ПЭЛІКАН


У Новай Зэляндыі прадстаўнікі атраду Pelecaniformes - пэліканы й бакланы, - звычайныя тутэйшыя птушкі, якія жывуць на Поўначы па ўзьбярэжжах акіяну, рэчак і азёраў. А ў Беларусі ружовы пэлікан толькі гасьцяваў - залятаў і гнездаваўся пераважна на Поўдні, на Палесьсі і ў Падняпроўі, хоць бачылі яго й на Лепельшчыне ды Барысаўшчыне (1864). Адно з браслаўскіх азёраў так і завецца - Пэліканы.

У старажытнасьці першыя хрысьціяне шанавалі гэтую птушку як сымбаль сьвятога прычасьця, бо, паводле паданьняў, пэлікан карміў сваіх птушанятаў уласнай крывёю. У раньнехрысьціянскім жывапісе пэлікана можна бачыць сярод іншых сымбаляў на мурох катакомбаў. Адсюль, напэўна, паходзіць і традыцыйна лагоднае стаўленьне людзей да гэтае птушкі. Тым больш, што мяса пэлікана малаядомае. У мусульманаў есьці яго забаронена. Паводле ісламскага паданьня, пэліканы на загад Бога насілі ў сваіх гарлавых мяхох ваду для будаўніцтва Каабы.

Дзюбы ў пэліканаў, - як вялізны сак, ніжняя частка якога ўтвараецца неапераным гарлавым мяшком, а верхняя - доўгаю кілепадобнаю дзюбаю з моцным кручком на канцы. З дапамогаю такой дзюбы пэліканы ловяць рыбу - асноўны свой прадукт харчаваньня, - якую сьпярша закідаюць у паддзюб'е-мяшок, а ўжо потым глытаюць.

Пэлікан - найбуйнейшая вадаплаўная птушка (даўжыня цела 1,5 м, а вага каля 11 кг.). Ружовыя пэліканы маюць беларужовую з бурымі пераходамі пад крыламі афарбоўку пер'я. Наддзюб'е шэра-блакітнае з барвовымі плямкамі, а дзюба, як і перапончатыя лапы - жоўта-чырвоная. У ружовых пэліканаў (у адрозьненьне ад кучаравых і шэрых) маецца й плюмаж, які шчацініцца ззаду на галаве даўгаватым завостраным пер'ем.

Пэліканаў бачылі ў Беларусі толькі да вайны (у Бабруйску й на Прыпяці). Прычынаю іх зьнікненьня сталася бурная гаспадарчая дзейнасьць, празь якую ў Беларусі рэзка паменшала рыбы, а таксама - адсутнасьць ахоўнага статусу. Птушка, якая была сымбалем ахвярнага выкупленьня чалавечых грахоў, сама сталася ахвяраю чалавечае нядбайнасьці ў нашым краі.

Пэліканы вельмі музычныя й разумныя птушкі. Распавядаюць, як аднойчы ў Мазыры ружовы пэлікан прыходзіў на танцпляцоўку паблізу Прыпяці, нібыта ўслухоўваўся ў музыку і пагойдваўся ў такт рытму. Сьцьвярджаюць, што калі падлеткі памкнуліся яго злавіць, ён нібыта крыкнуў: «Жыве Беларусь!» і ўцёк.


Загрузка...