Першая жанчына


Мая першая жанчына

выйдзе з сутоньня

і прысядзе да майго стала.

Таннае віно

пальецца ў кантовыя шклянкі.

Сьпелы сланечнік

зазірне ў цёплыя шыбы.

Сьвежай пабелкай

запахнуць сьцены мазанкі.

Ты мая першая жанчына,

і таму

ты ўмееш вяртаць час.

Ты мая першая жанчына,

і таму

час ня ўладны над табою.

Ты —

мая першая жанчына.

Сустрэнуцца над сталом

нашыя шклянкі.

Сустрэнуцца на стале

нашыя рукі.

Сустрэнуцца на краі сусьвету

нашы целы.

Памятаеш,

ты варажыла мне

па расколінах сьцежкі?

Памятаеш,

ты варажыла мне

па птушыных пёрах?

Памятаеш,

ты варажыла...

Смуглыя пальцы

прабягуцца па лініях

майго няспраўджанага лёсу.

Гагатавыя вочы

ўведаюць прышласьць.

Распусныя вусны

журботна прашэпчуць:

о ромэ, ромэ...

Яе голас

будзе старэйшы за яе цела.

Яе вочы

будуць старэйшыя за яе голас.

Яе душа

будзе старэйшая за гэты сьвет.

Мая першая жанчына

выйдзе з сутоньня

і прысядзе да майго стала.

Загрузка...