Міхаськаў дзядуля, калі быў яшчэ зусім не дзядулем, а маладым хлопцам, пасля заканчэння інстытута ў Мінску жыў і працаваў пэўны час у далёкай і сонечнай Туркменіі, дзе можна сустрэць нават у горадзе вярблюда і круглы год ласавацца вельмі смачнымі дынямі і кавунамі.
Вярнуўся адтуль дзядуля з бабуляй, якая, вядома, на той час таксама не была бабуляй. І – з нардамі. Гэта гульня такая. І хоць прайшло ўжо шмат часу, а нарды захаваліся. Больш таго, гульня стала сямейнай.
Міхаська таксама хоча навучыцца гуляць у нарды, але ён пакуль умее лічыць толькі да дзесяці. Затое ён хораша падкідвае над дошкай кубікі. Учора хлопчык дапамагаў гуляць бабулі, а сёння сеў каля дзядулі. Падкіне два кубікі за яго, а ў самога вочкі хітравата свецяцца.
– Выйграй, бабуля, у дзядулі, выйграй! – просіць унук і ажно пляскае ў аладкі .
На гэта бабуля, лагодна ўсміхнуўшыся, заўважае:
– Ты ж з дзядулем гуляеш, а хочаш, каб я выйграла.
Хлопчык маўчыць, не ведае, што адказаць. Яно ж і сапраўды так.
Выручае, як заўсёды, дзядуля:
– Мужчына расце! – кажа ён не без гонару і гладзіць малога па галоўцы.– Джэнтльмен!..