Кабінэт


Абсталёўваю

свой першы ў жыцьці кабінэт,

да якога дажыў

акурат на міленіюм, —

сваімі кнігамі,

што напішу ў ХХІ стагодзьдзі,

кнігамі сяброў,

якім ужо не дазвонісься

зь віншаваньнямі,

бо тэлефонны код туды

пакуль ня вынайдзены.

Вешаю на паўночную сьцяну

сармацкі партрэт

яшчэ не народжанай жанчыны,

якой наканавана стаць

маёй апошняю каханкай.

Футуролягі цьвердзяць:

праз дваццаць гадоў

кожны зможа скарыстацца

з магчымасьцяў кланаваньня

(праблема ў тым,

каб элемэнтарна не стаміцца).

Зрэшты, сьмерць —

таксама сьвята

(хаця б таму, што бывае

толькі аднойчы).

Добра было б адзначыць яго

за гэтым пісьмовым сталом,

што памятае

мае дыялёгі

з Мацеем Казімірам Сарбеўскім

і Хуліё Картасарам,

даўжэзны хвост

незабыўнай коткі Басоты,

тры ці чатыры дасканалыя папенцыі etc.

Хаваю ў шуфляду

тастамэнт,

паводле якога на стальніцы

паставяць

келіх к’янці і букет

бясьсьмертнікаў-сухацьветаў.

Загрузка...