ДРАХВА


У Новай Зэляндыі ёсьць адзін сумны сымбаль. Гэта - моа, самая вялікая птушка сьвету (3 м ў вышыню), што была выбітая ў часы Асьветніцтва. Яе амаль сваячка - драхва (Otis tarda), самая высокая птушка Беларусі, напэўна, зьнікла ўжо на прыканцы 60-х гадоў нашага стагодзьдзя.

«Гэта той, хто ў Афрыку пешкам ходзіць», - кажуць пра драхву на Гомелынчыне. І маюць пэўную рацыю. Па-першае, апошнія віды яе сямейства сапраўды жывуць у Афрыцы ды Арабіі, а па-другое, драхва сапраўды нядрэнны хадок. Перад тым, як узьляцець, ёй трэба добра разьбегчыся. Ну, рыхтык стравус (які ўвогуле ня лётае)!

Беларуская драхва колісь была звычайнай жыхаркай паплавоў, палёў ды лесастэпаў ад Горадні да Гомеля, па ўсім поўдні Беларусі. Але такая маса птушынага мяса (пад 20 кг) надта прываблівала спажыўца-чалавека... Апошнюю птушку забілі ў 1926 годзе каля вёскі Вялікі Бокаў Мазырскага павету.

Сёньня ў сьвеце зробленыя сур'ёзныя захады дзеля ўратаваньня драхвы. У Беларусі, магчыма, ужо позна... А колісь гэтая пералётная птушка часам нават не адлятала ў чужыя краі з роднае зямлі. І над палямі лунаў яе ціхі роспачны крык. А пад вясну ў самцоў вырасталі доўгія «вусы» з валаскоў-пёркаў, расквечваўся іхны руда-жоўты ўбор. І зноў у непрыкметных лунках на палёх птушкі адкладалі 2-4 аліўкава-зялёныя яйкі, каб новае пакаленьне пярнатых аўтахтонаў пабачыла нашую зямлю.

Было...


Загрузка...