Як толькі прыгрэла на дварэ сонейка, кот Антон аблюбаваў сабе месца на падаконніку: зусім абляніўся, толькі грэецца і грэецца, ад задавальнення ажно вусамі шавеліць. Марыйка пагладзіла Антона, ён падзякаваў:
–Мяў!
І падставіў сонейку зноў сваю пыску. А дзяўчынка палівае з гарлачыка вазоны з кветкамі – іх на кожным падаконніку цяпер багата з’явілася, паставілі сюды нават і тыя, што ўзімку на стале былі, падалей ад халодных шыбак: няхай таксама пялёсткі лашчацца на сонейку, як і кот Антон.
Антону ўсё ж надакучыла ляжаць, пачаў прасіцца, каб дзяўчынка выпусціла яго на двор. Калі ласка. Марыйка зрабіла гэта хуценька, і працягвала далей паліваць кветкі. І тут толькі яна заўважыла, што перастаралася: пацякла з аднаго вазона вада, ажно лужына ўтварылася. І якраз на тым падаконніку, дзе толькі што ляжаў кот. Дзяўчына падумала, што трэба ўзяць анучу і выцерці ваду, а потым загулялася і забылася. Калі ўспомніла, вады ўжо не было. Хто б яе мог выпіць? Кот Антон? Дык ён недзе яшчэ на дварэ ходзіць.
Спярша Марыйка разгубілася, бо не ведала, на каго і падумаць. А потым яна пра ўсё здагадалася. Паглядзела на сонейка, усміхнулася яму і паківала пальчыкам:
– Я ведаю, што гэта ты выпіла вадзічку. На здароўе, сонейка!