Насуперак нашым уяўленьням пра фаўну паўднёвых краінаў, у Новай Зэляндыі толькі тры віды яшчарак: геккон, сцынк ды тая славутая гатэрыя - таўтара з выспаў Чатэм.
Гэтаксама і ў Беларусі толькі тры віды яшчарак з клясы паўзуноў (Reptiliaidae): жывародная, порсткая і адна бяз лапак - вераценіца. Але крыху раней, літаральна некалькі дзесяцігодзьдзяў таму, іх было больш...
Сёньня, як ведама, рэчышча ракі Нямігі амаль цалкам высахла ў Менску. На месцы, дзе колісь адбылася крывавая бітва рускіх князёў, цягнецца вуліца, званая Нямігаю, пад якою праведзены канал. А даўней увесну, калі вада зьбіралася з талых сьнягоў, яна прарывалася праз насыпаную грэблю і, плывучы даўнейшым рэчышчам, залівала ўсю вуліцу й рыбны рынак, а абыйшоўшы гару, на якой колісь стаяў замак, праз гэтак званае Татарскае балота ўпадала ў Сьвіслач.
На тым балоце, якое ляжала паміж замкам, татарскім кварталам, ракою Сьвіслачай і вуліцай Замкавай, стаяла даўней, як гаворыцца ў паданьні, вельмі старажытная царква, сёньня ж на тым месцы адноўлены падмурак, ужо прысыпаны друзам бітых бутэлек.
Тутака і сустракаліся, хоць і вельмі рэдка, велізарныя яшчары (Lacerta apythana), падобныя з выгляду на кракадзілаў. Напэўна, апошняга гэткага яшчара знайшлі татарскія дзеці больш за 100 гадоў таму - у красавіку 1885 году, але, даведаўшыся пра гэта, дарослыя яго забілі...
Гэты цікавы экспанат даўжынёю каля 1,5 стапы (блізу 0,5 м) быў прэпараваны й захаваны дырэктарам рэальнае вучэльні Я.Самойлам, аднак, на жаль, загінуў бязь сьледу ў канцы 1918 году пад час адыходу зь Менску нямецкіх войскаў і выезду на выгнаньне Ўраду БНР.