У гарадскім парку дзеці зрабілі коўзанку. Шумна на горцы. Стасік трымаецца за руку дзядулі, з зайдрасцю глядзіць, як хлопчыкі і дзяўчынкі – хто на чым – спускаюцца ўніз. Ён зайдросціў дзецям: мне б так! І яшчэ Стасік раз-пораз паглядае на атракцыён «Чортава кола», ён побач, і на ім шмат снегу: спіць, мусіць. Як мядзведзь у бярлозе, так і ён – да самай вясны. Канешне, хто цяпер, у такі холад, адважыцца забірацца вышэй дрэў, што растуць у парку? Дзівакоў няма. Стасік глядзеў і глядзеў на атракцыён, а тады ўзяў ды і паказаў яму язык: во, бачыш?
– З кім гэта, унук, ты так размаўляеш? –пацікавіўся дзядуля.
– З высокім страхам, – адказаў хлопчык.
– А дзе ж ён, страх той? – пакруціў галавой па баках дзядуля.
Стасік паказаў на чортава кола:
–Ды вунь, вунь!... А ты хіба не ведаеш, дзе жыве высокі страх?
– Не.
– На чортавым коле.
– Няўжо?
– Ага.
– А я гляджу на атракцыён, і ніякога страху там не бачу, – здзівіўся дзядуля.
– І не ўбачыш. Бо ты дарослы, а я маленькі. А страх бачаць толькі дзеці.
– Хто табе так сказаў?
– Я сам ведаю...
– Бач ты! І як жа ты, Стасік, думаеш перамагчы той высокі страх?
– Мне здаецца, дзядуля, каб я таксама з’ехаў з горкі, як усе хлопчыкі, я б спярша перамог маленькі страх, а тады б не баяўся катацца і на чортавым коле...
Дзядуля ўсміхнуўся і дазволіў Стасіку пайсці на коўзанку. А сам сустрэў унука ўнізе.
– Ну, і як, перамог маленькі страх? – пацікавіўся дзядуля.
– Перамог, дзядуля, – сур’ёзна адказаў хлопчык. – Пачакаю, калі “прачнецца” чортава кола, тады перамагу і высокі страх.
І Стасік зноў пачаў карабкацца на горку.