Культурнае рабства


Маем на мэце тых беларусаў з паходжаньня, каторыя асыміляваліся культурна, прыняўшы «вышшую» польскую або расейскую культуру. Гэткіх беларусаў асабліва шмат можна спаткаць між нашай інтэлігенцыяй, як даваеннай гэтак i пасьляваеннай. Людзі гэтага тыпу лічаць сябе нават беларусамі, але кажуць, што культурна яны расейцы або палякі. Гэтае ненатуральнае злучэньне паняцьцяў магчыма толькі пры поўнай нэгацыі самастойнасьці беларускае культуры. Апошняя ў ix разуменьні мае зьмясьціцца ў рамах польскасьці або маскоўшчыны, як нешта рэгіёнальнае, нязначнае, над чым ня варта спэцыяльна працаваць. Зразумела, што гэта культурная асыміляцыя вядзе няўхільна і да ацыміляцыі дзяржаўнай, інакш палітычнае. Гэткія беларусы пераважна зьяўляюцца больш ці менш выдатнымі расейскімі i польскімі дзеячамі. З пільнасьцю, уласьцівай усякім нэафітам, яны шыраць у нас расейскую i польскую культуру энэргічней ад запраўдных Палякоў і Расейцаў.

Гэткага адношаньня да чужых культур ня можна інакш назваць, як рабствам, a засыміляваных культурна Беларусаў — рабамі. Паняцьце раба супануе заўсёды паняцьце пана. Немагчымы раб, які-б нікому ня служыў. Панам можа быць ня толькі фізычная асоба, але i адарванае паняцьце, як прыкладам чужая культура. Характэрнай азнакай узаемаадносінаў між рабам i панам ёсьць сьляпое, бязкрытычнае служэньне чужым, панскім інтарэсам. Раб, які пачынае крытыкаваць свайго пана, або разумець, што служа чужым інтарэсам, ужо ня будзе рабам. Побач з гэтай сьлепатой i бязкрытыцызмам у раба наглядаецца заўсёды пагарда да сябе, да свайго. Дзякуючы гэтым азнакам у старажытнасьці раба лічылі проста прадметам. I гэта правільна, бо немагчыма лічыць поўнавартасным чалавекам адзінку, якая сама сябе чалавекам лічыць ня хоча, а прыраўноўвае сябе да панскае жывёлы, мэбляў i г. д. Кажуць: «рабы ненавідзяць сваіх паноў». Вось-жа гэткіх рабоў немагчыма лічыць рабамі. «Узбунтаваныя» рабы — ужо не рабы. Гэта людзі, якія пачынаюць разумець свае інтарэсы i імкнуцца да вызваленьня. Маем на мэце толькі рабоў сьляпых, адданых бязкрытычна пану. Гэткім панам, як зацемлена вышэй, можа быць i чужая культура.

Рабоў у вапошнім разуменьні мы, беларусы, маем поўна.Хіба ня знойдзецца сьведамага беларуса, які-б ня стыкаўся з беларусамі — рабамі чужых культураў. Адданасьць гэтых беларусаў сваім панам ёсьць часта задзіўляючай. Дзе карані гэтага духовага рабства часткі нашае інтэлігенцыі i ў чым практычна яно праяўляецца?

Мы ня будзем зьвяртацца ў мінуўшчыну, каб вытлумачыць гэтае зьявішча, хоць i тады ўжо ў нас гэтае рабства пашыралася. Досыць успомніць ведамы сказ тагачасных напалавіну засыміляваных культурна беларусаў гаварыўшых аб сабе: «gente Ruthenus, natione Polonus», ды ведамы зварот з прамовы смаленскага кашталяна Мялешкі, сказаўшага аб гэткіх рабох, што яны хоць i свая косьць, але абрасла сабачым мясам i ваняець. Здаецца, што культурнае рабства часткі нашае інтэлігенцыі можна выясьніць іншымі дзейнікамі, a галоўна псыхолёгічнымі.

Інтэлігенцкім культурным рабом у некаторай ступені трэба нарадзіцца. Трэба ад нараджэньня мець прэдыспозыцыі да рабства. Рабская псыхіка ў чалавека з псыхічнымі склоннасьцямі да няволі, калі ён апынецца ў спрыяючых умовах, багата разаўецца. Нявольніцкія прэдыспозыцыі будуць пхаць абдзеленага імі інтэлігента да шуканьня сілыпана, у рабства якой гэткі інтэлігент дабравольна йдзе коштам рэзыгнацыі з сваёй людзкой годнасьці. Гэтае рабства дае яму духовы супакой, парадкавае яго сумленьне. Гэткі інтэлігент пачынае глядзець на сябе самого, вачмі свайго пана, будзе згадваць яго волю i паступаць са сваімі гэтак, як паступаў-бы пан, калі-б быў на ягоным месцы. A якія-ж спрыяючыя ўмовы патрэбны дзеля разьвіцьця рабскіх прэдыспозыцыяў. Ясна, ідзе тут аб умовы створаныя дадзеным панам, трэба трапіць у сфэру ягоных уплываў.

Гэткім парадкам культурнае рабства беларускага інтэлігента з нявольніцкімі склоннасьцямі азначыцца паводле таго, у якога пана ён апынецца. Беларусы расейскае культуры маглі-б быць дужа добра польскай, і, наадварот, бо іхняя культурная асыміляцыя залежыць ад таго, куды яны перш трапілі i якой атмасфэрай перш дыхалі. Гаворачы аб людзях з псыхічнай склоннасьцю да культурнае асыміляцыі, мы, зразумела, ня маем на мэце тых, якія з карысных мэтаў пакрываюць сваю прыналежнасьць да расейшчыны ці польшчыны. Маем на мэце толькі тых культурных рабоў, якія працуюць на свайго пана бязінтэрэсоўна, сумленна. Гэткія беларусы ў кожных найнепамысьнейшых абставінах будуць працаваць на карысьць асыміляваўшае ix культуры. Годзі ўспомніць для прыкладу, колькі беларусаў з усёй адданасьцю працуе між расейскай эміграцыяй бяз усякай матарыяльнае нагароды. Ведама агульна, што ўмовы іхняе працы з кожнага гледзішча вельмі цяжкія, аднак гэта ix ня пужае. Тут якраз мы маем клясычны прыклад культурнага рабства часткі беларусаў з паходжаньня, прыклад сьляпой адданасьці свайму пану.

Ці апрача псыхічных склоннасьцяў да рабства ёсьць іншыя яго прычыны, — гадаць ня будзем. Лічым гэтую прычыну найважнейшай. Іншая рэч, скуль бяруцца гэтыя рабскія прэдыспозыцыі ў натуры чалавека. Магчыма тут мае сваё значэньне пераймо ў спадчыне свайго роду «камплексу нізшасьці», як плоду паравяковага залежнага жыцьця беларускага народу. Камплекс собскае нізшасьці перадаваўся з пакаленьня ў пакаленьне, як заразная хвароба, i стварыў гэтыя нявольніцкія склоннасьці ў псыхіцы некаторых беларусаў.

Мы сказалі, што беларускі культурны раб азначаецца пагардай да сябе i свайго i на ўсё глядзіць вачмі пана. Пан-жа «літуецца» над рабамі i даказвае ім, што яны не зьяўляюцца поўным нулём, але нейкай часткай яго панскай істоты.Пан дапушчае рабоў у сваю культурную грамадзкасьць, як радню, a ня купленых дзесь на міжнародных рынках чужаземных іншапляменных нявольнікаў. Падчырківаем гэты мамэнт «радні» з панам, бо ён для культурных рабоў мае колёсальнае значэньне ў сэнсе ўспакаеньня іхняга рабскага сумленьня. Ведаць, што сам пан міласьціва залічвае ix побач з іншымі чужапляменьнікамі, якіх у яго многа, да свае супольнасьці, для нявольніка важна. Тады раб ня чуе сябе ізаляваным, нейкім прыблудай, a толькі «сябрам» панскай культурнай цэласьці. Лічучы раба «сваім», пан загадвае яму прапагаваць гэтае «ганаровае радство» між сваімі аднапляменьнікамі i адначасна шырыць пагарду да тых, каторыя гэтага «радства» выракаюцца. Гэткім парадкам асыміляваныя культурна беларусы на перабой заганяюць беларускую культуру да расейскай або польскай. Сам тэрмін «беларуская культура» выклікае ў гэтых людзей абурэньне. «Какая может быть белорусская культура»?— «Cо to jest kultura biaіoruska»?—іранічна пытаюцца гэтыя асобы паходзячыя часта з аднае беларускае сям'і i ў найлепшым прыпадку паціскаюць плячмі. Згодна з загадам сваіх паноў, яны прызнаюць беларускую культуру, як малазначную народную творчасьць у рамах вялікіх польскіх або расейскіх культурных дасягненьняў. У сьляпой адданасьці сваім панам, гэтыя асыміляваныя беларусы ня хочуць бачыць абсурдальнасьці сваіх вывадаў, паіменна, што беларуская культура, якая-б ня была яе параўнальная вартасьць, ня можа быць адначасна польскай i расейскай. Залічаньне яе да расейскай тым самым выключае думку аб яе польскасьці i наадварот. Але гэтая супярэчнасьць, як аказваецца, зусім ня псуе адносінаў між нявольнікамі розных паноў. Ідзе аб тое, што паны гатовы лепш дапусьціць гэтую абсурдальную супярэчнасьць, над якой можна падыскутаваць, чымся пагадзіцца з існаваньнем асобнай беларускай культуры i гэтым дапусьціць у сваё асяродзьдзе небясьпечнага бунтаўніка. Нэгацыя беларускасьці, як нейкай апрычонай культурнае цэласьці, лучыць паноў i рабоў. Успомненая-ж абсурдальная супярэчнасьць выклікае толькі «навуковую» дыскусію, ведзеную галоўна беларускімі рабамі. Паўстаюць вялізарныя томы «навуковае» макулятуры, з помаччу каторай беларусы «двух культур» у помач сваім паном стараюцца даказаць польскасьць або расейскасьць беларускае культуры. Гэтая макулятура ёсьць паказальнай для ўсіх і, як вочы зьмяі на птушку, дзеіць на душы тых-жа беларусаў з рабскімі склоннасьцямі.

З пачуцьця радні з «панскай» культурай плыве пагарда раба да сваёй. Інтэлігенцкі беларускі раб хоча ўва ўсім быць падобным свайму пану. Пляма, аднак, «няпанскага» культурнага паходжаньня мучае раба i магчыма ад часу-да-часу ўзварушыць яго сумленьне. З тым большым разгонам кідаецца ён на нішчэньне сьлядоў собскага паходжаньня. Іменна сьлядоў паходжаньня, бо пакуль яны будуць відавочны, датуль раб спакойна жыць ня можа.

Жаролы беларускай культуры, яе багацьце i самастойнае значэньне між культурамі расейскай i польскай, найлепш паказвае наша гісторыя. Вось-жа дзеля апраўданьня культурнай асыміляцыі беларусаў, неабходна беларускую гісторыю зьнішчыць, інакш з яе можна будзе заўсёды даведацца аб паходжаньні і ролі беларускасьці. З гэтай мэтай паны i іхнія беларускія рабы з асаблівай энэргіяй стараюцца вычыркнуць беларусаў з гісторыі. З усёй пэўнасьцю можна казаць, што беларуская гісторыя адчула наймацней разбураючую руку рабоў-беларусаў. У сваёй разбураючай працы рабы карыстаюцца аружжам, выдуманым панамі. Гэтак рабы расейскага пана паўтараюць за ім, што ніякага беларускага народу няма i ня было, быў i ёсьць «единый русский народ», складовай часткай якога зьяўляюцца між іншымі i беларусы. Ніякай апрычонай гісторыі беларусы ня мелі, была толькі гісторыя «общерусская». З гэтай мэтай расейскі пан папросту ўкраў багатую беларускую i ўкраінскую гісторыю i далучыў яе да маскоўскай. Менш аб тое, што з гэтага мэханічнага злучэньня нічога ня выходзе i што нават да апошніх часоў расейскія гісторыкі ня могуць выпрацаваць сынтэтычных асноў гэтай «общерусской» гісторыі, інакш даказаць арганічную цэласьць яе. Рабом гэта не патрэбна. Для ix хопіць бязмыснага паўтараньня за панам, што сталіцамі Расеі былі Ноўгарад, Кіеў, Уладзімір на Клязьме, Масква, Пецярбург, што Полацак, Менск, Смаленск, Пскоў i іншыя беларускія цэнтры былі толькі «общерусскими удзелами». Гэты мэханічны зьбіцень чужых гісторыяў імпануе беларусам з рабскімі прэдыспозыцыямі. Хіба праўдзівыя «слёзы уміленія» выклікала ў ix заява расейскага цара на эміграцыі Уладзіміра Кірылавіча, які, запярэчыўшы магчымасьці каранаваньня яго на асобнага ўкраінскага цара, сказаў, што хто-б дапушчаў гэта, той: «совершенно не знал бы истории императорской России. Ведь Киев — это колыбель России».

Рабы польскай культуры карыстаюцца так-жа дадзеным ім у рукі аружжам. Тут гаворыцца, што Вялікае Княства Бел.-Літ. было натолькі агорнута польскай культурай, што лічылася ня больш, як польскай правінцыяй. Міцкевіч, Сыракомля, Касьцюшка, Крашэўскі назаўсёды злучылі землі Вял. Княства з Польшчай. Толькі польскі дух быў тут творчым i рабіў гісторыю. Усё, што ў яго рамы не ўкладалася, — было ўсходам, барбарствам, нягістарычным.

З гэткім аружжам нашыя рабы чужых культур стараюцца, хоць i дарэмна, збурыць собскую гісторыю, зацёрці сьляды свайго паходжаньня... А гэта мела-б для ix колёсальнае значэньне. Тады яны з ўсёй пэўнасьцю маглі-б гаварыць, што беларускі рух гэта нешта новае, сэзоновае, нягістарычнае, а у найгоршым прыпадку выдуманы варожымі агентурамі. Сумленьне рабоў у гэткім прыпадку было-б чыстае.

Рабы працуюць для чужой культуры з поўнай адданасьцю i сэнтымэнтам. Характэрна, што для беларускай культуры яны ня маюць ня толькі ніякае спагаднасьці, але прагавіта жадаюць ейнай сьмерці. Можа ix узварушыць загуба — скажам — мэксыканскай, абісынскай культур, але ніколі беларускай. Трагедыя апошняе можа выклікаць у ix толькі ціхую радасьць. Адданасьць у працы для чужой культуры, спатыканая ў рабоў, ёсьць зразумелай з вышэйшых разважаньняў. Але скуль бярэцца тут пачуцьцё, сэнтымэнт да яе?

Рабы-інтэлігенты, з беларускага сялянства або мяшчанства, стыкаюцца з чужой панскай культурай у романтычным апрацаваньні. Романтызм, «багацьце», «шляхэтнасьць» польскае культурнае творчасьці выдаецца ім натолькі захопліваючымі i натолькі процілежнымі да ўбогасьці собскага культурнага асяродзьдзя, што безапэляцыйна дэцыдуюць аб іхняй культурнай душы, будзяць у ёй сэнтымэнт да сябе. «Бедная» беларуская сялянска-мяшчанская культура выдаецца ім простай, грубой i гэтым самым няздольнай выклікаць і адрабіны таго пачуцьця, якое рабы маюць да чужой. Гэта некарыснае параўнаньне забірае ў ix далейшую цікавасьць да здабыткаў беларускіх культурнікаў. Змаганьне беларускіх культурнікаў з чужымі культурамі, прыняўшае апошнімі часамі шырокі размах, будзіць у ix душах нясмак да беларускасьці i яшчэ большы сэнтымэнт да чужыншчыны, з якой зрасьліся.

Мы стараліся паказаць прычыны паўстаньня i практычную дзейнасьць беларускіх рабоў. А якой мае быць ацэна гэтага зьявішча?

Тут шмат гаварыць ня прыдзецца. Культурныя рабы — гэта іменна i ёсьць той «гной», на якім мае буйна ўзрасьці на беларускай ніве чужая культура. Усе імкненьні чужынцаў да культурнае асыміляцыі беларусаў асноўваюцца іменна на дапушчэньні існаваньня гэтага «гною» — рабства ў асыміляваным асяродзьдзі. Асымілятары аблічаюць, што гэтыя рабы знайдуцца, ідзе ім толькі аб тое, каб было ix як найбольш. Існаваньне гэтага «гною» у значнай ступені апраўдвае нават прымусовую «культурную» асыміляцыю ў вачох ейных праваднікоў. А праз «нявінную» культурную асыміляцыю вядзецца ўжо лягчэй i палітычная, што зусім зразумела. Грамадзянства, асыміляванае палітычна i культурна, ня ёсьць жывым. Да гэтага імкнуцца чужыя культурныя асымілятары, або, якix называюць часьцей, «культуртрэгеры» ў адносінах i да беларусаў.

Гэткім парадкам, ведаючы, што асыміляцыі паддаюцца людзі з рабскімі склоннасьцямі, што існаваньне рабства ў грамадзянстве зьяўляецца моцна небясьпечным, бо рабы — гэта першыя праваднікі чужой культуры ў сваім асяродзьдзі, а тым самым і першыя ворагі гэтага асяродзьдзя, усёроўна — сьведамыя ці нясьведамыя, — разгляданая тэма заслугоўвае на пільную ўвагу грамадзянства. Культурнае рабства — гэта хвароба ў грамадзкім арганізьме, з якой неабходна змагацца.

У канцы, — каб ня было памылак,—хочам падчыркнуць, што да культурных рабоў, само сабой разумеецца, ня можна аднесьці тых беларусаў, якія, хоць i ўзгадоўваліся ў чужой — расейскай або польскай культуры, але асталіся думаючымі па-белоруску. Гэтыя беларусы нічога супольнага з рабамі ў разгледжаным сэнсе ня маюць, бо культурны раб паводле пададзенага тут азначэньня — гэта адзінка сьляпая, думаючая крытэрыямі свайго пана.

Загрузка...