ВЫРАТАВАЛЬНІЦЫ


Сяброўкі Насця і Верка вярталіся са школы. Стаяў цёплы, сонечны восеньскі дзень. Якраз пара такая – бабіна лета, таму ў паветры плавалі-калываліся тонкія павуцінкі. Настрой у дзяўчынак быў добры. Яны ўяўлялі, як хуценька зробяць урокі і адразу ж выбегуць на двор – хапае тут розных гульняў-забаў. Але што гэта такое? Ці пачулася? Дзяўчынкі спыніліся, пераглянуліся, а затым прыслухаліся: быццам недзе побач жаласліва мяўкаюць кацяняткі? Так, так: гэта яны. Толькі не адразу адшукалі іх Насця і Верка. Ага, вунь дзе тыя – паміж металічнымі гаражамі дзяўчынкі нарэшце ўбачылі жывых камячкоў. Тыя, пэўна ж, зусім нядаўна з’явіліся на свет, былі яшчэ голыя і сляпыя. Аднак надта ж пацешныя!

– Маму шукаюць, – сказала Насця.

– А дзе ж яна можа быць? – здзівілася Вера, а потым сама ж і адказала: – Відаць, пайшла ежу шукаць. Каб потым накарміць малачком сваіх дзетак.

— Ты здагадлівая, Верка, – пахваліла сяброўку Насця. – А, ведаеш, давай што зробім? Прянясем ежу кошцы. І абавязкова вады. Бо гаражы – паспрабуй дакраніся – нагрэліся на сонцы, і кацяняткам паміж імі няма, мусіць, чым дыхаць. Толькі як жа мы яе туды пададзім, ежу і ваду?

Насця і Верка па чарзе нават паспрабавалі падабрацца да кацянятак – дзе там! Зусім вузкая прарэха паміж гаражамі. Аднак, рашылі, пакуль не гэта галоўнае: спярша трэба збегаць дадому, прынесці ежу, а потым што-небудзь прыдумаецца. Не бывае безвыходных сітуацый. Так і зрабілі. І яшчэ яны зрабілі вось што: Насця забегла ў дзіцячы садок, ён якраз побач, і прывяла за руку сваю маленькую сястрычку Ірынку. Той нават не трэба было праціскацца паміж гаражамі – яна прайшла да кацянятак, нібы па тратуары. Паставіла слоік з вадой, а побач паклала кавалачак каўбаскі і хвосцік рыбы.

— Дзякуй табе, Ірынка – сказала Насця.

Ірынка ўсміхнулася: ёй было радасна ад таго, што зрабіла. А яшчэ больш радасна стала ёй тады, калі яна ўбачыла, як з’явілася мама кацянятак і пачала сілкавацца, раз-пораз з удзячнасцю паглядаючы на дзяўчынак.

Дома, за вячэрай, Насця расказала маці і тату, як накармілі яны сёння кацянятак. Дарослыя пахвалілі дзяўчынак. А тата нават папытаў, хітравата паглядзеўшы на дачушак:

— Дык хто вы цяпер у нас будзеце?

Сёстры задумаліся. Выручыў іх ён сам:

— Вы – выратавальніцы. Малайцы!

Пасля кароткага маўчання Насця сказала:

— І Верка таксама выратавальніца. Праўда ж?

— І Верка таксама ,– ледзь не ў адзін голас адказалі мама і тата.

Дзяўчынкі ніколькі не пашкадавалі, што ў іх не засталося ў той дзень часу пагуляць на двары.


Загрузка...