СЬВІНЬНЯ


Калісьці ў Беларусі звычайнымі спадарожнікамі чалавека былі віларогія валы, аслы й нават вярблюды, якія па рэглямэнту ўдзельнічалі ў магілеўскіх гарадзкіх парадах. Хто ж са свойскіх жывёлаў можа быць агульнапрынятым сымбалем Беларусі сёньня? Вядома, сьвіньня!

Сьвіньні (Suidae), якія разам з бэгемотамі належаць да групы няжвачных сямейства парнакапытных (Perissodactyla), - нязьменныя спадарожнікі чалавека на ўсіх кантынэнтах. Сёньняшнія пароды сьвіней, якія ўражваюць сваёй разнастайнасьцю, ад маленькіх зморшчаных японскіх да вялізных гладкіх ёркшырскіх, паходзяць ад міжземнаморскіх, эўрапейскіх і азіяцкіх відаў дзікоў. І хоць, як заўважыў Лец, «дзікая сьвіньня» гучыць нашмат больш высакародна, чым проста «сьвіньня», гібрыды дзікоў ад часоў нэаліту забясьпечваюць людзей смачным і далікатным мясам.

Ралян Барт, у сваю чаргу, заўважыў, што мы - па сутнасьці тое, што мы ямо. Ці ж выпадкова найбліжэйшы адпаведнік чалавечай крыві паводле хімічнага складу - кроў свойскіх сьвіней?

Зрэшты, і паводле сваіх мазгавых здольнасьцяў свойскія suidae пераўзыходзяць сваіх дзікіх суродзічаў. Гэтая жывёліна дэманструе дзівосныя здольнасьці. Навучаныя сьвіньні адчыняюць засаўкі, арыентуюцца па гадзіньніку, складаюць лічбы... Калі Людовік XI, кароль Францыі, занепадаў у мэлянхолію, нішто ня цешыла яго так, як скокі й гульні дрэсыраваных парасятаў, апранутых у «фантастычныя» ўборы народаў Рэчы Паспалітай, пад гукі нашае дуды. Парасятаў дастаўлялі з Смаргоні.

У Францыі й па сёньняшні дзень нашчадкі тых парасятаў выкарыстоўваюцца ў «ціхім паляваньні» на труфэлі. Знайшоўшы труфэль, сьвіньня робіць стойку ў чаканьні гаспадара. А ў Англіі жартаўнікі даўмеліся выкарыстоўваць сьвіней на сапраўдным паляваньні. Чуцьцё ў сьвіней не слабейшае за сабачае. Яны знаходзяць і падымаюць перапёлак, курапатак, глушцоў, трусоў. Праўда, не зважаюць на зайцаў.

Сьвіньня - звычайны жыхар і ў Палінэзіі. Калі першыя палінэзійцы каля 1350 году дасягнулі берагоў Новае Зэляндыі, у іхных каноэ, разам з тога, бататам і тара, былі ўсё тыя ж спрадвечныя спадарожнікі - сабакі й сьвіньні. Але зь невядомай прычыны сьвіньні ў Новай Зэляндыі зьвяліся. Мо таму, што дагэтуль іх тут не было ніколі. І толькі капітан Кук ці то з-за спачуваньня маоры, ці таму, што быў сапраўдным мараходам, завез сьвіней на Паўночную выспу. Паводле зьвестак, у 1840 г. сьвіньні ў Новай Зэляндыі былі ўжо паўсюль.

У Беларусь сьвіньні ніколі не завозіліся. Яны зьявіліся тут разам з чалавекам пасьля апошняга ледавіка. З усяе разнастайнасьці пародаў, што існавалі ў нас некалі, за апошнія 200 гадоў засталіся толькі чатыры мясцовыя: літоўская, чавуская, беларуская чорнарабая і белая буйная. Апошняя БББ-1 складае сёньня ўжо 92% сьвінога пагалоўя Беларусі, якое ў 1993 г. складала 5.000.000 галоў (па адной на двух беларусаў).

Пры тонкай і пекнай канстытуцыі арганізму сьвіньня носіць на сабе такія пласты тлушчу, што сала аднае-дзьвюх жывёлінаў стае на сям'ю на год. Кішок жа ў сьвіньні ў дзесяць разоў больш за даўжыню яе цела. З каго яшчэ можна нарабіць столькі кілбасаў? Невыпадкова самае вясёлае беларуская сьвята - Каляды, калі колюць сьвіней і пхаюць кілбасу.

Ішла сьвіньня пасярод Раства,

Каляда, Каляда.

Нясла кішок парцяны мяшок,

Каляда, Каляда.

Ішла сьвіньня па ляду...

Рассыпала каляду...

Ідзі мішка, пабірай...

Будзе табе каравай...

Беларусь, Каляды й сьвіньня - непадзельныя. Такі парадак.


Загрузка...