Просты-просты раман


— О, хіба я не сказала?

Але… а як вы думаеце, чаму вы ўсе тут сабраліся?

Алан Бэнэт. Няпросты чытач.

— Што ж, тады і распачнем, мабыць, нашу ўрачыстасць, — голасам, з якога прабіваўся вонкі старанна прыхаваны за будзённасцю фразы лёгкі, ледзь улоўны прыгук хвалявання, сказала Вольга Андрэеўна, дырэктарка ліцэя, і падала маладому чалавеку пры пульце знак уключаць музычнае суправаджэнне. Хлопец схіліўся над пультам, бадзёрая старасвецкая мелодыя шуганула з развешаных у міжваконнях і па-над сцэнаю дынамікаў, разлілася па аздобленай партрэтамі дзеячаў культуры розных эпох – першадрукар часоў Сярэднявечча, музыка пары Рэнесансу, пісьменнік-адраджэнец пачатку мінулага стагоддзя, мастак міжваеннай пары, скульптар эпохі расцвілага сацыялізму, знакаміты дырыжор урадавага аркестра часу цяперашняга – зале.

«Сама меней гадзіны на паўтары ўсё гэта разлічана, — маркотна падумаў прэзідэнт і акінуў паглядам купку апранутых у нацыянальныя касцюмчыкі дзяцей пры сцэне. — Калі не надаўжэй». Ён скасіў вочы ўбок, асцярожна, каб не патрапіць у такой невыгоднай позе ў аб’ектыў тэлекамеры, што акурат у гэтую хвіліну насоўвалася на рад, дзе ён сядзеў, глянуў на дырэктарку. Позіркі іх скрыжаваліся – на імгненне, не болей. Але яму, вопытнаму наведніку імпрэзаў падобнага кшталту, і гэтага караценькага мігу, каб ацаніць унутраны стан жанчыны, было дастаткова. Хвалюецца, канечне, нябога, як жа, ды хто на яе месцы ў прысутнасці такой сябрыны не хваляваўся б! Ён павярнуўся да дырэктаркі тварам, каб падбадзёрыць яе ўсмешкаю, але прыпазніўся. Вольга Андрэеўна ўжо адвяла пагляд, штосьці ціха тлумачыла суседу, мужчыну ў шэрым касцюме-тройцы – здаецца, сакратару нямецкай амбасады.

Музычны ўступ доўжыўся хвілін пяць. Але вось прагучаў апошні яго акорд, мелодыя сціхла. Зала ўзварухнулася. На залітую святлом сафітаў сцэну адзін за адным пачалі выбягаць падперазаныя пасамі дзеці ў стылізаваных пад даўніну, аздобленых арнаментамі ільняных кашульках-вышыванках, штоніках і андарачках. Згодна з праграмай наступным нумарам меўся быць літмантаж — цвік дзеі, мяркуючы па тлустасці шрыфту, якім гэтая частка канцэрта была ў праграме пазначаная. Дзеці пасталі паўкругам ля мікрафона, літмантаж пачаўся. Прэзідэнт адхінуўся плячыма на спінку крэсла, сцішана адкашляўся ў насоўку. Тыдзень таму, у час выязной нарады з кіраўнікамі рэгіёнаў ён крыху прастудзіўся і, нягледзячы на інтэнсіўнае лекаванне ў паўзах між бясконцымі паседжаннямі ды нарадамі, усё ніяк не мог з тае лёгкае, але дакучлівае прастуды выкараскацца.

Выступ дзяцей перасягнуў усе чаканні. І ў плане ўмельства дэкламавання вершаў, і ў плане рэжысуры ўсё было амаль бездакорна. Госці, сярод якіх вылучаліся адметнасцю вопраткі святары абедзвюх галоўных у краіне рэлігійных — праваслаўнай і каталіцкай – канфесій, па чарзе падыходзілі да дырэктаркі, дзякавалі за цікавую вечарыну, хвалілі дзяцей, рабілі закіды наконт магчымасці наведацца ў ліцэй яшчэ. Звыклая, відаць, да гэткіх кампліментаў жанчына адорвала прысутных удавана збянтэжанай і разам з тым крыху паблажлівай, хітраватай усмешкай: маўляў, канечне, абавязкова запросім, як толькі што – дык адразу, не сумнявайцеся... Затым, як і было загадзя дамоўлена перад пачаткам імпрэзы, яна дала слова прэзідэнту.

Яго прамова была кароткай, літаральна некалькі сказаў наконт вартасці падобных мерапрыемстваў у справе мацавання самасвядомасці нашых людзей – даходліва, без лішняга пафасу, падкрэслена сціпла, быццам мімаходзь. І ўсё адно ў плане зместу гэта было штосьці новае, адрознае ад чутага з ягоных вуснаў раней. Таму спіч, нават гэткі куртаты экспромт, бачна было, выклікаў у прысутных жывое зацікаўленне. Выслухаўшы на свой адрас колькі віншаванак з нагоды ўдалага выступу, прэзідэнт падышоў да дырэктаркі. Хваляванне дасюль яшчэ, відаць, не пакінула жанчыну, ледзь заўважнымі плямамі чырвані прабівалася на ілбе і шчоках, нагадвала пра сябе лёгкім тарганнем павек.

— Ну, вы задаволеная, як усё прайшло, Вольга Андрэеўна? – спытаў ён і датыкнуўся пальцамі да рукі дырэктаркі. Ад нечаканасці яна сумелася, тонкая кніжка ў мяккай вокладцы выслізнула ў яе з тэчкі, паляцела тарчма на дол. Жанчына памкнулася падняць кніжку, але прэзідэнт яе апярэдзіў.

— Алан Бэнэт[7]? – сказаў, выпростваючыся ды трымаючы кніжку перад сабой. — Што за ён? Не чытаў такога, здаецца… Не будзеце супраць, калі пагартаю?

— Канечне. Калі ласка, ніякага сакрэту няма…

— «Цяпер, калі ў мяне з’явілася магчымасць пагаманіць з вамі, — сказала каралева, усміхаючыся направа і налева, пакуль яны ішлі праз убраны ў прыгожыя строі натоўп, — я б вельмі хацела распытаць у вас пра пісьменніка Жана Жэнэ[8]» – прачытаў ён услых першую, што трапіла на вочы, фразу і падаў кніжку жанчыне. — Вось што, аказваецца, чытае наша настаўніцтва! Каралі, каралевы! Цікава. Не, каб пра нашага брата што-небудзь, пра прэзідэнта, — дзе там… Але не бянтэжцеся, гэта я так, жартам… Дык вы задаволеная мерапрыемствам?

— Задаволеная, канечне, — адказала Вольга Андрэеўна. – Асабліва... прабачце, вашым выступам задаволеная. Дзякуй вам вялікі!

— Што ж, пасеянае – узыдзе, ці не так? — сказаў ён, знарок ігнаруючы апошнюю фразу з яе рэплікі, і па-змоўніцку ўсміхнуўся жанчыне. — Дзякуй вам за брашурку, што далі мне мінулы раз… Я сёе-тое паспеў прачытаць з яе – вы гэта, спадзяюся, зразумелі падчас майго выступу?

— Канечне. Дарэчы, яшчэ адно: вы вельмі, вельмі добра казалі на мове. Вельмі! Проста выдатна.

— О, такі камплімент! Зрэшты, чаму б і не, я ж вучыў мову ў школе, і не адзін год. І потым, ведаеце, не толькі ж чужаземным амбасадарам ды святарам гаманіць па-нашаму, — адказаў ён і накіраваўся ў суправаджэнні аховы следам за астатнімі гасцямі ў гардэроб апранацца. Зірнуў на гадзіннік пры ўваходзе: без чвэрці пяць, акурат можна яшчэ праглядзець сёе-тое з папер да міжурадавай сустрэчы ў Сеуле па пытаннях удасканалення пенітэнцыярнай сістэмы і барацьбы з кіберзлачынствамі.

Ён выпрастаў пад сталом заплылыя ад доўгага сядзення на адным месцы ногі, пазяхнуў. Хацелася спаць — нагадвала аб сабе стома ад учорашняга шматгадзіннага пералёту з Сеула. Ды які сон, калі вунь колькі паперак на стале чакае прагляду ды подпісу. Так шмат іх неўпрыцям набегла, тых паперак, за тры дні ягонай адсутнасці, што, хоць і карпее ён над імі ад самага рання, здаецца, ім не будзе канца. Адных толькі дакументаў да саміту прэзідэнтаў у Турыне з нагоды каардынацыі фінансавых спраў у межах Еўразвязу не меней дзясятка. Але куды дзенешся, такі ўжо прэзідэнцкі лёс. Адно, што кепска зрабіў, – не паслухаў жонкі, пацягнуўся, замест таго, каб застацца ў рэзідэнцыі, дасвеццем у кабінет у будынку Адміністрацыі. Выспаўся б дома як след, то зараз, пэўна, іначай бы сябе адчуваў. А то хоць зашчапляй знутры дзверы ды кладзіся на канапу, як рабіў колісь, на пачатку працоўнай кар’еры, падчас самотнага шчыравання ў заводскай лабараторыі. Ото быў час! Чвэрць гадзіны кімарнуў употайкі ад калег на ссунутых абапал стала зэдлях ці ў крэсле – і зноў як новы, быццам і не было ніякай стомы. Ды тут, у гмаху Адміністрацыі, дзе што ні крок, то староннія вочы-вушы, даць волю гэткай слабасці наўрад магчыма.

Далонь яго міжволі пацягнулася да шуфлядкі стала, звыклым рухам пальцаў – каторы раз ужо тое рабіла астатнім часам — намацала пад папкамі прэзентаваную дырэктаркай ліцэя брашуру. Ён паклаў брашуру на стол паверх падрыхтаваных да прагляду новых папер, у задуменні разгарнуў на закладзенай абгорткаю ад цукеркі – нязводная дзіцячая звычка —старонцы. Ну ж настаўніца, ну ж спрытная кабетка... Гэтак неўпрыцям умантачыла яму падчас першай іхняй сустрэчы гэтую чытанку, што ён і ахнуць не паспеў. І вось табе вынік: так спакваля ўцягнуўся ў чытанне, што ўжо і дня без яго не ўяўляе. Быццам то зусім і не навуковае выданне, а які-небудзь дэтэктыў. І быццам і ён ніякі не прэзідэнт, а самае меншае супрацоўнік інстытута мовы.

Уцягнуўся, хоць, праўда, не адразу і не без напругі. Не будзе нават перабольшаннем сказаць – не без каліва прадузятасці: падумаеш, гістарычныя варункі развіцця мовы! Ведаем мы гэтыя варункі са стасункамі. Паслухаць усіх гэтых дамарослых рупліўцаў на моўнай глебе, дык на свеце нічога няма больш надзённага, чым мова. Ды і чытанка не з лёгкіх, лічы, кожнае слова з-за браку досведу чытання на мове напачатку даводзіцца браць ледзь не метадам кавалерыйскага наскоку. Адны тэрміны чаго вартыя, што ні сказ, то глуздаскрут. Гэта пасля ўжо, калі ўвойдзеш у рытм ды смак, усё куды лацвей. Напачатку ж — пакуты яшчэ тыя, ворагу не пажадаеш. Да таго ж і адсутнасць сістэмы чытання – похапкам, прыскакам, у перапынках паміж сотняй неадкладных спраў – належнаму засваенню прачытанага не спрыяе. Раз-пораз даводзіцца вяртацца, каб узгадаць ужо чытанае, да папярэдніх старонак.

І ўсё-такі чытанка яго захапіла. Хоць і пэўныя пытанні выклікала. Можа, нават больш выклікала пытанняў, чым дала адказаў. Але каму тут, у будынку Адміністрацыі ці ў тым жа кабінеце міністраў, іх задасі? Папярэднік ягоны, мяркуючы па ўсім, на такія дробязі, як мова, не зважаў і кадры, вядома, падбіраў адпаведныя свайму светагляду. А такіх тут добра калі не дзве траціны, і прымусіць іх пасунуцца на карысць аднадумцаў праўдзівых, а не тых, што з дуляю ў кішэні, нават яму, дарма што прэзідэнт, не так проста.

Ён націснуў гузік званка збоч стала, застыў над паперамі ў чаканні памочніка. Памочнік, сярэдняга ўзросту чалавек з клеркаўскай вывучкай і гучным прозвішчам Эпізодчык, з’явіўся праз хвіліну, з выразам заклапочанасці на твары схіліў голаў у гатоўнасці выканаць чарговае распараджэнне шэфа.

— Да саміту ў Турыне ўсё падрыхтавана, спадар прэзідэнт, — сказаў, упэўнены, відаць, што толькі дзеля гэтага яго і выклікалі.

— Ды я не пра тое... Вось што, мне патрэбна паглядзець факсіміле Літоўскай метрыкі, — сказаў прэзідэнт. – Зрабіце запыт у бібліятэцы, толькі хутка зрабіце, не марудзьце.

— І прынесці вам сюды? Добра, — выпростваючыся і дэманструючы корпус заўзятага спартсмена, сказаў памочнік. — Будзе зроблена неадкладна.

— Ой, сумняваюся, — абсек ягоны запал прэзідэнт. – Прынесці адразу гэтулькі кніжак нават вам з вашымі выбітнымі плячыма ды цягліцамі наўрад будзе пад сілу.

Самалёт прамчаўся над ваколіцамі Турына, набіраючы вышыню, імкліва пасунуўся ўгору. Прэзідэнт адхінуўся на спінку сядзення, слізгануў безуважным позіркам па густых, падобных зверху да запаўсцелых бараноў аблоках: нічога цікавага, бель ды бель, куды б і адкуль ні ляцеў – заўсёды адно і тое. Дык, пакуль не замаячылі наперадзе Альпы і пагляд міжволі не пачаў скіроўвацца на вастраверхія зубцы вяршыняў пад крылом самалёта, можна і пачытаць. Ён лацвей уладкаваўся на месцы, дастаў з тэчкі кніжку — дапаможнік па фразеалогіі, які днямі ўзяў у бібліятэцы дзеля папаўнення моўнага багажу айчыннымі выслоўямі і які пачаў чытаць учора ў нумары гатэля, пасля прыёму ў аўстрыйскай амбасадзе. Паспеў адолець, праўда, зусім няшмат, бо неўпрыцям змарыў сон: дало знаць аб сабе выпітае падчас прыёму віно. То вось якраз зараз, можа, і зручны момант узнавіць чытанку.

Але чытанне не ішло. Як ні намагаўся прэзідэнт засяродзіцца на словазлучэннях, ідыёмах ды іншых філалагічных паняццях, нічога не атрымлівалася. Сэнс прачытанага раз-пораз губляўся, думкі блыталіся, як недарэка ў трох хвоях, пераскоквалі на іншае, зноў і зноў вярталіся да ўчорашняе размовы ў кулуарах саміту з прэзідэнтам Турцыі. Той спытаў, на якую мову ператлумачвае ягоны перакладчык, і быў вельмі здзіўлены адказам, пачуўшы, што не на мову. Праўда, услых здзіўлення хітры магаметанін не выказаў, але яго і без таго не ўяўляла цяжкасці адчуць. Да таго ж побач гаманілі і, мабыць, чулі іхні дыялог з туркам іншыя прэзідэнты: француз, здаецца, фін, яшчэ хтосьці. Вунь як вачмі няўцямна запулялі ды захіталі галовамі: маўляў, як гэта – не на мову? Хіба гэта не ўдар па ягоным самалюбстве? Ці яму, можа, толькі здаецца так, што ўдар, а насамрэч – нічога такога? Надта ім, тым туркам, французам ды фінам, абыходзіць ягоная мова. Ці не след яму ўжо навучыцца ўспрымаць усё прасцей? Залішняя далікатнасць, вядома, што простаму смяротнаму, што прэзідэнту, душэўнае раўнавагі не дадае.

Ён утаропіўся вачыма ў кніжку, паспрабаваў сканцэнтравацца на чытанні. Але тут з’явіліся на даляглядзе Альпы, і зноў ён адклаў дапаможнік убок. Глядзеў на скупа прыкрытыя снегам, падобныя да грудак халвы вяршыні гор, а ў думках усё вяртаўся ды вяртаўся да прыкрай размовы ў амбасадзе. Што ён мае зрабіць, каб гэткая прыкрасць не паўтарылася надалей?

Пытанне, аднак, было рытарычнае, і адказ на яго чакаць не замарудзіў. Яшчэ апошняя града Альпаў пад крылом самалёта не паспела знікнуць з поля зроку прэзідэнта, а ён ужо дакладна ведаў, чым зоймецца заўтра на працоўным месцы ў першую чаргу.

Палова наступнага тыдня прайшла ў пошуках новага перакладчыка. Памочнікі прэзідэнта і дарадцы кіраўніцтва справаў літаральна збіліся з ног, падбіраючы належную кандыдатуру. І ўрэшце знайшлі, здаецца, такую ў нетрах ведамства міжнародных зносінаў. Новы перакладчык аказаўся сімпатычным маладым чалавекам гадоў трыццаці трох з прыемнымі, крыху, праўда, акцэнтаванымі на жаночы капыл манернымі. Апошняе прэзідэнту, прыхільніку традыцыйных каштоўнасцей, выхаванаму ў цвёрдым перакананні, што чым менш збыткоўнасці ў паводзінах, тым лепш, не спадабалася. Але ён вырашыў, што спяшацца дачасна ацэньваць Арсеня (так звалі перакладчыка) паводле адных нейкіх знешніх прыкметаў, нават калі яны і недаспадобы, не варта. Бо галоўнае усё-такі – каб той належным чынам петрыў у справе. Тым больш, што, у адрозненне ад свайго папярэдніка, новы перакладчык ведаў не толькі пяць замежных моваў, але і мову. Нават, як высветлілася, паспеў папрацаваць пару гадоў у нейкім выдавецтве па выпуску літаратуры моўнай скіраванасці. Такі расклад прэзідэнта цалкам задавальняў, і ўжо к канцу тыдня Арсень прыступіў да працы ў якасці перакладчыка. Праўда, пакуль што не штатна, хоць і з гарантыяй пэўнага заробку, а толькі ў ролі практыканта.

Тым часам сам прэзідэнт працягваў штурмаваць «Фразеалогію». Цяпер, калі гэтак удала вырашылася справа з перакладчыкам, гэты раздзел моўнае навукі зусім не здаваўся яму такім цяжкім, як напачатку. Асабліва прыйшоўся даспадобы прэзідэнту раздзел пра крылатыя выразы ды выслоўі. Дык вось што мела на ўвазе разумніца жонка, калі раіла яму гэтую чытанку. Вось дзе, аказваецца, чэрпаюць яго замежныя калегі ўсе тыя айчынныя ды лацінскія афарызмы, якімі так шчодра і нязмушана сыплюць падчас спічаў. Нарыхтаваў сабе загадзя ў ноўтбук які тузін адных ды другіх – вось табе і грунт для надання выступу адметнага нацыянальнага ці, наадварот (тут ужо з увагі на сітуацыю), глабальнага, агульначалавечага, так бы мовіць, каларыту. Што да лацінізмаў, то іх, напэўна, дасць рады памагчы адолець новы перакладчык.

— Вы добра ведаеце латынь, Арсень? – спытаў прэзідэнт, ледзь той пераступіў праз парог кабінета. – Я маю на ўвазе правілы вымаўлення, ну, і ўсё такое, вы разумееце, канечне...

— Не дасканала, але збольшага ведаю, — адказаў перакладчык і прамовіў даволі доўгі маналог пра цяжкасць вывучэння латыні ды традыцыю карыстання лацінскім шрыфтам у мове, пачынаючы ад часоў сярэднявечча і канчаючы эсэмэскамі ў мабільніку і сучаснай блогасферай у сеціве.

— Канечне, «Песня пра зубра», кніжкі ды малітоўнікі лацінкай часоў пераследаў мовы ў Рэчы Папалітай і Расійскай імперыі ды міжваеннай пары мінулага стагоддзя, як жа, ведаем, — перарваў яго прэзідэнт і, задаволены, што дэманстрацыя ўласнае абазнанасці ў справе (вось ён, вынік шчыравання над брашураю настаўніцы!) удалася, рашуча прадоўжыў: — Тады прыступім да працы. Заўтра ж, адразу па абедзе. Дарэчы, яшчэ адно пытанне, прыватнае, так бы мовіць… Вось вы пішаце ў анкеце, што пяццю замежнымі мовамі валодаце… А яшчэ якія-небудзь, апроч тых, што ведаеце ўжо, вывучаеце?

— Наогул, маю намер авалодаць яшчэ хаця б чатырма, – адказаў перакладчык. — Кітайскай, да прыкладу, або японскай… Якую-небудзь са скандынаўскіх няблага таксама было б засвоіць… Або з іранскіх… А ўжо на дзевяці можна будзе і спыніцца.

— Чаму ж менавіта на дзевяці, а не, скажам, на дзесяці? Дзесяць – сур’ёзная, салідная лічба. То хай бы ўжо дзесяць і было для цотнасці ліку, — заўважыў прэзідэнт.

— Дык дзясятай мова будзе. Вось вам акурат і цотны лік.

Арсень пайшоў, пакінуўшы пасля сябе лёгкі водар дарагога дэзадаранту, і прэзідэнт зноў разгарнуў «Фразеалогію». Ды гэтым разам чамусьці не з такім імпэтам, як раней. Здрадлівы сумнеў вужакай упоўз ні з таго ні з сяго ў душу, пасеяў няпэўнасць. Ці варта яму займацца ўсімі гэтымі крылатымі выразамі ды фразеалагізмамі? Што там ягоным калегам, прэзідэнтам чужых краін, да старасвецкага друзу ягонае мовы?

Ён удыхнуў у лёгкія паболей паветра, выпрастаў рукі, падцягнуўся ўгору... Э, не, дарэмна, мабыць, ён гэтак песімістычна... Песімізм – першы крок да паразы, а параза яму зараз зусім, зусім недарэчы. А што да калег-прэзідэнтаў, дык вядома: усе яны, казаў той, адным возам па піва едуць. Будуць табе зацярушваць глузды развагамі пра ўсяленскую кансалідацыю ды кааперацыю, пра калектыўны інтарэс, а зачапі неўспадзеў нацыянальную годнасць каторага – не абярэшся непрыемнасцей. Вунь колькі там тых каталонцаў, а колькі год з тэлеэкрана не сыходзяць з прэтэнзіямі на этнічную ды, адпаведна, моўную асобнасць. Не кажучы ўжо пра фламандцаў або ірландцаў. Ды і поруч з іншымі, хаця б з тымі ж туркамі ці фінамі, выглядаць дурнем — не вялікая радасць.

Першым іспытам на прыдатнасць Арсеня ў ролі перакладчыка стала падрыхтоўка да прыёму амбасадараў замежных краін з нагоды Дня рэспублікі. З-за браку часу прыём ладзіўся крыху похапкам, і прэзідэнт з перакладчыкам літаральна не выходзілі з кабінета, абмяркоўвалі нюансы перакладу на мову падрыхтаванага напярэдадні спічрайтарам тэкста прэзідэнцкага звароту да іншаземцаў. Упершыню ў найноўшай гісторыі краіны зварот меў гучаць на мове, а гэта патрабавала ад прамоўцы не толькі адпаведнага выпадку зместавага напаўнення выступу, а і пэўнага ўзроўню культуры маўлення. На шчасце, перакладчык арыентаваўся ў моўным матэрыяле віртуозна, і прэзідэнту толькі заставалася яго слухаць ды рабіць адпаведныя зацемкі ў памяці ды на паперы. Яны працавалі так старанна, што адлучаны да часу ад прамых кантактаў з прэзідэнтам памочнік пачаў нервавацца. Не гэтак, аднак, з-за справы, колькі з-за вачавідзь сцьмянелых перспектыў уласнае кар’еры: з’яўленне ў атачэнні шэфа дасведчанага фаварыта было яму зусім недарэчы, бо ў любы момант магло прывесці яго становішча ў кіроўнай эліце да поўнай суладнасці з прозвішчам.

Тым часам падрыхтоўка выступу падышла, нарэшце, да завяршэння. Заставалася толькі патрэніравацца чытаць яго ўслых, каб няўрокам не паблытацца падчас прыёму ў націсках.

Чытанне прайшло паспяхова, і ўважлівасць ды зацікаўленасць, з якімі Арсень слухаў прэзідэнта, канчаткова змацавала ўзніклую між імі падчас сумеснай працы сімпатыю. Такую, здалося прэзідэнту, трывалую, што ён, насуперак завядзёнцы, рызыкнуў нават пайсці з падначаленым на нечуваную шчырасць.

— Што вы думаеце, Арсень, як будзе ўспрыняты народам гэты наш з вамі моўны выкрутас? — спытаў, прабягаючы вачыма набраныя дробным шрыфтам аркушы выступу. – Я не амбасадараў маю на ўвазе, а сваіх, ну, вы разумееце, каго...

— Як будзе ўспрыняты? — перапытаў па хвіліне роздуму перакладчык. – Хто ж іх ведае. Хоць у далоні дзеля вока папляскаюць, канечне. Ды што вам? Трэба ж, каб і ў нас урэшце свой Лазар Перальман[9] з’явіўся. А то іншым пазычаем дзеячаў, а для сябе не ўзгадуем ніяк. Крыўдна ажно.

— Перальман... Перальман, канечне, — робячы выгляд, што зразумеў, пра што гамана, сказаў прэзідэнт. – Так, вядома... Ну, што ж, Арсень, дзякуй вам за парады. Да пабачэння.

Перакладчык пайшоў. Прэзідэнт пастаяў колькі хвілін у адзіноце ля акна, ціснуў кнопку. Знябожаны чаканнем увагі памочнік увайшоў у кабінет, застыў ля дзвярэй. Прэзідэнт слізгануў безуважным паглядам па ягонай паставе, вярнуўся да стала.

— Вось што, спадар Эпізодчык, падрыхтуйце паперы да залічэння новага перакладчыка ў штат. І прынясіце мне, калі ласка, том энцыклапедыі на літару «П», — сказаў і ўссунуў на нос – зрок апошнім часам штосьці пачаў катастрафічна пагаршацца — акуляры для чытання. Хоць, безумоўна, мог скарыстацца для спраўджання згаданага Арсенем імя больш зручнаю магчымасцю – інтэрнэтам, занадта часта рабіць гэта пасля таго, як спецслужбы з год таму засеклі ягоны ліст да зрынутага ў выніку шырокіх народных хваляванняў калегі-выгнанніка адной з афрыканскіх краін, які ён неабачліва напісаў таму ў прыступе чалавекалюбства, пазбягаў.

Прыём у гонар Дня рэспублікі прайшоў выдатна, гэта адчувалася і па рэакцыі гасцей, і па настроі супрацоўнікаў Адміністрацыі і кабінета міністраў. Асабліва ўзрушыў прысутных удалы выступ прэзідэнта на мове. І не проста ўдалы, а шыкоўны, калі даваць веры Арсеню, які сказаў пра гэта на вуха прамоўцу ў кароткім перапынку паміж спічамі літоўскага і чэшскага амбасадараў: «Лепш не скажаш, у вас рэдкі дар прамаўляць на мове». Словы Арсеня прагучалі як найвышэйшая пахвала і дарэшты ўзнялі настрой прэзідэнта. Не пакінулі без увагі мову выступу гаспадара і дыпламаты. Папскі нунцый, з якім яны сустракаліся зусім нядаўна, падчас візіту ў краіну новаабранага папы, паглядзеў на прэзідэнта так пранікнёна, з такою пашанотай, быццам упершыню бачыў. Польскі амбасадар скончыў свой спіч тостам за «прыгожую мову», а ізраільскі нават выказаў жаданне арганізаваць у сваёй амбасадзе курсы па яе вывучэнні:

— На маёй радзіме, у Ізраілі, нямала людзей, якія адсюль паходзяць і ведаюць вашу мову. Але ж ведаюць яе, канечне, не ўсе ізраільцяне. То няхай яна запануе побач з іўрытам хоць у нашай амбасадзе, на лапіку Ізраіля тут, у вашай гасціннай краіне.

Спіч ізраільцяніна падаўся прэзідэнту зручнаю зачэпкай для дэманстрацыі дасведчанасці ў моўнай галіне, і ён тут жа ёю скарыстаўся.

— З вашага боку, спадар амбасадар, гэта было б вельмі высакародна і ў вышэйшай ступені справядліва, — сказаў і дадаў не без іроніі: – Асабліва, калі ўлічыць нашу вашай мове паслугу ў асобе Лазара Перальмана. Гісторыя, канечне, прадаўняя, ды ўсё ж...

— О, Перальман... Бен-Егуда, канечне! – падхапіў імпэтна ізраільцянін. – Бацька іўрыту, вялікі, вялікі чалавек. Згадзіцеся, вярнуць мову з забыцця – не абы-які подзвіг. Таму мы, ізраільцяне, яго вельмі шануем. І вам удзячныя, што не забываеце, так бы мовіць, земляка…

У зале раздаліся воплескі. Прэзідэнт, да апошняе хвіліны не ўпэўнены, якой будзе рэакцыя прысутных на ягоную апошнюю рэпліку ды на іхні з амбасадарам дыялог наогул, падумаў, як добра мець пры боку талковага перакладчыка і поўны збор тамоў энцыклапедыі.

— Вось толькі не разумею, — працягваў амбасадар, — чаму гэта ў некаторых інтэрнэт-выданнях ды наогул таблоідах месца нараджэння адраджэнца нашай мовы называюць «цяперашняй Літвой»? Мабыць, гэта нейкая памылка? Як вы думаеце, спадар прэзідэнт?

— Памылка? Я, папраўдзе, не звярнуў на тое ўвагі, — сказаў прэзідэнт. – Але калі гэта так, як вы кажаце, то думаю, гэта звязана з назвай губерні, да якой адносілася мястэчка Лужкі ў час яго нараджэння. Відаць, такая логіка ў некаторых людзей: губерня Віленская колісь была – значыць, сёння гэта, адпаведна, Літва. Несправядліва і прыкра, канечне... Дзякуй за падказку, спадар амбасадар, мы гэтым пытаннем абавязкова зоймемся, я асабіста пракантралюю…

— А я вось у сябе на радзіме, у Рыме, гадоў пяць таму, пачынаючы вывучаць вашу мову, з яшчэ адной несправядлівасцю датычна яе, спадар прэзідэнт, сутыкнуўся, — неяк нясмела, быццам не пэўны, ці казаць тое, што надумаўся, уступіў у размову нунцый. – Пайшоў аднаго разу ў базыліку Сан Клементэ[10], каб паглядзець у сутарэннях месца пахавання Кірылы і Мяфодзія, вынаходцаў кірылічнага пісьма, – і што ўбачыў там, як вы думаеце? На ўсіх кірылічных мовах ёсць братам словы падзякі, а на мове – няма. Як так сталася?

— То, мабыць, звычайная наша марудлівасць прычынаю, эксцэленцыя[11]. Ёсць у нас, ведаеце, такая спаконвечная рыса – пазніцца, — адчуваючы, што чырванее, сказаў прэзідэнт і памануўся перавесці гаворку ў іншую, менш слізкую плынь. На шчасце, гэта яму ўдалося – дзякуючы латвійскаму консулу, што вельмі дарэчы загаманіў пра важнасць культурных стасункаў паміж народамі ды намаганні свайго суайчынніка Райніса ў справе абароны правоў носьбітаў мовы на тэрыторыі Латвіі на пачатку мінулага стагоддзя. І неўзабаве размова зноў займела прыемны, лагодны характар, вярнулася да выступу прэзідэнта на мове.

Тым часам і Арсень часу дарэмна не губляў, спажываў справядліва належную яму частку ўхвалы. Сакратары і перакладчыкі амбасадаў раз-пораз падыходзілі да хлопца, каб перакінуцца словам ды выпіць на брудэршафт, і гэтая цікавасць з іх боку да абаяльнага навічка ў ролі асабістага перакладчыка галавы дзяржавы так кідалася ў вочы, што ўрэшце пачала прэзідэнта, начутага пра лёгкасць нораваў ды своеасаблівасць вырашэння праблемы гендэрнай ідэнтыфікацыі ў дыпламатычным асяродку, крыху раздражняць. Ён хацеў перасцерагчы Арсеня ад залішняе, як яму здавалася, фамільярнасці ў стасунках з чужынцамі, але перадумаў: хай сабе, можна будзе і пасля, сам-насам — у Бога дзён многа – на гэты конт пагаманіць.

Ды ўсё гэта былі дробязі. Прыём удаўся, і не проста ўдаўся, а прайшоў на «ўра». А галоўнае – канчаткова ўмацаваў намер прэзідэнта дамагацца новых вышыняў ў пазнанні мовы. Зрэшты, цяпер ужо не толькі ў пазнанні, а і ў практычным яе прымяненні. І не толькі ў межах нейкай там адной канцылярыі, а, магчыма (чым чорт не жартуе), на абшарах усёй дзяржавы. Чалавек дзеяння, ён раптам так востра адчуў неабходнасць прымянення набытых падчас чытання ведаў аб мове, што яна пачынала трансфармавацца ў ягоных глуздах у навязлівую ідэю. Канечне, канечне, трэба рухаць справу! Вось толькі з чаго пачынаць?

Усю ноч пасля прыёму пытанне гэтае – з чаго пачынаць? – не давала прэзідэнту спакою. Выйсце ж падказаў назаўтра зноў-такі Арсень, параіўшы звярнуцца да дакумента больш як дваццаціпяцігадовае даўніны – прынятага колісь моўнага Закона, згодна з якім мова аб’яўлялася ў краіне адзінай дзяржаўнай:

— Што вынаходзіць ровар? Вярнуцца да таго Закона, і ўсе вам клопаты. І нос, казаў той, у тытуню.

— Закон, кажаце? – прамовіў у задуменні прэзідэнт і гукнуў памочніка, каб распарадзіцца расшукаць у нетрах архіўных папер асобнік Закона.

Рэшту дня прэзідэнт літаральна жыў прамінулаю прамовай. Чвэрці гадзіны не мінала без камплімента каго-небудзь з падначаленых, віншаванні сыпаліся, як крупы з дзіравай торбы. Нават тыя, хто не прысутнічаў на прыёме, а толькі чуў пра яго з чужых словаў, лічылі за абавязак выказаць прэзідэнту сваё захапленне. Ды, нягледзячы на відавочны, несумненны поспех, цалкам завалодаць сабою стану эйфарыі прэзідэнт, чалавек валявы і дастаткова рацыянальны, не даў. Паклікаў за паўгадзіны да адыходу дадому ў кабінет Арсеня, і перш чым той паспеў скончыць чарговую порцыю пахвальбы, заклапочана сказаў:

— Гэта добра ўсё, але што далей?

— Што, прабачце? – не зразумеў перакладчык. – Калі вы наконт мовы, то я ж казаў вам ужо – падыміце Закон.

— Я не пра тое. Вось вы ўсе хваліце мяне, а я, паверце, нічога не адчуваю, апроч... апроч дэфіцыту напаўнення ў моўнай галіне, вось што... Дык, можа, параіце мне яшчэ што-небудзь для чытання? Можа, кніжку там якую ці проста артыкул... Пэўна, гэта было б... патрыятычна.

— Я думаю, вам след пазнаёміцца яшчэ з якім-небудзь з раздзелаў мовы, — сказаў па хвіліне роздуму перакладчык. – Напрыклад, што-небудзь з дыялекталогіі. Гэта цікавы раздзел, і ў адукацыйным плане ён стане добрым дадаткам да матэрыялаў па фразеалогіі. А галоўнае – дапаможа вам, так бы мовіць, паглядзець на мову з іншага боку, больш шырока. Запісаць вам аўтараў і назвы кніжак? А хочаце, прынясу, у мяне дома шмат ёсць такога.

— Прынясіце, канечне, — падхапіў ён і дадаў, панізіўшы голас: — Але толькі без гэтага, ведаеце... залішняга ажыятажу.

Што казаў – ведаў. Ці ж не парадокс: трэці год як змяніў статус апазіцыйна дзеяча на пасаду кіраўніка дзяржавы, а ў вачах шмат каго нават тут, у асяродку Адміністрацыі і кіраўніцтва справаў, дзе, здавалася б, павінны быць спрэс аднадумцы, па-ранейшаму ў вачах сяго-таго заставаўся апазіцыянерам.

Арсень прынёс абяцаную кніжку праз дзень пасля размовы. Прэзідэнт адразу ж збольшага прагартаў яе ды і міжволі пашкадаваў, што замовіў: тэкст «Дыялекталогіі» падаўся яму значна цяжэйшым за дапаможнік па фразеалогіі — з-за вялікай колькасці нязвыклых лінгвістычных тэрмінаў. Спачатку, там, дзе ішла гаворка пра наяўныя ў краіне дыялекты і межы іх бытавання, чытанне давалася лёгка. А вось пасля, калі пацягнуліся адно за адным грувасткія навуковыя азначэнні асаблівасцей дыялектнага маўлення, справа значна ўскладнілася. Канечне, ніхто яго чытаць не змушаў, і ён мог у любую хвіліну паставіць на моўнай самаадукацыі крыж. Але не такая была ў прэзідэнта натура, каб гэтак лёгка здацца.

Не, ён не здасца! Калі не здаўся падчас выбарчай гонкі, дзе і не гэткія перашкоды з боку супернікаў даводзілася адольваць, то ўжо тут, у такой простай справе, як мова, саступіць было б недаравальна. Прэзідэнт быў чалавекам гонару, і кожную справу, якую ні пачынаў, даводзіў да канца. Адзінае, што надта замінала яму і цяпер, па прыняцці рашэння працягваць самаадукацыю, быў недахоп часу. І яшчэ — немагчымасць засяродзіцца на змесце кніжкі з-за пастаянных наведнікаў. Не спрыяла паспяховаму навучанню і тое, што падначаленыя ўсё часцей суправаджалі падазронымі паглядамі ягоную руку, калі ён спехам хаваў пры іх набліжэнні кніжку ў шуфляду стала, ці проста клаў яе на падлогу, а то і соваў, не паспеўшы прыкрыць газетаю ці іншай кніжкай, – смех сказаць – пад мяккае месца. І ён вырашыў перанесці асноўны цяжар спасціжэння свету дыялектаў і дыялектызмаў дадому.

Жонка ўспрыняла ягонае неспадзеўнае захапленне мовай даволі абыякава. Не сказаць каб усцешылася, але надта, здаецца, і не засмуцілася: што ж, так дык так, хай будзе ў яго раман з мовай, на здароўе, абы не з маладзіцай ды абы выкананнем сваіх сужэнскіх абавязкаў не грэбаваў з прычыны, што сіл, маўляў, на што іншае пасля таго рамана не засталося. Кабета памяркоўная і ўраўнаважаная, яна ад самага пачатку іх шлюбу аддала ў стасунках з ім перавагу адстаронена-незласлівай насмешлівасці, таму нават калі б ён раптам (цьфу-цьфу, канечне!) прапанаваў ёй, да прыкладу, сеанс калектыўных любошчаў, несумненна знайшла б на тое годны адказ. Хаця, з другога боку, хто ведае: жанчына да каго ды чаго заўгодна здольная прыраўнаваць, вунь колькі прыкладаў навокал.

Цяпер, калі быў знойдзены аптымальны варыянт для задавальнення самаадукацыйнага свербу, справа ў прэзідэнта пайшла надзвычай хутка. Праз тыдзень ён ужо няблага арыентаваўся ў матэрыяле падручніка дыялекталогіі. Нават мог пры нагодзе ўжыць у размове дарэчы такое нязвыклае для вуха суразмоўцы дыялектнае слова, што ў таго мова адымалася.

— Тук дасі мне нарэшце? – агарошыў аднойчы, смажачы ў кухні бульбу, жонку, і тая толькі разгублена залыпала вачыма. – Тук – значыць тлушч, паўднёва-заходні дыялект, эх ты... А яшчэ жонка галавы дзяржавы! Тук-тук! – І ён зухавата паляпаў сябе па ілбе.

Ды чытанка чытанкаю, а праца – працай. У рэшце рэшт прэм’ру ўрада ўдалося выпхнуць з пасадаў адразу некалькі стараватых міністраў, і шмат часу марнавалася зараз на тое, каб падшукаць годную ім замену. Дакладней – значна больш годную, бо знайсці адпаведную выпхнутым або крыху больш годную ніякай цяжкасці не ўяўляла, гэткіх можна было набраць без напругі, як пажартаваў нядаўна не надта прыхільны да прэм’ера кіраўнік справаў, і ў двары прылеглага да будынка Адміністрацыі мікрараёна. Пасля доўгіх пошукаў ды абмеркаванняў адна прыдатная кандыдатура – на пасаду міністра адукацыі — нарэшце, была знойдзеная. Прэзідэнт, які заўсёды надаваў вялікае значэнне асабістым кантактам з членамі кабінета, запрасіў, паводле завядзёнкі, кандыдата да сябе для папярэдняй размовы.

Кандыдат з’явіўся з дакладнасцю да хвіліны. Распавёў пра сябе, пра сваю сям’ю, пра працу на пасадзе дэкана аднаго з факультэтаў адчыненага тры гады таму, адразу па сканчэнні паўнамоцтваў папярэдняга прэзідэнта, Нацыянальнага ўніверсітэта, пра тое, як бачыць свае абавязкі і якімі метадамі будзе выпраўляць незайздроснае становішча ў даручанай галіне. Гаварыў даволі складна, ды не зусім паслядоўна, відаць, хваляваўся. Звыклы да мандражу сваіх суразмоўцаў падчас во гэткіх іспытаў на трываласць напярэдадні прызначэння на пасаду прэзідэнт слухаў цярпліва і, каб надаць кандыдату ўпэўненасці, дэманстраваў дэмакратызм, падкідваў раз-пораз жартаўлівыя рэплікі. Нарэшце кандыдат скончыў, і цяпер настала чарга дыялогу. Пачаў яго прэзідэнт.

— Дык кажаце, паходзіце з паўночнага ўсходу? – сказаў нечакана для субяседніка на мове і, не даўшы апамятацца, дадаў: — Тое ў гаворцы вашай такое моцнае дысімілятыўнае аканне пракідаецца. Што ж, дыялектызмы, — натуральная рэч, і з імі даводзіцца лічыцца. А вось трасянкі, канечне, варта пазбягаць. Інтэрферэнцыя ва ўмовах білінгвізму з’ява непазбежная, але ж чысціня мовы – не апошняя рэч. А вы як думаеце на гэты конт?

— Я... я согласен, — збіты з тропу нечаканым паваротам размовы, збянтэжана адказаў кандыдат і дадаў, пераходзячы на мову: — Згодны з вамі на ўсе сто.

— Вось і выдатна, — працягваў прэзідэнт. – Значыць, спрацуемся. Што ж, прыемна будзе мець побач аднадумца.

Ён падумаў, што няблага было б развіць тэму ды распачаць гаворку пра тое, як бачыць новаспечаны міністр месца мовы ў сістэме адукацыі краіны наогул, але тут азваўся званком тэлефон.

Тэлефанаваў памочнік. Прыйшоў ліст з парадкам дня міжурадавага паседжання ў Кіеве па пытаннях аховы навакольнага асяроддзя, трэба было яго праглядзець ды пацвердзіць удзел у самім паседжанні.

— Прабачце, — сказаў прэзідэнт. – Мушу з вамі развітацца – неадкладныя справы. Упэўнены, мы яшчэ неаднойчы сустрэнемся.

Міністр хуценька падхапіўся з месца. Агаломшанасць на ягоным твары і паспешлівасць, з якою ён пакідаў кабінет, прамаўлялі самі за сябе.

Увайшоў памочнік са стосам папер:

— Калі ласка, парадак дня паседжання ў Кіеве. А вось асобнік Закона аб мовах. Як вы і замаўлялі...

— Дзякую, — сказаў прэзідэнт і паклаў асобнік ды іншыя паперы ў тэчку з намерам узяць з сабою дадому. Наперадзе ў яго былі два выходныя, і ён спадзяваўся выкарыстаць іх з максімальным вынікам для справы.

Вынік, аднак, перасягнуў усе ягоныя спадзевы – дзякуючы нечаканай хваробе. Ні з таго ні з сяго ў суботу ў прэзідэнта ўзнялася тэмпература, і ён вымушаны быў заставацца дома аж да аўторка. Жонка колькі разоў імкнулася выклікаць доктара, але ён катэгарычна не пагаджаўся: пройдзе само, не ўпершыню, падумаеш – прастуда. Вунь колькі людзей лекуюцца самастойна, а чым ён лепшы, што будзе з-за гэткай дробязі звяртацца да эскулапа? Чаго тады вартыя ўсе гэтыя папулісцкія газетныя бразготкі пра дэмакратызм ды блізкасць да народа, дзякуючы якім ён у немалой ступені ў свой час, дарэчы, і выйграў прэзідэнцкія выбары. Што да працы, дык яе ўсю не пераробіш. Дый падначаленыя няхай крыху адпачнуць, не ўсё ж ім быць у напрузе. Тым больш што галоўная напруга, калі ўсё пойдзе так, як ён надумаўся, чакае іх наперадзе.

Усе гэтыя дні хваробы прэзідэнт вывучаў Закон аб мовах. А ў панядзелак, дачытаўшы апошні яго артыкул ды перачытаўшы зноў усё спачатку, патэлефанаваў Арсеню і папрасіў таго размножыць тэкст у колькасці, адпаведнай ліку супрацоўнікаў Адміністрацыі, ды раскласці асобнікі па сканчэнні працоўнага дня ў іх на сталах. Перакладчык ахвотна згадзіўся, і ў аўторак уранні прэзідэнт, адданы звычцы з’яўляцца на працоўным месцы раней за ўсіх, з задавальненнем убачыў на сталах падначаленых раскладзеныя напярэдадні Арсенем аркушы дакумента.

Першыя прыкметы рэакцыі на іхні з Арсенем сюрпрыз з’явіліся гадзінам к дзесяці. Пра гэта ён здагадаўся, калі быццам незнарок, а насамрэч каб спраўдзіць тую рэакцыю, выйшаў у канцылярыю. Усюды панаваў неўласцівы калідорам будынка Адміністрацыі рух, на тварах супрацоўнікаў чыталася напружанасць уперамешку з перасцярогай. То справа, то злева раз-пораз ляпалі дзверы, і хто-небудзь выходзіў з кабінета з тэкстам Закона ў руках, праставаў да дзвярэй суседняга. Нават кіраўніца канцылярыі, флегматычная дама з заўсёдным адзіным клопатам як хутчэй выдаліць са сваёй жыццёвай прасторы чарговага наведніка, гэтым разам выглядала нязвыкла ўзрушанай.

А дванаццатай, як папярэдне дамаўляліся, прыйшоў Арсень.

— Вось, нарабілі мы з вамі пярэпалаху, малады чалавек, разварушылі мурашнік, – ледзь той пераступіў праз парог кабінета, сказаў прэзідэнт. – А што далей?

— Я думаю, самы час арганізаваць пры Адміністрацыі ды кабінеце міністраў курсы па вывучэнні мовы, — ахвотна, бы толькі такога пытання і чакаў, адказаў Арсень. – Запрасіць добрага спецыяліста, хай бы папрацаваў са штатам...

— А праўда, курсы, чаму б і не? – не без каліва здзіўлення, але не ад нечаканасці прапановы, а ад таго, што іх з Арсенем меркаванні гэтак дакладна супалі, сказаў прэзідэнт. – Але хто мог бы іх праводзіць? Можа, маеце каго-небудзь на прыкмеце?

— Ну, гэта, думаю, не праблема. Вось маю настаўніцу былую можна запрасіць, Вольгу Андрэеўну. Адукаваная жанчына і досвед выкладання прадмета належны мае. Ды вы яе ведаеце – яна дырэктаркай у ліцэі, дзе вы былі нядаўна, робіць...

— А, канечне, ведаю. Сімпатычная жанчына. Ну, то на яе кандыдатуры, мабыць, і спынімся. Але адкуль вам вядома, што я быў у ліцэі?

— З газет. І Вольга Андрэеўна хвалілася… Прэзідэнт наведаў ліцэй – не шараговая ж падзея… Дык патэлефанаваць ёй?

— Сам патэлефаную, — сказаў нечакана холадна прэзідэнт і, даючы знаць, што размова скончана, схіліўся над паперамі. Неспадзеўная памякчэласць паводзінаў, на якой ён усё часцей пачаў сябе лавіць у стасунках з падначаленымі пасля таго, як заняўся моўным пытаннем, крыху яго бянтэжыла і насцярожвала. Хоць, канечне, можа, Арсеня крыўдзіць гэткім во чынам дзеля захавання субардынацыі і не варта было б… Што да астатніх, то, безумоўна, якую б адданасць яны ні ўдавалі, трымацца воддаль не зашкодзіць.

Вольга Андрэеўна, асоба без належнага досведу таго, што ў краіне з зародкавым станам дэмакратыі што ў маргінальным асяроддзі, што ў калідорах улады ў любой справе галоўны стымул – пуга, успрыняла прапанову аб правядзенні курсаў па мове без энтузіязму. Як сама прызналася падчас тэлефоннай размовы – з-за элементарнай боязі:

— Ох, спадару прэзідэнт, сумняваюся... У такім месцы ды з такімі людзьмі працаваць – ці здолею я? Гэта ж вам не ліцэй...

І толькі калі ён паабяцаў падтрымку ў выглядзе ўласнае прысутнасці на занятках, жанчына дала згоду.

Аднак выканаць абяцанне прэзідэнту не ўдалося, бо на пачатку тыдня яму давялося тэрмінова ляцець на пахаванне былога прэзідэнта адной з краін постсавецкай прасторы. І ён даручыў усе клопаты па забеспячэнні належных умоваў для правядзення курсаў Арсеню. Той згадзіўся выканаць даручэнне ахвотна, ды так ахвотна, што, мусіць, ці не перабраў імпэту. Бо калі прэзідэнт вярнуўся з пахавання, яго сустрэла ў родных пенатах атмасфера ўсеагульнай не то разгубленасці, не то незадаволенасці.

Ён паклікаў Арсеня, каб распытаць, што здарылася.

— А што магло здарыцца? – паціснуў той плячыма. – Курсы як курсы, нічога звыш такога. Вось, да іспыту па мове пакрысе рыхтуемся, пытанні раздалі з Вольгай Андрэеўнай.

— Да іспыту? Ці не занадта гэта? – узвысіў голас прэзідэнт. – Так, ведаеце, і распужаць людзей нядоўга.

— А вы хочаце, каб як два дзесяцігоддзі таму было? Будуць сядзець, узброіўшыся асадкамі, са спадзевам, што вось зараз ты, настаўнік-цудадзей, іх за гадзіну ўсяму навучыш, а самі нават у слоўнік дома ні разу не зазірнуць — якое ж гэта навучанне? Мову так не вучаць!

Адказ перакладчыка падаўся прэзідэнту слушным, але пэўнасці не дадаў. Да таго ж у прэсе ды ў інтэрнэце з’явіліся допісы-меркаванні пра курсы ў Адміністрацыі і кабінеце міністраў, і цяпер адбою не было ад тэлефанаванняў, добрая палова з якіх грунтавалася на парадах, як і што след рабіць далей. Траціна з іх уяўляла істэрычны енк. Прычым даймалі і апаненты, і аднадумцы, асабліва з ліку пенсіянераў, што, знябыўшыся, відаць, адсутнасцю сталага занятку, ліхаманкава шукалі хоць які для ліквідацыі духоўнага вакууму. Не засталася ўбаку ад справы, канечне, і моладзь. Дня не мінала, каб хтосьці не распачаў у сеціве дыскусіі на моўную тэму. Купкі маладзёнаў настойліва асаджалі будынак з патрабаваннем прыспешыць справу ці, наадварот, наогул яе скасаваць. Плошча перад будынкам Адміністрацыі на вачах ператваралася ў пляцоўку для перформансаў. Ад усяго гэтага галава ў прэзідэнта ішла кругам, і ён вырашыў пагаманіць з Вольгай Андрэеўнай.

Яны сустрэліся ў канферэнц-зале. Вольга Андрэеўна толькі што скончыла дадатковыя заняткі з групай рэферэнтаў і сакратароў амбасадаў і цяпер сядзела ў самоце ля стала, гартала нейкую кніжку.

— Ну, як вам навучанне нашага штата? – спытаў прэзідэнт. – Задаволеныя працай? Не шкадуеце, што згадзіліся на яе?

— Дзякуй, усё добра, — адказала жанчына і запытальна зірнула на яго. – Але... што далей? Я маю на ўвазе практычны бок справы. Вы ж, пэўна, маеце нейкі план? Не можа быць, каб не мелі. Не дзеля пустога ж інтарэсу ўся гэтая мітрэнга з курсамі...

— А вось наконт гэтага я якраз, дарэчы, хацеў з вамі параіцца, — сказаў ён. – Што вы маглі б прапанаваць? Парайце, калі ласка...

— Я? Не ведаю... Раіць прэзідэнту – так гэта нязвыкла... Разумею, як вам цяжка, ды што я магу параіць? – Вольга Андрэеўна памаўчала колькі хвілін. — Хіба што вось гэта, можа, – асабіста для вас, пачытаць. – Яна паказала вачыма на кніжку, якую толькі што гартала. — Вы яе бачылі, дарэчы, – у нас у ліцэі пасля вечарыны, яшчэ падымалі з долу ды з майго чытацкага густу пакпілі: вось што, маўляў, настаўніцтва чытае… Хацела сёння вярнуць у бібліятэку, але магу вам пазычыць на колькі дзён… Магчыма, гэтая кніжка паможа вам прыняць нейкае рашэнне. Можа быць...

Яна пасунула кніжку на сярэдзіну стала. Па лёгкасці жэста, з якой яна гэта зрабіла, няцяжка было здагадацца, што ніякага таемнага змыслу за яе прапановаю не хавалася.

— Алан Бэнэт? «Няпросты чытач»? Як жа, памятаю… Штосьці пра каралеву, здаецца… Так? І што — тут ёсць адказ на нашае пытанне? – спытаў ён здзіўлена і адначасна крыху недаверліва.

— Што вы, адказ – занадта гучна. Але вось накірунак думкі, здаецца, дакладна ёсць. Сапраўды. Ды вы пачытайце і самі ўсё зразумееце.

— Ну, калі вы раіце, тады, канечне, варта пачытаць. – Прэзідэнту карцела яшчэ спытаць, пра што кніжка, але ён стрымаўся: ужо ж як-небудзь сам дасць рады даўмецца, што там да чаго.

Твор Бэнэта напачатку падаўся прэзідэнту сумнаватым. Папраўдзе, ён нават падумаў, што наўрад зможа яго асіліць. Асабліва раздражняла яго манера пісьма англічаніна – занадта павольная, марудлівая, быццам не аўтар кіраваў творчым працэсам, а, наадварот, словы дыктавалі яму сваю волю. Але спакваля ўсё стала на свае месцы, і інтрыга, звязаная з пераўтварэннем галоўнага персанажа — каралевы Елізаветы спачатку ў простую чытачку, а затым – праз чытанне – у захопленую творчым свербам асобу літаральна яго паланіла. Не кажучы ўжо пра пасаж у заключных радках твора, дзе каралева празрыста намякае пра свой намер адмовіцца ад кароны на карысць творчасці з-за несумяшчальнасці творчага і ўладнага пачаткаў. Фінал аповеду з апісаннем размоваў за колькі хвілін да добраахвотнага адрачэння каралевы ад кароны так уразіў прэзідэнта нязмушанай лагічнасцю фабулы, што яму нават прыйшла ў голаў думка спраўдзіць пададзены пісьменнікам факт у энцыклапедыі. І толькі ўзгадаўшы нядаўняе віншавальнае пасланне каралевы з нагоды чарговай гадавіны ягонай уласнай інаўгурацыі, ён зразумеў: сцэна адрачэння – чыста гіпатэтычная, плод фантазіі аўтара і нічога больш.

Адзінае, што здалося прэзідэнту ў аповедзе англічаніна не да месца – згадкі пра людзей, імёнаў якіх ён ніколі раней не чуў і радкі пра якіх, як яму здавалася, не неслі ў творы аніякай нагрузкі. Вось нейкі літаратар Жэнэ, да прыкладу, аб прозвішча якога ягонае вока зачапілася, памятаецца, яшчэ ў ліцэі, — якое ён мае дачыненне да сюжэту? Пры чым ягоная асоба да лёсавызначальнага рашэння каралевы? А, пэўна ж, мае, калі ажно некалькі разоў, пачынаючы ад першых радкоў рамана, згадваецца.

І ён папрасіў памочніка тэрмінова расшукаць у бібліятэцы кніжку Жэнэ. Памочнік няўцямна паціснуў плячыма:

— Жэнэ? Не ведаю такога. Амаду ведаю, Лімонава, хе-хе… Рэмарка... Караткевіча з Быкавым, канечне, а вось Жэнэ... Што ж, паспрабуем расшукаць.

Арсень, у адрозненне ад Эпізодчыка, пра Жэнэ не толькі чуў, але, падобна, нават і чытаў ягоныя творы. Яго рэакцыя на запыт прэзідэнта была такой двухсэнсоўнай (сцяўся ды пачырванеў, бы дзеўчына), што ён толькі ўмацаваўся ў жаданні конча прачытаць сёе-тое з творчай спадчыны таямнічага француза.

— Дык вы думаеце, гэта годнае чытанне, Арсень? – перапытаў, аднак, вагаючыся.

— Як паглядзець, спадар прэзідэнт, — адказаў перакладчык. – У французаў на яго, дзесьці я чытаў нядаўна пра вынікі апытання сярод чытачоў, усплёск цікавасці. Сапраўдны бум. Жэнэманія, так бы мовіць.

— Ну, калі бум, тады, канечне... Што ж, паглядзім, паглядзім, што яны там бумкаюць.

Ды, падобна, Жэнэ выклікаў цікаўнасць не ў аднаго прэзідэнта. Бо калі ён назаўтра прыйшоў на працу, то заспеў памочніка за чытаннем. Убачыўшы шэфа, той паспешліва, з выглядам ніякаватасці на твары прыкрыў кніжку аркушам паперы. Ды застаўся бачным край вокладкі цёмна-зялёнага колеру з выяваю кветак па перыметры. Так што калі памочнік праз паўгадзіны прынёс у кабінет замоўленую напярэдадні кніжку француза, прэзідэнт без цяжкасці пазнаў у ёй тую самую цёмна-зялёнага колеру — Жэнэ.

— Як там справы з іспытам па мове? – спытаў прэзідэнт, робячы выгляд, што нічога не зацеміў адносна неспадзеўнага чытацкага імпэту падначаленага. – Можна ўжо пачынаць?

— Думаю, неўзабаве будзе можна. Тыдзень-другі, і можна пачынаць, — адказаў памочнік і з жалем, быццам развітваўся з чымсьці невыказна дарагім, зірнуў употай на том Жэнэ.

У адрозненне ад рамана Бэнэта, твор француза ад першых старонак зрынуў прэзідэнта ў шок. «Маці Божая кветак», дай ты рады! Пры такім узнёслым, пранікнёным назове – гэткае апушчэнства! Што ні раздзел, то сексуальнае вычварэнства, і ўсё гэта — на тле бясконцых разважанняў пра Боскае. Дык мала таго, што полавы апушчэнец гэты Жэнэ, яшчэ, аказваецца, і невыпраўны злодзей, клептаман, цібрыў усё, што дрэнна ляжыць. Адно і ведаў, што красці і туляцца па вязніцах за крадзяжы ды ў пошуках усё новых любоўных прыгодаў з мужынамі. Цікава, ці прачытала гэты ягоны твор Елізавета? Хутчэй за ўсё прачытала, ды аўтар «Няпростага чытача» з этычных меркаванняў палічыў за лепшае пра тое не згадваць. Як-ніяк каралева, і што то за прыклад быў бы для люду паспалітага? А можа і не чытала, у іхніх Букінгемах-Віндзорах, у атачэнні манаршай сям’і, і сваіх вычварэнцаў кшталту Жэнэ, калі прэсе веры даваць, не бракуе. Што ні асоба, то з ухілам у непатрэбшчыну, што сярод жанчын, што сярод мужчын, месяца не мінае без чарговага скандала. А ўжо пра парламентарыяў і казаць не выпадае.

Прэзідэнт уявіў васьмідзесяцігадовую каралеву (прыкладна гэтулькі, паводле ягоных разлікаў, мела споўніцца Яе Вялікасці на час выхаду ў свет у 2007 годзе твора Бэнэта) за чытаннем Жэнэ, і смех міжвольна здушыў яго горла. Цікава, што думала старая лэдзі падчас той чытанкі? Мяркуючы па рэакцыі на імя француза, як падаў яе аўтар «Няпростага чытача», не надта камплексавала.

Ён схаваў кніжку ў шуфляду стала, ступіў да дзвярэй з намерам спусціцца ў сад ва ўнутраным дворыку будынка, каб там адысці крыху ў самоце і ад справаў, і ад чытання, і ад навеяных ім думак.

— Што-небудзь трэба, спадар прэзідэнт? – збянтэжаны ягоным нечаканым з’яўленнем, выгукнуў памочнік.

— Галава штосьці баліць, мабыць, перапад ціску, — машынальна зманіў прэзідэнт і з выразам суровасці на твары, быццам і не вясяліўся колькі хвілін таму, дачытваючы апошнія старонкі твора Жэнэ, патэпаў калідорам да сходаў.

Фрагмент размовы супрацоўнікаў Адміністрацыі прэзідэнта на носьбіце праслухоўвання на аб’екце №3-П (памяшканне прыбіральні No3 у будынку Адміністрацыі) са справаздачы супрацоўніка Камітэта дзяржбяспекі «Калістрата» ў галоўнае ўпраўленне ведамства ад 15 студзеня 2015 года:

— Ну, і як табе гэты французскі раманчык пана Жэнэ? Шык той яшчэ, ці не праўда? Шэдэўр!

— Мудня з кутасамі, хе-хе… А табе як? Спадабалася, бачу… Спадабалася ж? Прызнайся!

— Не кажы… брыдоцце… Ды якое… Але ж паліць хочацца – вушы вянуць. Цыгарку маеш з сабой? Участуй!

— Што, зноў цешча кішэнных на тытунь не выдзеліла? На … запальніцу на, прыпальвай, пакуль я шчодры…

— Шчодры! Мала ты ў мяне цыгарак «перастраляў»? Ага… Забойная кніжэнцыя, нічога не скажаш… Яшчэ той бестселер… пк-пк-пк…

— Я і кажу… дах у нашага шэфа, няйначай, едзе… Дакладна, едзе…

— Думаеш, сапраўды чытае ён гэтага вычварэнца Жэнэ?

— А то не! Для чаго ж тады замаўляў, калі не чытаць? Дурню ясна — чытае. Яшчэ як чытае…

— Мала што, можа, так, дзеля куражу пацікавіўся… Вось які я, маўляў, прасунуты — чытаю, бля, цікаўлюся, не тое што вы ўсе, цемната…

— Ага, дзеля куражу! Нішто сабе кураж! А гэтага, харашунчыка свайго, перакладчыка, побач уссадзіў, узняў на такую вышыню – таксама дзеля куражу? Гомікаў тут нам не хапала… Жонка, мусіць, не дае як след, во і вар’яцее…

— Думаеш, гушкаюцца?

— А то! На тое ж яна і жонка.

— Пры чым тут жонка? З Арсенькам... Што, калі як-небудзь падказаць жонцы пра тое?

— Падказаць? А што — гэта ідэя… пф-пф-пф… Дым нейкі ў тваіх цыгарэтаў, фу…

— Кепскія – свае палі. Дым яму паганы…

— Годзе, не злуй, так сказаў… Дык наконт падказкі… У інтэрнэт во можна ўкінуць маленькі допісік… Там увадначас дасціпнікі падхопяць і панясуць… Ма-аленечкі такі допісік, у колькі радкоў…

— Сапраўды, няблага было б… Мовы яму закарцела… Трасцы табе, а не мовы! Тры гады засталося да пенсіі, дык не дасць спакойна дарабіць… Мову я яму пачну вучыць на шостым дзесятку… Курам на смех…

— Што ж, ты начальнік – я дурань, я начальнік – ты дурань… Загадае – і будзеш вучыць, нікуды не дзенешся. Крукам будзем усе сядзець…

— Яшчэ паглядзім, хто там крукам, а хто ракам… Куранят па восені, казаў той, на хер, лічаць… Але маўчок – ні слова каб нікому, пра што гаманілі!

— Магіла… Свіння лычам не ўкапае…

— То добра, хопіць кірмашыць, хадзем... Французік хрэнаў… цьфу!

Тым часам падышла да завяршэння падрыхтоўка да іспыту па мове. Вольга Андрэеўна распрацавала спіс пытанняў да яго, і ў сярэдзіне наступнага тыдня памочнік раздаў іх супрацоўнікам Адміністрацыі, кіраўніцтва справаў і кабінета міністраў, а таксама ўсёй без вынятку абслузе. Рух у калідорах будынку яшчэ больш узмацніўся. Але тут здарылася непрадбачанае.

За два дні да іспыту, у аўторак, у праваахоўныя органы паступіла ананімнае паведамленне аб тым, што ў будынку Адміністрацыі імаверны выбух. Быццам нейкія мярзотнікі здолелі пранесці ды схаваць у ім выбуховую прыладу, і цяпер з хвіліны на хвіліну чакай бяды. Людзі з прыстасаваннямі для яе выяўлення запоўнілі памяшканні, персанал тэрмінова эвакуявалі. Гэта было зусім няцяжка: напалоханыя нядаўнімі выбухамі ў Расіі службоўцы працоўныя месцы пакідалі без намёку на незадаволенасць, нават ахвотна. Прэзідэнт выйшаў са свайго кабінета апошні, тады, калі ў будынку ўжо нікога, апроч вышукнікоў, не заставалася.

Працы па вышуку выбуховай прылады працягваліся без малога дзве гадзіны, але безвынікова. А яшчэ праз гадзіну ў інтэрнэце з’явіўся допіс, што ўся гісторыя з аб’яўленым выбухам – банальная правакацыя.

Да сканчэння працоўнага дня заставалася гадзіна, і прэзідэнт, не жадаючы рызыкаваць жыццямі (ці мала што?) падначаленых, дазволіў ім разысціся па хатах раней. А сам, нягледзячы на ўгаворы памочніка і міністраў-сілавікоў, падняўся на свой паверх.

Выгляд парасчыняных кабінетаў раззлаваў яго. Да таго ж вышуканты нават не парупіліся пакласці на месца павыманыя падчас аперацыі з шафаў і шуфлядаў ды разбэрсаныя паўсюль паперы і кнігі.

Ён увайшоў у адзін пакой, у другі – усюды панаваў рэзрух, быццам тут пагаспадарыла гайня рабаўнікоў. Усюды расхрыстаныя шафы, перакуленыя пісьмовыя прыборы, папкі на сталах, і усюды побач з імі... зялёна-балотнага колеру томікі Жэнэ. Спачатку прэзідэнт, узрушаны бесцырымоннасцю вышукнікоў, не звярнуў на іх увагі. Але ягонае вока спатыкалася аб кніжкі так часта, што гэта было толькі пытаннем часу.

Дык вось што яны ўсе чытаюць! Жэнэ! Вось адкуль іх змоўніцкі выгляд! Жэнэ! Гэта ўжо эпідэмія!

Асабліва абурыў яго стол Эпізодчыка, на якім зелянелі абгорткамі ... ажно тры кнігі француза. Вось хто, аказваецца, тут галоўны яго папулярызатар, рухавік вэрхалу! Вось што азначаюць усе гэтыя перагукванні-перашэптванні супрацоўнікаў, што імгненна сціхаюць, варта выйсці яму, прэзідэнту, у калідор.

Ён дабрыў да свайго кабінета. У пакоі ўсё было акуратна прыбрана – нідзе ні намёку на вышуковыя працы. Толькі ссунутая па другі бок ад крэсла сметніца сведчыла пра нядаўнюю прысутнасць у кабінеце старонніх.

Прэзідэнт апусціўся ў крэсла, але прасядзеў у ім нядоўга : захацелася ў прыбіральню. Ён выйшаў з пакоя, падаўся ў канец калідора.

У прыбіральні, надзіва, было гэтаксама чыста, як і ў кабінеце. Толькі над адным з пісуараў у куце, там, дзе пачынаўся шыхт кабінак, высвечваў чырванню ў паўзмроку нейкі малюнак. Ён падышоў бліжэй, каб разглядзець яго, і не даў веры: дзяцюк з ягонымі рысамі твару размахваў гееўскім, колераў вясёлкі, сцягам, а наўкола тоўпіліся, цягнучы да яго, бы да гуру, рукі, дзесяткі малойцаў з выявамі абгорткі кніжкі Жэнэ замест твараў.

«Не, гэта ўжо не эпідэмія, гэта – пандэмія», — падумаў ён і пачаў ліхаманкава сціраць са сцяны крамзаніну. Сціраў ды дакараў сябе за неабачлівасць: трэба ж было гэтак па-дурному даць глебу для шантажу! І нават думка, што калі б не было Жэнэ ды Арсеня, што-небудзь іншае (народ той яшчэ) нядобразычліўцы прыдумалі б, чамусьці не суцяшала.

Але самая вялікая неспадзянка чакала прэзідэнта дома.

Ад самага пачатку, ледзь толькі ён пераступіў цераз парог рэзідэнцыі, штосьці падалося яму ў доме не такім, як звычайна. Гнятлівая цішыня панавала ў паветры. Жонка, хоць і сустрэла яго, паводле завядзёнкі, пры ўваходзе, паводзіла сябе так, быццам яе смяртэльна пакрыўдзілі: у вочы глядзець пазбягала, на пытанні адказвала адно немым кіўком галавы. А калі і прамаўляла якое слова, дык рабіла гэта падкрэслена суха, быццам вытрымлівала патрабаванні афіцыйнага пратакола: так, спадар прэзідэнт, як скажаце, спадар прэзідэнт. Апошняе канчаткова збіла яго з тропу. Што да чаго, уранні, пасля пяшчотна-мілоснай, поўнай эратычных вытанчанасцяў ночы, гэтак цёпла, здаецца, развіталіся? Зноў жа, казала, збіраецца апоўдні з сяброўкай у spa-салон, а тут на табе — ні каліва макіяжу на твары. І вочы вунь запалыя, як пасля хваробы...

Адказ на гэткія дзівосы чакаў яго ў кабінеце. Кампутар быў падключаны да інтэрнэту, і на маніторы яго красаваўся фотаздымак-калаж, на якім яны з Арсенем – хлопец у позе прыгнутага ветрам долу сланечніка, ён – ззаду, у паставе персанажа з анекдота пра асобаў, з-за якіх ужо і за шайкаю ў лазні неўзабаве не нахінешся, чытаюць кніжку Жэнэ. Зверху на ўсю шырыню калажа зіхацеў, пераліваўся колерамі вясёлкі вялізны, памерам на дзве траціны экрана, надпіс на мове: «АПСІМАТ І ЯГО АМАНУЭНСІС[12]».

— Поўны ўлёт, лепш не прыдумаеш, — азвалася з калідора жонка і шпурнула на канапу томік француза. – Вось, радуйся, на працу мне сёння бандэроллю ананімна зычліўцы даслалі. Але гэта што, паглядзі яшчэ блогі: стракацяць абсмоктваннямі тваіх прыгодаў. Дачок бы пасаромеўся, валацуга... Дзеўкам праходу цяпер не будзе... А мне як такое трываць? Што я маме ды астатнім сваякам скажу? Вось… а яшчэ прэзідэнт!

— Ну, гэта... гэта... выдумляюць чорт ведае што, бамбарылы!— сказаў ён роспачліва. Ды як ні быў выбіты з каляіны непамыснотамі дня, даў рады паправіцца і сказаць так, як вучыў Арсень, з захаваннем аўтэнтычнасці выслоўя ў мове: — Выдумляюць чорта з лапцямі. І што гэта, дарэчы, за слова – улёт? Толькі прыдуркаватых арго нам у хаце не хапала!

— Быццам… быццам апсімат з амануэнсісам лепш! – зноў зайшлася абурэннем жонка. Па тым, як беспамылкова вымавіла яна злёту абодва словы, няцяжка было здагадацца: зачапіла кабеціну як мае быць і, хутчэй за ўсё, надоўга.

На паседжанне ў Кіеў прэзідэнт паляцеў з перакладчыкам, які працаваў у Адміністрацыі да Арсеня. Арсень жа застаўся за намесніка старшыні камісіі іспыту па мове. Меркавалася, што ён будзе старшынёй, але ў апошні момант прэзідэнт, збіты з панталыку валтузнёю вакол іх супрацы ў калідорах Адміністрацыі і ў сеціве, перадумаў і аддаў лейцы кіравання Эпізодчыку: няхай пашчыруе, у скрайнім выпадку, калі што якое, не будзе на каго, апроч як на сябе, наракаць. Канечне, лепш за ўсё было б даверыць старшынства Вользе Андрэеўне, але яна катэгарычна адмовілася: куды мне, маўляў, няхай свае вядуць рэй.

Увесь час, пакуль на паседжанні ішлі дэбаты, прэзідэнт адчуваў сябе быццам выкінутае з гнязда птушаня ды вяртаўся раз-пораз у думках да падзей папярэдніх дзён. Ці не перастараліся яны з Арсенем ды Вольгаю Андрэеўнай, ці не перагнулі палку з моўным пытаннем? Не дадавала гумору і нейкае неўспадзеў прыкметна пахаладзелае стаўленне да ягонае асобы ўдзельнікаў паседжання: лаяльны да ўсяго канцлер Нямеччыны, які гадамі церпіць у сваім кабінеце міністра-вычварэнца і ягонага памочніка-палюбоўніка і глядзіць скрозь пальцы на афіцыйныя гойсанні закаханай пары па свеце, раптам ні з таго ні з сяго пачаў прыкметна (двайны стандарт у дзеянні?) ад яго дыстанцавацца. А расіянін дык і наогул прылюдна дэманструе непрыхільнасць, пры сустрэчы адно перасмыкнуў вуснамі і руку падаў з сашчэпленымі пальцамі, быццам іх у яго знерухоміла палярушам. Рознае, канечне, аднаму і другому абыходзіць, а, бач, умомант схаўрусаваліся, во і дай тут рады вытрымаць лінію.

Сумнеў агортваў прэзідэнта за сумневам, і ў выніку толькі адна справа засталася ад тых сумневаў вольнай — наконт мэтазгоднасці далейшай сумеснай працы з Арсенем. Дасведчанасць і адметныя дзелавыя якасці падначаленага – гэта, безумоўна, выдатна. Але чаго яны вартыя ў сітуацыі, калі на кон пастаўленая рэпутацыя галавы дзяржавы, а значыць – і імідж самой дзяржавы? Тут ужо ці да сантыментаў... Прыкладна на гэткай думцы набраў ён нумар Эпізодчыка і загадаў перадаць намесніку кіраўніка справамі, каб той тэрмінова падрыхтаваў належныя паперы да пераводу Арсеня з пасады перакладчыка на якую-небудзь іншую, пажадана ў адной з канцылярый кабінета міністраў, працу. Перапалоханы нечаканым тэлефанаваннем службовец, які напачатку падумаў, мусіць, пра горшае для сябе, хмыкнуў у слухаўку, зрабіўшы выгляд, што кадравыя ракіроўкі яго не надта цікавяць, паабяцаў выканаць даручэнне як мага хутчэй.

Так што калі прэзідэнт вярнуўся праз дзень дадому, Арсеня на працоўным месцы ўжо не было. За ягоным сталом сядзела сталага веку кабеціна і перакладала з англійскай мовы запыт адной канадскай кампаніі па вытворчасці аргтэхнікі на прадмет набыцця яе прадпрыемствамі краіны. Гэтая паперчына ды яшчэ пісьмовая справаздача памочніка аб праведзеным два дні таму іспыце па мове — вось і ўсе справы, што чакалі прагляду прэзідэнта ў гэты дзень. Ды ўсё адно на душы ў яго было не сказаць каб спакойна.

Прэзідэнт думаў. Цяпер, калі іспыт па мове быў паспяхова прыняты ў нетрах апарата Адміністрацыі, кіраўніцтва справаў і кабінета міністраў, досвед яго правядзення лагічна было б распаўсюдзіць на іншыя калідоры ўлады, напрыклад, на заканадаўцаў. А там, глядзіш, і наступныя, больш значныя, рашучыя крокі зрабіць. Так прэзідэнт меркаваў, ды справа чамусьці зусім не клеілася. І хоць ён і суцяшаў сябе часовасцю ахаладжэння запалу, выкліканага валтузнёй нядобразычліўцаў у інтэрнэце ды зламыствамі падначаленых, у душы дакладна ведаў: справа не ў адным толькі ахаладжэнні. І нават не ў шантажы з боку праціўнікаў мовы. Не. Звальненне Арсеня – вось галоўная прычына. І не гэтак у ролі перакладчыка, як у ролі аднадумца ў справе, у якой яму аднаму, без талковага дарадцы – ні туды ні сюды. Менавіта аднадумца, а не нейкага там афіцыйнага памочніка-кар’ерыста, што спіць і марыць схаўрусавацца з да сябе падобным ды торкнуць палку ў колы. Апроч таго, і маральны бок справы – не апошняя рэч у такой сітуацыі. Звальненне з апарату Адміністрацыі прэзідэнта ў вачах філістэра, асабліва калі гэта чыноўнік, рэч сур’ёзная, куды з такім мінулым уладкуешся? Ды чорт ведае, што яны там яшчэ запісалі хлопцу ў працоўную кніжку?

Ён набраў нумар аддзела кадраў, папрасіў начальніка прынесці справы супрацоўнікаў, звольненых з пасадаў цягам апошніх двух месяцаў. Усіх – дзеля адводу вачэй, з жадання ўнікнуць лішніх размоваў ды плётак. Цікавіў жа яго зараз, вядома, толькі адзін — Арсень.

Запіс у справе экс-тлумача быў зроблены лаяльна, аднак ні на які перавод, як ён прасіў памочніка, у ім не было і намёку. Звольнены паводле ўласнага жадання – вось і ўсё, што паведаміла скупая канцылярская фармулёўка. Усё гэта не дадало прэзідэнту гумору. А тут яшчэ пытанне, што рабіць далей і ці варта наогул што-небудзь рабіць з моўным пытаннем, па-ранейшаму не давала яму спакою.

Ён уключыў тэлевізар.

На канале ўсё яшчэ круцілі справаздачу аб спатканні прэзідэнтаў у Кіеве. Следам пайшлі навіны больш дробнага, лакальнага характару. Напрыканцы выпуску з’явіліся кадры пра хваляванні ў Тыбеце, звязаныя з незадаволенасцю аўтахтонаў асіміляцыйнай палітыкай кітайскага ўрада.

Мінулі тры тыдні. Жыццё ў будынку Адміністрацыі паступова нармалізавалася, вярнулася да звыклага – паперы, нарады, справаздачы, інтрыгі – рытму. Згадкі пра Жэнэ ў прыбіральні зафарбавалі, вынікі іспыту па мове разам з пытаннямі да яго прыхавалі ў схронах і стараліся згадваць як радзей, толькі ў выпадку крайняй неабходнасці. Зацішша ўжо пагражала ператварыцца ў ранейшае звыклае балота, як раптам прэзідэнту патэлефанавала Вольга Андрэеўна. Голас жанчыны злёгку трымцеў і выдаваў значна маладзейшым, чым у сапраўднасці.

— Прабачце, што турбую, спадар прэзідэнт. Мы тут днямі ладзім у ліцэі мерапрыемства з нагоды Міжнароднага дня моўнае разнастайнасці, то, можа, знойдзецаа ў вас магчымасць у ім паўдзельнічаць? Разумею, вы чалавек заняты, канечне, але... гэта так было б для нас усцешна, ды і вагі надало б імпрэзе... Былі б вельмі радыя вас бачыць.

— Удзячны вам за запрашэнне, але ж, ведаеце, — справы, — сказаў ён, пракручваючы ў галаве расклад працы на тыдзень. – А так бы, канечне, чаму б і не, чаму б не пабыць лішні раз з сімпатычнымі людзьмі.

— Дзякуй за камплімент! І вось просьба яшчэ... Наконт брашуры па мове, яна мне конча зараз патрэбная. Чалавек дыпломную піша, дык просіць памагчы літаратурай. Даруйце, што нагадваю, але...

— Гэта вы даруйце, што ў час не вярнуў, — сказаў ён і звыклым жэстам рукі намацаў у шуфлядцы стала шаршавую ад частага гартання вокладку брашуры. – Абавязкова перадам пры нагодзе.

Ён кашлянуў воддаль ад слухаўкі, зноў наблізіў яе да вуха. Карцела спытаць пра Арсеня (пэўна ж, яна ведае што-нішто пра свайго былога вучня), але не стаў: захоча – сама распавядзе. Быццам адчуваючы ягоныя думкі, Вольга Андрэеўна, памарудзіўшы хвіліну-другую, няўпэўнена сказала:

— Вучань мой, Арсень, ну, той, што ў вас перакладчыкам працаваў, у камерцыйную фірму ўладкаваўся. Кажа, дрэнь праца. Заробак някепскі, а ўсё адно нецікава яму там, не ягонае гэта…

— Арсень... Памятаю, канечне, — сказаў ён як мага абыякавей. – Што ж, як нецікава, то... То скажыце яму, хай зойдзе як-небудзь, можа, цікавейшае што падшукаем. І якраз і брашуру вам праз яго перадам.

— Дык да пабачэння! – сказала яна і неяк спехам, быццам чаго засаромеўшыся, паклала слухаўку.

Ён паклаў сваю, усё яшчэ трымаючы далонь на вокладцы брашуры, перагарнуў каляндар.

Дзень моўнае разнастайнасці, 21 лютага, канечне, як ён мог забыцца? З гэткай памяццю і ў няёмкае становішча можна калі-небудзь няўрокам трапіць.

Свята прыпадала на сярэдзіну наступнага тыдня. Часу засталося ўжо зусім няшмат, але калі парупіцца – вунь колькі ўсяго можна паспець зрабіць, было б жаданне. Балазе ў справах міжнародных часовае зацішша, можна засяродзіцца на клопатах унутрыдзяржаўных. Што, калі прызначыць напярэдадні Дня моўнае разнастайнасці ў гонар яго імпрэзу? Сабраць штат Адміністрацыі, запрасіць міністраў, акадэмікаў, прэсу, амбасадараў. Падрыхтаваць салідны выступ на мове, а там, глядзіш... Чаму б і не агучыць урэшце сёе-тое з задуманага, не зрабіць канкрэтныя захады наконт моўных перспектываў, не азадачыць люд паспаліты дасягненнем новых даляглядаў? Канечне, момант, можа, не надта спрыяльны з-за ўсяго гэтага вэрхалу з Арсенем, але калі ён быў для мовы спрыяльны? Адны перыпетыі мінулых стагоддзяў чаго вартыя! І сёння — не адно, дык другое заўсёды знойдзецца, толькі перасцерагайся. Не, трэба рабіць!

Ён загадаў новаму памочніку (Эпізодчыка паўтыдня таму перавялі на іншае месца працы, у гаспадарчую частку нейкай навучальнай установы) абвесціць на заўтра нараду дзеля абмеркавання нюансаў урачыстасці, з асалодаю заглыбіўся ў змест брашуры. І хоць чытаў яе машынальна, больш прабягаў вачыма, чым чытаў, бо і без таго ўжо ведаў змест выдання ледзь не на памяць, адчуванне, што чытае ўпершыню, не пакідала яго.

Надвячоркам наступнага дня, дзесьці праз паўгадзіны па сканчэнні нарады, прыйшоў Арсень. Калі з канцылярыі паведамілі, што хлопец чакае загаду ўпусціць яго ў будынак, прэзідэнт акурат піў каву. Нягледзячы на стому (нарада пачалася а дзясятай і расцягнулася, як заўсёды, ледзь не на паўдня), ён распарадзіўся не марудзячы правесці экс-перакладчыка ў кабінет.

Арсень паводзіў сябе раскавана, нават, здалося прэзідэнту, занадта, адно не падаў першым па-прыяцельску рукі. У дачыненні да каго іншага такія паводзіны, безумоўна, былі б расцэненыя прэзідэнтам як недаравальны выклік. Але, паколькі ён сам адчуваў сябе ў адносінах да Арсеня вінаватым, то вырашыў ні на якія выклікі не зважаць і трымацца так, быццам нічога не здарылася. Урэшце, знаўца пяці моваў і мовы ў дадатак – таксама жывы чалавек. Нанесеная ж яму несправядлівым, без тлумачэння прычын звальненнем крыўда каго заўгодна і не на такія паводзіны можа штурхнуць. І прэзідэнт пачаў размову, маючы на ўвазе найперш абмеркаваць сякія-такія нюансы ўрачыстасці да Дня моўнае разнастайнасці.

Першая яго рэпліка, аднак, насуперак намеру, вырвалася з вуснаў неяк міжволі і датычыла зусім не ўрачыстасці, а, як ні дзіўна... рамана Бэнэта.

— Чаму яна ўвесь час згадвае гэтага Жэнэ? – спытаў ён, акцэнтуючы слова «яна» і дастаючы з шуфляды кніжку англічаніна. – Там Жэнэ, тут Жэнэ, аж уваччу стракаціць ад прозвішча... Быццам гэты Жэнэ – няведама які значны персанаж у аповедзе... Што вы думаеце, Арсень, на гэты конт?

— Я думаю, што Жэнэ — гэта сімвал, — крыху агаломшаны нечаканым пачаткам дыялогу, сказаў Арсень. — Як бы гэта прасцей сказаць? – хлопец хвіліну падумаў. — Сімвал аб’ектыўнай збыткоўнасці творчага пачатку, незалежна ад меркаванняў і маральных прынцыпаў абывацеля. А галоўнае — ад таго, што ён, абывацель, ад творцы чакае. Мне так здаецца, а ці насамрэч гэта так – Бог ведае…

— Бог ды сам Бэнэт, мабыць, — сказаў прэзідэнт. Фраза перакладчыка здалася яму даволі цьмянай, але перапытваць, што той мае на ўвазе, не хацелася, і ён прадоўжыў: – Не ведаю, у каго як, а ў мяне склалася такое ўражанне, што аўтару кніжкі згадкі пра гэтага француза абыходзяць куды больш, чым каралеве.

— Гэта значыць, вы чыталі твор уважліва, — сказаў госць. – Няшмат хто здольны яго так чытаць.

— Уважліва! – употай адзначаючы камплімент суразмоўцы на свой адрас ды робячы выгляд, што не заўважыў яго, сказаў прэзідэнт. — Але што з таго? Якою важнаю дзяржаўнаю высновай магу я, прэзідэнт краіны, узбагаціць свой досвед праз чытанне такога твора? Штосьці ж мела на ўвазе ваша Вольга Андрэеўна, скіроўваючы мяне да знаёмства з ім... Не так жа проста падсу... дала яна мне гэтую кніжку.

— Ну, у дачыненні да Жэнэ – наўрад. Калі яна і мела на ўвазе на што-небудзь вас скіраваць, дык для гэтага і без знаёмства з жыццёвымі прыярытэтамі Жэнэ ў рамане ўзораў дастаткова.

— І ў чым жа яны, тыя ўзоры, на ваш погляд, палягаюць?

— У тым, што вы і самі, без маёй падказкі, мабыць, выдатна ведаеце: у наканаванасці справы. Хіба не так?

— Можа быць... відаць... канечне, — пагадзіўся па хвіліне вагання прэзідэнт. – Але... Як вы добра гэта сказалі – у наканаванасці.

На хвіліну ў кабінеце ўсталявалася маўчанне. І зноў першым парушыў яго прэзідэнт:

— Мы тут падшукваем чалавека для камандзіроўкі ў Рым для вырашэння пытання з усталяваннем дошкі з надпісам на мове на магіле Кірыла і Мяфодзія ў адной з тамтэйшых базылік. Вы памятаеце, напэўна, — нунцый згадваў пра тое захаванне падчас нашага прыёму з нагоды Дня рэспублікі. Ну, дык вось, паглядзець, што там ды як, перамовіцца з кім трэба – справаў не так шмат, а тым часам… Нунцый абяцае падтрымку. Дык ці не згодзіцеся вы ўзяць на сябе такі клопат? На зваротным шляху ў Вену, дарэчы, маглі б заехаць, там, я чытаў днямі ў інтэрнэце, мае адбыцца гэты... гей-парад, ці як там яго... Калі гэта асабістых вашых планаў не парушыць, то вось – і добра было б... Казаў той, двух зайцоў адным стрэлам…

— Усё гэта вельмі цікава і завабліва, спадар прэзідэнт, і няёмка адмаўляцца ад такой прапановы, ды ў мяне шлюбная цырымонія на носе, — сказаў Арсень. – Два тыдні таму заяву падалі ў ЗАГС…

— Жэніцеся? Дык тым больш! – падхапіў з энтузіязмам прэзідэнт. – То тым больш: чаму б не зрабіць падарунак да гэткай падзеі сабе і … і свайму абранніку? Але хто ён, калі не сакрэт?

— Не ён, а яна… Абранніца, — сказаў Арсень. — Былая аднагрупніца, цяпер разам у аспірантуры вучымся.

— О, прабачце, даруйце! – сказаў прэзідэнт. – Зусім збілі мяне з тропу сваімі дурнымі намёкамі ды інсінуацыямі тутэйшыя інтрыганы.

— Нічога, усяк бывае, — сказаў Арсень і, робячы выгляд, што пазяхае, а насамрэч хаваючы за тым жэстам усмешку, прыкрыў рот даланёй. – Да таго ж з рэштаю кандыдацкага мінімуму трэба мне тэрмінова ва ўніверсітэце разлічыцца, час падціскае. Так што, прабачце, наўрад атрымаецца паехаць. Ды ўсё адно дзякую за прапанову.

— Наша справа прапанаваць, — спатыкаючыся на думцы, што вось ужо другі раз падчас размовы кажа пра сябе, бы англійская каралева ў творы Бэнэта, у множным ліку, зазначыў прэзідэнт і лагодна дадаў: — Але гэтая ваша адмова, спадзяюся, не значыць, што мы ў будучыні не пасупрацоўнічаем? Ёсць у мяне яшчэ сёе-тое наўме... Калі вы не супраць, канечне…

— Канечне, я не супраць, — сказаў Арсень. – Спадзяюся, гэта будзе што-небудзь датычнае мовы?

— Магчыма, — ухіліўся ад прамога адказу прэзідэнт. – Што да дэталяў, дык пра іх пазней даведаецеся, усяму свой час. Казаў той, маўчок – пятачок, а два маўчкі – грывеннік.

Урачыстасць прызначылі на другую палову дня, на пятнаццаць гадзін у Бела-Чырвона-Белай зале, перайменаванай гэтак два гады таму з Зялёнай. Спачатку мелі намер ладзіць яе ў Вялікай, ды там якраз былі ў разгары распачатыя днямі працы па замене падлогі і падваконнікаў. Рассылкай запрашэнняў займаліся новы памочнік з сакратаркай. Усіх цікавіў сцэнар мерапрыемства, але яго – у агульнапрынятым сэнсе – не было. Выступ прэзідэнта ды слова тых, хто палічыць патрэбным выказацца. Гранічна дэмакратычна: ніякага даклада, нязмушаная размова, магчыма, дыялог – вось і ўся праграма. Нават ад запрашэння замежных амбасадараў, хоць спачатку гэта і планавалася, вырашана было ўстрымацца. Адзінае, што кожны ведаў дакладна, – імпрэза будзе ладзіцца на мове. Сярод звыклага да жорсткага пратакола апарата Адміністрацыі і міністраў усё гэта выклікала неўразуменне. Затое прэзідэнт быў настроены рашуча. Што і прадэманстраваў адразу ж, як толькі прысутныя занялі месцы ў зале.

— Я вось чытаў нядаўна ў адным даследаванні, як выціскалі на нашых абшарах нашу мову з жытку нашыя суседзі-заваёўнікі ў 17-18 стагоддзях. Хітра, ведаеце, рабілі: спачатку тэкст дакумента на нашай мове падавалі, а прэамбулы да яго і фармулёўкі ды рэзюмэ напрыканцы – на сваёй. Затым памянялі ўсё. Вам, шаноўныя, гэта нічога не нагадвае?

Зала сцішылася, і стала чутно, як дзынькаюць па шкле вокнаў ці то рэдкія кроплі дажджу, ці то крупкі граду.

— Сённяшнюю нашу прэсу нагадвае, — падаў голас міністр сельскай гаспадаркі, круглатвары цельпукаваты чалавек з шалікам на шыі замест гальштука. Падаў ды ўвобміг і скукожыўся пад злым паглядам рэдактара галіновай газеты, які, відаць палічыў гэткі выпад помстаю за нядаўні крытычны артыкул у выданні на адрас міністэрства. Ды адступаць не было куды, і міністр працягваў: – А што, няпраўда? Назва газеты ды прозвішча рэдактара – на мове, усё астатняе… Самі ведаеце… Што, праўда вочы коле?

Зала яшчэ больш сцішэла, так што хвіліны з тры наогул нічога не было чутно, апроч пошуму дажджу, што паступова пераходзіў у абліваху. Прэзідэнт выклаў з папкі аркушы з запісамі, акінуў залу рашучым паглядам у пошуку найбольш прыязнага (так вучыў яго паводле правілаў публічнага выступу Арсень) твару. Гэта, аднак, аказалася не так проста: фізіі прысутных быццам зліліся ў адну невыразную пляму, нагадвалі фрагменты мазаікі з нагрувашчаннем неўразуменных, няўцямны-бляклых паўтонаў і адценняў: твар радцы па пытаннях ідэалогіі са звузелымі зрэнкамі гейшы, якой пад павека неўспадзеў трапіла фарба, змярцвела-няўцямны, са старанна прыхаванымі рыскамі ваяўнічасці позірк шэфа службы бяспекі, скамянелы, падобны да пысы сканалае па ўдалым акце працягу роду чырванарыбіцы твар міністра гандлю… Спатрэбілася колькі хвілін, каб іх персаніфікаваць ды суаднесці з асобаю і пасадай кожнага. Прэзідэнт узгадаў, што вось акурат гэтак нагадвалі яны непрыступную каменнасць муру ў дзень, калі ўбачылі на сваіх сталах раскладзеныя Арсенем асобнікі Закона аб мовах, і вусціш ахапіў яго. Ды адступаць не было куды.

«Ат, халера іх, адзін раз Марку жаніць», — слізгаючы вачыма па паставе старшынькі выбарчай камісіі, што зіркала раз-пораз па баках ды шаптала нешта на вуха намесніку кіраўніка справаў, падумаў ён і гучна сказаў:

— Ну, дык што, пачнем?

Яго прамова доўжылася амаль гадзіну. Зашмат, ды што зробіш, калі гэтак многа ўсяго набралася выказаць за дні, тыдні, месяцы падахвочанага маладой няўрымслівасцю Арсеня роздуму над прэзентаванаю Вольгай Андрэеўнай чытанкай аб лёсе мовы. Зрэшты, слухалі яго даволі ўважліва, і гэта давала надзею. Тым больш, што, бачна было, і яго аднадумцаў адносна стаўлення да прадмета абмеркавання ў зале не бракавала. Дырэктар інстытута мовы шторазу згодна хітаў прэзідэнту галавой. Харызматычная рэктарка нацыянальнага ўніверсітэта, даючы час ад часу волю эмоцыям ды няўзнак завабліваючы за сабою ў цянёты незласлівай анархіі іншых, гучна смяялася наўздагон ягоным досціпам. Усё было добра, сумневу быць не магло: выступ удаўся. Прэзідэнт з палёгкаю пасунуў убок тэзісы, раздумваючы, як бы эфектней скончыць прамову, выпрастаў руку па-над трыбунаю.

— Ну, дык вось, шаноўнае спадарства, я сказаў усё, што меў сказаць, і спадзяюся, мая пазіцыя ў дачыненні да моўнае палітыкі дзяржавы вам зразумелая. Што да канчатковага рашэння, то яно цяпер цалкам залежыць ад вас. Прапаную прыступіць да абмеркавання выступу.

Першым узяў слова старшыня заканадаўчага сходу. Яго выступ быў кароткі і датычыў галоўным чынам прававой базы замацавання за моваю функцый адзінай дзяржаўнай. Паўз зазвычай не характэрную выступам старшыні натхнёнасць, якую ён і зараз старанна прыхоўваў за афіцыйнасцю тону, праслізгвала ледзь улоўная нязгода з высновамі прэзідэнта. Становішча, надзіва, паправіў не сказаць каб прыхільны да мовы прэм’ер-міністр:

— Веданне мовы – наш абавязак. Усебаковасць адукацыі ніколі нікому не шкодзіла.

— Лично я всегда имел в школе по языку высший балл, — вымкнуўся кіраўнік прэс-службы Адміністрацыі. — Дык...

— Прыемна такое чуць, — перарваў яго прэзідэнт. — Але язык і мова – не адно і тое.

— Мова – душа народа, — нечакана для ўсіх бліснуў абазнанасцю ў айчынных крылатых выразах галава Адміністрацыі і сцяўся ў чаканні рэакцыі залы.

— І пакуль мова жыве – жыве народ, — не без іроніі зазначыў прэзідэнт і прадоўжыў, знарок зрабіўшы даволі працяглую паўзу: — Прыгожыя словы. Але што словы без падмацавання справаю? Сказаць прыгожа – адно, зрабіць паводле прамоўленага – зусім іншае. Сказаць і дурань можа.

Галава Адміністрацыі нервова таргануўся на месцы, у няпэўнасці, быццам раздумваючы, на чый адрас прагучала апошняя фраза, схіліў голаў над кейсам.

— Я толькі хачу сказаць, што ў такой важнай справе, як вырашэнне лёсу мовы, паміж словам і справай не павінна быць разыходжання, – працягваў тым часам прэзідэнт. — Цікава, што думае на гэты конт міністр культуры?

Міністра культуры ў зале чамусьці не аказалася, затое па паўзе жаданне ўзяць слова выказаў вядомы хітраван і ветэран кабінета — кіраўнік міністэрства замежных справаў. Ён адзіны з прысутных здолеў перасядзець на пасадзе двух папярэднікаў прэзідэнта, апошняму з якіх, між іншым, колісь уласнаму прэтэжэ, хадзілі чуткі, нават актыўна паспрыяў у сыходзе ў выніку імпічменту. І вось зараз, ледзь запахла смажаным, імгненна падмеўся, не топчучыся лішне на месцы, узяць ініцыятыву ў свае рукі.

— Свая мова – гэта прэстыж. І не абы-які. Тым болей цяпер, калі нават самыя нешматлікія народы ды народнасці гэтак актыўна пайшлі на стварэнне нацыянальных інтэрнэт-даменаў. А мы чым горшыя? Я мяркую, што сённяшняя імпрэза – надзвычай важны крок на шляху да ўсталявання мовы ва ўсіх сферах. Мова – гэта, ведаеце, тварь нацыі, і каму, як не нам, слугам народа, дбаць аб яе росквіце…

Нягледзячы на ўдаваную памяркоўнасць, рэпліка выступоўцы, асабліва наўмысна ўжытае ў ёй слова «твар», якое ён і раней заўсёды ўжываў на мове не іначай як з сарказмам, вось гэтак — са змякчэннем апошняга гука, агулам больш нагадвала выклік прэзідэнту, чым згоду з яго высовамі. Гэта, канечне, прэзідэнта насцярожыла.

— Даволі разумная выснова, — мяркуючы, аднак, што лепшае зачэпкі для пераходу да самага галоўнага можа сёння і не надарыцца, падхапіў ён. – То чаму б нам усім разам і не падумаць наконт больш важкіх крокаў па ўсталяванні мовы? Асабліва цяпер, пасля паспяхова здадзенага іспыту… Так бы мовіць, не расставіць кропкі над «і»...

Зала зноў суцішылася. Дождж на дварэ скончыўся, кроплі больш не грукалі па бляшаных пласцінах стокавых надваконных брылёў, і гэта надавала цішыні вусцішны, нават злавесны характар.

Прэзідэнт акінуў залу паглядам, і яна здалася яму гэтым разам яшчэ больш безаблічнай, чым на пачатку паседжання. Прыязныя вочы аднадумцаў неяк неўпрыкмет растварыліся ў агульнай масе, і на першы план зноў высунуліся тыя, якія гэтак не глянуліся яму на пачатку імпрэзы, якія ў менш абавязковай сітуацыі і бачыць яму, бадай, не надта хацелася б.

— Выканаць свой абавязак перад гісторыяй — гэта, канечне, цудоўна. Ды вось толькі ці своечасова ўсё тое будзе? – зноў узяў слова прэм’ер-міністр. — Пытанне няпростае: адно давядзеш да ладу, другому, наадварот, — шкоду зробіш. Паўгода засталося да пачатку выбарчай прэзідэнцкай кампаніі, ці не адпужаем мы выбарцаў такім радыкальным крокам? Можа, усё-такі крыху пачакаць з гэтым моўным пытаннем? А тым часам...

— ...Прадоўжыць знаёмства з лепшымі набыткамі сусветнай словатворчасці, — паспяшаўся падаць голас са свайго месца ў сярэдзіне залы шэф ідэалагічнай службы і дадаў, гледзячы запытальна на старшыню літаратурнай суполкі, заўсёды насцярожанага чалавека з арліным паглядам сіцылійскага мафіёзі: — Вось я чытаў дзесьці, што ў Англіі зараз усе чытаюць Бэнэта, а ў Францыі зноў папулярны пісьменнік Жэнэ. А вы, спадар старшыня, як наконт Бэнэта і Жэнэ – чыталі іхнія творы?

Старшыня літсуполкі памкнуўся прадэманстраваць зацікаўле-насць тэмаю, але выгляд яго, асабліва торганне цягліц твару, сведчыў, што ні таго, ні другога з названых аўтараў ён не толькі чытаў, а нават і прозвішчаў такіх, хутчэй за ўсё, не чуў.

— Ну, я асабіста не чытаў... на жаль… Хоць яно, канечне, і нядобра, але дзе ж там за ўсім усочыш, столькі ўсяго паўсюль друкуецца... Зрэшты, можа, і чытаў калі, ды не магу гэтак во адразу ўзгадаць…

— Пра Бэнэта не ведаю, а француз, кажуць, цікава піша, — прыйшла на дапамогу шэфу рэферэнтка старшыні, бухматая дама з брошкаю ў выглядзе сэрца на грудзях. – Мой муж акурат зараз чытае Жэнэ, дык вельмі ж ім захапляецца. Такая, маўляў, там моўная стыхія, такое незвычайнае заглыбленне ў нетры чалавечае натуры...

У сярэдзіне залы хтосьці юрліва хіхікнуў, але тут жа сціх, перарваны наступнаю рэплікай прэзідэнта:

— Вось-вось, стыхія, і менавіта моўная… Дык і працягнем нашую гамонку пра мову. Пра нашу мову. Дакладней – скончым. Кажаце, спадар прэм’ер, выбары на носе? Ну, выбары — гэта, канечне, важна — згодны. Але чаму абавязкова трэба адно аднаму, я выбары маю на ўвазе і мову, супрацьпастаўляць? Мне, як дзейнаму пакуль што кіраўніку дзяржавы, гэта не зусім зразумела. І не думайце, што мы тут сёння сабраліся дарэмна. Якое б і ў што ні было там заглыбленне ў Жэнэ, я ніколі, ні-ко-лі гэтак, як сёй-той з вас, відаць, спадзяецца, не зраблю. Што да Бэнэта, дык… я ж – не каралева, пажыццёвага права на трон не маю, рана ці позна давядзецца сысці. Так што выбары выбарамі, а...

— Вам, канечне, вырашаць, — падтакнуў прэм’ер. – Нам што, вы галава: як скажаце, так і будзем рабіць. Хоць гэта і не значыць, канечне, быццам мы не патрыёты і рабіць будзем па-вашаму без належнага жадання, толькі таму, што вы загадалі...

— Рабіць будзем усё спакойна і метадычна, — сказаў прэзідэнт.

— Спакойна ўсё-такі? – радасна ўсклікнуў віцэ-прэм’ер.

— І метадычна, — удакладніў прэзідэнт. – Сякія-такія папраўкі ўнясем у Закон аб мовах з улікам таго, што гэтак шмат часу мінула ад яго прыняцця. Куратара прызначым для каардынацыі дзеянняў. Ёсць тут адзін талковы чалавек у мяне на прыкмеце, думаю, дасць рады. Але пра гэта пазней. А што да патрыятызму... Ну, што там... Вось, калі ласка, кожнаму карты цяпер у рукі на працоўным месцы, дэманструйце... — Ён пастаяў колькі хвілін моўчкі ля трыбуны, не зважаючы на скіраваныя ў ягоны бок агаломшаныя пагляды, няспешна пайшоў да вакна.

Дождж на дварэ амаль перастаў, і ачышчаны аблівахай ад снегу асфальт перад будынкам Адміністрацыі блішчэў, бы толькі што адшараваная венікам напярэдадні свята падлога ў вясковай хаце. Двое, ён і яна, стаялі пад парасонам на ходніку акурат пад вакном, заўзята аб чымсьці спрачаліся. Спрэчка пары была такая гарачая і рашучая, што запал яе імгненна перадаўся прэзідэнту.

— Але... а што гэта вы ўсе такія панурыя? — сказаў ён і імклівым крокам вярнуўся да трыбуны. – Я ж сказаў, ніхто вашага патрыятычнага запалу ўціскаць не збіраецца. Дык калі ласка, шаноўныя, у добры шлях! Калі ласачка!

Эпілог

Прэзідэнт знаходзіўся пры ўладзе яшчэ пяць гадоў. Меў намер балатавацца і на наступнае чатырохгоддзе, але ў выніку ціску грамадскасці (канстытуцыя краіны прадугледжвала толькі два тэрміны прэзідэнцтва) саступіў права ўдзелу ў змаганні за высокую пасаду маладзейшым супернікам. Ягоным наступнікам стаў у выніку жорсткай перадвыбарчай барацьбы малады міністр замежных справаў краіны. Апошні вельмі хутка займеў вядомасць у кіроўнай эліце свету тым, што, ведаючы дасканала дзевяць замежных моваў і мову, амаль ніколі, апроч тых выпадкаў, калі сутыкаецца з моваю зусім ужо экзатычнаю, не карыстаецца паслугамі перакладчыкаў. І яшчэ непрадказальнаю, часам на мяжы фолу, дасціпнасцю. Так, аднойчы ў Букінгеме, падчас прыватнага прыёму ў англійскага караля, свайго равесніка і дружбака, на пытанне Яго Вялікасці, ці не чуў ён, дарагі сябра Арсень, што-небудзь пра пляшывага французскага драматурга і празаіка Жэнэ, пад дружны смех прысутных сказаў: «Жэнэ? Штосьці быццам узгадваю… Ці не той гэта, імя якога ў свой час вашай бабулі не давала спакою?»

Вольга Сымонаўна шчасліва дапрацавала ў ліцэі да пенсіі, выйшла замуж за ўдаўца-аднагодка, суседа па пад’ездзе, і цяпер піша ўспаміны пра свае дзелавыя.стасункі з папярэднім прэзідэнтам. Што там яна піша, дакладна ніхто не ведае, але, мяркуючы па надрукаваным не так даўно ў адным з часопісаў невялікім урыўку, твор абяцае быць захапляльным. Што да галоўнага героя яе ўспамінаў, то ён па адыходзе ад дзяржаўных справаў дазвання акунуўся ў раман з моваю. Два гады таму нават стварыў фонд яе развіцця, ледзь не штомесяц ездзіць па краіне, а то і ў замежжа з мэтаю яе папулярызацыі і марыць пра той час, калі жонка, беручы прыклад з уласных унукаў і старэйшай дачкі ды зяцёў, загаворыць з ім урэшце на мове не толькі на людзях, падчас вечарын і прэзентацый, але і дома, як робіць гэта ўжо ў размовах з мужамі большасць яе суайчынніц.

Пра лёс астатніх персанажаў аповеду вядома мала. За выключэннем таго, што некаторыя з іх ужо памерлі, а рэшта, як зазвычай пасля завяршэння працоўнай кар’еры, шчыруе на лецішчы або займаецца падвышэннем дабрабыту дзяцей-унукаў, зачапіўшыся дзякуючы старым карпаратыўным сувязям за няпыльную пасаду ў якой-небудзь блатной канторы. Калі-нікалі яны збіраюцца разам, настальгічна ўспамінаюць пад чарку-скварку салодкія імгненні знаходжання на высокіх пасадах і, не даўшы рады задушыць унутры сябе жабу зайздрасці і непрыязнасці да дзейнага прэзідэнта, расказваюць пра яго адзін аднаму анекдоты, дасылаюць у жоўтыя таблоіды ананімныя цыдулы пра ягоныя «вычварэнскія паходжанні» падчас працы перакладчыкам у Адміністрацыі ды апантана, са смакам бэсцяць яго настойлівыя захады, звязаныя з выкананнем чарговых артыкулаў Закона аб мовах.


Загрузка...