ГЛЕЙНІК НЯЗНАНЫ


Калі ў 1887 годзе тапограф Фрэд Мэйсан і маарыйскі правадыр Танэ Тынараў першымі зь людзей патрапілі ў пячоры, у якіх зьнікала рэчка Ваітома, перад іхнымі вачыма ўзьнікла прыгожае й вусьцішнаватае відовішча. Поўны змрок пячоры быў расквечаны мірыядамі блакітна-зялёных зорачак, чыё сьвятло дрыжэла й зьвівалася ў хуткаплыннай маўклівай рацэ. Пазьней высьвятлілася, што гэтыя сьветлякі насамрэч толькі лічынкі павуковае мухі, дагэтуль нязнанае ня толькі ў сьвеце, але й сярод абарыгенаў Новае Зэляндыі.

Калі ў 1927 годзе польскі энтамоляг Шольц прабіраўся лесам уздоўж ручаіны, што ўпадае ў рэчку Пад'яварку, што на Дзятлаўшчыне, ён, бадай, і думаць ня думаў, што адкрые тутака нікому ў сьвеце невядомага жука-плывунца. Між тым, цуд адбыўся. Як толькі Шольц нахінуўся бліжэй да вады, ён разгледзіў там россып забаўнае жамяры, якая сноўдала ўверх-уніз, то ледзь кранаючы вусікамі вадзяную паверхню, то імкліва зьнікаючы ў глеі. Пра гэтых жучкоў - глейнікаў нічога ня чулі й тубыльцы - беларускія сяляне.

Глейнік нязнаны (Rhatus incognitus) - самы малы прадстаўнік беларускіх плывунцоў, якіх у нас 6 відаў. Ягонае цельца ўсяго толькі блізу 10 мм. Аднак жа ён ці ня самы элеганцкі з выгляду: амаль дакладна авальны, бліскучы, адметнай чырванавата-жоўтай афарбоўкі. Вусы-нітачкі й лапкі памаранцавыя, а крапінкі-штрышкі наверсе чорныя, якія амаль зьліваюцца ў канцы надкрыльляў, якія маюць таксама пунсова-жоўтую аблямоўку.

Чым падабаецца гэтым глейнікам менавіта Дзятлаўшчына, сказаць цяжка, ці то краявідамі, ці то чыстаю вадою. Паводле аднае з вэрсіяў, яны сюды патрапілі разам з саксонскімі ткачамі, якіх у 1775 годзе прывез сюды Антоні Тызэнгаўз, апошні падскарбі Вялікага Княства. У Саксоніі яны даўно павывеліся, а на Дзятлаўшчыне ацалелі. Але з пэўнасьцю можна сказаць, што глейнік нязнаны - адзін з найлепшых санітараў у лясных рэчках, бо зьядае тое, да чаго астатнія не даўмеліся - парэшткі чарвякоў і водарасьцяў, якія патрапляюць у лёгкі глей.

Ігнат Двачанін узгадваў, што як быў малы, дык не было ў яго цікавейшае забавы, чым сачыць за падводным палётам порсткіх жучкоў, якіх ён лавіў у адмысловую шкляную старасьвецкую бутлю-кварту, мусіць таксама з часоў Тызэнгаўза. Цяпер гэтых глейнікаў нязнаных лавіць забаронена, бо гэты надзвычай рэдкі від - Rhatus incognitus - унесены ў Чырвоную Кнігу.

Ну а цяпер які ж ён нязнаны, калі мы пра яго дазналіся?..


Загрузка...