Трое мужчын
ідуць паўзь мяне
па чыстым сьнезе —
тры ланцужкі сьлядоў
цягнуцца за імі.
Трое маіх сяброў
ідуць па белай нерушы,
і ланцужкі іх сьлядоў
абрываюцца.
Спачатку за адным,
потым за другім,
потым за трэцім.
Трое маіх сяброў
ідуць па сьнезе,
не пакідаючы сьлядоў.
Чаму за вамі няма сьлядоў? —
спалохана крычу я.
Я маўчаў,
калі трэба было гаварыць,
адказвае першы.
Я гаварыў,
калі трэба было маўчаць,
адказвае другі.
А ты, мой самы дарагі сябра,
чаму ты не азірнуўся?
Ён глухі,
адказвае першы.
Ён нямы,
адказвае другі.
Трое падарожнікаў
ідуць паўзь мяне
па чыстым сьнезе.