Сінонімы да слова сволач – нягоднік, мярзотнік. Гэта значыць той, хто свядома чыніць зло іншым. То ці можна назваць сволаччу жывёліну? Вядома, не: калі яна і робіць што-небудзь на шкоду субратам сваім ці чалавеку, то робіць гэта выключна дзеля справы выжывання. Прычым, у адрозненне ад нас, людзей, у межах жорстка рэгламентаванага выкарыстання дадзеных ёй дзеля гэтага прыродай сродкаў: капытоў, рогаў, зубоў, джала, сліны, атруты і г. д. Таму, якой бы цхівай і крыважэрнай жывёліна нам ні здавалася, мярзотніцай, то бок сволаччу яе не назавеш. А вось аналогій у яе і ў нашых звычках, калі давяраць Брэму і іншым знаўцам фаўны, больш чым дастаткова. Іх канстатацыяй і абмяжуемся.
Ёсць сволач, што чыніць сволачнае дзеянне, і ёсць — што сваімі паводзінамі рыхтуе глебу для гэткага чыну. Як бык і птушка нанду. Першы выбівае падчас чысткі скуры целам у глебе яміну, другая — выкарыстоўвае тую гатовую яміну ў якасці асновы для свайго гнязда.
Сволачы няведамыя прынцыпы. Яна лёгка мірыцца з абставінамі і памяняе меркаванне нават тады, калі ад яе гэтага і не надта патрабуюць. Як амёба, што можа ўвадначас рухацца з месца ў любым накірунку.
Сволач плодная. Яна множыцца, сеючы наўкола сябе семя сволачнасці, не зважаючы на ваганні атмасфернага ціску і тэмпературы паветра. Як кольчаты чарвяк, размнажэнне якога адбываецца шляхам простага, незалежнага ад знешніх чыннікаў распаду цела на некалькі частак.
Сволач усяедная. Як сцярвятнік-пухнач, што ахвотна харчуецца абы-чым, нават фекаліямі. Ці як згаданая птушка нанду, што жарэ ўсё, што ні трапіцца на шляху.
Сволач – майстрыца гуляць у шашкі паводле ёю ж, сволаччу, прыдуманых правілаў. Хоць ноч навылёт з ёю гуляй, хоць дзень – усё адно перахітруе. Як гарнастай труса ці зайца, што загіпнатызуе нябогу скокамі-выкрутасамі і тут жа раздзярэ наіўніка, спадцішка наблізіўшыся, на дробныя шматкі.
Сволач наднацыянальная. У яе зазвычай не адна радзіма, а сама меней дзве, а то і тры адначасова. Два, тры ў адным – у адпаведнасці з попытам. Затое мова ў сволачы, як правіла, — адна, і найчасцей гэта – мова хамства. Як мозг паўзуна, што складаецца з трох – пярэдняй, сярэдняй ды задняй — частак, але ўсё адно агулам мянуецца мозгам. Ці як голас рапухі, які што ў ставе, што ў багне, што ў ручаі, што ў каляіне – усюды кваканне.
Сволач небяспечная кепскім уплывам на моладзь, якую яна разбэшчвае ўзорам бесцырымоннасці і непавагі да чалавека. Як любы драпежнік, што вучыць дзіця найперш уласным прыкладам.
Сволач бывае буйна,я і бывае – бу,йная. Нярэдка здараецца, што і разам — два ў адным, так бы мовіць – тыя якасці сустракаюцца. Як сволачнасць буйнога страуса казуара, вялікага аматара буйнасць сваю і злосць без аніякай на тое прычыны перад староннімі дэманстраваць.
Абавязковы экзістэнцыйны варунак існавання дробнай сволачы – поўная залежнасць ад сволачы буйной. Прычым часта – на тле паталагічнай нянавісці да апошняй. Як у шакала, што харчуецца аб’едкамі з львінага стала, а пры выпадку з’еў бы і яго самога, ды — не па зубах.
Няма такой сволачы дробнай, якая не жадала б стаць буйной, і няма такой буйной, якая пнулася б стаць дробнай. Як няма гніды, што не марыць стаць праўдзіваю вошаю, і як няма вошы, што, наадварот, марыла б вярнуцца ў стан гніды.
Габарыты сволачы не заўсёды прапарцыйныя яе разумоваму патэнцыялу. Што, аднак, не замінае ёй займаць высокае месца на сацыяльнай лесвіцы. Як сярод некаторых прыматаў, дзе становішча асобіны сярод суродзічаў вызначаецца не колькасцю звілін у мозгу, а выключна памерам цела і вастрынёй зубоў.
Затое калібернасць сволачы амаль заўжды прапарцыйная яе пасадзе. Чым вышэй пасада, тым заўважней наяўнасць сволачнасці. Як у скарпіёна, ступень атрутнасці джала якога ўзрастае прапарцыйна ўзрастанню камфортнасці месца бытавання.
Сволач моцна трымаецца за крэсла. Як уласна плод павука за шкарлупіну яйка, з якой ён так моцна зрастаецца, што яны ўяўляюць разам суцэльную, непадзельную субстанцыю-абалонку.
Сволач вёрткая. Як птушка анхінга, што ўскідвае падчас палявання голаў так хутка, што гэта можна параўнаць з нападам гадзюкі. Ці як каршун, што лёгка скрадзе з-пад носа ў грыфа кавалак падлы і, перш чым той паспее зрэагаваць на крадзеж, уцячэ з ім у хмыз. Або як рачная гідра, што, нават вывернутая навыварат, бы палец пальчаткі, без цяжкасці прыстасуецца да жыцця ў новым становішчы.
Сволач жывучая. Яе хоць у бездань марскую кінь, а яна ўсё адно выплыве – з рыбінай у зубах. Як рабак, яйка якога, пакладзенае, напрыклад, у алкаголь ці ў хромавую кіслату, не толькі не загіне, а, наадварот, пачне вокамгненна развівацца ў праўдзівую аскарыду. Або як аплодненая самка клапа, што, змешчаная на паўгода ў пушку без аніякага харчу, не толькі выжыве, але і паспяхова ў той пушцы разродзіцца нашчадкамі.
Сволач любіць паразважаць на сімпатычныя тэмы, напрыклад, пра ўласныя захады на карысць іншых. Як падманліва сімпатычны з выгляду скунс, не толькі жывое цела якога, а нават закапаныя ў глебу парэшткі распаўсюджваюць такі смурод, што месца захавання і праз колькі месяцаў не ўяўляе цяжкасці па тым смуродзе адшукаць.
Сволач не гідлівая і ўсё, што ні стрэне на шляху, без ваганняў скарыстае дзеля дасягнення сволачнай мэты. Як лічынка жука-магільшчыка, што пры ператварэнні ў кукалку два тыдні запар можа без аніякага-якога харчавацца падлаю. Або як жук-калаед, для якога найбольшая асалода — адкласці яйкі ў гной, што адначасна становіцца для яго і стравай.
Сволач валодае прымітыўнымі інстынктамі, таму лёгка прыжываецца на любой глебе. Як завезеная з Еўропы ў Амерыку гесенская муха, што, паспяхова адаптаваўшыся да ўмоваў на новым кантыненце, можа ўвобміг спустошыць там цэлае поле культурных пасеваў.
Сволач валодае фенаменальнай здольнасцю да мімікрыі, то бок, прыстасоўвання. Як аса crabronidae, што знешне падобная да мухі, на якую яна палюе.
Сволач крывадушная. Яна засыпе абшары зямныя газетнаю хлуснёй, а скажа, што гэта святая праўда і што ім, абшарам тым, толькі такая праўда і патрэбная. Як каторы сабака, што пазычае вочы каму заўгодна без вынятку, а потым дзівіцца, чаму гэта яго, такога добрага, у адным шэрагу з нейкай сволаччу згадваюць.
Сволач баіцца і ўсялякімі спосабамі пазбягае галоснасці. Ніводная сволач прылюдна не прызнаецца, што гэта яна загадала «не згадваць» і «не пушчаць» і напусціць на справу такога туману, што ніякі дазнаўца не дасць рады праз яго прадрацца. Як жук-лізун, што выкідвае з сябе жоўты камуфляжны пыл, каб ім жа прыкрыцца.
Сволач подлая. Яна выканае загады якога-небудзь цэрбера «не згадваць» ды «не пушчаць», а пасля запытаецца: «Чаму гэта вас быццам няма?» Як гіена, што зжарэ жывасілам апошнюю гну, а потым будзе прылюдна наракаць, што савана, маўляў, без дай прычыны дарэшты абязгнунела.
Сволач не любіць праўды і заўсёды камуфлюецца пад прыстойнасць праз дэманстраванне чыста вымытых рук. Як ястраб гарпія, што, перш чым праглынуць здабычу, кідае яе спачатку ў ваду, каб ачысціць ад бруду, і толькі пасля гэтага пачынае есці.
Сволач двурушная. Яна ўславіць словам таго і гэтага, а назаўтра ўчынкам напаскудзіць на іх магілкі. Як павучыха, што з’есць падчас каітусу бацьку сваіх будучых дзяцей, а ўсім будзе даводзіць, што гэта — для іх жа, нашчадкаў, шчасцейка.
Сволач схільная да карпаратыўнасці, але ў крытычны момант абараняе найперш собскі інтарэс. Як белы сін, што гарбузуецца ў зграю са сваякамі адно падчас кармлення, а як толькі акт сумеснага паглынання ежы мінае, тут жа на іх забываецца.
Хоць сволач і індывідуалістка, пры патрэбе яна лёгка хаўрусуецца з іншай сволаччу і робіцца калектывісткай. Як аднаасобнік цвыркун, што дзеля выжывання часта гарбузуецца ў стаі з да сябе падобнымі.
Сволач вераломная. Заблудзіўшыся сярод трох хвояў, яна не праміне звінаваціць у гэтым іншых. Як выдра, што зжарэ ў рацэ ўсю рыбу, а ўсім скажа, што гэта зрабіў бабёр.
Сволач не любіць, калі пры ёй разважаюць пра вытокі сволачнасці. Усялякую праяву сволачнасці ўласнай яна мянуе не іначай як цвярозым паглядам на жыццё, то бок неабходнасцю харчавацца. Як пальмавая кошка-канібалка музанг, што пры выпадку не пагрэбуе падсілкавацца ўласнымі кацянятамі.
Неад’емная рыса сволачы – непераадольнае жаданне навязаць іншым уласныя правілы гульні. Як тое робіць расамаха, што, пазбаўленая мажлівасці супрацьстаяць сабаку ў пазіцыі на поўны рост, кладзецца дагары на дол, пасля чаго хапае знізу суперніка кіпцюрамі і загрызае ўсмерць. Або як гіена, што заганяе спачатку буйвала ў багну, а потым жарэ, бездапаможнага, жывасілам.
Сволач схільная да пісання даносаў. Гэткім чынам яна сцвярджае сваю самасць, а разам – адданасць сволачы ўладнай. Як жывёліна, што яшчэ не нарадзілася і ніколі, мабыць, не народзіцца, бо фаўна на такое вычварэнства, здаецца, папросту не здольная.
Сволачы дзяржаўныя інтарэсы не абыходзяць. Яна лёгка выдаткуе дзесяткі мільёнаў на лухту пад грыфам сацыяльна значнай. (Няма аналагу).
І сволач мае сваю ахілесаву пяту: святло, праўда для яе – што адсутнасць мінімуму сонечных прамянёў для кактуса. Як барсук, якога, каб забіць, дастаткова як след квэцнуць па носе.
Сволач – заразная. Як трапічны сцынкавы гекон, аднаго толькі дотыку якога да другой істоты дастаткова, каб на целе апошняй засталіся рэшткі ягонае скуры.
Нязменнае і галоўнае апраўданне сволаччу ўласнае сволачнасці – абавязак здабывання харчу для дзяцей і ўнукаў. Што, як правіла, у адрозненне ад нашчадкаў любой жывёліны, не проста галодныя, а — галаднейшыя за ўсіх іншых.
Лек ад бацылаў сволачнасці – у іх нейтралізацыі праз стараннае, хай сабе і да ванітаў, перажоўванне. Як лек ад укусу скарпіёна, што гатуецца на сумесі праванскага алею і целаў змешчаных у тым алеі скарпіёнаў.
Сволач – паскудства, але і яна дзеля чаго-небудзь можа прыдацца, напрыклад, для палохання дзяцей з мэтаю выпрацаваць у іх імунітэт супраць сволачнасці. Як сырны клешч акар, фекаліі і скура якога, ператварыўшыся ў сыры ў пыл, становяцца кампанентам улюбёнага гурманамі прадукту. Або як тля, высушаныя парэшткі якой у тры разы пераўзыходзяць тлустасць гамбургера і з’яўляюцца, як сцвярджаюць навукоўцы, выдатным начыннем для бутэрброда.
Не тое дзівіць, што ёсць сволач, а тое, як шмат тых, хто гатовы пры нагодзе ёю стаць. Але, можа, гэта якраз і няблага. Было б яе мала ці наогул не засталося б – адкуль бралі б мы крытэрыі ацэнкі вартасцяў і ўчынкаў адно аднаго? Казаў той, птушачак шкада, канечне, ды што зробіш, калі жыццё такое – сво… цудоўнае.