БУРАЗУБКА


Да 18 ст. у Новай Зэляндыі амаль не было сваіх сысуноў, а іхныя функцыі перанялі птушкі. Птушкі-драпежніцы й цяпер п'юць авечую кроў, птушкі-вэгетарыянкі ядуць гародніну. Між тым, у нас агульнапрынятая думка, што галоўная страва птушак - казюркі. І што казюрак ядуць менавіта птушкі!.. Але гэта ня так.

У нас, у Беларусі, ёсьць і бяскрылыя істоты, якія пасьпяхова спраўляюцца з «птушыным» рацыёнам. Апроч хахулі, жамярою жывіцца яе бліжэйшы суродзіч - буразубка, таксама з атраду насякомаядных, праўда, зь сямейства землярыйкавых. У Беларусі буразубак тры віды. Адзін зь іх - Sorex araneus.

Гэта буразубка звычайная. Але, ня гледзячы на назоў, мала хто можа сказаць, што бачыў яе. Па-першае, гэта начны зьвярок. А па-другое, гэтую істоту прымаюць за грызуна, хоць, у адрозьненьне ад мышэй, буразубка прыносіць карысьць, зьнішчаючы шкодную жамяру і... мышэй. Апроч гэтага, у яе рацыён уваходзіць насеньне дрэваў.

Буразубка мае выцягнутую ў хабаток пыску й чырванавата-бурыя зубкі. Даўжыня яе каля 7 сантымэтраў плюс 3-5 сантымэтраў хваста, а вага ўсяго 8-15 грамаў. Поўсьць цёмна-брунатная, трыбушок сьветла-шэры.

Сустракаецца буразубка ў тундры й лясох Эўразіі, а ў Беларусі селіцца ў мяшаных лясох, мохавых балатох. Плодзіцца некалькі разоў на год увесну і ўлетку. А ўвогуле лёс яе незайздросны. У акцыях змаганьня з грызунамі дастаецца й буразубцы, нястомнай памочніцы-санітарцы, якая жвава і ўпарта зьнішчае масу шкодных інсэктаў.


Загрузка...