ПАСТКА


На летніку Максімка жыў з дзядулем Сцяпанам. І неяк той сказаў:

– Збірайся, унучак, будзем вяртацца ў горад.

А што тут збірацца? Далі наказ кату Антону, каб далёка не адыходзіў, а то яшчэ, чаго добрага, зусім ад свайго жытла адаб’ецца. Паабяцалі неўзабаве зноў прыехаць і прывезці яму ласунак – свежую рыбіну. Напакавалі сумкі садавіной і гароднінай, прыселі перад дарогай на лаву. І тут Максімка ўбачыў птушачку, якая неяк ушчамілася паміж рамамі падвойнага акна і там спалохана трапяталася, білася то ў адну шыбіну, то ў другую: прасіла , каб вызвалілі з палону. Разумела, недарэка, што самой з пасткі не выбрацца— цесна, аніяк крыльцы не распраміць.

Дзядуля пакруціў галавой, сказаў:

– Бачыш, ражок у шыбе адламіўся, на зямлю ўпаў. І трэба ж было верабейку патрапіць у гэтую шчылінку? Чуеш, просіць у нас паратунку.

Дзядуля асцярожна засунуў руку паміж рамамі, злавіў верабейку, падаў Максімку:

– На, падкінь яго, цікаўнага, у неба, няхай парадуецца, што вызвалілі.

– Трэба, дзядуля, шкло памяняць на цэлае,– выпусціўшы верабейку, сказаў Максімка. – А то зноў заляціць у гэту пастку якая-небудзь птушка. Хто тады выратуе? Нас жа тут ужо не будзе.

Дзядуля прынёс новае шкло, паставіў яго на месца пабітага, сказаў унуку:

– А ты, Максім, здагадлівы хлопчык. Малайчына. Верабейка якраз і прасіў нас гэта зрабіць.


Загрузка...