Копныя суды ў Беларусі


Старадаўнае беларускае права пераказала нам шмат сваіх установаў, што згулялі ў праўным жыцьці беларускага народу вялікую ролю. Аднэй з гэтакіх установаў былі копныя або грамадзкія суды.

Гэта цікавая судовая ўстанова яшчэ дагэтуль не дачакалася свайго дасьледаваньня, хоць ужо ёсьць шмат датычучых яе матар'ялаў, каторыя дазваляюць ня толькі рэстаўраваць гэту інстытуцыю нават у яе дэталях, але i выясьніць яе паходжаньне. Абзнаямленьне з копнымі судамі мае важнае значэньне ня толькі гістарычнае, але й практычнае, гэта з наступных прычынаў.

1) Пазнаньне характару нашае сучаснае культуры немагчыма без пазнаньня яе гісторыі, а гэта дзеля таго, што культурны прогрэс ня ведае раптоўных пераскокаў, a толькі шлях памальнае эволюцыі. Дзеля таго выясненьне характару беларускае культуры ў мінуўшчыні яе складовых часьцяў і дзейнікаў, што выклікалі яе разьвіцьцё ці заняпад, ёсьць пытаньнем першараднае вагі. Копныя суды зьяўляюцца адным з найяскравейшых довадаў творчае здольнасьці беларускага народу ў будаўніцтве собскае культуры i яе жывучасьці. Як пабачым ніжэй, копныя суды былі пашыраныя толькі ў этнаграфічнай Беларусі i дзеля іх паходжаньня й структуры прадстаўлялі зьявішча ў беларускай культуры тыпова caмароднае.

2) Копныя суды былі ў поўным сэнсе гэтага слова судамі народнымі. Мы ведаем, што шмат якія грамадзкія ці палітычныя арганізацыі цяпер у праграмах сваіх зьмяшчаюць параграфы аб народных судох, дасягненьне якіх уважаюць за адзін са сваіх пастулятаў. Не ўваходзячы ў ацэнку сэнсу гэтага імкненьня, трэба сьцьвярдзіць, што а ні цяперашняя практыка, a ні тэорыя не даюць нават прыблізна абраза гэтых «народных» судоў. Копныя суды як суды тыпова народныя з гэтага гледзішча прадстаўляюць вялікую цікаўнасьць.

3) Як ведама беларускі народ цяпер складаецца 90 проц. з сялянства. Пазнаньне культуры сялянскае i яе будаўніцтва мае для нас найвялікшае значэньне. Але кожнае культурнае зьявішча, дзеля свайго зразуменьня, павінна быць разгледжана ў гістарычным разрэзе. Копныя суды былі ня толькі судамі народнымі але й сялянскімі. Дзеля гэтага азнаямленьне з імі раскрые нам праўны быт, пагляды, псыхіку нашага сялянства на працягу даўгіх вякоў яго гісторыі.

Копныя суды згулялі вялізарную ролю ў жыцьцю беларускага народу наўперад дзеля таго, што на працягу стагодзьдзяў былі адзіным ворганам справядлівасьці ў справах каральных. Можна бяз ніякае абмылкі сказаць, што роля ix у гэтым сэнсе раўнялася ролі сяньняшніх акружных каральных судоў i судоў прысяжных, дзе яны існуюць. З другога боку копныя суды, па характару ix арганізацыі й судаводзтва зьяўляюцца ўстановай несустраканай толькі ў праве нашых беспасярэдніх суседзяў—палякаў, маскоўцаў, ліцьвіноў (за выняткам украінцаў аб чым будзе ніжэй), але i ў праве народаў Эўропы. З гэтага гледзішча копныя суды зьяўляюцца свайго роду ўнікатам, уласьцівым толькі беларускаму праву. Важная роля, каторую згулялі копныя суды ў праўным жыцьцю беларускага народу i ix арыгінальнасьць зрабілі тое, што, калі ў 1872 г. Віленская Археографічная Камісія выдала VI том старадаўных беларускіх дакумэнтаў, дык ужо тыя нямногія акты аб копных судох, каторыя былі зьмешчаны ў гэтым томе, гэтак зацікавілі менаваную камісію, што яна пастанавіла выбраць з усіх былых у Віленскім Цэнтральным Архіве актавых кнігаў старадаўных беларускіх гродзкіх судоў[49] адумысьля дакумэнты, датычучыя копных судоў, каб кінуць сьвятло на гэтую ўстанову. Гэтак паўстаў, па некалькіх гадох працы XVIII том старых беларускіх актаў, датычучых выключна копных судоў, выдадзены ў Вільні ў 1891 годзе. Факт, што Віленская Аpхеографічная Камісія шукала актаў аб копных судах у кнігах гродзкіх судоў, выясьняецца тым, што пастановы копных судоў упісываліся ад часу пашырэньня ў Беларусі гродзкіх судоў як судоў каральных у актавыя кнігі апошніх. Дзякуючы ж таму, што гродзкія суды ў Беларусі зьявіліся адносна позна, бо ў палове XVI ст., мы ня маем, з нямногімі выняткамі, дакумэнтаў аб копных судох да паловы XVI ст. бо судаводзтва капы адбывалася вусна. Не азначае аднак гэта, быццам рэстаўраваныя на аснове дакумэнтаў, упісаных у кнігі гродзкіх судоў, конструкцыі копнага суда не далося-б перакінуць навет на некалькі стагодзьдзяў у зад. Трэба памятаць, што копныя суды былі ўстановай звычаёвага права. Характэрнай-жа рысай звычаю ёсьць яго сталасьць, эвэнтуальна вельмі памальная зьменнасьць. Уся моц i значэньне звычаю дык-жэ фундуецца на яго сталасъці. У гэтым сэнсе звычаёвае права наагул ёсьць вельмі консэрватыўным, неахвотным да ўсялякіх нават невялічкіх навінаў. Дзеля таго копныя суды, апіраючыся на звычай, былі ўстановаю, асабліва з гледзішча ix арганізацыі й судаводзтва, глыбака консэрватыўнаю, на працягу вякоў, калі й падлягаючай, дык толькі невялічкім зьменам. Дык абраз копнага суду XVI ст., намаляваны на аснове захаваных дакумэнтаў, будзе запраўдным адбіцьцём, прынамся ў галоўных нарысах копнага суду з ранейшых стагодзьдзяў яго існаваньня.

Менаваная Віленская Археографічная Комісія зьбіраючы акты аб копных судох, перагледзіла актавыя кнігі наступных гродзкіх судоў: берасьцейскага, віленскага, вілкамерскага, ваўкавыскага, горадзенскага, ковенскага, лідзкага, менскага, мозырскага, наваградзкага, пінскага, расіенскага, слонімскага, слуцкага, троцкага й уніцкага за 1560—1699. Пры гэтым найбольш дакумэнтаў аб копных судох далі кнігі судоў — берасьцейскага, менскага, пінскага, слонімскага й слуцкага гродзкіх судоў, меней — кнігі віленскага, ваўкавыскага, горадзенскага, лідзкага, мозырскага, наваградзкага й троцкага. Зусім ня знойдзена актаў аб копных судох у кнігах расіенскага, ковенскага, уніцкага й вілкамерскага гродзкіх судоў. Факт гэты сьведчыць аб тым, што копныя суды былі пашыраныя на тэрыторыі этнографічнае Беларусі i зусім не існавалі на тэрыторыі этнографічнае Літвы. З беларускіх паветаў найменш захавалася копных актаў з Горадзеншчыны, а гэта дзеля таго, што актавыя кнігі горадзенскага гродзкага суду пераважна загінулі. Ня гледзячы на гэта копныя суды на тэрыторыі Горадзеншчыны былі густа пашыраныя, аб чым сьведчыць хоць бы той факт, што нават у горадзенскіх земскіх актах мы сустракаем шмат актаў, датычучых копных судоў, дзе гэтыя акты не павінны былі зьмяшчацца, бо земскі суд быў судам цывільным.

Пералічаныя вышэй гродзкія суды на тэрыторыі этнографічнае Беларусі абыймаюць толькі заходнюю й цэнтральную Беларусь. Ёсьць, аднак, пэўныя дадзеныя, каторыя прамаўляюць за тым, што копныя суды былі пашыраныя i ў усходняй Беларусі. Але, бязумоўна, установа гэта ў усходняй Беларусі[50] вымерла шмат раней, чымся ў заходняй i цэнтральнай.

Як было сказана вышэй, копныя суды ня былі ведамы a ні польскаму, а ні маскоўскаму праву. Той-жа факт, што ў вактавых кнігах вілкамерскага, уніцкага, расіенскага й ковенскага гродзкіх судоў няма зусім актаў, датычучых копных судоў, прамаўляе за тым, што й на тэрыторыі Жмудзі (цяперашняе Літвы) копныя суды не існавалі. Праўда, ёсьць адзін дакумэнт, зьмешчаны ў вактавай кнізе расіенскага земскага суду за 1586 г., пісаны ў беларускай мове, а паходзячы з 1585 г., каторы сьведчыць аб спорадычным прыпадку копнага суду ў цэнтры Жмудзі. Прыпадак гэты аднак, зусім адзінокі i ня можа зьмяніць асноўнае тэзы неіснаваньня копных судоў у этнографічнай Літве. Затое ведама ёсьць установа копных судоў праву Заходняе Украіны, асабліва яе паўночнай частцы. Трэба аднак сказаць, што ўстанова копных судоў на Ўкраіне зьяўляецца гэтак сама недасьледаванай як i ў нас. Дзеля гэтага цяжка рабіць якія колечы прыраўнаньні між копнымі судамі на Украіне й Беларусі. У кожным прыпадку ўстанова копных судоў на Ўкраіне мела характар чыста лёкальны, тады як у этнографічнай Беларусі копныя суды былі ўстановай агульнай. Дзеля таго копныя суды на Украіне могуць быць выясьнены як рэфлекс адпаведных адносінаў на Беларусі.

Калі паўсталі i скуль выводзілі свой пачатак копныя суды ў Беларусі? Выясьненьне гэтага пытаньня мае асаблівую вагу дзеля пазнаньня сутнасьці старадаўнае беларускае культуры. Бо калі копныя суды былі зьявішчам самародным у культурным жыцьцю беларускага народу, незалежным ад вонкавых уплываў, тады былі-б яны зыркім довадам на карысьць тае тэзы, што культурнае жыцьцё Беларусі зьяўлялася ня толькі накшым за жыцьцё яго суседзяў і моцным у гэтай накшасьці; што патрапляла паклікаць да жыцьця ўстановы самастойныя, што існавалі стагодзьдзі і згулялі вялізарную ролю. Пераходзячы да разгляду гэтага пытаньня трэба адразу зацеміць, што, на жаль, ані ў беларускіх летапісцах ані ў іншых дакумэнтах мы не знаходзім дадзеных, каторыя-б выясьнялі ня то што паходжаньне, але нават час паўстаньня копных судоў. Можна толькі цьвердзіць, што пачатак копных судоў хаваецца ў глыбокай даўнасьці. Дзеля таго што ўстанова копных судоў зьяўляецца ня ведамай маскоўскаму, польскаму й жмудзкаму праву, немагчыма шукаць там пачаткаў гэтае інстытуцыі. Можна толькі прычыны паўстаньня копных судоў бачыць у уплыве украінскага права або разглядаць копныя суды як самародную беларускую ўстанову. Адпаведна да гэтае альтэрнатывы існуюць дзьве тэорыі, выясьняючыя паўстаньне копных судоў, з якіх адна выводзе ix ад даўнейшага народнага суду «Рускае Праўды», а другая — ад старадаўнага беларускага веча. Разгледзім па чарзе гэтыя дзьве тэорыі. Тэорыю, што выводзе копныя суды з народных судоў «Рускае Праўды» прадстаўляюць тыя расейскія вучоныя, каторыя стаяць на становішчу «адзінае (суцэльнае) рускае культуры». Зьвязаць між сабой якім колечы спосабам культурныя праявы на Ўкраіне, Беларусі Маскве, i стварыць з ix адну цэласьць, было ix найважнейшым заданьнем. Дасканальны абраз гэтага імкненьня мы й бачым у будове тэорыі копных судоў, выясьняючай паходжаньне іх ад народных судоў «Рускае Праўды». Цесную сувязь між гэтымі ўстановамі мае выясьніць супольнасьць некаторых тэрмінаў, ужываных у судаводзтве копных i народных судоў. Паіменна, тэрмінам: муж, ліцэ, сьлед, послух, рота, свод, отсочыць — ужываным у судаводзтве народных судоў маюць адпавядаць наступныя тэрміны, ужываныя ў судаводзтве копных судоў: муж, ліцэ , сьлед, пераслух, прысяжны ліст, заводца, сачыць. Аднак апрача першых трох тэрмінаў: муж, ліцэ, сьлед, ужываных запраўды ў судаводзтве абодвых судаў, засталыя або не паходзілі ад супольных каранёў як прыкладам «рота» i «прысяжны ліст» (хоць абодвы азначалі прысягу) або значаньне юрыдычнае мелі зусім накшае. Гэтак тэрмін «послух» азначаў сьведку, г. з. асобу, каторая штось ведала аб праступку, тэрмін-жа «пераслух» азначаў той мамэнт у працэсе копных судоў, калі справа, дзякуючы нявыкрыцьцю вінаватых, адкладалася да часу выяўленьня сьлядоў яго шляхамі слухаў, апавяданьняў i г. д. Тэрмін «cвoд» паводле народных судоў «Рускае Праўды» азначаў конфронтацыю вінаватага з тэй асобай, ад каторай ён атрымаў крадзеную рэч, тэрмін-жа «заводца», ужываны ў судаводзтве копных судоў, азначаў тую асобу, ад каторай наагул паходзіла крадзеная рэч. Урэшце, тэрмін «адсачыць» паводле «Рускае Праўды» азнача» адвесьці ад сябе падозрэньне, сьлед, тэрмін-жа «сачыць» у кожным працэсе быў раўназначны слову шукаць. Як бачым, апрача тэрмінаў муж, ліцэ (крадзеная рэч) i сьлед, засталыя мелі зусім накшае значаньне i дзеля гэтага цяжка навет дапусьціць, каб з разгледжаных тэрмінаў народных судоў «Рускае Праўды» выводзілі свой пачатак менаваныя i быццам маючыя ім адпавядаць тэрміны копных судоў. Апіраць-жа гіпотэзу паходжаньня копных судоў ад народных судоў «Рускае Праўды» на факце, што ў судаводзтве ўжываліся супольныя тэрміны муж, ліцэ, сьлед, ведамыя кожнай славянскай мове, зьяўляецца вельмі рызыкоўным. Незалежна ад гэтага трудна дапусьціць, каб «Руская Праўда» мела які колечы агулам уплыў на хвармаваньне беларускага звычаёвага права, праяваю каторага былі копныя суды.

«Руская Праўда», як памятка пісанага ўкраінскага права, магла быць выкарыстана пры ўкладаньню беларускага пісанага права як прыкладам Літоўскага Статуту, але ніколі не магла выклікаць глыбейшых зьменаў, у разьвіцьці беларускага звычаёвага права, уся моц каторага з натуры самога паняцьця звычаю, фундавалася на собскай традыцыі. З разгледжаных прычынаў тэорыя наладжаньня копных судоў ад даўнейшых народных судоў «Рускае Праўды» павінна быць адкінена.

Тэорыя, што шукае пачаткаў копных судоў у старадаўным беларускім вечу, мае глыбокія навуковыя асновы i выясьняе добра ня толькі сам працэс хвармаваньня копных судоў, але ў ix юрыдычную канструкцыю. Гэтая тэорыя дае нам вычэрпуючы адказ на пытаньне, якім спосабам, шляхам якога працэсу ладная частка судовае ўлады засталася пры тых народных зборках, якімі былі копныя суды, што існавалі да другой паловы XVIII ст. Над разглядам гэтага пытаньня мы ў першую чаргу й спынімся.

Як ведама з гісторыі, найдаўнейшай грамадзкай хвормай беларускага народнага жыцьця было веча, каторае на пачатку свайго існаваньня мела ўсю паўніню ўлады, г. зн. ужываючы цяперашнія тэрміны, — уладу правадаўчую, спаўняючую й судовую. У шматвяковым працэсе барацьбы князёў з вечам, першыя паступова адваявалі сабе ад веча ўладу спаўняючую, правадаўчую й судовую ў найважнейшых справах, датычучых інтарэсаў гаспадарства або князя. На працягу гэтае барацьбы паступова компэтэнцыя веча зьмяншалася, але ня зьнікала. З тэй-жа часінай, калі ў руках яго засталася толькі судовая улада, абмежаваная вылучна да рэгуляваньня паўставалых у штодзённым жыцьці між асобнымі адзінкамі канфліктау, — веча ня толькі перастала быць небясьпечным i шкодным для ўлады князя, але наадварот, сталася для яе вельмі пажаданай i карыснай установай. У гэтай хворме, народныя зборкі, пазбаўленыя палітычных тэндэнцыяў даўнейшага веча, зрабіліся адным з найвялікшых дзейнікаў, у сэнсе ўзмацненьня i падтрыманьня маральных асноваў у народзе.

Гэтыя народныя зборкі сталіся запраўдным «хуткім, справядлівым і сьвятым» народным судам. Ясна, што ў інтарэсах князёў не ляжала барацьба з гэтымі народнымі зборкамі (ці інакш копнымі судамі) але ўсебаковае ix падтрыманьне. I дзеля таго, дзякуючы свайму вялікаму моральнаму аўтарытэту з аднаго боку i падтрыманьню князёў з другога — копныя суды хутка перакінуліся з местаў, дзе яны перш за ўсё паўсталі (бо у местах было веча), на сяло i ахапілі сваёй дзейнасьцю ўсю этнографічную Беларусь. Заслугуе на ўвагу факт нязвычайнае сілы й жывучасьці беларускага старадаўнага веча, каторае не загінула бязсьледна як у іншых народаў, а ў першую чаргу ў нашых суседзяў, але перарадзілася ў установу, што згуляла вялізарную ролю i пры гэтым пазытыўную ў культурным жыцьці беларускага народу, сходзячы канчальна з гістарычнае сцэны толькі ў другой палове XVIII стагодзьдзя. На карысьць тэорыі паходжаньня копных судоў ад веча прамаўляе яшчэ пасярэдне наступны аргумэнт. Як пабачым ніжэй, копныя суды, хоць i былі, з гледзішча ix складу, інстытуцыяй усестановай, аднак, дзякуючы сваёй лічбавой перавазе, рашаючае значэньне ў ix мелі ў мястох — мяшчане, на вёсках — сяляне.

Гісторыя-ж нас вуча, што эволюцыя праўнага становішча ніжэйшых станаў ішла ў кірунку абмяжаваньня ix правоў, а не пашыраньня. Дзеля гэтага з цэлай пэўнасьцю можна казаць, што копныя суды ня былі ўстановай ad hoc створанай і накіненай ніжэйшым станам, установай, каторая ладне пашырала ix правы. Копныя суды былі бязумоўна раней установаю шмат шыршаю, пазьней-жа ix компэтэнцыя звузілася на карысьць князя i вышшых клясаў.

Па гэтых уступных увагах пярэйдзем да разгляду конструкцыі копнага суду i яго судаводзтва.

Разгляд конструкцыі (будовы) копнага суду пачнём ад выясьненьня паходжаньня самага назову “капа”, каторы кідае некаторае сьвятло на юрыдычную будову гэтае народнае ўстановы. Паводле становішча, занятага Biленскай Археографічнай Комісіяй i сьцягам вучоных што пісалі аб копных судох, назоў “капа” таго-ж паходжаньня, што й „капіцца” што значыць „зьбірацца”, „грамадзіцца”. У некаторых актах XVIII тому капа проста й завецца грамадой, гэтыя два назовы былі зусім ідэнтычныя з гледзішча іхняга юрыдычнага зьместу, а гэта пацьвярджае правільнасьць таго пагляду, што назоў “капа” таго-ж паходжаньня, што й “капіцца” (грамадзіцца). У некаторых мясцовасьцях, як прыкладам у Слуцкім княстве, капа завецца купа[51]. Сама дзейнасьць копнага суду называлася “капаваньнем”, “капаваць”. Нармальна, як загадаваў звычай, капа старалася кожную справу скончыць у тры зборкі. Першая зборка мела наўвеце выкрыць праступніка, калі ён ня быў ведамы, або злоўлены Гэта капа завецца гарачай. Зразумела, што яе ня было тады, калі асоба праступніка была ведамай, дзякуючы прыкладам таму, што сам пакрыўджаны затрымаў праступніка, або бачыў яго ўцякаючага, і мог адразу заявіць, хто гэта быў. Другая копная зборка адумысловага назову ня мела, затое трэйцяя капа, найважнейшая, бо на ёй выносіўся прысуд, мела аж некалькі назоваў як: галоўная, завітая[52], вялікая, вальная, прысяжная (калі капляне прысягай павінны былі сьцьвердзіць, што між імі няма вінаватага). Не заўсёды аднак капа патрапляла закончыць справу ў тры зборкі. Калі справа была вельмі труднай i складанай, капа склікалася ня раз, але чатыры i пяць разоў. Галоўнай або завітай капой i ў гэтым прыпадку была тая, што рабіла канчальны прысуд. Як глыбака народ шанаваў копны суд i верыў у яго справядлівасьць сьведчыць той факт, што капа звалася сьвятой (у значэньню яе справядлівасьці).

Копныя зборкі адбываліся пад адкрытым небам на заўсёды ўстаноўленых i точна азначаных мясцох, каторыя зваліся капавішчамі або копішчамі. Дзейнасьць кожнага капавішча або копішча прасьцягалася на ўсе чатыры стараны на 14 вёрстаў. Гэткім парадкам, уся Беларусь была падзелена на копныя раёны з заўсёднымі межамі; у сярэдзіне кожнага копнага раёну было капавішча[53]. Зборка капы не на капавішчы, паводле звычаю, лічылася бяспраўнай i ня толькі выклікала протэст з боку абвінавачанага, але магла нават пацягнуць за сабой няважнасьць гэтакім спосабам зробленага прысуду. Адступленьні ад гэтага звычаю дапушчаліся толькі тады, калі абставіны справы вымагалі прысутнасьці капы на месцу праступку дзеля лепшага й баржджэйшага выяўленьня яго сьлядоў. Пераважна адступленьне гэтае ўжывалася пры гарачай капе, каторая з прыроды свайго заданьня павінна была зьбірацца на месцу праступку дзеля лепшага выяўленьня праступніка.

Права склікаць капу належыла пакрыўджанаму, каторы сам асабіста або праз сваіх людзёў наказаваў аб часе й месцу зборкі капы ўсім сёлам, аколіцам i панскім дваром, што ўходзілі у склад дадзенага копнага раёну. У прыпадках асаблівых, калі патрэбна была магчыма поўная зборка капы дзеля разьвязаньня якоесь важнае справы, наказ адбываўся пісьменна адпаведнымі лістамі, каторыя рассылалі возныя, або адчытавалі ix на кірмашох, перад царквой або касьцёлам па набожнасьці. У некаторых прыпадках права склікаць капу належыла афіцыяльнай судовай асобе, напрыклад вознаму. Здаралася гэта асабліва тады, калі ў дадзеным копным раёне беспасярэдне пакрыўджанага праступкам ня было, як прыкладам пры забіўстве беспляменнага або праежджага чалавека. Здараліся аднак прыпадкі, калі капа склікалася сама сабой, бяз нічыйго клічу, складалася з зацікаўленых у справе асобаў. Гэтак у 1611 г. слонімскія мяшчане, паразумеўшыся між сабой сабраліся на капу дзеля суду над слонімскім-жа мешчанінам Карпам Нікановічам, каторага яны лічылі за небясьпечнага злодзея[54]. У 1649 годзе йзноў-жа мяшчане й сяляне м. Высоцка Пінскага пав., самі з сябе злажылі капу, каб публічна заявіць аб уціску, жорсткасьці, гвалтах i разбойствах лендара двара нейкага Рамана Стралецкага. Дзейнасьць палягаючая на скліканьні капы мела свае адумысловыя назовы, як прыкладам: зьбіраць капу, падымаць на капу, злажыць або зьбіваць капу, гнаць капу i г.д.

Права зьбірацца на капу i судзіць на ёй прынцыпова мелі ўсе жыхары дадзенага копнага раёну, прыпісаныя да яго капавішча. Гэткім парадкам на капу выходзілі: сёлы гаспадарскія й панскія, праваслаўнага й рымска-каталіцкага духавенства, спадарскія й панскія двары й мястэчкі, мяшчане[55], гаспадарскія асочнікі, бортнікі, шляхта, баяры й сяляне. Як бачым, з гледзішча соцыяльнага складу судзьдзяў, копныя суды былі запраўды ўсестановымі, але дзякуючы таму, што ў местах ладне пераважаў элемэнт мяшчанскі, а на сяле сялянскі,— копныя суды былі судамі тыпова мяшчанскімі або сялянскімі.

Хаця права ўчасьця ў капе меў кожны жыхар дадзенага копнага раёну, аднак ня трэба думаць, быццам усе сяляне з кожнага сяла выходзілі на кожную скліканую капу. Гэта рабіла-б па 1-шае копныя зборкі вельмі мнагалюднымі, на якіх было-б ня раз некалькі сотняў, а нават i тысяча асобаў, а па 2-е руйнавала-б сялянскую гаспадарку адрываючы сялян ад працы, бо ў кожным раёне, a асабліва ў летнюю пару, копныя зборкі былі вельмі часта. Дзеля гэтага здаўных часоў вытварыўся звычай, што на капу выходзілі толькі выбарныя з кожнага селішча ў раёне, каторыя добра ведалі ўсіх сваіх жыхароў і маглі адказаваць перад капой за ўсё сяло або двор. Звычайна, як гэта відаць з актаў XVIII тому, на капу выходзіла пa аднэй, дзьве або тры асобы з кожнага сяла або двору. З гэтае прычыны, а гэтак сама дзякуючы таму, што лік селішчаў, каторыя ўходзілі ў склад копных раёнаў сярэдне не перавышаў 15—16 — копныя зборкі ня былі мнагалюдныя. Пераважна колькасьць копнікаў не перавышала 60 i толькі выняткава ў дакумэнце № 91 XVIII тому маем капу, што складалася з 120 асобаў. Агулам-жа лічба копных судзьдзяў залежыла ад велічыні копнага раёну i важнасьці справы, падлягаючай разгляду. Найменшая лічбова была заўсёды першая або гарачая капа, што складалася толькі з выбарных найбліжшых да пакрыўджанага селішчаў[56], найбольшай была трэйцяя або завітая капа, на якой выносіўся прысуд. Сабраныя на капу зваліся каплянамі, куплянамі, копнікамі або мужамі.

Дзеля таго, што склікаць капу мог кожны пакрыўджаны праступкам, а гэтак сама дзякуючы таму, што капа найхутчэй i найвярней адкрывала пераважна няведамага праступніка i прымушала яго публічна прызнацца ня толькі ў інкрымінаваным яму ў дадзеную часіну праступку, але й у шмат якіх іншых раней споўненых — круг асобаў, каторыя жадалі скарыстацца з гэтага публічнага народнага суду, быў у кожным раёне вельмі вялікі. Акты XVIII т. паказуюць, што да копнага суду зварочаваліся: 1) сяляне ад свайго собскага імені, 2) розныя офіцыяльныя й служачыя асобы, як прыкладам слонімскі земскі пісар, менскі гарадзкі пісар, белавескі лясьнічы, менскі стараста, слонімскі гродзкі судзьдзя, рэчыцкі маршалка, берасьцейская ваяводзіна, капітан, адміністратар белавескае пушчы, горадзенскі лоўчы, пінскі земскі судзьдзя, i г. д. 3) сьвяшчэньнікі й манастыры i іншыя вышэйшыя і духоўныя асобы, прыкладам берасьцейскі біскуп, купяціцкі манастыр, езуіты, i г. д. 4) мяшчане, баяры й жыды, 5) ураднікі панскія, i 6) паны.

Паном, зразумела, трэба было бараніць собскія інтарэсы й правы, як i інтарэсы падданых сялян i залежнае ад ix дробнае шляхты. Апрача гэтага, розныя крыўды між панамі ахвотна паддаваліся імі копнаму суду, каторы, як было сказана вышэй, кожны праступак выкрываў борзда й пэўна. Аднак, калі склад асобаў жадаючых паддаць свае крыўды копнаму суду, быў вельмі разнаякі, дык ужо склад асобаў, каторыя адказавалі перад копным судам як абвінавачаныя ня быў гэтакі разнаякі. Галоўна перад капой адказавалі сяляне i паны. Аднак у вактах XVIII тому мы знаходзім дадзеныя, што перад капой адказавалі баяры, мяшчане, жыды i навет віленскі біскуп князь Паўла (каля 1552 г.). Можна назіраць наступное зьявішча; кожны пакрыўджаны ахвотна шукаў з помаччу капы «шкодніка», што зрабіў яму «зладзейскім спосабам» крыўду, але кожны паводле магчымасьці стараўся ўцячы ад адказнасьці перад копным судом. Псыхолёгічна зьявішча гэтае ёсьць зусім зразумелым. Кожны праступнік, проці каторага былі сабраны навет невялічкія довады, рызыкаваў, стоячы перад копным судом як абвінавачаны, тым, што віна яго будзе шмат лягчэй i баржджэй даведзена, чымся ў якім колечы іншым судзе. Адцягаваць справу, прадстаўляць розныя ілжывыя довады нявіннасьці перад капой, каторая зараз-жа на месцу магла спраўдзіць кожнае слова абвінавачанага, было рэччу немагчымай, або прынамся з гары асуджанай на няўдачу. Толькі асоба запраўды нявінная магла лічыць, што капа хутчэй звольніць яе ад віны й кары, чымся іншы суд. З актаў XVIII тому мы бачым як з ходам стагодзьдзяў штораз часьцей ня толькі шляхта, але й сяляне-праступнікі стараліся выламацца з-пад адказнасьці перад капой. Шляхта, здабываючы сабе штораз вялікшыя прывілеі, ужо прынцыпова не хацела адказаваць перад народным сялянскім судом, якім засталася капа на працягу ўсіх стагодзьдзяў свайго быцьця. Сяляне, лучаючы ў што раз большую залежнасьць ад паноў, у прыпадку калі ім трэ' было адказаваць перад капой за зробленыя праступкі, ахвотна ўцякалі ад свайго народнага суду i аддаваліся пад апеку сваіх паноў, што дзеялася асабліва часта тады, калі й паны былі зацікаўленыя ў тым, каб праступкі ix падданых засталіся нявыкрытымі й непакаранымі. Мноства актаў XVIII т. сьведчаць аб тым, як цяжка ня раз копным судом прыходзілася спаўняць свае заданьні, дзякуючы розным перашкодам, неспаўненьню пастановаў капы з боку тых паноў i сялян, каторыя не хацелі адказаваць перад ёй. Слабым мамэнтам у варганізацыі капы, што рабіў магчымымі падобныя зьявішчы, была адсутнасьць санкцыі дзеля пастановаў капы, каторыя дзякуючы гэтаму часта не спаўняліся. Праўда, капа мела адзіны й наймацнейшы хундамэнт, на якім можа будавацца судовая організацыя наагул, гэта вялікі моральны аўторытэт у народзе, аднак, дзякуючы штораз глыбейшым зьменам у структуры грамадзянства, паўставалыя антагонізмы памалу зьмяншалі гэты аўтарытэт. Пераходзячы да компэтэнцыі копных судоў трэба зацеміць, што аб гэтым акты XVIII тому прадстаўляюць найвялікшую цікаўнасьць. Сьцьвярджаюць яны, што кампэтэнцыя капы была запраўды беспрыраўнаньня шырэйшая за тую, аб якой кажуць пісаныя памяткі беларускага права — Літоўскія Статуты з 1529, 1566 i 1588 г.г. Статут з 1529 года ўспамінае аб капе у двух прыпадках: у разьдз. 8, арт. 8 аб пагранічных спрэчках i ў разьдз, 12, арт. 2, калі кажа aб вызаве на капу тых, чый статак будзе забраны на «іспашы», (патрава). Статут 1566 года ўспамінае аб капе ўжо ў трох прыкладах: у разьдз. 11, арт. 31 — аб забіўстве праежджага або беспляменнага чалавека (гэтага артыкулу ў 1 Статуце няма), у разьдз. 13, арт. 2 аб скліканьню капы на «іспаш» i ў разьдз. 14, арт. 6 аб зборцы капы дзеля вядзеньня сьледу пры кражах. Урэшце Статут 1588 года ўспамінае аб капе йзноў толькі ў двух прыпадках: у разьдз. II, арт. 26 аб забіўстве праежджага або беспляменнага чалавека i ў разьдз. 14, арт. 9 аб скліканьню капы дзеля вядзеньня сьледу пры кражах. Абодвы гэтыя артыкулы трэйцяга Статуту ладне папоўнены ў прыраўнаньню з адпаведнымі артыкуламі другога Статуту, а апрача гэтага арт. 9, разьдзел 14 зьмяшчае вельмі важную пастанову, паіменна загад падкаморым завесьці копы i азначыць каповішчы тамака, дзе ix дагэнуль ня было. З прыраўнаньня трох Статутаў вынікае, што кожны з ix інакш азначаў компэтэнцыю копных судоў. Трэйці Статут быццам абмежуе компэтэнцыю капы ў прыраўнаньню з другім, выкідаючы разьдзел аб іспашы, але з другога боку ён ня толькі ня зьнішчае гэтае ўстановы звычаёвага права, але наадварот пашырае, загадуючы падкаморым уводзіць копы там, дзе яны дагэнуль не існавалі. Калі-ж мы зьвернемся да актаў XVIII тому, убачым, што копныя суды навет па выданьню трэйцяга Статуту разглядалі наступныя справы:

1) рознага роду кражы, як коні, статку, рознае маёмасьці, рознага збожжа, у цэрквах з узломам ix, у млыне, катлоў на броварах, схаванае ў зямлі маёмасьці, 2) забіўствы, 3) патрава (іспаш), 4) чараўніцтва, 5) падраньне пчолаў, 6) падпалы, 7) разбойства, 8) пабіцьцё, 9) пагранічныя спрэчкі i г. д. Словам, запраўды компэтэнцыя копных судоў была ў справах каральных шмат шырэйшай, чымся тая, аб якой кажа апошні Статут з 1588 г. Толераваньне пісаным беларусам правам гэтакае шырокае компэтэнцыі капы аб'ясьняецца тым, што ўсе тры Статуты зусім ня мелі наўвеце абмежыць компэтэнцыі капы, a толькі ўрэгуляваць дзейнасьць у тых каральных справах, якія вельмі часта здараліся, або ў тых, у выкрыцьці каторых часова ня было беспасярэдне зацікаўленае асобы ў дадзеным копным раёне, як прыкладам у прыпадку забіўства беспляменнага чалавека. Пазнаёміўшыся ў кароткіх начырках з конструкцыяй копнага суду, пярэйдзем да разгляду копнага судаводзтва, спыняючыся на найважнейшых i найхарактарнейшых яго мамэнтах.

Вышэй было зацемлена, што капа была ўстановай звычаёвага права i мела пад сабой стагодзьдзямі выраблены грунт. Апіраючыся на гэтым копным праве звычаёвым, скліканая капа й прыступала да свае дзейнасьці. Як было зацемлена вышэй, капа старалася кожную справу скончыць у тры зборкі. Першая зборка або гарачая капа складалася толькі з найбліжшых суседзяў пакрыўджанага i склікалася ім у тым прыпадку, калі «шкоднік» пакінуў за сабой сьвежыя сьляды (прыкладам сьляды ног босых, абутых у лапці ці боты, сьляды жывёлы, колаў i г. д.), па якіх можна было за ім гнацца.

Калі пакінены праступнікам сьлед прыводзіў капу да якогась сяла або двору, капа выклікала яго жыхараў і дамагалася адводу сьледу, г. зн. доваду, што сьлед не канчаецца ў дадзеным селішчу, а йдзе далей. Калі капа пераконавалася ў праўдзівасьці гэткага доваду, дык вяла сьлед далей. Там, дзе сьледу не маглі або не хацелі адвесьці, капа рабіла свой прысуд, што тыя, каторыя не адвялі сьледу, павінны былі самі лічыцца за шкоднікаў i адказаваць, калі ня знайдуць між сабой праступніка. Звычайна праступнік борзда знаходзіўся i тады павінен ён быў адказаваць перад капой.

А калі праступнік сьледу за сабой не пакінуў або калі справа не вымагала пасьпеху, тады капа зьбіралася на звычайным сваім месцу — капавішчу i была шмат люднейшай. Тутака копныя судзьдзі раней, чымся пачаць суд, рабілі між собку парадак, займалі месца, правяралі ці ўсе ёсьць i г. д. Па гэтых хвармальнасьцях пакрыўджаны, заняўшы сваё месца, выясьняў сваю жалабу, выказуючы адначасна асобу шкодніка, калі яна была пакрыўджанаму ведамай. А калі асоба шкодніка жалабніку ня была ведамай, ён проста тады заяўляў капе, што шкодніка ня ведае i прасіў у вельмі далікатнай хворме капу, каб яна таго шкодніка знайшла i адпаведна пакарала.

Выслухаўшы жалабу пакрыўджанага, капа, калі асоба шкодніка ня была ведамай, прыступала да нарады й шуканьня «між сабой» шкодніка. Нарада была ў тым, што кожны копнік даваў сваім сябром найдрабязьнейшае выясьненьне за ўсіх тых, прадстаўніком каторых ён быў, ці запраўды між імі можа быць шкоднік. Калі гэтымі супольнымі стараньнямі шкодніка выкрыць не ўдавалася, справу адкладалі да другое, трэйцяе а нават i чацьвертае «завітае» капы. А ў гэтым часе суд i асабліва пакрыўджаны стараліся лучыць найсьлед шкодніка. Аднак у большасьці прыпадкаў шкоднік борзда выкрываўся й станавіўся перад капой. Калі ён да віны не прызнаваўся, тады пакрыўджаны павінен быў чыніць довад, даводзіць віну адказуючага. Найважнейшымі довадамі былі сьведчаньні сьведак, прысяга i г. зв. ліцэ (прадмет крадзены або прылада, пры помачы якое было споўнена прыкладам убіўства або іншы праступак[57]. Абвінавачаны ў свой чарод меў права зьбіваць довады пакрыўджанага, рабіць г. зв. «адвод», «вывад».

Кажучы аб довадах з боку пакрыўджанага i адводзе з боку абвінавачанага, трэба зацеміць, што судаводзтву капы былі ведамы спосабы, з помаччу каторых як пакрыўджаны так i абвінавачаны маглі ўзмоцніць паказаньні собскія i сваіх сьведкаў. Гэтымі спосабамі былі: 1) кіданьне шапкі і 2) прыстаўленьне нагі да галёнкі праціўнікавае.

Першы спосаб быў у тым, што адна старана, хочучы зусім здацца на паказаньні сьведак, заклікала, кідаючы сваю шапку, другую старану зрабіць, тое самое. Гэткім парадкам паказаньні сьведак набіралі асаблівае вагі як у вачох старонаў гэдак i ў вачох судзьдзяў. Другі спосаб — прыстаўленьне нагі да галенкі праціўнікавае — як відаць, з актаў XVIII тому, меў шмат глыбшае й вялікшае значэньне ў копным судаводзтве за першы. На жаль, аднак дадзеных аб ім ёсьць так мала, што немачыма ўстанавіць у чым было гэта глыбшае значэньне. Найпраўдападабней значэньне яго было ў тым, што тая старана, каторая гэтым спосабам хацела ўзмоцніць сваё выясьненьне й паказаньне сьведак, выстаўляючы нагу, гадзілася з утратай яе на прыпадак, калі паказаньні сьведак не пацьвердзяць яе собскіх выясьненьняў. Спосаб гэты ўжываўся вельмі рэдка i сама капа называла яго «сьмелым».

Вельмі важнае значэньне, як довад у копным судаводзтве, мела прысяга, да каторае часта зварочаваліся пакрыўджаны, абвінавачаны i на'т сама капа, прапануючы, асабліва, калі справа была няясная, абвінавачанаму «адпрысягнуцца», што азначала ачысьціцца прысягай ад узьведзенага падазрэньня. Прысягалі ў царкве або касьцёле ў быцьцю духоўніка. Да нас дайшоў тэкст старадаўняе прысягі ў беларускай мове. Зьмешчаны ён у вакце № 308 XVIII тому, датычачым абвінавачаньня ў 1648 г. шляхцічаў Міхайлы й Івана Гараглядаў шляхцічам Пінскага павету Тукальскім у пакражы баброў. Быў ён гэткі: «Я Міхайла Якававіч i я Іван Антонавіч Гарагляды Сошняве Вылазкія прысягаем Пану Богу ўсемагушчаму, у Тройцы сьвятой Ядзінаму на том, іж што на капе абжалаваў нас яго міласьці пана Тукальскага ўраднік, Іван Драздовіч, a пабіцьце баброў і палавеньне воных зялезамі за возерам у Вузкам ад Лядзіна. Каторых мы баброў за возерам у Вузкам ад Лядзіна ніякім спосабам ня білі, ані лавілі, ані a шкодніку ня ведаем. На чом, яка справядліве прысягаем, так нам, Пане Божа, памазі, a есьлі несправядліве, Пане Божа, нас убі». Хто прысягнуў, той быў вольны ад віны й кары. Пунктам кульмінацыйным, да каторага ймкнулася ўсё судаводзтва капы, было прызнаньне свае віны абвінавачаным. Звычайна так здаралася, што абівінавачаны, бачачы проці сябе довады пакрыўджанага, прызнаваўся ў праступку i тады наставаў прысуд. А калі абвінавачаны, нягледзячы на забраныя проці яго довады, не прызнаваўся да віны, капа нярэдка ўжывала г. зв. муку, г. зн. біла абвінавачанага сьпярша дубцамі, a калі гэта не памагала, паддавала яго дзейнасьці агню. Мукай кіраваў пакрыўджаны часта з помаччу нанятага дзеля гэтай мэты «містра» або ката. Самахвотнае прызнаньне свае віны не заўсёды звальняла абвінавачанага ад мукі. Чуючы прызнаньне, прысутныя на капе, у каторых здарылася раней якая колечы шкода, а злодзей ня быў выкрыты, прасілі капу, каб яна дазволіла ім узяць абвінавачанага на муку з мэтай выдабыць ад яго новае прызнаньне. Капа часта давала падобны дазвол.

Характарызуючы агулам копнае судаводзтва з гледзішча асноваў сучаснае каральнае процэдуры, трэба азначыць копны процэс як тыпова інквізыцыйны, бо дакумэнты XVIII тому пацьвярджаюць станоўча, што капа ня толькі судзіла шкодніка, але адначасна яго абвінавачавала i агулам прыймала дзейнае ўчасьце ў яго выкрыцьцю. З гэтага гледзішча копны процэс ня розьніўся ад судаводзтва ў той час, ужыванага каральнымі судамі на Заходзе й Усходзе Эўропы, бо разьдзел ролі суду ад ролі абвініцеля настаў ладне пазьней, калі копныя суды перасталі ўжо існаваць.

Копны суд нічым ня быў абмяжаваны ў вышыні й родзе кары. Капа ня раз асуджала вялікіх праступнікаў на кару сьмерці, прычым прысуды спаўняліся часта на месцу. Кара сьмерці выпаўнялася павешаньнем, спаленьнем (за цяжэйшыя праступкі, прыкладам чараўніцтва, кража ў сьвятынях) i чацьвертаванънем (у прыпадку, калі судзілася якая колечы вялікшая банда, што была вельмі небясьпечная i зрабіла мноства шкоды). Звычайна-ж капа засуджавала ад вінаватага на карысьць пакрыўджанага адшкадаваньне ў грошах або натуры. Ёсьць некаторыя дадзеныя ў XVIII томе, што капа ўжывала, але вельмі рэдка, кару пазбаўленьня волі. Некаторыя копы мелі нават свае вязеньні. На жаль бліжэйшых дадзеных аб гэтым родзе кары няма, а тых весткаў, што падае ў гэтым пытаньню XVIII том, не стае, каб зрабіць якія колечы абаснаваныя вывады.

Дзеля таго, што копныя зборкі бывалі вельмі часта i займалі копным судзьдзям мноства часу i вымагалі ад ix разумовае, часта вельмі цяжкое працы, i накладалі на ix маральную адказнасьць, —ад даўных часоў паўстаў звычай, паводле якога пакрыўджаны з засуджанае на яго карысьць сумы, павінен быў некаторы процэнт заплаціць судзьдзям у надгароду за ix працу. Палову з гэтае платы копнікі бралі сабе, а другую аддавалі засуджанаму, a калі той ня браў, адносілі яе ў гродзкі суд. Плата гэта звалася перасудам або памятным. Былі гэта свайго роду кошты процэсу.

Гэтак прадстаўлялася судаводзтва копнага суду ў галоўных асновах. Процэс гэты зьмяшчаў у сабе мноства дэталяў, нязвычайна цікавых i характэрных, але разгледзіць ix у васадзе гэтае невялікае працы зразумела немагчыма.

На заканчэньне трэба ўспомніць аб тых адносінах, у якіх быў копны суд да іншых гаспадарскіх судовых установаў, аб каторых кажа Статут 1588 г. Разгляд актаў XVIII тому пацьвярджае той вывад, што капа ўва ўсіх выпадках свае дзейнасьці старалася падтрымаць цесную сувязь з агульнымі гаспадарскімі судовымі ўстановамі, a наўперад з гродзкім судом тае мясцовасьці, дзе была капа. Апошняя ахвотна аддавала разгледжаныя ўжо справы на перагляд гродзкаму суду i гадзілася з тым, калі гродзкі суд адмяняў яе прысуд. Трэба аднак сконстатаваць, што выпадкі адмены прысуду капы былі нязвычайна рэдкімі.

Першай асобай, што беспасярэдне лучыла капу з гродзкім судам, быў возны або віж, без прыбыцьця каторага не магла пачынацца прынамся апошняя «завітая» капа. Роля віжа была вылучна ў тым, што ён абавязаны быў акуратна запісаць прабег капы ў пратакол i гэту г. зв. рэляцыю прадставіць гродзкаму суду дзеля ўпісу ў вактавыя кнігі апошняга. Гэтакім спосабам паўсталі акты аб копных судох, сабраныя Віл. Арх. Ком. у XVIII томе.

Дзеля таго, што копныя судзьдзі пераважна былі няпісьменнымі i ўсе пастановы ня вылучаючы й прысуду рабіліся вусна, рэляцыі віжовы набіралі асаблівае вагі й значэньня, бо былі адзіным пісьменным дакумэнтам аб скліканьню капы. Дзеля таго, як стараны процэсу, гэтак капа i сам гродзкі суд вельмі рупіліся аб тым, каб рэляцыя віжова адпавядала праўдзе. З гэтай мэтай гродзкі суд ня ўпісаваў рэляцыі віжа, пакуль выбраныя капой прадстаўнікі не пацьвярджалі, што прабег капы адбыўся запраўды так, як запісана ў рэляцыі.

Тутака трэба зацеміць, што да канца XVI стагодзьдзя рэляцыі віжоў пісаліся вылучна ў беларускай мове. У першай палове XVII стагодзьдзя сустракаюцца, але рэдка, рэляцыі, пісаныя нязручнай польскай мовай i толькі ў другой палове XVII стагодзьдзя рэляцыі ў польскай мове сустракаюцца часьцей, чымся ў беларускай. Праз увесь аднак-жа час быцьця копных судоў г. зв. сусцэпт (пачатковая формула аднолькавая для ўсіх рэляцыяў) пісаўся ў беларускай мове.

Копныя суды пачалі чэзнуць у Беларусі ад другое паловы XVII стагодзьдзя i пры гэтым ладне раней шчэзьлі яны ў местах, дзе, бязумоўна, выціснула ix майдэборскае права. Глыбокія зьмены ў соцыяльнай структуры тагачаснага беларускага грамадзянства, a наўперад ладнае пашырэньне правоў шляхты коштам сялянства, вельмі ад'емна адбіліся на быцьцю копных судоў. Шляхта, здабыўшы сабе maximum прывілеяў i канчальна стаўшыся кіруючым у гаспадарстве станам, ня толькі не хацела ўжо прынцыпова засядаць з падданымі на аднэй лаве ў характары раўнапраўных судзьдзяў i падзьдзержаваць капу, але пачала першая з гэтай установай барацьбу, якая выражалась у тым, што шляхта перастала спаўняць недагодныя сабе прысуды капы i вельмі часта нават разганяла яе. А дзеля таго, што капа ня мела ў сваіх руках ніякіх сродкаў, з помаччу каторых магла-б непакорных прымусіць споўніць свае пастановы, да яе, як суду, памалу пераставалі зварочавацца нават i сяляне, падданыя ўжо юрысдыкцыі паноў i ў ix шукаючыя абароны. Гэта была найгалаўнейшая прычына заняпаду копных судоў. Нятрэба аднак думаць, што капа, дзякуючы новым недагодным абставінам, самахоць падпісала сабе сьмерць. XVIII том дае мноства довадаў барацьбы капы за свае быцьцё, правы й незалежнасьць. Сяляне разумелі, што, дзякуючы ix лічбавой перавазе, капа была фактычна іхняй установай i часта вельмі станоўча праціставіліся шляхце, каторая пасягала на яе быцьцё[58]. Барацьба гэта аднак скончылася няшчасна для капы, каторая памалу чэзла, хоць ня было ніякае гаспадарчае пастановы аб яе скасаваньню.

Важнай прычынай заняпаду капы трэба лічыць яшчэ агулам уплыў польскае культуры на беларускую шляхту. Як было сказана на пачатку, польскае жыцьцё ня ведала падобнае судовае ўстановы і не магло, ведама, толераваць яе ў другой палове Рэчыпаспалітае, хоць-бы дзеля таго, што капа ладне абмежавала ўладу шляхты, каторая імкнулася да здабыцьця поўнае «залатое вольнасьці» і запраўды яе здабыла. Беларуская шляхта, паддаючыся ўплывам польскае шляхоцкае культуры, ахвотна пераймала палітычныя й соцыяльныя імкненьні польскае шляхты няпрыхільныя капе i пераносіла ix на собскі грунт. Копныя суды канчальна зыйшлі з гістарычнае сцэны ў другой палове XVIII стагодзьдзя.

Гэткім парадкам пачатак заняпаду копных судоў у пал. XVII в. лучыцца з пачаткам сходу беларускае культуры, а канец быцьця копных судоў зыйшоўся із зьліквідаваньнем астачы беларускае гаспадарственасьці.

Загрузка...