Suum ciuque, або Пішам, таварышы! Эсэ


З усіх вядомых выслоўяў пра сутнасць катэгорыі сумлення найбольш трапным падаецца выказванне Льва Талстога: сумленне – гэта памяць грамадства, засвоеная асобным чалавекам. Трапным, хаця, безумоўна, як след не разгорнутым. Уласна памяць, то бок простая сума ведаў пра штосьці – гэта адно. Рэгламентацыя ж сваіх, як, зрэшты, і ацэнка чужых учынкаў у адпаведнасці з яе (памяці) ўрокамі ды арыентацыяй на агульнапрынятыя катэгорыі маралі – нешта прынцыпова іншае. Ужо, здаецца, колькі чаго не змясціла наша ўзбагачаная рупнасцю гісторыкаў калектыўная памяць цягам толькі двух апошніх, калі браць за кропку адліку пачатак адраджэнскіх 90-х, дзесяцігоддзяў. Але што наедку з тае памяці, калі нават у часы адноснае волі вяртанне да прамінулых, характэрных для грамадства з аслабленым супраць нахабства і бессаромнасці імунітэтам уладных вычварэнстваў – заўжды ў нас у паўкроку, а збольшага абуджанае грамадскае сумленне — не больш як зручная паходня на шляху да ажыццяўлення нібыта годных, а насамрэч усё тых жа нялюдскіх, скіраваных на ўціск ды прыніжэнне чалавечай самасці намераў.

Больш за чатыры гады мінула, як была ўтвораная ў краіне новая творчая суполка – Саюз пісьменнікаў Беларусі. Падзея, якая, з аднаго боку, спешнасцю рэалізацыі задумы нагадвала ні то фарс, ні то трагікамедыю, з другога, – дакладна высвеціла ўсе хібы нашага дзяржаўнага, заснаванага на гвалце і непавазе да чалавека ўладкавання. Наогул, утвараць творчыя аб’яднанні, гуртавацца або разбягацца па кутках, як і пісаць кепска ці, наадварот, добра, нікому не забароніш. Так што з гледзішча захавання права асобы на свабоду волевыяўлення прэтэнзіі датычна самога факта ўтварэння новага літаратурнага аб’яднання быццам залішнія: была замова кіраўніцтва самага высокага ўзроўню, знайшліся гатовыя на яе адгукнуцца – і ў добры шлях. Як пісаў байкапісец, «ну і лады, гадуйце дзетак, не ведайце бяды»... Ды дзе там…

Пагрозлівы вокрык адэптаў новага творчага саюза ўпершыню агаласіў Віцебск у лістападзе 2006-га, падчас чарговага збору журы па прысуджэнні штогадовай прэміі імя Уладзіміра Караткевіча. Ужо напярэдадні ў літаратарскім асяроддзі пранеслася чутка, што ў гэтым годзе прэмія ў намінацыі «Творчасць» прысуджацца не будзе – «з-за недастаткова высокага ўзроўню» (такая была афіцыйная версія, пацверджаная пазней у інтэрв’ю «ЛіМ»у адным з высокіх начальнікаў абласнога калібру) пададзеных на разгляд журы тэкстаў, у якасці якіх ад абласной суполкі Саюза беларускіх пісьменнікаў прапаноўваліся раман Ірыны Жарнасек «Будзь воля Твая» і паэтычны зборнік Леры Сом «Свабода Слова Зіма». Мае і дырэктаркі літаратурнага музея Святланы Казловай пярэчанні наконт такога рашэння ў разлік на пасяджэнні, вядома, прынятыя не былі. На твары старшыні журы, начальніка ўпраўлення культуры аблвыканкама М. Пашынскага, які давёў збольшага прысутным наспяваныя яму, відаць, кімсьці напярэдадні аргументы за скасаванне намінацыі, чыталася няёмкасць. А ягоная намесніца і наогул нічога лепшага, як выдаць на адрас літаратараў эмацыйнае «меньше надо политикой заниматься!», у апраўданне гэткага павароту справы не знайшла.

Што нашы чыноўнікі прызвычаеныя ацэньваць творчага чалавека найперш па тым, што і як ён думае, — агульнавядома. Маючы багаты досвед спатканняў з імі падчас працы ў другой палове 80-х у Бюро прапаганды літаратуры пры Саюзе пісьменнікаў і цягам 10 гадоў старшынства ў абласным аддзяленні Саюза беларускіх пісьменнікаў, з пэўнасцю магу сказаць, што ўсялякая дзея мае для іх значнасць толькі ў той ступені, у якой спрыяе або, наадварот, пагражае іх афіцыйнаму статусу, гэта значыць, заробку. Уплываць самахоць, без прынукі зверху на нейкія там творчыя справы, у тым ліку і арганізацыйнага кшталту, яны, як правіла, вялікага імпэту не выказваюць. Выключэнне складаюць прадстаўнікі так званага пісьменніцка-чыноўніцкага «памежжа» – дзяржаўныя службоўцы і дзеячы ад літаратуры ў адной асобе. Якраз гэткім у першую чаргу і было даручана стварэнне новай арганізацыі. Зрэшты, сцвярджаць, што толькі было даручана – таксама наўрад выпадае. Дакладней будзе сказаць: шчасліва легла карта апанаваных мрояй пра творчае першынства асобаў, для якіх іх адносна высокі службовы, афіцыйны статус — не толькі гарант нябеднага існавання, сінекура дабрабыту, грашовай стабільнасці, але адначасна і якая-ніякая зачэпка для рэалізацыі амбіцый у хоць часам і незразумелай і ненавіснай ім, але ж разам з тым такой прынаднай з гледзішча сцверджання ўласнага «я» творчай прасторы. Пацвярджэнне гэтага — значны адсотак у структуры новага саюза работнікаў так званага ідэалагічнага фронту, у тым ліку і, калі браць у маштабах Віцебшчыны, далёка не апошняй велічыні. Дастаткова ўзгадаць, што адным з першых, хто ўступіў у той саюз, быў нехта М. Кузьміч, шэф усёй ідэалагічнай службы Віцебшчыны. У немалой ступені менавіта дзякуючы такім асобам новая суполка праз адцясненне ад узаемадзеяння з намі ўстаноў культуры і прэсы не толькі атрымала карт-бланш ва ўсіх справах, але і ад самага пачатку зрабілася ў горадзе цэнтрам выканання функцый ідэалагічнага наглядчыка. Што, канечне ж, прылюдна не абвяшчалася, але што, як зазвычай у нас гэта прынята, «ненавязліва» падразумявалася. І што наўпрост вынікае з апошняга абзаца распаўсюджанага па ўстановах культуры ліста старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі М. Чаргінца прэм’ер-міністру С. Сідорскаму ад 1 лютага 2007 года: «Уверен, что в ближайшее время мы сможем укрепить Союз писателей Беларуси, который можно будет считать мощной политико-идеологической силой Республики Беларусь». Што да традыцыйных стасункаў літаратараў з чытачамі на Віцебшчыне, то на адным з абласных паседжанняў па культуры неўзабаве па стварэнні новага саюза прагучала больш чым выразна: «Без моей визы никто в аудиториях выступать не будет». Для грамадскай супольнасці з традыцыйна пакорлівым прыняццем любога гвалту як належнага сігнал дастатковы. Падмацаваны неўзабаве небезвядомым лістом міністра адукацыі А. Радзькова (копіі якога, бадай, сёння ў краіне толькі самы лянівы не мае і паводле якога пісьменніцкія выступленні ў аўдыторыях стала магчымым ладзіць толькі з дазволу ўладных структур і функцыянераў СПБ), сігнал гэты увобміг набыў моц негалоснага закона.

Трэба сказаць, што абсалютная большасць прадстаўнікоў інтэлектуальнай і творчай эліты Віцебска (як, відаць, і ўсёй Беларусі) менавіта гэтак, як выканаўцы ролі ідэалагічнага ці то круп’е, ці то паганялы, задачы новага літаратурнага ўтварэння і зразумела. І хоць з вядомых прычын і вымушаная была дзеля выгляду, быццам пацвярджаючы вядомае выказванне Шамфора аб пачцівасці без павагі як аб узнагародзе без заслуг, з ім лічыцца, па сённяшні дзень унутрана не прыняла. Зрэшты, не прыняла не толькі эліта творчая, але і многія з чыноўнікаў. Яно і зразумела: каму будзе па душы бесцырымоннасць, з якой кіраўнік грамадскага аб’яднання, хай сабе і праўладнага, пачынае дыктаваць, што і як каму, да прыкладу, тым жа дырэктарам бібліятэк, рабіць на працоўным месцы. Ты, як кажуць у народзе, «сам з вусам», прывык, што зазвычай перад табой ледзь не кленчаць, а тут прыйшоў няведама хто няведама скуль і пнецца конча паставіць у фрунт – каму такое спадабаецца?

21 лістапада 2006 г.

Я размаўляў напярэдадні прызначанай з удзелам сяброў нашага аддзялення імпрэзы да ўгодкаў Караткевіча з дырэктаркай бібліятэкі імя пісьменніка Нінай Максіменкай, як на стале ў яе зазваніў тэлефон. Тое, чаму міжволі давялося стаць сведкам падчас без малога саракахвіліннае размовы жанчыны з кімсьці з кіраўніцтва абласнога аддзялення новай суполкі, так мяне ўразіла, што рука міжволі пацягнулася да асадкі. Я, вядома, не мог чуць адрасаваных дырэктарцы пытанняў, але, думаю, каб меркаваць аб змесце ды танальнасці размовы, і адказаў на іх дастаткова. Гаворка ішла пра Караткевіча і пра згаданую меркаваную вечарыну. Вось яе фрагменты, дакладней – адказы, запісаныя мной па свежых слядах той размовы ў нататніку:

— ..?

— Так, праводзім вечарыну, 26-га лістапада. Гэта ўжо шматгадовая традыцыя, якую, згадзіцеся, не варта ламаць.

— ..?

— Хто будзе? Тыя ж, што і заўсёды: Сімановіч, Сіўко, Папковіч, можа, яшчэ хто-небудзь... Ад вашага саюза Русілка, напэўна…

— ..?

— Як чаму? Яны штогод у гэты дзень у нас бываюць. Да таго ж – усе яны лаўрэаты прэміі імя Караткевіча. Каму, як не ім, выступіць перад студэнтамі і школьнікамі...

— ..?

— Пра што будуць гаварыць? Ну, не ведаю, напэўна, пра Караткевіча. Сімановіч, відаць, будзе прэзентаваць свае ўспаміны з кнігі пра Караткевіча...

— ..?

— З той, што ў «Мастацкай літаратуры» нядаўна выдадзена. Вось яна ў мяне на стале якраз.

— ..?

— Ну, як вам па тэлефоне тлумачыць? Такая тоўстая кніга ўспамінаў пра Караткевіча...

— ..?

— Хто яшчэ ў ёй надрукаваны? Ды шмат хто. Вось, Бураўкін, напрыклад, іншыя аўтары. Чалавек дваццаць усяго, калі не больш.

— ..?

— Я ж кажу: у «Мастацкай літаратуры» кніжка выдадзена. У дзяржаўным выдавецтве. Зусім нядаўна, да 75-годдзя Караткевіча. Мы праз бібкалектар днямі атрымалі. Густоўна выдадзены фаліянт…

— ..?

— Як пра што? Пра Уладзіміра Сямёнавіча Караткевіча. Успаміны, дзённікавыя запісы, нататкі. Звычайная кніга ўспамінаў.

— ..?

— Хто ўкладальнік? Ды вось – Галіна Шаблінская…

— ..?

— Я ж сказала ўжо: прыйдуць тыя, што і раней заўсёды прыходзілі. Я ўжо вам іх называла…

— ..?

— Чаму мы павінны адмаўляць ім у супрацы? Што нам – узяць ды парваць сувязі, якія наладжваліся гадамі?

І г..д., і г. д., а напрыканцы:

— ..?

— Але якая розніца, хто якога веравызнання? Мы ж не рэлігійных дзеячаў да сябе на ўгодкі Караткевіча запрашаем, а літаратараў…

Усё гэта, канечне, было б смеху варта, калі б не нагадвала сумнавядомыя эпізоды з часоў мінулых. Зрэшты, тую вечарыну мы ўсё-такі правялі — пад істэрычны енк «Последний раз сатана бал правит!» усё той жа чыноўніцы ад культуры, змагаркі з палітызаванасцю літаратарскага асяроддзя.

Дарэчы, пра палітызаванасць. Пра яе шмат гаворыцца і пішацца, як правіла, датычна тэматычных абсягаў літаратуры – у тым сэнсе, што, маўляў, надта ж яна шкодзіць творчаму пачатку. Што вельмі нагадвае папрокі атэісту яго нявер’ем у Бога і, адпаведна, мізэрным шанцам увайсці па сконе ў жыццё нябеснае. Але ж як у кожнага чалавека свой погляд на ўзаемадачыненні з Богам, так у кожнага творцы сваё ўяўленне пра ўласнае месца ў творчай прасторы. Карціць застацца ў вечнасці, абмінуўшы палітычныя варункі існавання сучаснага табе грамадства, – калі ласка, хто замінае? Калі ўдасца, канечне: у грамадстве, дзе палітычныя погляды развіваюцца не ў плыні наследавання агульначалавечым каштоўнасцям, а навязваюцца зверху як дадзенасць, як прыдатак да нейкай няўцямнай ідэі, няўдзел у палітыцы па азначэнні немагчымы. Так што пытанне ўдзелу ці няўдзелу ў ёй – абсалютна рытарычнае, і кожны вольны адказваць на яго так, як падказвае яму сумленне: кожнаму сваё.

10 снежня 2007 г.

Незнаёмы, але, відаць, збольшага начуты пра ціск з боку ўладаў на літаратараў з апальнага, «няправільнага» творчага саюза чалавек падышоў на вуліцы:

— Интересно всё же: устоит ваша организация или нет? Как сами думаете?

Як на такое адказаць? Даводзіць неабазнанаму ў творчых справах, што асадку з рук толькі Бог можа ў чалавека вырваць?

Sapienti pauca (мудраму дастаткова намёку) — сцвярджалі старажытныя, быццам норавы нашага літаратурнага асяродку падглядзеўшы. Так шмат сярод нас, аказваецца, мудрых ды праніклівых, што іншым этнасам, напэўна, і на некалькі пакаленняў такой армады мудрацоў хапіла б. Асабліва яскрава выявілася тая мудрасць на пачатку ўсіх звязаных з пісьменніцкай арганізацыяй перыпетыяў. Вось яшчэ персонамі non grata не аб’яўленыя,– а ўжо нібыта пачуваемся імі, веніка, пад якім перасядзець-перачакаць навалу можна было б, бы тая мыш, шукаем. З пяціста з гакам асобаў пісьменніцкай сябрыны, у якую, дарэчы, ніхто нікога сілаю не цягнуў, на лёсавызначальным перадапошнім з’ездзе – дзве з паловаю сотні. Зразумела: дзень працоўны, ды непагадзь, ды мала што яшчэ... Перасцярога, вядома ж: а раптам угледзіць хто на той сходцы, і даводзь тады, што не вярб… апазіцыянер. Аціхнуць жарсці, тады і мы пасмялеем, пагамонім-паразважаем — можа, і прылюдна нават – пра... подзвіг Каліноўскага. «Ёсць такая шчэлка паміж сумленнем і подласцю. У гэтую шчэлку неабходна ўціснуцца», — пісаў у адным з апавяданняў С. Даўлатаў.

Найбольшаю праблемай па скасаванні ўладамі дамовы з нашым аддзяленнем аб арэндзе памяшкання і брыдкім, аўральным да непрыстойнасці, быццам у дзяржавы на той час і клопатаў іншых не было, як з намі змагацца, акце высялення 12 студзеня 2007 года з пакоя ў так званым доме прэсы па вуліцы Гогаля, 17 стала для нас здабыццё юрыдычнага адраса. Куды ні паткніся з заяваю аб арэндзе – усюды адмова. Пра дзяржаўныя ўстановы і казаць няма чаго, ледзь распачнеш размову, адразу махаюць рукамі: што вы! разумеем, канечне, ваша становішча і спачуваем вам, але ж не можам, прабачце… Урэшце знайшоўся-такі ахвотнік прытуліць бяздомных – адважная Валянціна Кудлацкая, кіраўнічка няўрадавай жаночай арганізацыі з Верхнядзвінска. Узгаднілі з ёю дэталі арэнды, падалі ў райвыканкам адпаведную супольную заяву. А прыкладна праз месяц атрымалі за подпісам старшыні адказ з адмоваю, у якой пасля традыцыйнага «отказать с учётом того, что…» і такому цьмяна-няўцямнаму аргументу, як «с учетом ряда других обстоятельств…», знайшлося месца. Прыкладна гэткі ж лёс чакаў і нашу сумесную заяву з Адай Райчонак з Германавічаў на адрас Шаркаўшчынскага райвыканкама аб арэндзе пакоя ў доме-сядзібе Сікоры ў вёсцы Малыя Алашкі. Такая вось таемная моц «ряда других обстоятельств» ды прыкрапомных з савецкіх часоў варункаў тэлефонна-папернага права.

Быў цёплы вераснёўскі дзень, калі мне патэлефанавалі з раённага аддзела міліцыі: «Дзень добры, на вас прыйшла скарга ў органы, трэба тэрмінова сустрэцца. Дзе б вы хацелі?» — «Што за скарга? Здаецца, ні з кім не пабіўся, нікога не абразіў», — падумаў і прызначыў сустрэчу на наступны дзень у сябе дома. «Магу запісваць нашу размову на дыктафон?» – спытаў, пазнаёміўшыся назаўтра збольшага са зместам пісьмовых абвінавачанняў на мой і Яўгеніі Мальчэўскай адрас кіраўнічкі новастворанай абласной суполкі Саюза пісьменнікаў Беларусі Т. Красновай-Гусачэнкі. – «Калі ласка», — быў адказ.

Размова, як і дзве наступныя, дарэчы, ужо з прадстаўнікамі больш высокіх праваахоўных інстанцый, праходзіла ў дзелавой і даволі-такі паважлівай, наколькі гэта магчыма было з увагі на выкладзеную ў допісе заяўніцы дурноту, атмасферы. Утрымліваў той ці не 6-старонкавы, нібыта адобраны і блаславёны іншымі сябрамі новастворанай суполкі істэрычны лямант шмат чаго: ад скаргі на тое, што хтосьці ўначы выклікаў на кватэру аўтаркі нарад міліцыі на падставе, што там, маўляў, адбываецца п’яная оргія, да сцвярджэння, быццам я маю дачыненне да дасланага ёй кімсьці ад імя арганізацыі «Русское национальное единство» ліста з падзякаю за ўдзел у разгроме беларускіх пісьменнікаў-нацыяналістаў. У якасці неабвержнасці факта маёй датычнасці да ліста «РНЕ» прыкладалася спасылка на выснову нейкага таямнічага спецыяліста-графолага. Інкрымінаваўся мне таксама адмоўны водгук на творчасць заяўніцы ў «ЛіМ»е ад 28 ліпеня 2006 г., на той падставе, што нібыта водгук той – вынік змовы паміж мною і тадышнім рэдактарам выдання Анатолем Казловым, бо я, маўляў, – яго «сокурсник и давнишний друг…». (З Казловым мы сустракаліся ўсяго пару разоў за ўсё жыццё і ўжо ніяк не маглі быць сакурснікамі, бо розніца між намі ва ўзросце складае каля 10 гадоў, ды і вучыліся мы ў розных універсітэтах). Заканчвалася гэтая частка опусу нядвухсэнсоўным патрабаваннем «принять меры к Анатолию Козлову». Даводзілася таксама аб тым, што я, маўляў, пацярпеў «жизненное и творческое фиаско», а яшчэ тое, што, аказваецца, – «в молодости был склонен к суициду». А наогул допіс падаўся мне дастатковаю падставай для напісання сустрэчнай заявы — аб паклёпе ды захадах па абароне гонару і годнасці. Што я і зрабіў, даслаўшы адпаведны ліст ва ўпраўленне ўнутраных справаў аблвыканкама.

Прыкладна праз тыдзень мне зноў патэлефанавалі, гэтым разам з абласнога ўпраўлення ўнутраных справаў. «Вы наконт ліста, дзе сцвярджаецца мая схільнасць да суіцыду?» — спытаў я, даўшы згоду спаткацца. – «Якога суіцыду? – адказалі на тым канцы провада. – Ніякі суіцыд у заяве не згадваецца». – «Але ж дакладна згадваўся, я маю доказ гэтага ў запісе на дыктафоне». – «О, гэта памылка. Ліст, з якім вас знаёмілі мінулы раз, — чарнавік, аўтарка памылкова даслала яго нам».

Чым скончылася ўся тая мітрэнга? Чым і павінна была — нічым, калі не лічыць афіцыйнага ліста на мой адрас з раённага аддзела ўнутраных справаў аб тым, што з заяўніцай «была проведена беседа профилактического характера о недопустимости с ее стороны в дальнейшем изложения в заявлениях непроверенных и недостоверных фактов, порочащих честь и человеческое достоинство, о чем она предупреждена». Зрэшты, не ўпэўнены, што нешта падобнае разбіранты не адрасавалі, з увагі на неймаверную прабіўную сілу ініцыятаркі перапіскі і яе ўладных апекуноў, і ёй – датычна маёй асобы. А што яшчэ заставалася ім рабіць?

16 чэрвеня 2009 г.

Паседжанне Віцебскага абласнога суда паводле справы аб лістах ад імя «Российского национального единства», на якое я выкліканы ў якасці сведкі. Сярод енку пра ўшчэмленую годнасць некаторых з тых, хто ў свой час атрымаў такія лісты з падзякаю за ўнёсак у «разгром очага местных националистов – белорусских писателей» (такіх лістоў выявілася ў горадзе каля паўтара дзясятка), так і карцела спытаць, ці так ужо перабольшыў падсудны «заслугі» адрасатаў. А разам і запытацца, ці не маюць пакрыўджаныя намеру пералічыць на рублі, як гэта робяць яны ў дачыненні да аўтара лістоў, шкоду маральнаму клімату ў горадзе ад уласнае дзейнасці ў выглядзе пастаяннага, з дня ў дзень, нагнятання атмасферы страху і цкавання.

Адной з «важных» задач кіраўніцтва новастворанай суполкі стала выцясненне нашай арганізацыі з інфармацыйнай прасторы, у прыватнасці, са старонак дзяржаўных мас-медыяў. Што і было неўзабаве паспяхова зроблена. З трох афіцыйных газет Віцебска ў гэтым плане далей за ўсіх удалося супрацьстаяць націску ідэалагічных структур «Віцьбічам» – да 24 снежня 2006 года, калі газета надрукавала з блаславення намесніцы рэдактара Н. Конахавай маю нататку-віншаванне Міхасю Мірановічу з нагоды яго 60-годдзя, у якой згадвалася прыналежнасць юбіляра да Саюза беларускіх пісьменнікаў. Гэта была апошняяе згадка пра нас у мясцовых дзяржаўных СМІ. І каб не недзяржаўныя «Витебский курьер» і «Віцебскі праспект», журналісты якога Таццяна Чабатарова і Зміцер Казакевіч разам з радыёжурналісткай Аленай Сцяпанавай рэгулярна выяўлялі зацікаўленасць нашымі справамі і падачай іх чытачу, магло б скласціся ўражанне, што нас наогул ужо няма. Штучна створаны ў рэгіёне вакол нашай суполкі інфармацыйны вакуум да нядаўняга часу ў пэўнай ступені дапамагалі нам кампенсаваць сталічныя СМІ.

А тым часам аддзяленне СБП не толькі захавалася, а працягвала (і працягвае па сённяшні дзень) даволі плённа, наколькі гэта магчыма ў атмасферы пастаяннага замоўчвання і ціску, працаваць. Насуперак прагнозам людзей, схільных заўсёды трымаць нос па ветры, у нас аказалася няшмат перабежчыкаў — менш дзясятка чалавек. Дзякуючы гэтаму, а таксама прытоку новых сяброў наша колькасць вось ужо колькі год стабільна трымаецца на лічбе 25. Па-ранейшаму, хоць і не так часта, як у мінулыя гады, нас запрашаюць, ігнаруючы згаданы вышэй сумнавядомы ліст міністра адукацыі, у школы і бібліятэкі. Мы зладзілі літаратурныя конкурсы для маладых літаратараў да ўгодкаў Янкі Купалы, Якуба Коласа, Уладзіміра Караткевіча і аўтобусныя вандроўкі на радзіму класікаў, правялі некалькі тэматычных вечарын, узялі ўдзел у штогадовым святкаванні дня народзінаў Васіля Быкава на Ушаччыне, выдалі рэгіянальны беларускамоўны зборнік паэзіі «Ад ніў Прыдвінскіх» (20 асобнікаў якога, дарэчы, адразу па выхадзе ў свет у 2009 годзе прэзентавалі бібкалектару Віцебска для перадачы ў бібліятэкі, дзе яны праляжалі з невядомых нам прычын без руху амаль два гады). На жаль, адзінай у горадзе бібліятэкай, дзе мы яшчэ можам, згадваючы адкрыта сваю прыналежнасць да апальнага саюза, ладзіць мерапрыемствы, звязаныя з ушанаваннем памерлых літаратараў, і розныя юбілейныя вечарыны, з’яўляецца аддаленая ад цэнтра горада бібліятэка імя Еўфрасінні Полацкай. Толькі ў мінулым, 2010 годзе, мы наладзілі ў ёй, дзякуючы падтрымцы дырэктаркі Ліліі Арцюх, юбілейныя імпрэзы Яўгеніі Мальчэўскай (пасмяротна), Уладзіміра Папковіча, Рыгора Барадуліна. Да нядаўняга часу такія акцыі ладзіліся намі ў зале беларускай літаратуры абласной бібліятэкі, але пасля таго, як была пераведзеная ў іншы аддзел яе загадчыца, неабыякавы да беларушчыны чалавек Ірына Фёдарава, справа змізарнела.

Як бачым, аддзяленне, хоць, відавочна, і не так спраўна, як колісь, але ж існуе. Усё гэта выклікае незадаволенасць тых, хто хацеў бы паставіць на нашай дзейнасці тлусты крыж. Асабліва раздражняе апошніх згадванне нашых імёнаў у прэсе. А больш за ўсё не дае спакою памяць людская пра бурнае наша, насычанае скіраванымі на выхаванне ў дзецях і дарослых актыўнай грамадзянскай пазіцыі мерапрыемствамі, паважлівасцю і інтэлігентнасцю ў абыходжанні з людзьмі (што па сёння многія з удзячнасцю настальгічна ўзгадваюць), мінулае. Адсюль — і рапуха зайздрасці, і лямант. І зразумела: сваю суполку сяк-так стварылі, а вось выканаць замову на поўнае выдаленне з творчай прасторы калег-апанентаў нават пры наяўнасці наймагутных «тылоў» так і не далі рады. І ніколі не дадуць.

4 ліпеня 2007 г.

Землякі запрасілі ў Мёры на святкаванне Дня горада. Супрацоўніца аддзела ідэалогіі, прыемная беларускамоўная жанчына, відаць, напалоханая кімсьці з вышэйшага начальства адыёзнасцю маёй асобы, пасля доўгага, пільнага прыглядання ды незразумелага муляння раптам кажа пад сканчэнне мерапрыемстваў: «Вось жа назірала ўвесь дзень за вамі, назірала: ну, нармальны ж вы чалавек. Нічога не разумею, далібог». Знянацку заспеты, і адказаць напачатку на гэткі пасаж не знайшоў чаго.

Ад самага пачатку вэрхалу з утварэннем СПБ з сябрамі нашай суполкі, як і паўсюль у краіне, праводзілася «праца» па агітацыі да перабежніцтва. Прапановы перайсці ў новастворанае праўладнае «дзіця» атрымалі Алена Гінько, Лявон Неўдах, Аркадзь Нафрановіч і іншыя. Усе яны, за выключэннем некалькіх чалавек (якіх і агітаваць асабліва не было патрэбы), нягледзячы на беспрэцэдэнтны ціск уперамешку з заваблівымі пасуламі ды намёкамі на ўсялякія прэферэнцыі, зрабіць гэта катэгарычна адмовіліся. Апагею ж «агітацыйная праца» віцебскіх уладаў на замову чыноўнікаў са сталіцы, як і паўсюль у краіне, дасягнула ў нас на пачатку сакавіка 2010 года. 4-га сакавіка, у адзін дзень з паўзамі не болей за чвэрць гадзіны мне патэлефанавалі па старой памяці (выбары новага кіраўніка аддзялення па маім 10-гадовым старшынстве ў нас прайшлі яшчэ ў лістападзе 2009-га) Уладзімір Міхно з Чашнікаў, Віталь Гарановіч з Глыбокага, Пятро Ламан і Міхась Мірановіч з Віцебска і распавялі пра размовы з імі наконт іх членства ў Саюзе беларускіх пісьменнікаў у звязку з тэмай працаўладкавання. Наўпрост пра выхад з СБП пасля фармальнага спраўджання, да якога саюза чалавек належыць, падчас тых размоваў не казалася, але падтэкст быў больш чым выразны: нічога, маўляў, супраць вас як працаўніка не маем, але ж самі разумееце, крый Бог што, дык… Згадваліся прозвішчы высокіх галіновых чыноўнікаў вобласці, якія нібыта павінны былі падаць паводле вынікаў тых размоваў справаздачы ў сталіцу сваім непасрэдным начальнікам. Справа, аднак, займела дзякуючы публікацыям у «Нашай Ніве» і «Народнай волі» гучны рэзананс у агульнабеларускім маштабе і была, як вядома, прыпыненая. На пытанне, чаму ж так бяздарна была арганізаваная тая агітацыйна-застрашальная кампанія, адна з абласных чыноўніц ад ідэалогіі сціпла адказала, што, канечне, памылка была дапушчаная. Маўляў, не след было біць гэтак — у лоб, а куды разумней было б праводзіць з літаратарамі мэтанакіраваную «растлумачальную, асветніцкую працу». Усю жорсткасць такой «працы» я зведаў на сабе крыху пазней, напрыканцы 2009-2010 навучальнага года. Той «працы», датычна якой якраз бы і дарэчы было прадэманстраваць адмысловы грамадзянскі імпэт ды высокую ўласную маральнасць дзяржаўнаму Грамадскаму савету па маральнасці – прыцягнуць да адказнасці вінаватых у здзеку з людзей і пераследзе за погляды.

Асаблівасць любой дзяржавы з аўтакратычным стылем кіравання — лёгкасць, з якой яна, дзяржава, і тыя, хто ёю кіруюць, выходзяць з прававога поля. І згаданая сакавіцкая 2010 года «агітацыйная» акцыя вельмі добра гэта засведчыла. Старшыня абласной пісьменніцкай суполкі падае спісы яе сяброў падчас перарэгістрацыі толькі ў мясцовы аддзел юстыцыі. То якім чынам трапляюць яны на сталы галіновых чыноўнікаў? Наступствам жа такой лёгкасці, у сваю чаргу, з’яўляецца лёгкасць пераймання гэткага стылю паводзінаў шараговымі грамадзянамі. Трэба думаць, сама ж дзяржава неаднойчы ў будучыні аб сваё пачварнае спараджэнне і спатыкнецца: што пасеяў, вядома, тое і пажнеш.

Я склаў паўнамоцтвы кіраўніка аддзялення напрыканцы 2009 года. 10 гадоў кіравання грамадскай суполкай – дастатковы тэрмін і каб дарэшты стаміцца ад штодзённага знаходжання ў эпіцэнтры змагання творчых самалюбстваў, і каб узбагаціць свой жыццёвы досвед высноваю аб шкодзе аб’яднанняў у творчым асяродку наогул. Тым больш на ўзроўні дзяржаўным. «Дзяржава не павінна быць павітухаю для літаратараў«, — пісаў В. Вальзер, маючы на ўвазе літаратараў маладых, і я з ім цалкам згодны і датычна прадстаўнікоў вольных прафесій наогул. Ужо калі аб’яднанне – то хіба што, можа, кшталту масонскай ложы. Іншая справа, што ва ўмовах краіны з такой ступенню размытасці крытэрыяў нацыянальнай самаідэнтыфікацыі, як наша, грамадскае творчае аб’яднанне непазбежна выконвае, апроч уласна творчых, і іншыя функцыі. І яны, гэтыя фунцкыі, так важныя ў кантэксце нацыятворчасці, што ігнараванне іх паводле азначэння немагчымае.

У немалой ступені да майго рашэння пакінуць кіраванне аддзяленнем прычыніліся, як ні падасца гэта дзіўным, і літаратары-аднадумцы. Такую арганізацыю, як Саюз беларускіх пісьменнікаў, паўсталую на грунце адданасці яе членаў нацыянальнай ідэі, разбурыць (не зачыніць сілавым ціскам, а менавіта разбурыць) можна толькі знутры. Асабліва небяспечнымі ў гэтым плане падаюцца асобы з начальніцка-літаратарскага асяродку. Не жадаючы губляць твар праз выхад з суполкі, то бок здраду паплечнікам, яны з часам немінуча пачынаюць чакаць, што ўсё счэзне міжволі і цяжкая задача выбару паміж сумленнем і добрым заробкам знікне сама сабой. Аднак у чаканні такой развязкі яны нямала папсуюць крыві іншым. «Мы ёсць, ці нас няма? – не прамінуць запытацца пры нагодзе ў кіраўніка грамадскага аб’яднання, хоць і выдатна ведаюць, што пытанне больш чым некарэктнае і адрасаваць яго мае сэнс найперш сабе. Пры гэтым такія ўласныя дробныя «грашкі», як перасцярожлівы няўдзел у з’ездзе ці сходзе, дыстанцаванне ад грамадскіх справаў і ўчорашніх аднадумцаў у прыватных размовах са староннімі і, наадварот, удзел у мерапрыемствах пад сцягамі чужынскімі, як правіла, пад увагу падчас задання згаданага вышэй сакрамэнтальнага пытання (дык ёсць мы ці не?) не бярэцца. Думаю, і Вольга Іпатава гэткіх пытанняў у свой час дастаткова наслухалася, і Алесю Пашкевічу з Барысам Пятровічам яны добра вушы прагудзелі. Адна толькі вытрыманая ў гэткім ключы публікацыя ў «Народнай волі» пад назовам «Мільянеры-жабракі» за 7-9 верасня 2010 года чаго вартая. Дадамо да сказанага несувымерныя з талентам творчыя амбіцыі некаторых літаратараў, і карціна стане канчаткова зразумелай. У параўнанні з перабежчыкамі 1-й хвалі, часу ўтварэння новай літсуполкі, для якіх скасаванне Саюза беларускіх пісьменнікаў з’яўляецца жаданым таму, што хоць крыху знівелявала б іх саромна-апартуністычны ўчынак, такія людзі на пэўным этапе развіцця падзей для справы нават больш небяспечныя.

Мой стаж працы ў Віцебскім тэхналагічным універсітэце складаў агулам каля 20 гадоў. Працуючы апошнія гады ў ВНУ на крыху больш як палову стаўкі і не атрымаўшы ў сакавіку аніякага пазову на размову да кіраўніцтва датычна прыналежнасці да Саюза беларускіх пісьменнікаў, я, канечне ж, быў у недаўменні. Што такое, няўжо махнулі рукой? І дарэмна. Ужо ў сярэдзіне чэрвеня адчуў вакол сваёй асобы нейкі рух, які ўрэшце выліўся ў размову з прарэктарам Малашанкавым з нагоды маёй адсутнасці напрыканцы чэрвеня на кафедры ў той час, як аднаму са студэнтаў-абібокаў пагражала адлічэнне з-за акадэмічнай запазычанасці. Студэнт быў, мякка кажучы, ніякі, і я падрабязна выклаў тое ў тлумачальнай цыдуле. Што, аднак, прарэктару абыходзіла, як я зразумеў, менш за ўсё, бо найперш меў для яго вартасць сам прэцэдэнт, які, мяркую, быў ім жа (а можа, і яшчэ кім, хто ж прызнаецца: заплечных справаў майстра – заўсёды інкогніта) і інспіраваны. «Чым звальняць вас паводле артыкула, пішыце лепш заяву па ўласным жаданні», — не даўшы сабе клопату ўвайсці ў становішча калегі (я займаўся на той час тэрміновым лячэннем зубоў у прыватнага доктара), прыступіў да справы гэты ціхмяны з выгляду чалавек з абароненай, трэба меркаваць, кандыдацкай. Выдатна разумеючы, што словы прарэктара — блеф, я адказаў, што згодны на звальненне паводле артыкула. Але так звольніць мяне не атрымлівалася: я працаваў ва ўстанове на няпоўную стаўку, штодня быць на працы, паводле элементарнай логікі, быў не абавязаны, ды і дысцыплінарных спагнанняў дагэтуль ніколі не меў. Наадварот, заўсёды з’яўляўся ўранні на працу – сталая настаўніцкая звычка – самае малое за паўгадзіны да пачатку заняткаў, напрыканцы семестра здаў для друку напісаную ў суаўтарстве з выкладчыцай кафедры метадычку па адной з праграмных тэм, штогод арганізоўваў з ліку першакурснікаў даволі прафесійныя дэкламатарскія групы для выступу падчас канферэнцый і мерапрыемстваў гарадскога маштабу. Але гэта, падобна, прарэктару было зусім нецікава. Ягоная задача як куратара ідэалагічнай працы ва ўстанове ў адносінах да мяне палягала ў зусім іншым і зусім прадказальным накірунку.

Спавешчанне пра тое, што я буду звольнены з універсітэта напрыканцы лета ў сувязі са сканчэннем тэрміну кантракта, я атрымаў праз два тыдні па размове з прарэктарам, калі пайшоў у адпачынак. Можна ўявіць, што то былі для мяне за «канікулы». З’яўляючыся літаратарам з ліку тых, для каго, каб больш-менш плённа працаваць, пастаянна патрэбны допінг у выглядзе экстрэмальнай сітуацыі, ды засеўшы на два неймаверна спякотныя месяцы за кампутар, я, без перабольшання, аказаўся ўпершыню ў жыцці літаральна пераламаны напалам. Што значыць застацца без заробку за два з паловай гады да выхаду на адпачынак? Куды ўладкавацца, куды кінуцца ў становішчы суцэльнай аблогі? У сувязі з гэтым міжволі ўзгадваюцца развагі некаторых дзяржаўных мужоў аб укараненні ў нашым жыцці ды побыце еўрапейскіх каштоўнасцяў як аб пагрозе небяспекі страты маралі і нацыянальных каранёў. Ці ім пра тое гаварыць? Асабліва дзеячам ад адукацыі, сістэмы, якая на сённяшні дзень якраз знаходзіцца ў авангардзе эскалацыі жорсткасці і бесчалавечнасці ў адносінах да чалавека. Той сістэмы, дзе за 10 тысяч рублёў дабаўкі да пенсіі які-небудзь сапселы кіраўнік-пенсіянер (а якраз пенсіянеры найчасцей сёння і кіруюць, бо выгодныя ўладзе) без згрызотаў сумлення сапсуе жыццё дзясятку падначаленых і не папярхнецца. Зразумела, усё гэта ён зробіць на тле енку аб дбанні пра інтарэс уласных дзяцей і ўнукаў. Сёння я, вернік і педагог з 30-гадовым стажам, адышоўшы збольшага ад стрэсу ў сувязі са стратай працы, якую заўсёды любіў і да якой ставіўся з неўдаваным піетэтам, памяняўшы дошку з крэйдаю і асадку ў тлумнай аўдыторыі на рыдлёўку і венік на вольнай прасторы прыкасцёльнага дзядзінца, кожнаму, хто хоць аднойчы прычыніўся да пераследу людзей гэткім чынам, хто стварыў у краіне атмасферу духоўнай мярзотнасці і бессаромнасці, сардэчна зычу аб тую атмасферу аднойчы як можна больш балюча выцясціся-спатыкнуцца. І тым, хто непасрэдна ўчыняе гвалт над людзьмі, і, найперш, тым, хто за ўсім гэтым стаіць. Зычу гэта, выдатна ўсведамляючы адказнасць за свае словы перад Богам. І справа не толькі ў тым, што ўшчэмленая годнасць патрабуе сатысфакцыі.

22 студзеня 2011 г.

Вось і спатыкнуліся-выцяліся, здаецца – адзін, другі – дзеячы абласнога маштабу. Як ім балюча, як прыкра – гатовыя з інфарктам (вядомыя хітрыкі) палегчы ў шпіталь ад невыноснасці факта пазбаўлення заробку. І гэта пры тым, што даўно, як тыя шведы кажуць, пенхунэры і ўжо сяк-так не памерці з голаду, беручы прыклад і з нашмат бяднейшых суграмадзянаў, маглі б даць рады. Зрэшты, вось ужо і далі, уладкаваліся на цёплыя месцы. І будзе такая брыда займаць тое месца да скону і псаваць людзям кроў.

Я забраў у аддзеле кадраў універсітэта сваю працоўную кніжку 31 жніўня, напярэдадні пачатку новага навучальнага года. «Вас, видимо, всё-таки «ушли»?» – спытала жанчына з выхаваўчага аддзела, якая ў гэты ж дзень звальнялася паводле ўласнага жадання. – «Адкуль вы ведаеце?» – пацікавіўся. – «А хіба цяжка здагадацца?» — быў адказ. Сапраўды, дамоклаў меч цяжкасцей з працаўладкаваннем у сістэме адукацыі я адчуў упершыню яшчэ гады 4 таму, падчас падпрацоўкі ў абласным аб’яднанні пазашкольнай працы. Тады я страціў мізэрныя, але такія важныя для мяне на той момант капейкі з ласкі чыноўніцы ад асветы, якая не паленавалася выклікаць супрацоўніка ўстановы ва ўпраўленне адукацыі і ўчыніць разнос за тое, што ўзялі мяне весці гурток з вучнямі сярэдніх класаў. «Как может такой человек работать в университете?» – абуралася пазней прылюдна, маючы на ўвазе маю персону, другая вядомая ў горадзе штатная змагарка з іншадумствам, і, думаю, абурэнне яе і да яе падобных, падагрэтае няўрымслівай зайздрасцю прыкарытных вяршыцеляў лёсаў людзей у немалой ступені і з’явілася тым грунтам, што зрабіў надалей маю прысутнасць у сістэме адукацыі немагчымай.

Гэта мне, звыкламу да рэжыму жорсткай эканоміі ва ўмовах пастаяннага выбару паміж больш-менш прыстойным заробкам і займеннем вольнага часу для творчасці, ды яшчэ адзінотніку ў дадатак, можна сяк-так пражыць і на самыя смешныя грошы. А што рабіць у такой сітуацыі людзям сямейным і меней прыстасаваным да адаптацыі ва ўмовах штучна створаных рознай поскуддзю жыццёвых непярэлівак? Можна колькі заўгодна папракаць творчых людзей у інфантылізме, адсутнасці прадпрымальніцкай жылкі як запарукі вольнага існавання, ды ўсё гэта – або ад д’ябла, або ад жадання пазбегнуць прамога адказу на пытанне, дзе яно, чалавечае, і дзе пачынаецца свінства.

9 ліпеня 2010 г.

Уключыў тэлевізар з трансляцыяй адкрыцця «Славянскага базару», а там – на ўвесь экран – пастава аднаго з высокіх наглядчыкаў ад адукацыі. У пінжаку, пры гальштуку ў 30-градусную спёку: начальнік. Галавой круціць, як лялька-марыянетка, і пуза неабдымнае сваё пагладжвае, і вачыма па баках раз-пораз пуляе. Ды падскоквае, бы на спружынах, ды азіраецца ўсё навокал, азіраецца… Зразумела: юр дзядзьку апанаваў, разняволіцца карціць хоць рады ў гады, а боязна ж, раптам хто ўбачыць ды прыпіша «неадпаведнасць». Быццам не чуў ніколі: варона вароне вока не выдзяўбае.

28 лістапада 2010 г.

21 лістапада зладзілі вечарыну ў гонар 80-годдзя Уладзіміра Караткевіча. А сёння разам з Лерай Сом знаходзімся ў Оршы невялічкай групай з 8 чалавек, аб’яўляем у музеі вынікі праведзенага абласным аддзяленнем Саюза беларускіх пісьменнікаў літаратурнага конкурсу для моладзі ў гонар юбілею земляка. Вельмі добра, сардэчна прынялі ў музеі. Спытаў, чаму не запрасілі на афіцыйнае мерапрыемства – паціснулі плячыма: «Вы ж разумееце, павінны разумець, чаму…».

«Ці варта выпраўляць чалавека, чые заганы невыносныя для грамадства? Ці не прасцей вылечыць ад хіжасці душэўнай тых, хто яго трывае?» – пісаў у дзённіках згаданы на пачатку гэтага эсэ Л. Талстой, відавочна аддаючы перавагу чыну другому. Што скажаш: і мудрацы могуць быць ідэалістамі.

Прыдворныя пісакі ёсць паўсюль. У некаторых краінах носьбітам той прыдворнасці, як у Вялікабрытаніі, напрыклад, нададзены афіцыйны статус – паэта-лаўрэата. Ды наўрад хоць адзін з закардонных лаўрэатаў пераплюне нашых прыкарытных у памкненні запоўніць сабою дазвання літаратурную прастору краіны. Але што ж тут зробіш, як гэтак карціць апошнім пісаць на замову нават у часы, калі ўсё найбольш значнае ў айчыннай літаратуры, насуперак іх амбіцыям і імпэту, відавочна ствараецца па-за кантэкстам дзяржаўнай, афіцыйнай падтрымкі. Што скажаш, калі сінкразія творчая — гэткі ж неад’емны складнік прафесіі, як і сінкразія звычайная, фізічная – складнік жыцця наогул. То пішма, таварышы! Закідайма краіну на дараваныя ўладаю ўзамен на бязмежную адданасць грошы бессаромнымі даносамі і «сердечными», «вдохновенными», «удивительно нежными» творамі! Гэта няважна, што ў трох радзімах, бы ў трох хвоях, творцы заблукалі. Усё адно ж: чым больш напішам, тым шчаслівейшы будзе наш, беларускі народ!



Загрузка...