Я пешкі, мама! Эсэ


Сон быў кароткі і абрывісты, як брэх баязлівага сабакі, збянтэжанага нечаканым з’яўленнем у двары больш дужага суродзіча. І разам з тым ён быў так пранізліва рэальны, што, калі я прачнуўся, не ён, той сон, а, наадварот, сама ява падалася мне недарэчнаю відзежай. Ці дзіва, што не адна хвіліна прамінула, перш чым шпалера на сцяне збоч канапы зноў набыла ў маіх вачах колеры звыклай будзённасці, а маляванка пры дзвярах з пакоя ў калідор і гадзіннік над ёй перайначыліся з суцэльнае расплывістае плямы ў знаёмыя рэчы, кожную з якіх можна без лішніх высілкаў успрымаць паасобку.

«Ты прыехаў?» – гэта былі адзіныя словы з нашай віртуальнай размовы ў сне, што я даў рады ўзгадаць пасля, лежачы на канапе ў атачэнні слоўнікаў мовы, за якую міжволі давялося ўзяцца з мэтаю хоць збольшага кампенсаваць аніякае валоданне ўсюдыіснаю ангельскай. І гэта быў першы мой сон пра маці, хоць з дня яе адыходу ў лепшы свет прамінула без малога чвэрць стагоддзя. Два словы — амаль нічога, калі не лічыць у дадатак бязгучнага дыялогу вачэй напрыканцы, пры расстанні ля брамы з круцёлкай кшталту тых, што аддзяляюць бальнічны калідор ад пакоя для наведнікаў ці пляц перад касамі ад гандлёвай залы ў краме.

Але сам сон быў такі лагодны, такі поўны абяцання на працяг стасункаў у месцы з прывабным, хоць і не дарэшты вольным ад сумневу ў імавернасці існавання таго месца назовам «вечнасць», што наракаць на хуткаплыннасць яго ці на невыразнасць адбітку ў памяці нават не прыйшло мне ў голаў.

«Ты прыехаў!» — так яна сустракала мяне ў юнацтве, падчас маёй вучобы ва ўніверсітэце, і пазней, калі ўжо працаваў, кожнага разу вылучаючы націскам першае слова без увагі на тое, быў то прыезд загадзя вядомы ці, наадварот, неспадзеўны. І двух гэтых прамоўленых у звыклым, хоць крыху, папраўдзе, і счужэлым інтэр’еры сялянскае хаты словаў было мне заўсёды дастаткова, каб адчуць: я – дома, мяне тут чакалі.

«Ты прыехаў?» – сказала год трыццаць з гакам таму ў дзень майго прыезду пасля развітання з універсітэтам і, памаўчаўшы хвіліну, дадала: «Нешта ж надта сумны, штосьці не так?» — «Пешкі ад цягніка з Друі ішоў, стаміўся», — не схільны да звычкі дзяліцца кепскім з асабістага жыцця, салгаў тады і ўбачыў, як нязгодна павяла вачыма: не дала веры.

«Ты прыехаў?», – з удаванай бясстраснасцю казала кожны раз пасля таго майго нявіннага падману, абражаная інтанацыяй адстароненасці, справакаванай сынавай далучанасцю да недасяжных тут, у глухім куце, дзе ўсё жыццё пражыла, дабротаў цывілізацыі. І заўжды потым, нават тады, калі было відавочна, што не прыехаў, а прыйшоў, і не так ужо здалёку, быццам наўмысна ўзводзіла нябачную сцяну між сабою і сваім дарослым дзіцем, націскала знарок на «прыехаў». Маўляў, ты прыехаў, а мы вось тут усё пехатой, пехатой...

«Прыйшоў, мама, — папраўляў яе і лавіў сябе ўпотай на думцы, ці так ужо яна не мае рацыі ў сваёй прыхаванай за ўсмешкаю паняверцы: — Ты ж ведаеш, як падабаецца мне хадзіць». Думаю, менавіта тады ўпершыню пачаў адкрывацца мне глыбінны сэнс гэтага слова – пехатой. Пехатой (пешкі) – гэта калі ўсё, што ў жыцці ні займеў, дарэшты аплачана і нічога ніколі – авансам.

*

Звычку і любоў да хаджэння пехатой прышчапілі мне абставіны: школа знаходзілася за шэсць, і то калі ісці напрасткі, а не кругам, дзе лепшыя сцежкі, вёрстаў ад хаты. Да таго ж у мяне заўсёды здараліся непярэліўкі з падручнымі транспартнымі сродкамі. У восьмым класе бацькі купілі мне ровар, які я паламаў праз тыдзень, узбіўшыся на патарчаку пры пераездзе праз ручай. У дзявятым яны справілі мне ўзімку новенькія, нятанныя па тых часах лыжы, але іх напаткаў лёс ровара, толькі не праз тыдзень, а значна хутчэй — у той дзень, як іх купілі.

Сам лёс быццам скіроўваў мяне да хаджэння пешкі. У выніку я налаўчыўся хадзіць так хутка, што перад апошнім класам дзесяцігодкі пераадольваў свае шэсць вёрстаў да школы менш як за сорак хвілін. І палюбіў хадзьбу на ўвесь астатні век. Сёння мне, на пяцьдзесят сёмым годзе жыцця, не зразумець чалавека, які наракае на тое, што сонца гэткае пякучае, а яму яшчэ ісці кудысьці, скажам, ажно пяць вёрстаў. Калі той чалавек, вядома, не невылечна хворы. Або калі мае 17-18-гадовыя студэнты, бегучы за мною па сходах, натужліва, быццам на іх узгрузілі няведама які цяжар, сапучы, кажуць: «Ну, ведаеце, вас не дагнаць».

Пехата – добры настаўнік. Асабліва ў сэнсе гартавання адказнасці за сябе і за стан сваіх справаў. Не пакрутаеш – спознішся; калі прыйдзеш – тады і пад’ясі; не прыйдзеш увогуле – застанешся там, дзе быў дагэтуль, — спіс стацыяў можна доўжыць бясконца, бо ўсё ў нашым жыцці так ці іначай завязана на ўменні паспяваць, то бок з’яўляцца своечасова ў належным месцы.

Гэта была добрая школа, хоць, папраўдзе, на той час – не без каліва патаемнае надзеі, што гэтак вось — з дня ў дзень праз пераадоленне фізічнае стомы, у вечным клопаце не спазніцца — будзе не заўсёды. І мая тонкая, далікатная маці і тое, і другое выдатна бачыла і разумела. І, так зараз мяркую, можа, крыху сябе за сёе-тое, напрыклад, за неабачлівы выбар месца на сталае жыццё, бо меліся, напэўна, па шлюбе з бацькам і нейкія іншыя, зручнейшыя з пункту гледжання будучыні дзяцей варыянты, і дакарала.

*

Яна памерла ў пяцьдзесят шэсць, акурат ва ўзросце мяне сённяшняга. Гэта быў удар, моц якога напоўніцу можна асэнсаваць толькі з часам. Але гэта быў не толькі ўдар, а і навука, якую падаюць дзецям фактам свайго адыходу заўчасна памерлыя бацькі. Дачасная смерць бацькі або маці, хоць і з’яўляецца жорсткім урокам, як нішто іншае нас загартоўвае, робіць больш трывалымі ў дачыненні да стратаў, што чакаюць у прышласці. Прымушае па-новаму зірнуць на сябе, а ў пэўным сэнсе – і скарэктаваць, наколькі гэта магчыма, свае жыццёвыя прыярытэты. Гэта, так бы мовіць, – удар лёсу прэвентыўны. Падчас якога канцэнтрацыя болю такая вялікая, што ўсе наступныя ўдары ў параўнанні з ім выдаюць бяскрыўдным дзіцячым тумаком.

Хваробу яе мы праглядзелі. Як дактары, што аказаліся не ў стане дыягнаставаць рак на ранняй стадыі, хоць сімптомы і былі, здаецца, навідавоку, так і мы, яе дарослыя дзеці. А калі спахапіліся, было позна. І мы з сястрою ды братам не знайшлі лепшага выйсця, як рабіць выгляд, што нічога асаблівага не здарылася: усё, маўляў, добра, мама, усё абыдзецца. Такі падман дорага каштуе. Але яго сапраўдную вартасць пачынаеш асэнсоўваць толькі тады, калі непазбежнае становіцца відавочным, а павуцінне хлусні, якім аплятаў, хай сабе і з лепшых меркаванняў, свядомасць блізкага чалавека, міжвольна пачынае аблытваць цябе самога. Мы хавалі ад маці праўду на працягу года. Не ўпэўнены, што, калі стан яе рэзка пагоршыўся, яна не ўспрыняла гэткія нашы паводзіны як здраду.

Нават пры ўсёй любові да блізкага чалавека напачатку вельмі цяжка пазбавіцца ў асабістых стасунках з ім грэблівасці да яго хваробы. Тым больш калі хвароба тая слаба вывучаная і чаго толькі пра яе ні наслухаешся. Жахліва: хворая маці рыхтуе абед, а цябе не пакідае сумнеў, ці здолееш ты яго есці. Унікаеш тых прысмакаў, да якіх дакраналіся яе рукі, і цябе ні на хвіліну не пакідае думка, як спрытней ды праўдзівей патлумачыць такое неспадзеўнае – ты ж дагэтуль ніколі кепскім апетытам не вылучаўся – стэнафагства[18]. Унікаеш ды вучышся быць «гаспадарлівым»: наступным разам «ні з таго ні з сяго» возьмеш, руплівец, які і бульбіны ніколі дагэтуль у роднай хаце не абабраў, клопаты па прыгатаванні харчу на сябе.

Адзін з урокаў, які яна паднесла нам падчас сваёй хваробы, – урок стаўлення да жыцця як да вялікага дару. Ні разу яна, нават у хвіліны самага нясцерпнага болю, не сказала, што не хоча жыць ці што хацела б як мага хутчэй усё скончыць, пазбавіцца пакутаў праз смерць. Наадварот, вера ў добры зыход да апошняе хвіліны не пакідала яе, і хаваць яе яна не лічыла патрэбным. З утрапеннем дзіцяці верыла ў моц малітвы і... грошай. Напярэдадні аперацыі дала мне сотню рублёў і загадала прэзентаваць доктару. Гэта быў мой першы досвед давання хабару, які, дарэчы, так і скончыўся нічым. Доктар не быў упэўнены ў станоўчым выніку аперацыі і грошай не ўзяў. І мне, каб не выклікаць лішніх падазрэнняў ды сумневу з яе боку, нічога не заставалася, як пакінуць тую сотню сабе.

На тле нашэптванняў прыхільнай да Бахуса суседкі, як нішто ёй не цікава на гэтым свеце (жанчына шчыра жадала гэткім чынам падтрымаць хворую), такое жыццялюбства здавалася мне на той час ледзь не подзвігам. І толькі цяпер, прайшоўшы праз сякія-такія кругі фізічных непамыснотаў ва ўласным лёсе, я разумею, як важна ў пераадоленні іх не скаціцца да банальнага, хлуслівага адпрэчвання жыццесцвярджальнага дзеля сумнеўнай патэтыкі ўдаванага нігілізму. І, можа быць, гэты ўрок для мяне, атручанага ў маладосці пастулатамі модных на той час філасофскіх плыняў, — самы галоўны з усіх, якія давялося атрымаць з ласкі іншых, блізкіх і не вельмі, людзей, але найперш – маці.

Толькі аднойчы яна паказала, што ведае, мабыць, пра сваю хваробу болей, чым мы ўяўляем. Калі, збіраючыся напярэдадні нейкага свята ў касцёл, раптам сказала, што хацела б абрэзаць касу, бо валасы занадта даўгія і ў выпадку чаго паспрабуй даць ім рады... І я нажніцамі абрэзаў іх ёй па патыліцу. Атрымалася штосьці кшталту карэ – крыху нязвыкла, як для немаладой жанчыны, крыху экстравагантна. Яна з удзячнасцю паглядзела на мяне, а мне тады чамусьці згадалася, як колісь у маленстве я падхапіў педыкулёз і яна з дапамогаю сцізорыка пазбаўляла маю галаву, усклаўшы яе сабе на калені, ад трасцы. Я хацеў нагадаць ёй пра той выпадак, але не стаў: гэткіх сведчанняў духоўнае лучнасці з уласным дзіцем, узрослае на глебе штодзённага фізічнага судакранання, кожная маці і без нашага напаміну можа згадаць тысячу. Якімі б перавагамі ў сэнсе адукаванасці ды ўмення арыентавацца ў рэаліях сённяшняга дня мы не валодалі, бацькі куды лепш ведаюць нас, чым мы іх. І любяць больш – вось чаму, мабыць, мне нават у найцяжэйшыя хвіліны яе пакутаў ні разу не захацелася памерці раней за яе.

Яна сканала ўвосень, праз чатыры дні пасля маіх апошніх адведзінаў. Адведзіны былі кароткія, і адзіным суцяшэннем, што крыху супакойвала мой адчай падчас развітання ў хаце, дзе заставаліся пры ёй нязвыкла цвярозы бацька і дзядзька з цёткаю, якія прыехалі адведаць хворую з далёкага Данбаса, было тое, што дзякуючы аперацыі яе адыход выдаваў не такім пакутлівым, як зазвычай у людзей з гэткаю хваробай. Затым адчай саступіў месца трывозе. Такой неадступнай, што калі ў дзверы віцебскай кватэры, дзе я здымаў пакой, уначы пазванілі, я ўжо і спрасоння дакладна ведаў: гэта тэлеграма.

Адмалку прызвычаены да не так ужо характэрнай у сялянскім асяроддзі стрыманасці ў праяве пачуццяў пры старонніх людзях, я і думкі не мог дапусціць, што буду развітвацца з маці пры кімсьці чужым. Таму першае, што зрабіў, пераступіўшы праз парог хаты, — папрасіў усіх выйсці з пакоя, дзе яна ляжала. Канечне, гэта не было этычна ў дачыненні да суседзяў і сваякоў. Але, мабыць, на тую хвіліну такі крок уяўляўся мне найлепшым спосабам захавання ўнутранай блізкасці з нябожчыцай. Той глыбіннай, што мацуецца гадамі і для захавання якой адзіны надзейны сродак – самотнае маўчанне.

Як бы хутка ні мяняла смерць аблічча чалавека, на вочы нябожчыка яна прэтэндуе ў апошнюю чаргу. Вочы маці (як, мабыць, і вочы кожнага чалавека) па скананні, калі яны з нейкіх прычын засталіся незачыненымі (у нашай не зачыніліся з-за скрайняй усохласці цягліцаў твару), – невымерны калодзеж. Яшчэ не зацягнутыя жаўцізною нябыту, яны ўражваюць не гэтак адлюстраванымі ў іх апошнімі прыжыццёвымі пачуццямі, як неадпаведнасцю колеру зрэнак стану цела наогул. Жывое ў (на) нежывым, сведчанне гатоўнасці да апошняга дыялогу з тымі, каму ён, такі дыялог, абыходзіць. Не памятаю, колькі разоў я набліжаўся да труны, каб у іх зазірнуць, — напэўна, не меней дзясятка. Але памятаю дакладна, што кожны раз адыходзіў з адчуваннем, што зноў неўзабаве да яе вярнуся. Што было ў тых вачах? Думаю, наўрад мне калі-небудзь удасца гэта хоць збольшага дакладна апісаць.

Каб распавесці пра лёс чалавека, не абавязкова апавядаць шмат. Часам для гэтага дастаткова нейкага кароткага, але выразнага эпізоду, які прамовіць больш за самы падрабязны аповед. Мой самы яскравы (і самы, здаецца, жорсткі) прыпамін пра маці – з летняга спякотлівага дня падчас маіх школьных канікулаў, з канца сямідзесятых гадоў мінулага стагоддзя. Не ведаю, чаму, але ўсім маім згадкам пра яе менавіта ён спадарожнічае ў першую чаргу.

Як апісаць дзень, што адначасна – і Эдэм, і пекла? Эдэм — для чалавека, не абцяжаранага клопатам, які толькі і ведае, што бегаць раз-пораз да рэчкі ды плёскацца да пасінення ў яе не спаганеных выдаткамі цывілізацыі вірах. Пекла — для вырачанага на працу калгасніка незалежна ад паказанняў ртутнага слупка тэрмометра і самаадчування. Эдэм і пекла адначасна – такім застаўся той дзень у маёй памяці, такім пераследуе вось ужо больш як два дзесяткі гадоў. Але гэткае бачанне не тады з’явілася, а прыйшло пазней – магчыма, у той дзень, калі маці не стала.

Яна ідзе павольна, злёгку хістаючыся, і сонечныя блікі то слізгаюць па яе твары, то патанаюць, збітыя з тропу гульнёю святла і ценю, у кволай засені чэзлага, акупаванага з усіх бакоў нахабнымі дубцамі ліп арэшніку. Яна, як заўсёды, спяшаецца, бо, каб паспець падаіць карову ды зноў у пару вярнуцца на працу да калгаснае шахі[19], мае ад сілы гадзіну часу. Гэта дзіўна бачыць: чалавек спяшаецца, але ідзе памалу, амаль брыдзе, быццам стрыножаны, быццам штосьці яго не пускае. Пяць дзён таму яна звалілася падчас пагрузкі сенажу з прычэпа і выцялася грудзьмі аб дол так моцна, што ледзьве ачуняла. То, можа, ёй усё яшчэ баліць? А можа, яна ніяк не дасць рады адысці ад заўчарашняга спалоху, калі прывезлі ў шаху разам з сенам вужаку і тая абвілася целам вакол яе нагі? Ці, можа, нагадвае пра сябе зубны боль, што трэцюю ноч запар вярэдзіць, а не палечыш ніяк, бо да Друі, дзе маецца адзіная на ўсё наваколле амбулаторыя, без малога паўтара дзясятка вёрстаў, ды і квіток да лекаркі толькі на паслязаўтра? Яна ідзе, і блікі слізгаюць па яе твары і постаці, то з’яўляюцца, то знікаюць, збітыя з тропу — не, не гульнёю святла і ценю — яе хадой. Такой натужліва ціхай ды змушана павольнай, што нават няўзброеным вокам бачна, як яна спяшаецца.

Кажуць, калі нябожчык не сніцца, – ён не мае на цябе крыўды. Можа, гэта і насамрэч так, ды нават людзей, выхаваных у бясспрэчнай пашане да бацькоў, не абмінае небяспека аднойчы неадэкватна адрэагаваць на празмерную апеку апошніх ды зарабіць на той рэакцыі ў куфар уласнай памяці чорны шарык няўдзячнага сына (дачкі). Бо як дзецям уяўляецца натуральнай змена прыярытэтаў у выбары ўчынкаў, або ладу жыцця, або атачэння, так бацькам, наадварот, іх ўсведамленне даецца часам куды як нялёгка. Дзеці прагнуць новых дэкарацый і новых дзейных асобаў на авансцэне свайго існавання, бацькі зацята не жадаюць бачыць у іх якасці кагосьці ці штосьці апроч сябе – старая, як свет, гісторыя. У выніку — сітуацыя небяспекі займець згаданы шарык. Адна з маіх найбольш саромных у дачыненні да маці – з часоў жыцця ў Дрысе, падчас пераправы на лодцы праз Дзвіну на латвійскі бок, паўз які вымушаны быў цягам чатырох з паловаю гадоў дабірацца ад бацькоў да месца працы.

«Не плыві, патонеш!» – тузанула да сябе лодку з роспаччу ў вачах.

Адпіхнуў яе ды і паплыў, не зважаючы на высачэзныя – вецер літаральна шалеў у той дзень – хвалі.

Нумар маёй банкаўскай карткі – 1928. Амаль дата нараджэння маці, з розніцай у адзін год. Адна з нямногіх лічбаў, якія я заўсёды памятаю – дзякуючы блізкаму суседству з другой. Валодаючы неблагой памяццю на імёны і твары, тым часам дарэшты пазбаўлены здольнасці да запамінання датаў і лічбаў. Але гэтыя дзве – 1929 і 1928 – памятаю заўсёды.

Датклівыя, паэтычныя натуры губяць не праца і не цяжкія, у сэнсе фізічным, варункі жыцця. Іх губіць неадпаведнасць заўсёднае ўнутранае арыентаванасці на пазітыўнае ўспрыманне свету акалічнасцям, якія нішчаць тую арыентаванасць недахопам пазітыўнага ў рэальнай паўсядзённасці. І калі гэткая натура заўчасна адыходзіць, застаецца ўражанне незавершанасці лёсу, недарэчнага абрыву, з якім і праз гады цяжка прымірыцца. І тады міжволі вяртаешся ва ўспамінах да праяваў уласнага эгаізму ў дачыненні да памерлага. Не ў апошнюю чаргу, канечне, і з падсвядомага жадання хоць збольшага той эгаізм апраўдаць.

*

Я не заўважыў, як зноў заснуў. Зрэшты, магчыма, гэта быў і не сон, а так, трызненне, эмацыйны калапс памяці, залюлянай успамінамі. Заспеты Марфеем на чарговай старонцы слоўніка, я праваліўся ў сон так неўпрыцям, што нават не паспеў адкласці той слоўнік убок.

І адразу ж амаль убачыў ЯЕ.

«Гэта ты зноў? – спытала яна і коратка дадала з драбінкаю іроніі ў голасе: — Прыехаў?».

«Nej, jag gick till fots, mamma»,[20] — сказаў я, з жахам адчуваючы, як ліюцца насуперак волі з роту, справакаваныя слоўнікам пад скроняй, словы чужой і, канечне ж, няведамай ёй мовы.

Я баяўся, што яна абразіцца і пойдзе прэч, але гэтага не здарылася. Яна прыязна, як колісь, — ні каліва дакору, ні намёку на асуджэнне – хітнула мне галавою ў знак згоды. Павольна абвяла вачамі несамавітае маё, здабытае на трыццаць восьмым годзе жыцця жытло, лагодна ўсміхнулася.

«Я зразумела, ты — пехатой», — сказала і знікла ў бязважкай прасторы па той бок круцёлкі.

*

Наступны сон заспеў мяне прыкладна праз месяц і зусім неўспадзеў – падчас прабывання ў шведскім Вісбю[21], у салоне аўто па дарозе на суседнюю выспу Форё, да магілы Інгмара Бергмана. Але і ён быў такі сумбурны і бязладны, што, ачнуўшыся на нейкім чарговым павароце, я нават не здолеў узгадаць з яго ані дэталі, ані рыскі. Быццам і не сон то быў, а проста нейкі напамін пра штосьці – няпэўны і зыбкі, як шэрая балтыйская хваля на сутыку дня і ночы.

Мы агледзелі пад самавітае бляянне авечак за мураванаю агароджаю кладоў магілу знакамітасці, скіравалі ў шырку[22]. У шырцы было ціха і пуста, і каб не свечкі за памерлых, што гарэлі збоч алтара, можна было б падумаць, што сюды і нага чалавека ніколі не ступае. Затым усё пайшлі на двор, а я затрымаўся ў памяшканні з намерам зрабіць пару фотаздымкаў.

Мой пагляд упаў на падстаўку са свечкамі, і мне здалося, быццам я зразумеў сэнс саснёнага ў аўто. Я памкнуўся да скрынкі са свечкамі, каб узяць адну і запаліць, але думка, што храм не каталіцкі, а лютэранскі, а маці ж праз усё жыццё была каталічкаю, стрымала маё памкненне. І, мабыць, дарэмна, бо ўвесь зваротны шлях і затым усю рэшту дня мяне не пакідала адчуванне чагосьці зробленага не так, як было след.

Праз тыдзень я выпадкова набрыў у Вісбю на будынак касцёла. І першае, што там зрабіў, — запаліў і паставіў ля ўзножжа Божае Маці сціплую свечку за маці сваю. І хоць гэта было і запозна, праз колькі дзён пасля таго, як яна нагадала пра сябе ў сне, не сумняваюся: яна мяне не асудзіла.

Яна ж, як і я, – заўсёды пешкі, і мы абодва гэта выдатна ведаем.


Загрузка...