Максімка разам з татам сабраліся ў суседнюю вёску – праведаць бабулю з дзядулем. Папярэдне яны купілі ў мясцовай краме гасцінцаў для старых і, паснедаўшы, накіраваліся на аўтобусны прыпынак. Ён недалёка ад хаты. Селі там пад картузікам на лаву, чакаюць. Пазней тата нервова пачаў раз-пораз паглядаць на гадзіннік: аўтобус ніяк затрымліваецца, павінен ужо быць, а яго – няма. Можа, зламаўся? І тады тата, пачакаўшы яшчэ трохі, прапанаваў сыну:
– А давай, Максім, пехам пойдзем, а? Што нам той аўтобус! Ці ж у нас ног няма?
Хлопчык насупіўся:
– Я пехам не хачу. Гэта ж няблізка. Ды і навошта тады аўтобус прыдумалі?
– Бачыш жа: няма яго, аўтобуса, – роспачна развёў рукамі тата.
– Лепш пасядзім, пачакаем, – Максімка, седзячы на лаве, боўтаў нагамі. – А то пойдзем, а ён нас дагоніць. Тады крыўдна будзе. Ішлі, ішлі, і ўсё дарэмна…
Тата не стаў пярэчыць. Сядзяць, чакаюць аўтобус. Маўчаць. І размаўляць быццам ім няма аб чым. Усё ж тата не вытрымаў, першы ўзняўся з лавы:
– Аўтобуса, відаць, сёння не будзе. Тады давай зробім так: паколькі ты лянуешся ісці ў госці да дзялулі з бабуляй, то даставайся дома, а я пайду адзін. Добра?
– Не, пайшлі, тата, разам, – пагадзіўся хлопчык і хуценька скочыў з лавы: ён ужо засумаваў па бабулі з дзядулем.
Перад імі легла дарога. Сын і бацька, узяўшыся за рукі, крочылі па ёй, а яна заасфальтаванай стужкай бегла і бегла наперад. Свяціла сонейка, твары абдуваў свежы ветрык, а ў небе вісеў жаваранак і, здавалася, радуючыся людзям, пасылаў ім з неба сваю песню.
– Гэта ён нас хваліць, што пешшу ідзём, – заўважыў тата.
Максімка памахаў жаўранку рукой, гучна сказаў:
– Дзякуй табе, птушачка!
Прайшлі яшчэ трохі полем і дарога нырнула ў лес, тата запаволіў хату, паглядзеў на сына:
– Чуеш? Гэта дзяцел тукае: тук-тук-тук! А чаму ён так тукае, ты ведаеш?
Максімка паціснуў плячыма:
– Забаўляецца, мусіць?
– Не, сынку: гэта ён корм сабе і сваім дзеткам здабывае. Няма калі яму гуляць. Пад карой у старых дрэвах шмат розных кузюрак жыве, вось ён і дастае іх. Працавітая птушка дзяцел, нічога не скажаш. Ён не толькі корм здабывае – і лес ратуе ад розных караедаў.
Перад крынічкай спыніліся, напіліся халоднай, як лёд, вады. Крышачку адпачылі. І пайшлі далей.
– А вунь, бачыш, ямы, – паказаў тата на акопы, што зараслі ўжо густым кустоўем.– Іх нашы салдаты ў вайну капалі, яны займалі тут абарону, каб вораг не прайшоў у нашу вёску.
– І не пусцілі? – зацікавіўся Максімка.
– І не пусцілі, – упэўнена сказаў тата.– Бачыш жа, наша вёска жыве… А маглі б і спаліць яе немцы, з зямлёю зруйнаваць. Тады б і мы не жылі тут. Трэба дзякуй сказаць салдатам.
Хлопчык ледзь чутна прашаптаў:
– Дзякуй… – І падаў тату руку: з ім не так страшна.
А потым закувала зязюля: “Ку-ку! Ку-ку! Ку-ку!” Тата папрасіў Максімку, каб той лічыў, колькі разоў пракукуе птушка. Максімка лічыў, лічыў… і збіўся.
– Ну, і колькі ж? – пацікавіўся тата.
Хлопчык развёў рукамі, а потым знайшоўся:
– Багата разоў!
Тата ўсміхнуўся:
– Значыць, у нас з табой наперадзе яшчэ ўсё жыццё, сынок. Калі зязюля накувала нам шмат год.
Амаль каля самай дарогі яны ўбачылі сунічную палянку. Ягад было так багата, што яны і самі наеліся, і для бабулі з дзядулем сабралі.
Перад самай вёскай іх дагнаў аўтобус. Шафёр прытармазіў, выглянуў з акенца і кіўнуў галавой: залазьце, пешаходы!
– Дзякуй, мы ўжо прыйшлі, – адказаў яму тата.
– Матор закапрызіў, – быццам апраўдваўся шафёр перад хлопчыкам і ягоным татам.– Давялося падлячыць яго. Цяпер спазняцца больш не будзем.
І ён націснуў на газ.
Аднак Максімка ніколькі не пашкадаваў, што ён пешшу прыйшоў сёння ў госці да бабулі з дзядулем. Якая, аказваецца, цікавая гэтая дарога!