Матылькі


Калі дрэва разлучаюць з жыцьцём,

карані яшчэ гоняць

па абарваных жылах

гаючы сок памяці,

яшчэ спадзяюцца на дзіва,

яшчэ бязгучна крычаць штосьці

нежывой лістоце.

Калі дрэва падае долу,

шырокае пнішча

ўсьцешана засьцілаюць крылцамі

блакітныя матылькі,

якія п’юць густы сок і,

захмялеўшы,

сьняць, што яны — дрэвы,

якіх хочуць разлучыць

з жыцьцём.

Яны спалохана прачынаюцца,

але

побач падае

новае дрэва,

і матылькі апускаюцца

на сьвежае пнішча,

каб зноў напіцца салодкага соку,

каб прысьніць чужыя сны

і прахапіцца ад страху.

Камусьці іх жыцьцё

здаецца бесклапотным.

Загрузка...