«Колькі чалавеку трэба для шчасця»

Вось і Новы год грукае ў дзверы. Які ён будзе? Што абяцае? Што новае падаруе людзям?

Кожны Новы год чалавек сустракае з надзеяй на тое, што бліжэй стала да яго запаветнае мэты, а тое, што не спраўдзілася ў тым годзе, павінна спраўдзіцца ў гэтым. Новы год — гэта нейкая вяха, надзея на новае.

Хлопцы з 77-га пакоя чакалі ад Новага года перш-наперш дыпломаў. Але дыплом што? Яго пакладзеш на дно чамадана, і там ён будзе гадамі ляжаць. Галоўнае тое, што яны канчаюць вучобу і выходзяць у людзі, становяцца на свае ногі. Расчыняюцца дзверы ў шырокі свет. І страшна, і шкода разлучацца з тым парадкам, з тым ладам жыцця, да якога прызвычаіўся за пяць год. А цяпер? Цябе кіне ў бурлівую паводку, памчыць, закружыць, панясе невядома куды.

Пачынаецца заўсёды з малога. Перад Новым годам далі стыпендыю, і ў хлопцаў настрой адразу прыўзняўся. Гуртам ішлі дадому, ля ларка выпілі па куфлю піва. Коўзаючыся па свежым, але ўжо ўтрамбаваным да бляску снезе, яны рушылі ў інтэрнат, несучы хто што: бохан хлеба, кавалак кілбасы, селядзец, бутэльку кефіру. У дні стэпендыі папаўняліся спустошаныя за месяц запасы ў тумбачках.

— Колькі чалавеку трэба для шчасця,— гаварыў Малец узнёсла.— Вось далі нам стыпендыю, і адразу свет перамяніўся. Гляджу на ўсё — і здаецца, лакам пакрыта. А да гэтага ўсё было такое шэрае, непрыветнае. І людзі на людзей не падобныя — усе нібы чужыя. А цяпер кожнага абняць хочацца, усе сталі як сваякі ці сябры.

Звярнулі к вакзалу, мінулі плошчу. Амаль што ля самага інтэрната сабраўся натоўп — нешта здарылася.

Хлопцы спыніліся, сталі пытацца ў людзей, што тут такое, але толкам ніхто нічога не сказаў. Тады яны самі пачалі рассоўваць натоўп і пасоўвацца да яго цэнтра.

Убачылі зусім звычайны, не такі ўжо і рэдкі малюнак: на тратуары, раскінуўшы рукі, ляжаў прыстойна апрануты чалавек гадоў пяцідзесяці, з голенай галавою. Твар яго, як і ўся галава, быў сіне-белы, без крывінкі, і амаль не вылучаўся на спрасаваным снезе. Непадалёку ляжала каракулевая папаха, якія звычайна носяць палкоўнікі.

Адзін, што стаяў побач з хлопцамі, тлумачыў: ішоў чалавек, пакаўзнуўся — і ўсё, няйначай забіўся насмерць.

— А мо п’яны быў?

— Цяпер не разбярэш. Выклікалі «хуткую дапамогу».

— Каб жа яна хутка прыехала...

— Тут, відаць, патрэбен катафалк...

Патрохі людзі сталі разыходзіцца.

— Хадзем, хлопцы,— сказаў разважліва Малец.— Мы тут не паможам.

Ішлі моўчкі, толькі Ярошка адзін раз працытаваў Мальцавы словы «Колькі чалавеку трэба для шчасця», але ніхто яго не падтрымаў.

Ужо ў пакоі, распрануўшыся і перакусіўшы, хлопцы вярнуліся да перарванай гутаркі.

Малец хацеў разварушыць як-небудзь і Рака, але асцярожны Рак адмоўчваўся.

— Ну, што ты хочаш ад Прафесара? Навошта яму дарма траціць дарагую энергію свайго інтэлекту? Не выклікаючы яго на доўгія дыскусіі, я толькі хацеў бы пачуць ад Прафесара, што такое грошы і колькі іх трэба, як кажа Малец, для поўнага шчасця.

Рак надзьмуўся, упарта нагнуў галаву:

— Пачытай «Капітал» Маркса. Што я табе буду тлумачыць? Грошы ёсць грошы...— І ён, нічога болей не сказаўшы, узяў чайнік і выйшаў з пакоя.

— Куды ты? — закрычаў Ярошка.— Пастой! Ты «ізрэк» абсалютную праўду. Хто можа абвергнуць гэты сілагізм: грошы ёсць грошы? Ніхто! — перайшоў на свой жартоўны тон Ярошка.— А няма грошай — значыць, няма грошай. Як Шолам-Алейхем гаварыў пра талент... Але давайце пагадаем, хто з нас будзе мець больш грошай.

— Не дзялі шкуру таго мядзведзя, які яшчэ спіць недзе ў сваім берлагу,— асадзіў яго Малец.

— Дзяліць не дзяліць, але прымераць можна. Я так думаю, што Прафесар нас усіх пакіне ззаду. Па-першае, ён вельмі ашчадны чалавек. Здаецца, ён гэтыя туфлі з доўгімі задранымі насамі носіць з першага курса, і яны яшчэ як з камісійнага магазіна. Есць ён мала, не курыць, на дзяўчат не траціць. Па-другое, маўчанне— само золата. Яшчэ Чацкі гаварыў: «А впрочем, он дойдет до степеней известных...». Нібы пра яго...

Увайшоў Рак, паставіў чайнік на стол. Ярошка паглядзеў на яго, як на здань, што з’явілася тады, калі яе не чакалі.

— Дзякуй, Прафесар... Не буду паўтараць. Пра цябе я сказаў усё... За ім ідзе наш паэт. Ён будзе мець цёплыя ганарары, калі набудзе добры камертон-тон. Трэцяе месца належаць будзе мне, калі шкляны бог не прарве дзіркі ў маім скарбовым мяшку. І апошні будзе Стары. Ён усё будзе рассылаць: сёстрам, братам, нябогам, унукам, усім няшчасным, якія толькі яшчэ застануцца на зямлі ў той час.

— Па-мойму, наконт Старога ты памыляешся,— умяшаўся Антановіч.— Не забывай, што ў яго будзе багатая, як старыя кажуць, жонка. Ды, можа, яна яго трохі навучыць беражлівасці.

— Эх, пяхота! Ты бачыш толькі тое, што ляжыць зверху. Спытай у мяне, я ўсё скажу,— стукнуў сабе ў грудзі Малец.— Мо сам Стары гэтулькі не ведае пра сваю Абушэнку, як я.

— А што ты пра яе ведаеш? Раскажы! — зацікавіўся Антановіч.— А то Стары ўвесь час маўчыць.

— Расказваць? — спытаў Малец у Русіновіча. Той кіўнуў галавою, трохі збянтэжаны.— Яна адна дачушка ў бацькоў... Як адна? Ёсць два браты, лётчыкі, старэйшыя за яе. Бацькі настаўнікі. Так што расла яна і гора не ведала. Але цяпер не тое. Іх бацька пайшоў да нейкай другой жанчыны. Ці ведаў ты пра гэта, Стары?

— Не, не ведаў,— шчыра прызнаўся Русіновіч. Яго ўразіла навіна, якую ён пачуў ад Мальца. Але чаму ён павінен чуць яе ад Мальца? Чаму не ад самой Галі?

У дзверы пакоя пастукалі. Зайшоў Рамашка. Павітаўся, сеў ля стала. Быў ён святочна апрануты, паголены, свежы.

— Што скажаш? — спытаў Малец.

— Нічога, зайшоў паслухаць, мо вы што разумнае скажаце.

— Якраз трапіў у час. Тут проста раскідаюцца розумам.

— Рана пачалі... Каб пасля не трэба было падбіраць.

Ён усміхнуўся, паглядзеў на Русіновіча, падміргнуў яму і падсеў да яго на ложак, бо Русіновіч ляжаў ужо на коўдры і чытаў патрапаную і пажоўклую, без першых і апошніх старонак, кніжку.

— Што за дапатопная літаратура? — спытаў Рамашка.

— А ты амаль што ўгадаў. Быў такі цікавы пісьменнік і крытык Максім Гарэцкі. Чуў?

— Не, не чуў. Але ці мала іх было?

Хлопцы натапырылі вушы, кожны адарваўся ад свайго занятку, нават Рак падняў галаву ад падушкі.

— Што ты там вярзеш? — спытаўся Ярошка.— Гавары, каб усе чулі.

— Чаго захацеў, дзівак... Я кажу, што наламалі тады дроў...

— Адкуль ты ведаеш?

— Людзі... Ды і я сёе-тое памятаю...

Хлопцы акружылі Рамашку.

— Хіба табе давялося?..

Рамашка памаўчаў.

— Мой бацька быў настаўнікам фізікі, любіў радыётэхніку... Майстраваў сам прыёмнікі... Ну, яго ўзялі... Першы раз пусцілі, а другі — як у ваду кануў...

— А як жа ты пралез праз іголчына вушка з такім вузлом на хвасце? — першы парушыў цішу Ярошка.

— Якое вушка? — ускінуў густыя бровы Рамашка.

— Ну, мандатную камісію...

— Прынялі... Не адзін я такі. Ды, урэшце, у мяне быў срэбны медаль.

— Эх ты, а ніколі раней нават не заікаўся,— пакрыўдзіўся Антановіч.— Збоку здаецца — шчаслівей за цябе няма чалавека.

— А што скардзіцца ці плакаць? Гісторыя няўмольная, як лёс... Я да Старога прыйшоў, ды не пра тое пачаў. Хачу табе нешта сказаць,— зашаптаў ён Русіновічу на вуха.

— Кажы смела! Хіба ёсць яшчэ большы сакрэт за той, што ты нам расказаў? — у звычайных умовах намёк Рамашкі на нешта патаемнае ўсхваляваў бы Русіновіча, а цяпер ён быў зусім абыякавы. Усе яго вялікія і малыя клопаты памерклі раптам перад цяжкім лёсам іх блізкага таварыша, пра якога яны, здавалася, ведалі ўсё да кроплі.

— Добра...— Рамашка перайшоў да стала, сеў.— Мне Коля Ярошка з геафака сказаў, ён пачуў недзе на курсе, што той паэт, як яго? Краска... пускае пра цябе, Стары, розныя плёткі. За што гэта? Што вы не падзялілі?

Русіновіча нібы аблілі кіпятком. Ён усхапіўся з ложка.

— Недазволеныя прыёмы — гэта яго прафесія. Інакш ён не можа, сабака! — Але хутка супакоіўся і больш лагодна сказаў: — Хай вярзе што хоча. Што мне да таго?

— Дык гэта мо з-за той дзяўчынкі?

Русіновіч нібы не пачуў пытання.

— З-за яе свет гарыць! — адказаў за Русіновіча Малец.— І каб было з-за чаго. Бывае ж так! Дзяўчат поўна, і прыгожых, і ўсякіх, а тут раптам свет клінам сышоўся на Галцы Абушэнка.

— Табе жарты,— паспачуваў Рамашка,— а хлопцу лішнія непрыемнасці... Але, як я бачу, нешта ён інертны. Я думаў, што для яго гэта будзе зарадкай на... Ну, хоць на месяц.

— А, глупства,— махнуў рукою Русіновіч.— Не варта нават гаварыць.

Рамашка пайшоў. Хлопцы ўлягліся спаць. Запанавала цішыня, але Малец чамусьці ўспомніў перарваную ўжо каторы раз размову, спытаўся ў Ярошкі:

— Слухай, прарок, а чаму ты мне не пагадаў наконт грошай?

Ярошка заварушыўся, заскрыпеў спружынамі.

— Магу, пяхота, нават бясплатна. Вось як у цябе будзе: будзеш збіраць-збіраць, капіць-капіць, а потым прасадзіш усё за адзін раз у марным месцы.

— А каб табе язык адсох, бацю, за такое прароцтва,— вылаяўся Малец і заціх.


Загрузка...