ЛЮБКА-ГАЛУБКА


Ну, бачылі яе, Любку? Накрашыла ў талерку хлебных крошак, насыпала семак, паставіла побач кубачак з вадою. І чакае, калі прыляціць яе голуб Цішка. Нічога не скажаш – прывабная і сур’ёзная афіцыянтка. Хоць і з-за стала яе не відаць. Таму Любка з талеркай стаіць на табурэце перад акном. Чакае. За ўсім гэтым назірае бабуля Валя. Яна жыве ў суседнім доме, таму нярэдка заходзіць, каб праведаць унучку: Любка яшчэ зусім маленькая дзяўчынка, і адну яе на вуліцу не выпускаюць. Нават да бабулі. Тата забараніў: «Падрасцеш, тады і пойдзеш сама. А пакуль – рана».

Голуба нешта доўга няма. Мо здарылася што? Ці наогул забыўся, дзе тое акно, каля якога чакае яго Любка?

–А як жа ты, унучачка, пазнаеш: твой гэта голуб ці іншы? Яны ж усе быццам на адзін твар.

Любка не пагаджаецца:

–Нічога ты, бабуля, не разумееш. У майго ж Цішкі лапка адмарожана. Таму ён кульгае. І ён самы прыгожы голуб – не такі, як усе. Цяпер зразумела?

–Тады добра,-- пагаджаецца бабуля і таксама глядзіць на акно: ці не прыляцеў яшчэ Любкін голуб?

Нарэшце ён з’яўляецца. Вочы дзяўчынкі свецяцца радасцю. Яна глядзіць на бабулю: а ты не верыла! І адчыняе акно, вітаецца з птушкай і ставіць талерку з ежай на падваконнік.Цішка не баіцца дзяўчынкі, хоць і надта блізка не падыходзіць: толькі калі дзяўчынка прыбрала рукі ад талеркі, ён пачаў кляваць.

–Калі з’ясі ўсё, я табе яшчэ падкладу, – кажа Любка і прычыняе акенца. – Прыемнага апетыту!

Што яшчэ зацікавіла і здзівіла бабулю: падсілкаваўшыся, голуб не паляцеў з падваконніка, а доўга стаяў на ім і глядзеў на дзяўчынку праз шыбу і ўважліва слухаў, пра што яна яму расказвала. А пра што? Яна пахвалілася птушцы, што сёння ў яе ў гасцях бабуля Валя і папрасіла яе, каб тая ўзнялася з табурэціка і пакланілася Цішку, як артыстка на сцэне гледачам. Бабуля паслухалася: унучка ж просіць! А потым дзяўчынка прыгадала дзіцячы садзік, куды ходзіць, сказала, што ёй там вельмі падабаецца. І паківала на голуба пальчыкам – за тое, што ён баязлівец, мог бы зайсці ў пакой і пагрэцца. Ці нават жыць у пакоі. Цёпла і ўтульна.

Голуб Цішка ўважліва выслухаў дзяўчынку, пачысціў дзюбай пяр’ё і паляцеў. Дзяўчынка памахала яму і пачала думаць, што прыгатаваць Цішку на вячэру. Прыдумала. Але нават бабулі Валі не прызнаецца, чым будзе частаваць Цімку.Тайна.

– А мая ты Любка-галубка! – прыгарнула бабуля ўнучку да сябе і пацалавала. – І не гавары, не трэба… Галоўнае не ў гэтым, чым накорміш ты свайго самага прыгожага голуба. Мне радасна, што ты расцеш добрай дзяўчынкай.


Загрузка...