* * *
Як дружна мы
востраў свой абжывалі!..
Навокал шумелі
халодныя хвалі.
І шквалы гулі,
і вылі шакалы,
і стылі на ветры
маўклівыя скалы,
і нейкія птушкі
крычалі нема,
крычалі
і біліся
ў шэрае неба.
А мы абжывалі
свой востраў пустынны.
Мы грэлі адзін аднаго,
калі стылі.
Мы мужнасць адзін у адным шукалі,
калі падыходзілі блізка шакалы.
Адзін аднаго
засланялі аддана,
калі пагражаў парыў урагана...
Калі ж мы, стаміўшыся, засыналі,
нам снілася:
сцішыліся хвалі,
суняліся шквалы,
не выюць шакалы,
не стынуць на ветры
маўклівыя скалы,
і птушкі пяюць,
не крычаць болей нема,
высока ўзлятаюць
у сіняе неба.
Высока, высока...
* * *
Вось-вось растаюць ледзяшы.
Ідзе вясновы дождж пяшчоты —
патрэбны для травы душы
і для лістоты ўсёй істоты.
Як без яго змаглі б мы!
Што ты!
З ім мы i робімся людзьмі...
Ідзе вясновы дождж пяшчоты,
ідзе маёвы дождж любві.
* * *
Было так радасна i хораша!
Ты, як агонь, ахапляла горача.
Было так дзіўна i цікава!
Ты, як вада, мяне абцякала.
Ты, нібы вецер, мяне абвявала.
Ты, нібы вецце, мяне абвівала.
Ты, нібы лісце, шаптала нешта.
Ты, як зямля, стагнала грэшна.
Потым гучала музыка ціхая:
тайну вялікую спасціг я...
* * *
Гудзела, гуло ў маіх вушах.
Гудзела, гуло ва ўсім маім целе.
А з целам была заадно i душа —
суладна яны звінелі, гудзелі.
Як мора ў бераг,
так біўся той гул
ў мае барабанныя перапонкі.
І мроіўся белы, рамонкавы луг:
ад краю да краю бялелі рамонкі.
Гудзела, гуло ў маіх вушах.
Гуло і звінела ва ўсёй істоце.
Гуло на высокай пранізлівай ноце.
І я зразумеў —
о, шчасце! О, жах! —
што значыць той гул,
што значыць той луг.
Я быў улюбёны.
Я быў, як усе мы.
І я, як звяно,
уключаўся ў ланцуг
любові, яе ўсепланетнай сістэмы...
* * *
Як мы жылі, як мы любілі? —
Што той запаветны сучок губілі,
на якім сядзела любоў
і буркатала, накшталт галубоў.
Якія словы зляталі з вуснаў?
Што той сучок аднойчы хруснуў,
і адляцела наша любоў
стайкаю спуджаных галубоў.
Як мы жылі, як мы любілі?
Як мы пра тое зусім забылі,
мы, халодныя ілбы,
што пачуццё — не галубы?
Што голуб вернецца,
ён — хатні,
а дзікую радасць вазьмі злаві!
Што не пустуюць галубятні,
а душы пустуюць без любві...