МАЛЫ І СТАРЫ


Малы – гэта хлопчык Міколка, а стары – ягоны дзядуля Міколка: як клікалі таго ў дзяцінстве, калі быў такім, як цяпер унук, так і клічуць сёння. Прывыклі. Два Міколы, адным словам. Бабуля звяртаецца да кожнага з іх вельмі проста: малы і стары. Калі спатрэбіўся ёй нечага ўнук, то кліча:

– Ты дзе там, малы?

А дзядулю так:

– Ты дзе там, стары?

Яшчэ, бывае, калі два Міколкі набедакураць – ну, гэта калі з яе боку глядзець, бабульчынага, вядома ж, -- то яна абыякава махне рукой, буркліва скажа:

– Што малы, што стары!.. Ай, што з вамі паробоіш?.. Ідзіце ешце, пакуль каша не астыла.

Не тое, бач ты яе, зрабілі. Але ты, бабуля, пачакай, пачакай трошкі... Зробім для цябе і іншае нешта. Усяму свой час. Што тады скажаш, а?

Так думае ўнук і дапамагае дзядулю: яны рыхтуюць бабулі падарунак да 8 сакавіка. Падарунак робяць ужо колькі дзён сваімі рукамі, зачыніліся ў пакойчыку, і майструюць. Бабуля зазірне, бывае, моўчкі паглядзіць на малога і старога, ціхенечка прычыніць дзверы, а сама сядзе на канапу, шчасліва ўсміхнецца : калі яе Міколкі заняты карыснай справай, то яна не нарадуецца. Так захапіліся, бач ты, ажно не заўважаюць, што яна не-не ды і выгляне з дзвярэй, моўчкі дзівіцца на іх. Хіба ж, думаеце, і бабулі не сумна без сваіх Міколкаў? Яшчэ як.

У дзень свята ўнук прачнуўся раней, чым дзядуля. Адразу раскатурхаў таго, паказаў позіркам на дзверы: пара на кухню, сняданак рыхтаваць трэба. Дамаўляліся ж, ці забыўся? Дзядуля плюснуў вачыма: зразумеў, ага, і выслізнуў з-пад коўдры. Сняданак рыхтавалі потайкам, асцярожна, каб не грымець посудам, а размаўлялі паўшэптам: сёння бабулін дзень, то няхай адпачне. Толькі ж бабуля пра ўсё здагадалася, яна ўжо і сама хацела ўстаць з ложка, але рашыла не перашкаджаць сваім Міколкам.

Аднак усё ж яна потым не вытрымала: «Нешта яны там доўга корпаюцца? Ды, ніяк, і на патэльні падгарэла штосьці ў іх?.. Ай!.. Што малы, што стары!..» І ўсхапілася.

Калі бабуля нарэшце падфранцілася і паказалася на кухні, стол быў застаўлены ежай. А дзядуля кіўнуў унуку: давай, Міколка, падарунак.

Што за падарунак зрабілі два Міколкі сваёй любімай бабулі – не гэта самае важнае. Больш за ўсё смяялася бабуля, калі прачытала на прыгожай шкатулцы, якую падаў ёй унук: «Ад малога і старога».

А калі ўсміхаецца бабуля, ды яшчэ чмокае па чарзе ў шчаку сваіх Міколкаў, значыць, падарунак ёй вельмі спадабаўся.


Загрузка...