– Смачноцце, цэлы дзень, здаецца, ела б гэтую стравіну, – кажа Альдзя і з выглядам адмысловага знаўцы кухні – ага, дык вось як яно, маўляў, згатавана, здолеем і мы такое, не зломкі — вывуджвае відэльцам з піялы чарговую клёцку. Клёцка знікае ў роце, Альдзя дастае з піялы наступную і раптам робіць кіслую, быццам праглынула неўпрыцям штосьці надзвычай брыдкае, міну. – А гэта праўда, што ў іх там, у Індыі, не хаваюць нябожчыкаў у зямлю, а спальваюць на вогнішчы? Раскладаюць вогнішча на плыце і пускаюць той плыт па цячэнні. І што з парэшткаў не згарыць на агні, тое трапляе ў ваду... Па тэлевізары днямі паказвалі… Уяўляеш? Жах!
Прамаўляецца ўсё напаўголаса, бо ў суседнім пакоі знаходзяцца Надзя з нашай кватаранткай індускай Ашрытай, а дзверы ў пакой ледзь прычыненыя, то крый Бог дзеўка пачуе... Але і гэткае перасцярогі здаецца Альдзі недастаткова, і яна зусім пераходзіць на шэпт:
— А то во яшчэ, дзесьці я чытала, нясуць памерлага на гару, каб там птушкі яго раздзяўбалі. Здараецца, каторая не дасць рады ўтрымаць кавалак плоці ў дзюбе, паляцеўшы, дык то скуры шматок, то яшчэ што на дол, а то і проста на галовы людзям скіне. Далібог, сама чытала. Во якая ў іх там дзікая завядзёнка.
Яна адстаўляе ўбок піялу з недаедзеным галібджамам, тупа глядзіць праз вакно на абсаджаны дубцамі маладзенькіх каштанаў, голы – канец лістапада – двор, у дальнім куце якога шпацыруе сюды-туды з сабакам мой сусед па пляцоўцы Савельевіч. Суседу за восемдзесят, ён удзельнік Вялікай Айчыннай, да выхаду на адпачынак выкладаў у тэхнікуме замежную мову. Пасля смерці жонкі дзявяты год жыве бабылём, хоць нявестка і зяць неаднойчы клікалі да сябе. Апошнім часам Савельевіч пасябраваў з Ашрытаю. Індуска ўпадабала яго пасля таго, як ён нядаўна ў размове працытаваў ёй штосьці па-ангельску з Рабіндраната Тагора, — убіўся ў ласку. У суседа лёгкі нораў і ні кроплі фанабэры, таму ў нас з ім таксама адносіны не з горшых, нават, можна сказаць, прыяцельскія. Але не панібрацкія, хоць мы і клічам жартам адзін аднаго паводле скаротаў назваў войнаў, у якіх удзельнічалі: я яго – ВАВ, ён мяне, адпаведна, — ВІ.
— Дарэмна ты тады не згадзіўся на абмен. Жыў бы цяпер у новым доме, а то во бруд усюды ў гэтым прычыгуначным мікрараёне... Як у занядбанай вёсцы, — як заўсёды знячэўку, без ніякай лагічнай сувязі з папярэднімі словамі, пераводзіць размову на іншае Альдзя і дадае праз хвіліну: — Суседка кватэру ў дарунак пляменніцы днямі афармляла, дык зусім нядорага, кажа, ўсё тое афармленне абышлося… Канечне, пабегаць, даведкі розныя збіраючы, давядзецца, дык не без гэтага ж…
Першае – намёк на мой трохгадовае даўніны няспраўджаны шанц пераехаць у новы дом, дзе мне прапанавалі кватэру як інваліду вайны ў Афгане. Другое – на тое, што, паводле яе плану, нам, дакладней, мне след зрабіць у бліжэйшы час. След абавязкова, бо раптам што якое... Вось адкінеш, маўляў, мужычок, неўспадзеў капыты, і ляснецца жытло, адыдзе чужым, якой-небудзь канторы кшталту ЖКГ.
— Усяк бывае, сам ведаеш, не малы... Вунь залетась адной жанчыны з працы ў нас матка выйшла ў краму па хлеб ды і сканала ні з таго ні з сяго на ходніку. А кватэра не была сыну завяшчаная, і з канцамі — дзяржаве адышла.
— Гэта таму, мама, што, мабыць, прыватызаваная не была тая кватэра, — падае са свайго пакоя голас Надзя. – А ў нас іншая сітуацыя.
— А калі і іншая, то што? – незадаволеная даччынымі словамі, працягвае гнуць сваё Альдзя. – Ведаеш, колькі потым, калі ў дарунак не аформленая, плаціць трэба за ўступленне ў права валодання? Быццам мы на грашах спім!
Альдзя выслізгвае ў калідор, і тае ж хвіліны туды выскокваюць, чуючы, што яна збіраецца адыходзіць, Надзя і Ашрыта. Надзя цалуе матку ў шчаку, Ашрыта схіляе голаў у ветлівым паўпаклоне. Затым абедзве зноў знікаюць у пакоі.
Альдзя вяртаецца да мяне і, перш чым я паспяваю адарвацца ад газеты, прамаўляе:
— А што ні кажы – дзіўныя яны, гэтыя вашы індусы. Баба ў дзеўкі канае, а ёй хоць бы што... Наадварот, яшчэ, здаецца, глянь ты, ці не павесялела. Ужо хоць для выгляду пусціла б слязу, ці што... Во і зразумей ты іх! Ці дзіва, што з памерлымі гэтак абыходзяцца.
Альдзя – мая экс, то бок былая і пакуль што адзіная жонка. Мы разышліся з ёю даўно, неўзабаве па маім вяртанні з Афгана. З маёй ініцыятывы, дарэчы. Бачыць штодня, як жанчына ўпотай пераадольвае гідлівасць да цябе, хай сабе і воіна-інтэрнацыяналіста, ды ўсё ж аднаногага калекі, было невыносна, і я вырашыў скончыць усё аднойчы і назаўсёды. Што маральна не так і проста аказалася пасля шасці гадоў сумеснага жыцця, якое колісь гэтак рамантычна пачыналася пасля паспяховага пераадолення супраціву Альдзіных бацькоў, звязанага з рознасцю (у яе — інстытут за плячыма, у мяне – усяго толькі завочнае аддзяленне тэхнікума) нашага адукацыйнага ўзроўню. З таго часу я жыву адзін. Праўда, два гады таму да мяне перайшла жыць Надзя, дачка. І хоць арганізавалі яны, матка з дачкой, той пераход неяк падазрона паспешліва, пасля таго, як я жартам сказаў, што маю намер зноў ажаніцца, Надзін прыход для мяне, інваліда, – найлепшае выйсце. Тым больш што яна доктар і калі што якое – без дапамогі не застанешся. А цяпер у доме аб’явілася і другая доктарка, індуска Ашрыта. Яна вучылася разам з Надзяй ва ўніверсітэце і месяц таму вярнулася з Індыі дзеля працягу вучобы ў ардынатуры. Жыць у інтэрнат чамусьці ісці не захацела і вось да часу кантуецца з Надзяй у яе пакойчыку. Уранні, акурат у той момант, калі прыйшла Альдзя, Ашрыце патэлефанаваў з радзімы брат, сказаў, што памірае іх васьмідзесяціпяцігадовая бабуля. Маўляў, ужо зусім слабая і з хвіліны на хвіліну сканае.
Ашрыта раз-пораз выходзіць у калідор, то нервова сунецца з мабільнікам у далоні з аднаго кута ў другі, то прыхінецца плячыма да сцяны, то застыне слупам ля шафы з вопраткай. А то возьмецца набіраць па мабільніку нумар, і тады бачна, як дрыжаць яе знябожаныя невядомасцю рукі. Званкі, аднак, не дасягаюць мэты, і на цёмным, з колцамі густой чарнявінкі абапал вачэй і рота твары дзяўчыны – спрэс расчараванне. Расчараванне, але – не адчай, хутчэй насамрэч, як сказала Альдзя, — радасць. Радасць уперамешку са смуткам. Дзіўнаваты сплаў пачуццяў, ніводнаму з якіх, як ні намагайся, ні аддаць першынства, ні знайсці больш-менш прыстойнага тлумачэння рады не дасі.
— А маму мы галібджамам на адыход і не адарылі, забыліся,– кажа, выходзячы з пакоя, Надзя і цягне сяброўку ў кухню. – То мусім цяпер самі даядаць. Тата, ты будзеш?
Альдзін расповед пра абкладзеных дровамі нябожчыкаў на плытах згадваецца мне, і я, хоць нішто пра іх у той апетытнай, залітай нектарападобнаю слодыччу страве і блізка не нагадвае, адмаўляюся ад пачастунку.
— Ну, як сабе хочаш, — кажа Надзя.
— Як хочаце, — падтаквае дачцэ Ашрыта і шырока, ажно агаляецца добрая палова яе прадаўгаватых цукрова-белых зубоў, усміхаецца, адстаўляе на край стала адну з піял. – То няхай тады гэта будзе для Савельевіча.
Яна шнарыць вачыма па двары з намерам угледзець ВАВа, каб паклікаць яго на пачастунак, але дарэмна: суседа нідзе няма. Сабакі таксама не бачна, толькі з-за рога дома, ад загароджанай прэнтамі пляцоўкі для выбівання дываноў даносіцца бязладны брэх.
— Дарэмна ты адмовіўся паесці, тата. – Надзя выцягвае лыжкаю са слодычы круглую, велічынёй з грэцкі арэх, клёцку, са смакам глытае. — Вельмі файны гэты галібджам… Дарэчы, ты не будзеш супраць, калі мы з нашага хатняга патэлефануем у аэрапорт, замовім Ашрыце квіток?
— Я сплачу званок, — кажа Ашрыта і слізгае паглядам па сцяне, на якой вісіць малюнак з выяваю каровы з вянком на рогах – яе ж падарунак Надзі з нагоды нейкага нацыянальнага індыйскага свята. – Усё адно колькі набяжыць, не мае значэння…
Бацька Ашрыты, неслабы, відаць, бізнесовец, штосьці там мудруе ў сябе на радзіме з валютай, і, падобна, фінансавых цяжкасцей для дзяўчыны насамрэч не існуе.
— Перастань, Ашрытка, — адмахваецца Надзя і набірае нумар. – Квіток да Дэлі праз Маскву, калі ласка, на бліжэйшы рэйс, — кажа ў слухаўку, трымаючы перад сабою сяброўчын пашпарт. – Ашрыта Сусай Вікторыя. Аш-ры-та... Су-сай... Вік-то-рыя…
У дзеўкі напалову хрысціянскае імя, яна паходзіць з ваколіцаў Веланкані, вядомага на ўвесь Індастан цэнтра каталіцкага жыцця дзесьці паблізу Бенгальскае затокі. Мне карціць спытаць, ці датычыць тамтэйшых насельнікаў тое, што Альдзя распавяла пра індускі пахавальны абрад, але я не паспяваю. Ашрыцін мабільнік дробна трэнькае, і яна з радасным воклічам знікае ў пакоі.
Індуска вяртаецца ў калідор праз колькі хвілін. Усхваляванасць на яе твары ды валіза ў руках ( і як паспела даць рады спакаваць за гэткі кароткі час?) сумненняў не пакідае: бабулі горш.
— Выклічам таксі? – кажа Надзя і зноў садзіцца на тэлефон.
Пакуль дачка замаўляе аўто, Ашрыта дастае з кішэньчыка кофты фотку, падае мне.
— Мая бабуля, — кажа і торкае пальцам у паставу сівавалосай жанчыны ў каляровым сары, што стаіць побач з нейкім маладзёнам на фоне ці то кустоўя, ці то дывана з яго выяваю.
— А гэта хто? – больш з жадання падтрымаць размову, чым з цікаўнасці, пытаюся я. – Мабыць, брат твой?
— Не… Так, адзін чалавек, — адказвае яна і кладзе фотку ў кішэньчык. Яна робіць гэта з такім вясёлым бляскам у паглядзе, што мне робіцца не па сабе.
Дзеўкі вяртаюцца ў пакой, і на колькі часу ў кватэры запаноўвае цішыня. Але неўзабаве двор агалошвае гук клаксана.
Надзя і Ашрыта выходзяць на пляцоўку, і вось ужо абедзве ў двары, ля аўто. Іх развітанне такое доўгае і надрывістае, быццам яны развітваюцца сама меней на дзесяць гадоў.
Аднекуль з-за альтанкі з’яўляецца Савельевіч, падыходзіць да аўто, загаворвае з Ашрытай. Яна штосьці прамаўляе старому ў адказ, затым цалуе Надзю ў шчаку, нырае ў чэрава таксі. Машына вырульвае з двара, знікае за рогам дома.
Савельевіч тузае сабаку за ашыйнік, паказвае мне на мігі, каб выходзіў. Пяць гадзін, звыклы час нашых штодзённых сумесных прагулянак, і я цягнуся ў двор.
— Што ні край, то звычай, — кажа Савельевіч і засяроджана глядзіць у накірунку зніклага з поля зроку аўто.
— У смерці адзін звычай: сканаў – і бывайце, — кажу я не без разліку выклікаць старога – як правіла, ён занадта маўклівы — на больш працяглую размову.
Кусцістыя выцвілыя бровы суседа імкліва паўзуць угору, агаляюць неўразуменне ў бляклых, запарушаных друзам ад застарэлага кан’юнктывіту вачах.
— Пры чым тут смерць? Тут пра вяселле ідзе, а ён – пра смерць… Вяселле хоць дзе вяселле. Хоць у нас, хоць у Індыі, хоць яшчэ дзе...
— Якое вяселле? У дзяўчыны бабуля канае... Вы штосьці блытаеце, Савельевіч. Ці яна вам нічога не сказала?
— Нічога не блытаю, — кажа ён і шматзначна хмыкае.
— То пра якое вяселле вы кажаце?
— Пра якое... Хлопец у яе там, у Індыі. Але не хрысціянін, вось яе бацька і ўпёрся: маўляў, няма чаго з не адзінаверцам брацца... І выправіў дзеўку ў замежжа вучыцца, далей ад граху. У іх жа там строга з гэтым... Каставая няроўнасць і іншае... Дык вось цяпер, можа, як прыедзе, знойдуць якое паразуменне. А не знойдуць – без бацькавага блаславення ажэняцца. Так яна мне сказала.
— То, значыць, бабуліна хвароба для яе — толькі нагода, каб пабачыцца з каханкам? Але ж…
— А што, калі і нагода? Што тут кепскага? – кажа Савельевіч, і дакор у ягоным голасе на хвіліну збівае мяне з тропу. – Быццам адно другому замінае. Каб толькі такія злачынствы і былі на свеце, як гэтае!
Ён яшчэ штосьці хоча дадаць да сказанага, але не паспявае. Надзя высоўвае голаў у вакно, кліча суседа на пачастунак.
— Смачна то смачна, але на гэткім харчы, на пожні, ці ля статку, ці на тым жа заводзе пазавіхаўшыся, доўга не працягнеш. — Савельевіч дапівае юшку, адстаўляе піялу ўбок. – Вось людзі гэтыя індусы: на вуліцах спрэс ялавічына ў іх, а яны не каб наесціся ад пуза дармовага — салодкім перабіваюцца.
Стары падымаецца з-за стала, ідзе да дзвярэй. Ён пакінуў сабаку ў двары, і той цяпер раз-пораз агалошвае наваколле роспачлівым брэхам, кліча гаспадара. Ды і справа чакае Савельевіча: сёння акурат дзень народзінаў ягонай нябожчыцы жонкі, і ён збіраецца ехаць да яе на могілкі ў адведзіны.
Надзя праводзіць госця ў калідор, чакае, пакуль той абуецца, вяртаецца ў пакой.
— Ну, дык вось калі ў каго, да прыкладу, спіна баліць, а на клады яму ў гэты дзень трэба конча, што тады – ужо і не ехаць? – выпростваючыся, кажа ВАВ. – Гэтак, па-твойму?
— Савельевіч, пра што гэта вы? – дзівіцца з рэплікі старога Надзя. – Якая спіна? Якія клады?
— Я не табе гэта, а бацьку твайму, ВІ нашаму дарагому… Ён ведае, пра што.
— Ну вы даяце, дзядзькі, дай тут рады вас зразумець, — маша рукою Надзя і кідаецца зноў у калідор, бо там абзываецца званком тэлефон.
— Да пабачэння. Дзякуй за пачостку, — кажа Савельевіч і выходзіць на пляцоўку.
— Тата, цябе...
— Гэта я зноў. — Альдзін голас гучыць засяроджана, нават сурова. – Я ўсё пра тое ж... Яшчэ вось распытала ў суседкі наконт кватэры... Дык, аказваецца, і паперак не так шмат збіраць на афармленне. За тыдзень можна ўсё ўправіцца зрабіць, калі добра парупіцца... Ну, як ты, надумаўся што-небудзь? Не? Надумаешся – адразу скажы, чуеш? Не цягні ката за хвост. Чуеш ты мяне? Што маўчыш?
Мне хочацца паслаць яе куды падалей, і я ўжо ледзьве тое не раблю, як на вочы мне трапляе пакінутая дачкою побач з апаратам піяла з недаедзеным галібджамам. Я вывуджваю са слодычы клёцку, не зважаючы на нектар, што плыве па пальцах ды з пальцаў на падлогу, похапкам глытаю яе, затым яшчэ адну, і яшчэ…
— Прывітанне табе з Індыі! – кажу, праглынуўшы з паўдзесятка, і кладу слухаўку на месца.
Скупы перадзімовы прамень выслізгвае з-за даху суседняга дома, асвятляе на хвіліну Ашрыцін малюнак з каровай, што весела паміргвае мне з рамкі і зноў праз хвіліну сцінаецца ў паважнай самавітасці ў прагалку паміж вушаком і люстэркам.