БАКАПЛАЎ


Недалёка ад Новае Зэляндыі ляжыць выспа Лёрд-Хаў. Яна вядомая заолягам таму, што тут жыве рэдкі від рознаногіх ракападобных - бакаплаў. Бакаплаў зь Лёрд-Хаў - рэлікт антарктычнага паледзяненьня, калі Новая Зэляндыя й мора вакол былі скаваныя льдом. Калі лёд сыйшоў, бакаплавы апынуліся ў ледавіковых азёрах зь нішчымнай флёрай і фаўнай, дзе спажываю для іх сталі рэдкія арганічныя рэшткі.

Такі самы ўнікальны рэлікт ледавіковай марской фаўны чацьвярцічнага пэрыяду ў Беларусі - бакаплаў Паласа. Гэтая драбнюткая ракападобная істота належыць да сямейства гамарыдаў атраду бакаплаваў. Ягонае целка даўжынёю 3 см моцна сьціснутае з бакоў і складаецца з 18-ці сэгмэнтаў. Два пярэднія сэгмэнты маюць адмысловыя канечнасьці з хапальнымі кручочкамі, тры заднія - парныя скакальныя лапкі. На галаве - доўгія парасткі-антэны. Колер бакаплаваў - ад празрыстага да памаранцавага.

Як і належыць арктычнаму рэлікту, бакаплаў найлепей памнажаецца ў восеньска-зімовы пэрыяд. У гэты час у самак на грудзях утвараецца адмысловая каморка, дзе трымаюцца яйкі, зь якіх выводзяцца маленькія бакаплавы, што будоваю цела адразу ж не адрозьніваюцца ад дарослых бакаплаваў.

Жыве бакаплаў найчасьцей на вялікай глыбіні, зрэдку трапляючы да берагу. Сілкуецца, як і ягоны сваяк зь Лёрд-Хаў, арганікай, трупамі розных істотаў. Але бакаплавы карысныя ня толькі як санітары. Яны - найкаштоўнейшы корм для рэдкіх рыбаў, такіх высакародных, як стронга. На жаль, колькасьць бакаплаваў няўхільна скарачаецца праз забруджваньне азёраў і яны ўжо ўнесеныя ў Чырвоную кнігу. Але яшчэ сёньня бакаплаў сустракаецца ў Дрысьвятах, Струсьце, Волагах ды інш. Ці не таму смачная выходзіць юшка на вадзе з гэтых азёраў?


Загрузка...