РАСАМАХА


Чамусьці людзі спрадвеку падзялялі ўсіх зьвяроў на карысных, гэта значыць, зь якіх можна больш узяць, і на шкодных, зь якіх можна ўзяць менш. Гэтак шкоднымі сёньня называюць у Новай Зэляндыі бурага палінэзійскага пацука (Rattus exulans). Хоць у тыя часы, калі мужныя мараходы маоры перасякалі Пацыфік, менавіта гэтыя пацукі, чыё мяса смакам бліжэй да трусінага, былі іх спажываю ў далёкіх падарожжах. Ядуць іх часам і сёньня. Але ўпарта называюць шкоднікамі, хоць шкоды ад гэтага грызуна амаль ніякай, бо ён сілкуецца кветкамі, неядомымі для чалавека пладамі дрэва панданус і... чалавечымі аб'едкамі. Няўдзячныя людзі нават не задумваюцца над тым, што драбнейшыя выспы пераўтварыліся б у сьмярдзючыя сьметнікі, каб не пушысты буры пацучок.

Гэтаксама несправядліва людзі ня любяць расамаху (Gulo gulo), якая зусім яшчэ нядаўна вадзілася па ўсёй Беларусі. Гэта даволі вялікі зьвер, больш за 80 см у даўжыню й вагою за трыццыць кіляграмаў, з магутнымі лапамі й ікластай пашчаю. Некалі расамаха была ў нас унікальнай жывёлай, пра якую нічога ня ведалі ў Эўропе, нават у блізкай Польшчы. А таму падарожнікі моцна ёй дзівіліся. Польскі падарожнік 16 стагодзьдзя Мацей зь Мяхова ў сваім трактаце апісвае яе гэтак: «... Тут ёсьць вельмі жорсткая і непатрэбная жывёліна, якая не сустракаецца ў іншых месцах... называюць яе расамахай. Велічынёй яна зь вялікага сабаку, з кацінай пысай, целам і хвастом падобная да лісіцы, чорнага колеру, сілкуецца трупамі...» Асабліва шмат расамахаў было на Ўсходзе Беларусі. Яны моцна разьвяліся там у 17 стагодзьдзі пасьля войнаў з Расеяй. Маскоўскія цары павынішчалі цэлыя гарады, пазабівалі безьліч беларускіх жыхароў да такое ступені, што й хаваць нябожчыкаў не было каму... Таму сюды прыйшла расамаха. Хоць зазвычай яна сілкуецца тым самым што й мядзьведзі: ягадамі, дробнай і хворай жывёлай. Там, дзе хадзіла расамаха, было менш ваўкоў, бо яна - адзіны ім канкурэнт і спаборнік. Каб ня тыя войны з Расеяй... бадай, ніхто й не пабачыў бы гэтага зьвера ў ролі магільшчыка.

Даўней людзі шанавалі і расамаху. За нязноснае футра, якім падбівалі зімовы абутак, ірты, полазы саняў, чапракі пад конскія сёдлы. За тое таксама, што яна адганяла ваўкоў і зьядала ўсялякую падліну. Навукоўцы называлі яе беларускай гіенай. Але няўдзячныя людзі пачалі грэбаваць ёю, як толькі прамысловасьць забясьпечыла іх лацьвейшымі за футра тканінамі, а ў лясах моцна паменела жывёлаў, якіх людзі паелі, не пакінуўшы нават кавалка падліны сваім былым памагатым. За грэблівасьцю прыходзіць нянавісьць - расамахаў забівалі проста для забавы. Гэтак урэшце забілі й апошнюю нашу беларускую расамаху, у 1898 годзе, каля вёскі Замосьце на Случчыне. Праўда пазьней слуцкія паўстанцы прыгадвалі, што калі яны кватаравалі ў лясах у 1921 годзе, некаторыя з байцоў знаходзілі малых расамаханятаў і лёгка іх прыручалі. Гэтыя зьвяркі ўсіх пацяшалі - спрытна лазілі па дрэвах, зарываліся ў пясок, і на людзкую дабрыню рабіліся зусім ласкавымі й дружалюбнымі, нават елі разам з парсючкамі. Адзінае - не маглі цярпець сабакаў...

Але разам з задушэньнем Слуцкага збройнага чыну маскоўскімі бальшавікамі й іх памагатымі больш пра расамахаў у Беларусі ніхто ня згадваў. Яны засталіся толькі ў далёкай Ляпляндыі, далёкай ад няўдзячных людзей.


Загрузка...