чаго так падазрона глядзіш?

— Не разумею...

Яна толькі хмыкнула.

Яны падышлі да дзвярэй у цёмную палову левага крыла, яна дастала ключ з сумачкі і падала яму. Толькі цяпер ён зразумеў, што ў іх інтэрнат можна пранікнуць праз гэтыя дзверы, якія звычайна бываюць увесь час замкнёныя, бо адгароджваюць вучэбнае крыло ад жылога.

Ён ціха павярнуў ключ у замку, з нейкім не знаёмым дагэтуль страхам прапусціў яе наперад, пасля зайшоў сам і замкнуў дзверы. Тут, за перагародкай, было ціха, нават змрочна, галасы з пляцоўкі ледзь пранікалі. Асцярожна ступаючы, яны пайшлі ў канец калідора.

— Ты пастой хвіліну, а я пагляджу, ці хто ёсць.

Яна адамкнула дзверы, увайшла ў сярэдзіну. У верхнюю шыбу над дзвярыма ўдарыла святло.

Русіновіч з хваляваннем чакаў. Урэшце Галя прачыніла дзверы, высунула галаву і шапнула:

— Заходзь.

Русіновіч нясмела пераступіў парог, ціха зачыніў за сабою дзверы. У вочы кінулася нязвыклая белізна ў пакоі — ад падушак да капаў і дарожак усё было белае, як у бальніцы. Гэта не тое, што ў мужчынскім інтэрнаце.

Толькі з аднаго ложка была садрана капа, і на ім сядзела Галя. Яна паспела змяніць сукенку на яркі, у кветкі, халат.

— Патушы святло.

Русіновіч паслухмяна пстрыкнуў выключальнікам.

— Замкні дзверы.

Русіновіч замкнуў.

— Што яшчэ? — спытаў Русіновіч і не пазнаў свайго голасу.

— Які ты дурненькі... Ідзі сюды...— Галя працягвала да яго рукі.


Загрузка...