Духі Нізіннае Мошы Апавяданне


У той год спёка трымала ў сваіх чэпкіх абдоймах апошніх жыхароў Нізіннае Мошы і яе ваколіцаў без малога тры месяцы. Ад пачатку ліпеня і аж да сярэдзіны восені не крапнула на тамтэйшыя западзіны, узгоркі ды палеткі ані грама дажджу. Сасмяглая флора дачасна пабілася спрэс хваравітай, нязвыклай для гэткае пары года жаўцізною, а і без таго беднаваты на спажыўныя рэчывы паўночны суглінак дазвання зрудзеў, запёкся калянымі глыжамі, як запякаюцца імі пакінутыя кепскаю гаспадыняй на прыпеку на значна даўжэйшы час, чым патрабуе таго тэхналогія вырабу, галоўкі сыру. Калі ж няўрокам і дапінала да Нізіннае Мошы выпадковая, залётная аблачына, дык і яна прыносіла з сабою больш клопатаў, чым палёгкі. Невыносная гарачыня змянялася падчас навальніцы такім грымоццем і рэзрухам, што людзям нічога іншага не заставалася, як прасіць Бога аб літасці пакінуць усё як ёсць і не выпрабоўваць напрыканцы жыцця шаламі стыхіі. Тым больш, што перамены, хай і да лепшага, ім надта не абыходзілі: статку яны ўжо амаль не трымалі, а што да гародаў і тых шчадротаў, якімі тыя гароды могуць адарыць вясковага рупліўца ўзамен на пякельную працу, — то ці так ужо шмат трэба старому чалавеку? Пражыўшы жыццё ў вечным дбанні пра кавалак хлеба, цяпер, на схіле дзён сваіх, яны ўрэшце маглі крыху расслабіцца, павохкаўшы дзеля прыліку над расповедамі радыё- ды тэледыктараў пра газавыя, малочныя і іншыя войны краю з блізкімі і не надта блізкімі суседзямі, аддацца салодкай мане серыялаў або зваблівым згадкам з часоў мінулых. Рэчы менш зменлівыя, чым засуха, якая прыйшла ў тым годзе на мошаўскія абшары разам з летняю задухай, такія, як набыццё кавалка тканіны на сукенку ці на пінжак да дня адыходу ў лепшы свет або зграбнасць надпісу на помніку па тым адыходзе, уяўляліся ім куды больш надзённымі, куды больш вартымі клопату. Адзінае, бадай, што лучыла іх па-ранейшаму, як у дні маладосці, з мітуслівым светам, – хто б даў веры? — грошы. Ды яшчэ каліва гонару за ўласны, гэтак багаты на падзеі і добрыя ўчынкі жыццёвы досвед, упартая старэчая надзея, што вось аднойчы ж і ён, той досвед, каму-небудзь ды прыдасца, паслужыць калі не ўзорам паводзінаў, дык хаця б дарадцам у той ці іншай справе. Не ўяўляючы іншага жыцця, як тое, што адбылі яны тут, на бедных гэтых суглінках, апошнія жыхары Нізіннае Мошы і прыпушчаць не жадалі, што маглі б ставіцца да першага і другога ці распарадзіцца імі напрыканцы іначай, чым вымагала прадаўняя, пругкая, як напятая лёска вуды, калі таргае яе за зазуб з прынадаю неабачлівая рыбіна, завядзёнка продкаў.

Сонечны дыск ужо амаль што зліўся нізам з рысаю далягляду, калі Адам Кубарака, васьмідзесяцідвухгадовы стары па мянушцы Туфялёк, прыліплай да яго яшчэ ў маладосці ці то з-за прыналежнасці кагосьці з дзядоў-прадзедаў да шавецкае справы, ці то з-за намёку на бясспрэчнае галавенства ў сям’і жонкі Туфілі, і ягоная гэткая ж немаладая, але ўсё яшчэ даволі ўвішная старая нясмела ўвайшлі ў будынак раённай філіі банка ды, азірнуўшыся раз-другі па баках у пошуку чаго-небудзь звыклага, што нагадала б ім інтэр’ер іх роднае хаты ў Нізіннай Мошы і дадало б рызыкі не бянтэжыцца ў незнаёмым месцы, накіраваліся да аднаго з вакенцаў. Яны яшчэ ўранні прыехалі ў райцэнтр з дому на аўтобусе адмыслова па грошы на ўкладах, але перад тым, каб не цягнуцца ў горад лішні раз, вырашылі, карыстаючыся нагодай, наведацца і ў паліклініку: Туфялёк каторы дзень запар нядобра сябе адчуваў, і старая літаральна вантробы яму стачыла, бы той шашаль каўнер палітона, напамінамі пра доктара. Ды ў паліклініцы аж во да якой пары затрымаліся яны спачатку з-за мітрэнгі з карткамі ў рэгістратуры і пасля з-за спазнення доктара і цяпер вельмі непакоіліся, як жа даць рады паспець на апошні аўтобус дадому. Яшчэ, праўда, была ў іх да рэйса ў запасе гадзіна з каптурыкам, але ж як яно пойдзе тут, у банку, — таксама невядома. А раптам грошай не хопіць (здараецца, кажуць, і такое), ці яшчэ якая трасца ўштукуецца – беднаму, казаў той, у кожнай шчэлцы — костка. На шчасце, больш кліентаў у банку, апроч іх дваіх, не было, і старыя пакрысе супакоіліся. Праз хвіліну Туфялёк ужо з выглядам бывалага ўкладальніка даставаў з кішэні паперчыну-дамову аб укладзе, Туфіля, дастаўшы з сумачкі сваю, але не жадаючы, мусіць, распачынаць працэдуру атрымання грошай першай, з цікавасцю і недаўменнем то азіралася на аўтаматычныя, што самі адчыніліся перад імі хвіліну таму, дзверы на ўваходзе, то кідала ўпотай пагляд на бялюткія – памяшканне, відаць, нядаўна адрамантавалі і ў ім яшчэ пахла фарбаю – сцены, то на завешаны ад верху да долу абвесткамі і інструкцыямі стэнд у прагалку паміж вокнамі.

Касірка, маладзенькая дзяўчына з хвастом рудаватых валасоў на патыліцы, якая дагэтуль штосьці ціха варажыла пры камп’ютары, варухнулася, адарвала галаву ад спярэшчанага лічбамі манітора, зірнула абыякава на Туфялька.

— Што рабіць будзем, дзядуля? Дадаваць? Ці, мо, працэнты здымаць? Што?– спытала і з выглядам звыклага да ўсяго чалавека штурхнула ад сябе парожнюю жалезную скрынку для папер понізу стойкі. – Давайце вашы дакументы.

— Усё да рубліка здымем, — сказаў рашуча Туфялёк і паклаў у скрынку дамову разам з пашпартам.

Зняць грошы ім параіла днямі па тэлефоне пляменніца Люда. Маўляў, невядома, як яно будзе далей, сітуацыя такая няпэўная, усюды крызіс, рэзрух, анамальная гарачыня, пажары – дык лепей за ўсё трымаць капейчыну пры сабе. А то зробяць, як зрабілі дваццаць год таму, абясцэніўшы ўсё ўмомант да кошту аднаго бохана хлеба, і шукай тады вінаватых. Ці лепш яшчэ – наогул замарозяць уклады, перастануць аддаваць, дык у выпадку чаго і зняць, як спатрэбяцца грошы на што пільнае, не зможаце. Моладзь вунь спрэс забірае з банкаў, а чым вы горшыя? Як на мазоль наступіла дзеўка з тымі словамі. Памятаючы пра амаль дваццаць пяць тысяч старых рублёў, што неўпрыцям ляснулі, перарабіліся ў нікчэмныя паперкі два дзесяткі год таму, напрыканцы эры саветаў, ды ўволю, аж да хрыпу, наспрачаўшыся, у які дзень лепей ехаць у горад, вырашылі-такі з Туфіляю зрабіць, як раіла Люда: дзеўка не дурная, тэхнікум скончыла, да таго ж сваячка, абы-чаго не параіць. Канечне, пляменніца – не роднае дзіця. Ды, як роднага няма, і за чужога будзеш чапляцца. Адзіны сын Туфілі і Туфялька, Алег, загінуў у сямідзесятых у войску ў час савецка-кітайскага закалоту. Папраўдзе, і грошы тыя, што згінулі, пачалі яны колісь збіраць дзеля сына. Гэта пасля ўжо, як Алега не стала, страціўшы інтарэс да збірання, клалі сабе паціху на кніжку паводле завядзёнкі, не задумваючыся асабліва, для чаго, з якою мэтай. Смерць сына здорава іх тады абаіх падкасіла, так, што і па сёння стараліся прылюдна пра тую жудасную трагедыю не згадваць, аддаючыся тузе ў маўклівай самоце.

Уся справа заняла хвілін дзесяць. Касірка спраўдзіла Туфяльковы подпісы на бланках, паклала грошы ў пашпарт, штурхнула скрынку з дакументам і грашыма ў накірунку старога.

— Дваццаць адна асігнацыя па сто эўра і яшчэ дзве па дваццаць — дваццаць тры купюры, усяго дзве тысячы сто сорак… Пералічыце пры акне, не адыходзьцеся, — сказала строга і падала знак Туфілі аддаваць свае дакументы.

Туфялёк пасунуўся ўбок, не дастаючы банкнотаў з пашпарта, пачаў лічыць насліненымі пальцамі каемкі хрусткіх, з нязвыклымі знакамі паперак. Далічыў сяк-так усе да апошняй, выцер узмакрэлы ад хвалявання лоб даланёй, уздыхнуў з палёгкай: дваццаць тры штукі, усё правільна. Адышоўся ў кут, пад стэнд, хуценька сунуў пашпарт з грашыма ў верхнюю ўнутраную кішэню пінжака. Крэкнуў задаволена: хоць і не заробленыя ўласнымі потам ды крывёю тыя купюры, а, глядзі ж ты, – грэюць. Быццам кавалак бясплатнага торта неўспадзеў адхапіў, аматар салодкага, рады ў гады, трапіўшы выпадкова, без запрашэння на чужое свята.

Грошы ім з Туфіляй дасталіся два гады таму ад жончынага брата Мірака, малалетняга вязня нямецкага канцлагера ваеннай пары. Дасталіся, сапраўды, лёгка, быццам сам лёс злітасцівіўся над імі ды і сплаціў хоць збольшага тыя згубленыя колісь дваццаць пяць тысяч. Ашчадны Мірак, стары бабыль, звыклы адмалку, як і яны, абыходзіцца малым, некалькі год запар штомесяц атрымліваў грошы з Нямеччыны ў якасці кампенсацыі за знаходжанне ў канцлагеры, спачатку ў далярах, апошнім часам, пасля таго, як з’явілася новая валюта, – у эўра. Жыў Мірак з пенсіі, даляраў і эўра не чапаў – во і набегла неўпрыкмет тры тысячы адных і дзве другіх. За тыдзень да смерці, адчуваючы, мусіць, што жыць засталося ўжо нядоўга, паклікаў сястру і яго, Туфялька, у бальніцу і, дастаўшы з-пад пояса нагавіц пачак купюр, аддаў усё з умоваю, што пахаваюць яго па-людску і паставяць помнік. Не такі, вядома, як цяпер зазвычай робяць, цяп ды ляп, а салідны і абавязкова – з крыжам. Грошы яны тады з Туфіляй, бо і сума здавалася ім занадта ж унушальнай, і адчувалі сябе абое на той час не ахці як добра, каб спаць па начах спакойна, паклалі, параіўшыся ўсё з тою ж Людай, у банку на рахункі: даляры на Туфілю, эўра – на Туфялька. Мірака пахавалі за свае, што ашчадзілі з пенсій. А сёлета па вясне і помнік з пенсійных сваіх нябожчыку паставілі, замовіўшы, як і прасіў ён перад сконам, з крыжам у аднаго старога майстра ў суседнім раёне.

Тым часам Туфіля лічыла ўжо свае даляры – надзіва ўпэўнена, дзелавіта, быццам толькі гэтым усё жыццё і займалася. Туфялёк падсунуўся да яе з намерам спытаць, колькі ж яна атрымала, але жонка толькі наравіста матлянула замест адказу галавой: адчапіся, маўляў, не цяпер. Ці то выгляд купюр надаў ёй гумору, ці то яшчэ што, але і следу разгубленасці, як то было напачатку, калі толькі ступілі яны ў чысценькі ды беленькі гэты, так не падобны да іхняга спарахнелага вясковага жытла будынак, у ёй не было і напаміну. Яна далічыла асігнацыі, паклала іх у сумачку, трымаючы сумачку аберуч перад сабою і па-ранейшаму не кажучы ні слова Туфяльку, порстка накіравалася да цуда-дзвярэй. «Як мяняецца чалавек з-за нейкіх паперак», — падумаў ён і пашкандыбаў следам за Туфіляй да выхаду.

На станцыю яны прыйшлі без пяці сем, за чвэрць гадзіны да адыходу аўтобуса. Ледзь паспелі збольшага падсілкавацца, прыткнуўшыся на лаве пры пляцоўцы для пасадкі, параю вараных яек і скрылькамі загадзя, яшчэ дома нарэзанай саланіны з бяздоннай – заўжды там што-небудзь ды знойдзецца — Туфілінай сумачкі, як прымчаўся і аўтобус. Пасажыраў, апроч іх дваіх, больш на рэйс не было. Вадзіцель, узлаваны чымсьці разапрэлы маладжавы дзядзька ў жоўтай, расхрыстанай на грудзях кашулі з карэлым каўняром, абілеціў іх хутка, два разы нецэнзурна мацюкнуўся на адрас нейкага прыдурка Супоні, што без дай прычыны захварэў за гадзіну да выезду на маршрут, ірвануў з месца. Было бачна, што рэйс яму, мякка кажучы, не абыходзіць, і калі ён і згадзіўся на яго, то адзіна таму, што начальства загадала.

Да паварота на гравейку пры выездзе з горада ехалі моўчкі. Але як толькі павярнулі ў бок Нізіннае Мошы, вадзіцель раптам загаманіў.

— Не страшна вам, старыя, жыць у гэных лаўжах? – спытаў, высоўваючы голаў з кабіны і перакрыкваючы голасам гудзенне матора. – Вунь, кажуць, паблізу адсюль, на хутары ля Петрачкоў, заўчора дзвюх гэткага, як вы, узросту, цётак грабанулі ўначы, на хер. Ды яшчэ і прыбілі адну ўсмерць. У-смерць! Далібог, у каго хочаце запытайцеся, усе ўжо ў раёне ведаюць.

— А-вой! – усплёснула рукамі ад нечаканасці Туфіля. – Прыбілі! Ус… Усмерць, кажаш? А Божа! Што робіцца! А другой што?

— Другой ў бальніцы кранты зрабіліся, — задаволены, мусіць, што эфект ад навіны ўдаўся што трэба, сказаў весела аўтобуснік. – Сардэчны прыступ – і гамон. Такое перажыць – не грам семак вылушчыць. А на той, што ўсмерць, ці не дванаццаць ранаў выявілі…

— Страхоцце, — ачуньваючы пакрысе ад сполаху, сказала Туфіля і дадала з надзеяй у голасе: – Бандытаў жа тых злавілі хоць?

— Аднаго злавілі па свежых слядах, другі нібыта ўцёк, кажуць. Зловяць, можа, і яго калі-небудзь… Як яшчэ каго прырэжа, на хер…

— Дык гэта… як жа? Нажом яе зарэзалі? – ахнула зноў Туфіля і, быццам хочучы перадаць частку цяжару ад страшнай навіны мужу, цясней прыхінулася да яго бокам. – Езус! Матка святая!

— Вось вам і святая! – хмыкнуў вадзіцель і націснуў на газ. Да скрыжавання з дарогаю на Нізінную Мошу засталося вёрст пятнаццаць, і ён, падобна, намерваўся пераадолець іх з рэкорднаю хуткасцю, бо ляцеў далей так, што Туфіля з Туфяльком толькі слупы паспявалі лічыць абапал дарогі. Туфіля хацела папрасіць, каб ехаў павольней, але Туфялёк перабаразніў: не трэба, маўляў, няхай сабе імчыць, пад такую язду хоць менш думацца будзе пра распаведзенае благое, пра тых дзвюх замардаваных цётак. І яна пагадзілася. Хоць і не без унатранай нязгоды: як жа, пры гэткіх грашах яны зараз абое, а што як аварыя здарыцца, каму тады ўсё яно застанецца…

Хвілін праз дваццаць былі ля павароту на Нізінную Мошу. Вадзіцель спыніў аўтобус, расчыніў дзверы. Воблака пылу шуганула з-пад колаў, гайданулася ў святле фараў, паплыло прэч, на атуленае змрокам прыдарожнае кустоўе. Старыя падняліся з месцаў, заходзячыся ад пылу кашлем, памалу выкуліліся адзін за адным з аўтобуса ў дрогкую, нязвыклую пасля дзённай спякоты прахалоду восеньскага вечара.

— Глядзіце ж, ідзіце асцярожна па кустоўі, не патрапце ў рукі якіх грабежнікаў! – жадаючы, мусіць, пацвеліцца напрыканцы яшчэ раз, сказаў вадзіцель і гучна засмяяўся.

— Ну, патрапім, дык не вялікі з нас наедак будзе таму бандзюку, — азваўся ўпершыню за ўвесь час Туфялёк і ляпнуў даланёй па пазусе пінжака, дзе ляжалі грошы: глядзі, маўляў, якая ж тут паклажа: драбяза дый годзе, хто на такую паквапіцца…

— Ціха ты! – цыкнула на яго Туфіля і перасцярожліва зірнула ў бок аўтобуса, што якраз пачаў разварочвацца кабінаю ў бок горада ў вузкім прагалку паміж шыхцікам маладых хвояў і крушняй. Развярнуўшыся, кіроўца на хвіліну прыпыніўся, высунуў вонкі голаў.

— Не вялікі, кажаш, наедак? – сказаў і звузіў вочы. – Ці то праўда? А чаму за грудзіну ўсю дарогу трымаўся, быццам на сэрца хворы? Ведаем мы такіх бедных! Бедныя ўлегцы, дзядуля, дахаты з горада не вяртаюцца. Што-небудзь, хоць запалчыну якую, хоць круп кілю ды валакуць для гаспадаркі. А вы, што адзін, што другі, бы на шпацыр выйшаўшы сунецеся.

— Маўчы, дурань! – шапнула Туфіля і ўшчыкнула мужа за бок. — Дык мы… гэта, даражэнькі, ведаеш… цаглінаў брыкету к зіме выпісаць ездзілі. Дроў мала сёлета, то вырашылі хоць якой парай сотняў брыкету разжыцца… Яно хоць і дорага, а ў халады не абыдзешся. І гарыць добра. Мароз як нахопіцца, то…

Кіроўца мацюкнуўся, выраўняў колы аўтобуса, ламаючы бокам старога «пазіка» голле навіслага над гравейкаю кустоўя, выехаў за паварот.

— Дзякуй Богу, сшыўся, — сказала з палёгкаю Туфіля і, як толькі аўтобус ад’ехаў, тут жа ўскінулася на мужа: — Звар’яцеў ты, стары, ці што? Такое вярзці перад чужым! А каб ён… а вось каб ён табе паверыў ды жалязякай па галаве? А каб у кроў…

— Выдумляй! – агрызнуўся Туфялёк. – Скрозь бандыты будуць цяпер мроіцца… Чалавек як чалавек.

— Ага, чалавек! Так ляцеў, быццам не людзей вёз, а якое зрэб’е. Білет колькі ад горада каштуе? Чатыры сто? А ён колькі з нас дваіх узяў? Ведаеш ты хоць? Ажно дзясятку. Ні рэшты не даў з дзясяткі, ні тых квіткоў. Жарты табе… Такі і за капейку не пашкадуе.

— То чаму ж не нагадала, каб аддаў рэшту, можа, ён забыўся? – адчуваючы жончыну праўду ды не жадаючы так лёгка здавацца, працягваў гнуць сваё Туфялёк.

— Нагадаеш ім! Спыніцца на паўдарозе, быццам аўтобус сапсуўся, высадзіць пасярод поля, і цягніся тады пехатой… Нагадаеш…

Колькі хвілін ішлі моўчкі. Зрэшты, ішлі пакуль што па роўным, і гэта цешыла, бо неўзабаве, метраў праз дзвесце, мелі збочыць з гравейкі на сцежку між хмызняку, дзе што ні крок, то ці выбоіна, ці глыж, а то і патарчака ўпоперак усёй сцяжыны. Уранні, спяшаючыся на аўтобус, як ногі абое не павыварочвалі на тых пыльных, выпетраных сонцам і ветрам выбоінах. Добра, вырушылі з хаты загадзя, дасвеццем, а то б і не паспелі, і хана была б справе, па якой ехалі. Дык жа тое ўранні было, калі светла, а што дасі рады ўгледзець на сцежцы во такім прыцемкам? Ды не прыцемкам ужо, а праўдзівай цеменню: за пяць крокаў амаль нічога не бачна, апроч няясных сілуэтаў на фоне сяк-так асветленага кволым месячыкам-паўзунком небе.

— А і праўда, што б нам было яшчэ для выгляду па вандзэлку з сабою ўзяць, — вяртаючыся ў думках да апошніх словаў кіроўцы, прамовіла ўрэшце не то сама сабе, не то мужу Туфіля і шчыльней прыціснула да бока парэпаную сваю, з тых, што першая трапіла ўранні пад руку сярод бэбахаў у горшай шафе, сумачку. – Ідзем во рукі ў бокі, як з паховінаў ці з вяселля. Дурню зразумела…

— Яно… гэта… ну, так, — неяк надзіва адразу пагадзіўся з жонкаю Туфялёк і працягла ўздыхнуў.

— Што, зноў бок ці не забалеў? – спытала Туфіля.

— Баліць крыху, халера яго...

— Ну, трывай ужо. Дома паглядзім, што там. Пігулчыну, можа, якую… Шкада, у аптэку не паспелі забегчы…

Зноў пайшлі моўчкі, думаючы быццам кожны пра сваё, а разам з тым – пра адно і тое, пра распаведзены кіроўцам жудасны выпадак ля Петрачкоў. Што дзеецца на свеце! Мала што грошы забралі ў старых, бандзюкі, – яшчэ, бач, і зарэзалі, нелюдзі… Які страшны свет, як тут не баяцца. Жывеш сабе жывеш, нікому зла не чыніш, а прыйдзе во аднойчы гэткая дрэнь, і згінеш ні за рудую мыш. Міжволі будзеш баяцца.

— Ты кішэню добра зашпіліў? – прыпыніўшы хаду, спытала Туфіля. – А то выслізнуць у цямрэчы, і не заўважыш… І лаві тады па кустах…

— Анягож, не зашпіліў! – ускіпеў Туфялёк. – Сябе пільнуйся. Сумкай махаеш, бы вятрак крыллем. За вярсту бачна.

— Ужо я махаю, ліха на цябе! Ужо за вярсту яму бачна! – заверашчала абражаная Туфіля.

Гравейка ўсё пятляла сярод вербалозін, але вось наперадзе выраслі неўпрыцям на фоне месяца дзве высокія таполі з раскідзістымі кронамі. Паміж імі якраз пачыналася сцежка, і старыя дружна, не згаворваючыся, больш давяраючы памяці, чым зроку, амаль навыперадкі павярнулі на яе. Сава дзесьці зблізку адгукнулася на іх з’яўленне зычным «угу», залапатала крыламі — мабыць, паляцела прэч, далей ад старонніх.

— Совы й тыя кумекаюць, што да чаго, — завяла зноў катрынку Туфіля. – А ты? Мала што балбатаў абы-што, дык яшчэ па кішэні паляпаў, пацвеліўся. Маўляў, дык во ж ён, скарб, бяры, хто хочаш.

Туфялёк незадаволена керхнуў, спыніўся, пацягнуўся рукою да ніжняй кішэні, дзе ляжалі пачаты пачак з цыгарэтамі і запалкі.

— А ты не памятаеш ужо, як колісь міліцыянта вакол пальца абвялі, калі брагу па хатах пры Хрушчове шукаў? — спытаў і шматзначна хмыкнуў.

— Анягож, памятаю, разумнік! – сказала Туфіля і гучна замяялася ад прадаўняе тае згадкі. – Такое забудзешся хіба… Дзяжа з брагаю за тры крокі ад іх стаіць, а ён тыцкае ледзь не ў яе пальцам: во яна, глядзіце! Хто ж здагадаецца, што то не …

— Блеф…

— Што?

— Блеф, кажу. Падман такі выкрунтасісты, калі ашукаць каго хочаш… Калі быццам праўду кажаш чалавеку, а ён табе ўсё адно не верыць, бо занадта ж яна, праўда тая, простая ды да праўды не падобная…

— Блеф… Словы ў цябе нейкія… — незадаволена, але з ноткаю пачцівасці ў голасе прамовіла Туфіля. — Дзе ўжо такіх набраўся? Здаецца ж, інстытутаў не канчаў…

— Табе скажы! – зазначыў Туфялёк і спыніўся, каб прыпаліць цыгарэціну. – Захочаш – усё будзеш ведаць. Абы хаценне, казаў той…

Зырклівы агеньчык запалкі на хвіліну асвяціў ягоны худы твар з бародаўкай на шчацэ і тонкія, па-жаночы вузкія далоні з даўгімі, аблямаванымі ўчарнелымі пазногцямі пальцамі. Туфіля ажно рот ад нечаканасці разявіла, іх убачыўшы: трэба ж, такія тонкія ў яе мужыка рукі, а яна таго і не заўважала ніколі... Ці, можа, то з-за хваробы зараз толькі так зрабілася, а па праўдзе нічога такога? Туфялёк тым часам смактануў цыгарэціну раз, другі, трымаючыся жончынага сілуэта, што паспеў за гэты час аддаліцца на колькі метраў, пасунуўся следам за ёю.

— Шлёмкава карчма хутка, — падала голас з цемры Туфіля. – Можна будзе пасядзець пару хвілін, спачнуць… Там бы і папаліў, дык не, тут во, на хаду яму прыспічыла… Нібы знарок, каб бачна было.

— Пасядзець! А бандзюкоў хіба не баішся ўжо? – хмыкнуў у адказ Туфялёк. – Во як выскачыць каторы з-за муру…

— Ага, муру там таго… Дзве цагліны ды камень, зайцу ў дождж не хопіць схавацца…

Яшчэ метраў дзвесце прайшлі ў маўчанні, затым павярнулі ўправа і ўрэшце натыкнуліся нагамі на рэшту падмурка ад колішняй карчмы. Туфялёк спыніўся першы. Туфіля таксама стала, закружляла бязладна на месцы, шукаючы, дзе б тут можна было прыткнуць мажнавате сваё, прытомленае хадою цела. Яе пляскатая спіна то шырэла на тле рэдкага кустоўя, то, наадварот, часамі вузела, і здавалася, што яна не ходзіць, а танчыць.

— Пасвяці запалкай, недзе качур тут павінен быць…

Туфялёк кінуў вобзем дапаленую цыгарэту, чыркнуў запалкай і, як толькі мільгнуў абрысамі сярод быльнягу асветлены агнём край паўстлелай бэлькі, пацягнуўся ў кішэню па другую.

— Зноў паліць? А тады бок вось і будзе балець, — сказала няўхвальна Туфіля і апусцілася на качур. – Фуй ты, стамілася.

Туфялёк наўздзіў паслухмяна паклаў пачак назад у кішэню, сеў на бэльку побач з жонкай.

І раптам неўспадзеўкі, аж яна ўздрыгнула ўсёю паставай, абхапіў аберуч Туфілю за плечы.

— Ідзі ты! – штурхнула яна старога локцем і пасунулася воддаль, на край качура.

Надзіва, праява гэткае яе непрыязнасці Туфялька ані не абразіла.

— А ці памятаеш, як бавіліся тут, пры карчме? – сказаў ён пранікнёна і выпрастаў руку, каб дакрануцца да ёйнай. — Як падгузілі Шлёмку пусціць унаначкі абаіх у адзін пакой, бытта дзеля грэху, каб потым бацьку твайго змусіць аддаць цябе за мяне і грошы сякія-такія з яго выцягнуць, а пасля…

— І што пасля? Нічога ж не было…

— Факт, не было, я і не кажу, што было… Але назаўтра… Бацька ледзь свет прыехаў раз’ятраны, а ты што яму сказала? Што я з цябе наздзекаваўся, маўляў, а браць не хачу… Гэтак енчыла, гэтак удавала няшчаснасць, што ён і паверыў! Ох, артыстка ты была...

— Дык што?

— Сама ведаеш… І ажаніцца дазволіў, і пасагам яшчэ неблагім надзяліў. Памятаеш?

— Анічагуткі не памятаю, – сказала Туфіля і, не даўшы рады стрымацца, гучна, ажно разлеглася побач кустоўе, засмяялася. – Знайшоў што ўспамінаць. І не сорамна! – Яна здушыла смех, але па голасе яе і па тым, як яна раз-пораз падносіла да вуснаў рог хусткі, каб не даць весялосці нанова завалодаць сабою, было бачна, што згадка пра той шасцідзесяцігадовае даўніны выпадак калі і не даспадобы ёй, дык і настрою не псуе.

— Рызыковыя мы былі, — сказаў, не зважаючы на ўшчуванне, Туфялёк і дадаў: — Так даўно тое было… І дзе яно ўсё?

— Было й сплыло, — сказала яна і, разгарачаная, мабыць, успамінам, неўпрыцям пасунулася бліжэй да старога, упетрыла пагляд у непранікальную, хоць вока калі – месячык чарговы раз толькі што схаваўся за аблачыну – цемру.

Праўда, быў час! Усё не толькі што жыло навокал – кіпела. Хіба ў тыя часы прайшоў бы во гэтулькі, як яны сёння з Туфяльком прайшлі, не спаткаўшы ніводнага чалавека? І не па адным ці па двое – грамадамі, асабліва моладзь, асабліва як час посту мінаў ды вечарыны па наваколлі пачыналіся, хадзілі. А сюды во, да Шлёмкавай карчмы, каго ні прыносіла толькі з дальніх і бліжніх краёў. Пешых, конных заўжды было шмат, непапушчы бы на тым кірмашы, людцы круціліся. Адно слова – мурашнік. Падводы як пастануць, бывала, уздоўж платоў пры стадоле, дык аж уваччу чорна ад конскіх загрыўкаў і ад поту конскага і смуроду ад збруі аж млосна. Але ж ніякага табе рабаўніцтва, ніякага зладзейства, крый Бог. Хіба што цыганка якая курыцу, пакуль гаспадыня ў гародзе пры градах з матыгаю шчыруе, падцібрыць ды знясе на харч сваім цыганятам. А ўжо каб хто прырэзаў каго сумысля, на лёгкую спажыву паквапіўшыся, – такога адвеку абсягі гэтыя, нізябіны ды пагоркі, не ведалі. Во які досвед супольнага жыцця ў ладзе ды спагадзе, ды каму яго перадасі, каму ён патрэбен сёння?

Словы кіроўцы пра выпадак у Петрачках неўпрыцям узгадаліся Туфілі, і яна ажно здрыганулася, міжвольна ўяўляючы карціну забойства.

— Туфіля! Туфіля! – Туфялёк стаяў перад ёю і тоўхаў пад бок вузкаю сваёй даланёй.

— А? Вой, як заснула я, ці то прымроілася што! – сказала яна і борзда падхапілася з месца. – Хадзем! Сядзім тут, як на дозарках…

— Як пусцяць пайсці, — сцішаным голасам прамовіў ён і паказаў рукою ў накірунку асінніку, дзе месцілася колісь стадола. – Бачыш, агеньчык бытта? Бытта паліць хто ці запалкаю свеціць...

— Дзе? – перапытала яна і, паўзіраўшыся хвіліну-другую ў цемру, сапраўды ўбачыла ўдалечыні быццам агеньчык. А неўзабаве і мужчынскі голас вецер данёс да вушэй – абрывісты, глухі, як з-пад зямлі.

— Каму ж тут быць у такую пару? – сказала, пераадольваючы дрыжыкі і адчуваючы, як халадзее пад ватоўкаю дарэшты набрынялае страхам цела. – От было мне мабільнік узяць з сабою. От дурні мы… Пазванілі б Людзе – і ўжо, глядзіш, не так вусцішна было б…

— Хто б там ні быў, а стаяць тут век не будзеш, — сказаў Туфялёк і пасунуўся ў цемру. – Трэба сунуцца…

— Не ляці гэтак хутка, а то не паспяваю, — даганяючы яго, сказала ціха Туфіля і ні з таго ні з сяго дадала: – Чуеш, я вось думаю… А каб тады не згінулі тыя нашы дваццаць пяць тысяч, што б мы сёння з імі рабілі?

Яны прайшлі ўпобачкі ўжо амаль дзве траціны дарогі да сваёй Нізіннай Мошы, як зноў падаў хтосьці знак прысутнасці ад руінаў стадолы. Гэтым разам, падаў, аднак, не голасам і не святлом ад запалкі, а вуркатаннем матора.

— Марцыклет, мусіць, — сказаў Туфялёк і спыніўся, каб лепш услухацца ў гукі. – Хто б то мог быць?

— Хто б ні быў – добрага мала, — сказала Туфіля. – Хто тут калі паначы на марцыклеце ездзіў? Дык я во думаю: можа, касірка тая ў банку каму сказала, што грошы бралі… Надта ж ужо падазрона неяк яна на нас глядзела. Зірк усё, зірк… Толькі я голаў уздыму, а яна…

— Чаўпеш немаведама што, — плюнуў Туфялёк.

— А ўсяк бывае… Дык хто ж гэта тады там? Што там такое?

— Дулі, вось што, — выказаў здагадку Туфялёк. – Хіба не бачыла ўранні: як абсыпаная ігрушына бэрамі, во і вырашыў хтосьці параскашаваць, дарма што няспелыя яшчэ… Ехаў ды й вырашыў заехаць разам…

— А й праўда, відаць, так і ёсць! – радасна выгукнула Туфіля, бачачы, як знікае за хмызам у процілеглым ад іх баку святло ад фары матацыкла. – От што б я ўжо рабіла без цябе… дурня. Хацела сказаць «разумніка», ды язык самахоць неяк не так, як след, павярнуўся, ды, пэўна ж, недарма: і больш звыкла яно вось гэтак, з «дурнем», было, і менш плаксіва. Плаксівых і занадта чуллівых Туфіля, хоць і сама такой была, адмалку, ад тае пары, як памерла маці і бацька прывёў у хату другую жанчыну, не шанавала.

Яшчэ праз чвэрць гадзіны былі ўрэшце дома. Туфіля кінула сумку з грашыма на канапу, хуценька пераабулася, пайшла ў клець паглядзець курэй. У куратніку было ўсё добра, птушкі мірна падрэмвалі на куросадні, патрывожаны познім з’яўленнем гаспадыні певень пагрозліва лапатнуў раз-другі крыллем і, не пажадаўшы, аднак, падаць голасу, тут жа сціх. Туфіля дастала вобмацкам з гнязда пад катухом пару знесеных курамі за дзень яек, зашчапіла дзверы засоўкаю, панаракаўшы ў думках на сваю і Туфялька забыўлівасць – вось жа зноў не даўмеліся забегчы ў горадзе ў краму ды паглядзець які танны замок — пайшла ў хату.

Туфялёк, здарожаны, з белым, як малако, тварам сядзеў на зэдлі пры стале, глымзаў рэштаю зубоў, збіраючы ў далоню семкі, маленькі – яблыкі сёлета, як і ўсё навокал, не здолелі з-за спёкі дабраць вагі — наліў. Гэта здзівіла Туфілю: трэба ж, звычайна перш-наперш, абы ўвайшоў у хату, хапаецца за цыгарэціну, а тут… Значыць, дапякла-такі ходка, няйначай…

— Ну, як, бацька, ці стаў ты шчаслівейшы з грашмі? – спытала яна і села за стол насупраць яго. – Што будзем рабіць з імі? Дзе схаваем усё?

— Ты дзе хочаш, а я свае схаваў ужо, — адказаў Туфялёк і кінуў агрызак яблыка ў цабэрак з памыямі. Акурат у цабэрак, аднак, не патрапіў, і агрызак, не даляцеўшы на далонь да пасудзіны, зрыкашэціў убок, засеў у шчэлцы паміж падлогаю і нізам запятай марляю ад мух шафкі.

— Як гэта – схаваў? А мае што ж – чужыя табе? – ускінулася Туфіля. – А як што якое – дзе тады шукаць тое схаванае? Схаваў ён! Надумаўся!

— Схаваў, як жа, — ціха, насуперак яе чаканню, прамовіў Туфялёк і пачаў паволі, быццам хочучы напалохаць ці, наадварот, рассмяшыць жонку, хіліцца целам набок, да сцяны.

Туфіля махнула рукой, звыклая да ягоных заўсёдных нечаканых жартаў, паднялася з месца, каб пайсці ў сені паглядзець, ці дайшоў урэшце пастаўлены паводле Людзінага рэцэпта два дні таму квас з хлебных скарынак. Яна ўжо кранулася даланёй клямкі, як гучны стогн Туфялька спыніў яе на хвіліну.

— Ну ж дажартуешся! – сказала яна зласліва і ступіла праз парог у сені.

Квас акурат, здаецца, дайшоў. Яна зрабіла нагбом колькі глыткоў, задаволеная, што пітво ўдалося як мае быць, наліла ў шклянку на дзве траціны – для Туфялька: хай пап’е, можа, хоць пасур’ёзнее і перастане квяліць яе сваімі штукарствамі.

Туфялёк сядзеў, прыхіліўшыся плячыма да сцяны і абапершыся праваю рукой аб стол, у такой ненатуральнай позе, і вочы ягоныя так дзіўна закаціліся пад павекі, што сэрца ў яе моцна ёкнула: штосьці не так. Яна падбегла да мужа, каб спытаць, што з ім, але адразу зразумела: пытацца ўжо не мае сэнсу. Штосьці невыносна цяжкае, як быццам хто камень узгрузіў на грудзі, авалодала ўсёю яе істотай, прымусіла наблізіцца да Туфялька. Яна села побач з ім, правяла рукою па павеках. Павекі былі ўжо нежывыя, але ўсё яшчэ пругкія, здавалася, жыццё яшчэ не дарэшты пакінула іх. Туфіля правяла па іх яшчэ раз, быццам хочучы ўпэўніцца, што не памылілася, падхапілася з месца. Што рабіць далей? Куды кінуцца? Да бліжэйшай хаты тры вярсты, вунь колькі часу змарнуеш на ходку. Заўсёды ў такіх во выпадках усё браў на сябе Туфялёк. А зараз ён нежывы, і ўсё яна павінна зрабіць сама. І найперш, пакуль цела не скалянела, пастарацца выпрастаць яго, каб ляжала потым у труне роўна і ногі не заміналі зачыніць вечка.

Яна сцягнула Туфялька з зэдля на падлогу, перакуліла дагары, узялася выпростваць рукі і ногі. На шчасце, гэта ёй удалося без цяжкасці: цела яшчэ толькі ледзь-ледзь паспела прыкалянець. Цяпер трэба было памыць нябожчыка і апрануць у чыстае, але гэта ўжо было ёй адной, адчувала, не па сілах. Яна ўзгадала, як нядаўна Люда намаўляла ім з Туфяльком клікаць яе ў выпадку чаго на дапамогу, кінулася шукаць мабільнік.

Як на тое, тэлефона нідзе не было. Ні на стале ў лепшым пакоі, ні на палічцы з абразамі, ні ля тэлевізара – нідзе, быццам карова языком яго злізала. Яна ўжо падумала, ці не скраў хто-небудзь цацку, улезшы ў хату, пакуль яны з Туфяльком здымалі ў горадзе з укладаў грошы, як раптам успомніла, што клала яго нібыта з вечара ў сумачку. Паклала і забылася, і нават і ў голаў не прыйшло пашукаць у сумцы, пакуль цягнуліся ад аўтобуса дахаты, хоць і, памятаецца, сама пра яго згадвала, напалохаўшыся мужчынскага голасу ля ігрушыны пры руінах Шлёмкавай стадолы.

Яна схапіла сумачку, ліхаманкава абмацала яе знадворку: сапраўды, мабільнік быў там, у сумцы, тырчэў бокам пад партманетам з грашыма. Яна торкнула руку ўнутр сумачкі, хуценька выняла мабільнік разам з партманетам, паклала ўсё на стол. З мабільнікам усё было ў парадку, а вось партманет штосьці насцярожыў яе відавочнаю патаўсцеласцю. Яна адчыніла яго і ледзь не ахнула, убачыўшы паверх даляраў і квітка неакуратна, абы-як спханыя купюры Туфяльковых эўра. Агулам купюраў было так шмат і ім было так цесна ў партманеце, што дзіўна было, як Туфялёк даў рады спхаць іх туды за хвіліну да скону, мабыць, пакуль яна кешкалася ў сенцах з квасам.

Ды грошы грашыма, а трэба было даваць рады нябожчыку. Туфіля начэрпала конаўкай з дзяжы ў вядро вады, панесла ставіць у бакоўку на газ: пакуль Люда з мужыком з’явяцца, якраз і будзе гарачая, каб абмыць Туфялька. Затым яна вярнулася ў кухню, паднесла да святла мабільнік, павольна, баючыся зрабіць што-небудзь не так, узялася набіраць нумар Людзінага тэлефона.

— Здарылася што-небудзь? – азвалася, збянтэжаная такім познім тэлефанаваннем старой пляменніца. – Што-небудзь з дзядзькам Адамам? Што, цётка, кажыце ж!

— Ага, з ім, — сказала агаломшаная нязвыкласцю прагучалага ў слухаўцы мужавага імя Туфіля і, пераадольваючы трымценне ў голасе, коратка, дадала: — Памёр… Адам.

Сказала гэтак і на ўсялякі выпадак азірнулася на нябожчыка: што, як і не памёр зусім Туфялёк, а проста жарт гэта ягоны гэткі чарговы… бляф, ці як яго там?

Праз два дні Туфялька пахавалі. Туфіля баялася, што цела не вытрымае спёкі і пачне дачасна раскладацца, але гэтага не здарылася. Туфялёк аж да хвіліны вынасу ляжаў у труне, як жывы, толькі надта ж ужо быў белы з твару. А адзін раз, калі яна падышла да труны, каб адагнаць з рукі нябожчыка муху, быццам нават варухнуў вуснамі, усё адно як мануўся ёй штосьці сказаць ці хацеў падзякаваць за тую нязначную паслугу.

Позна ўвечары, парадкуючы сталы пасля сціплых хаўтураў, спраўленых на ашчаджаныя з апошніх пенсій грошы, Туфіля паклікала да сябе Люду і аддала ёй даляры і эўра разам з партманетам. Пляменніца колькі часу паўпіралася дзеля выгляду, але хутка здалася.

— Што тут зробіш? Я ж разумею, цётачка, што вам адной страшнавата ў хаце пры гэтакіх грашах, — сказала і паклала партманет з купюрамі ў сумку. А адыходзячы, прапанавала Туфілі пераходзіць жыць да яе: маўляў, горш, як тут, наводшыбе, удалечыні ад людзей, вам у нас не будзе ні ў якім разе, не сумнявайцеся…

— Ну, там бачна будзе, а пакуль што — не, не пайду, — адчуваючы няшчырасць сваячкі, адмовілася Туфіля, і чамусьці ў голаў ёй прыйшла згадка пра тое, як прамаўляў у такіх вось выпадках Туфялёк улюбёнае сваё, мудрагелістае слова на літару «б». Яна спрабавала ўспомніць слова, але не дала рады. І назаўтра, і праз дзень, як ні пружылася, не змагла ажывіць тое слова ў памяці. І толькі праз паўмесяца, калі раптам нахапіўся аднаго разу надвячоркам ды тут жа і спыніўся, як знарок пацвеліўшыся са ссохлай зямлі і знябожаных чаканнем хоць якога прасвету людзей, дождж, нарэшце ўспомніла: блеф. Паўтарыла яго сама сабе цішком колькі разоў ды перастала: што слова? словам справе не паможаш.

На пачатку зімы Туфіля перайшла-такі жыць да пляменніцы. Увесь гэты час да пераходу, што заставалася яна ў хаце адна, грабежнікі ні разу ў Нізінную Мошу, хоць і шнарылі, даходзілі чуткі, па наваколлі, так і не наведаліся. Быццам духі мошаўскіх абшараў аберагалі ад іх Туфілю, каб самім спагнаць у прызначаны час напоўніцу апошнюю даніну за сумніўныя, ды ўсё адно дарагія дарункі лёсу.


Загрузка...