Пад тэрыторыяй Беларусі мы разумеем абшар заселены беларускай этнографічнай масай. Граніцы гэтай масы азначыў ужо праф. Карскі[4], кіруючыся, як асновай, распаўсюджаньнем чыстай беларускай мовы, без яе пераходных да маскоўшчыны і ўкраіншчыны дыялектаў. Граніцы прынятыя Карскім на захадзе (з латышамі, літоўцамі i палякамі) ня выклікалі засьцярог з боку пазьнейшых дасьледчыкаў. Дыскусыя ўзьнялася толькі над маскоўскай i ўкраінскай межамі. У рэзультаце новых i навейшых досьледаў, маскоўская i ўкраінская межы папраўлены на карысьць беларускай этнографічнай масы[5]. Далейшыя досьледы могуць прынесьці нязначныя зьмены гэтых межаў у той ці іншы бок, але спадзявацца паважных перамен ня прыходзіцца. Хочучы азначыць у галоўных нарысах этнографічныя межы Беларусі, мы паклічымся тут на А. Смоліча, беларускага географа, вывады якога ня толькі ня ёсьць супярэчнымі з апошнімі досьледамі ў гэтай галіне, але цалком з імі згаджаюцца. А. Смоліч азначае этнографічныя межы Беларусі наступнымі пунктамі. Мяжа беларускага i польскага, прастораў ідзе ад м. Мельніка па рацэ Буг, Нурцу, Нарве i Бабру на Аўгустоў; мяжа з літоўцамі ідзе каля мястэчкаў Друзгенікі, Рудзішкі, Еўе, Янішкі, Сьвянцяны, Езяросы (б. Нова-Александраўск). Ад Езяросаў пачынаецца мяжа з латышамі, якая ідзе каля м. Ілукшты, Вышкаў, Люцына да ст. Корсаўкі. Ад Корсаўкі пачынаецца мяжа з Расеяй. Яна ідзе каля м. Апочкі, Вялікіх Лукаў, вярхоў Дзьвіны на Ржэў i Зубцоў, скуль зьвяртае на паўдзён i na верхнім Дняпры ідзе аж да Дарагабужу. Каля яго мяжа паварачвае крыху на ўсход, a пасьля ідзець ізноў у паўдзённым кірунку на Бранск, скуль р. Дзясной да м. Грамяча. Каля Грамяча пачынаецца беларуска-украінская мяжа, якая дзелячы Чарнігаўшчыну больш менш папалам кіруецца на Любеч. Ад Любеча граніца ідзе ўніз па Дняпры да ўтокаў Прыпяці i там трапляе на старую беларуска-украінскую гістарычную мяжу, якая лясамі i балотамі на паўдзён ад Прыпяці ідзе больш менш па даўнейшай граніцы Менскае i Горадзенскае губэрніяў з Кіеўскай i Валынскай прыблізна да Уладавы, пасьля па рацэ Бугу да Мельніка[6].
Гэты прастор займае 300.000 кв. вёрст i цягнецца з усходу на захад каля 700 вёрст і з поўначы на паўдзён каля 550 вёрст[7].
Цяперашнія этнографічныя граніцы Беларусі не пагаджаюцца з тымі, якія займаў беларускі народ у працягу гісторыі, паіменна цяперашнія межы ёсьць значна меншымі ад гістырычных. Звужэньне межаў наступіла дзякуючы стратам на ўсходзе, паўдз.-усходзе i поўначы ў землях, занятых даўней беларускімі плямёнамі Вяцічаў, Северанаў i часткава Крывічоў (Пскоўшчына). Страчаныя землі гэта тыя, якія цяпер лінгвісты азначаюць як занятыя пераходнымі беларускімі гаворкамі. Сяньня трэба лічыць ужо даказаным, што гэтыя пераходныя гаворкі паўсталі на беларускай аснове, хоць яшчэ нядаўна некаторыя расейскія філёлёгі (Шахматаў i інш.) бачылі тут расейскую аснову[8].
Калі на поўначы, усходзе i паўдні абшар заняты беларускай этнографічнай масай зьменшыўся, на захадзе мяжа з літоўцамі і нават латышамі перасунулася на карысьць беларусаў. Шляхам калянізацыі пушчы, аддзяляўшай балтыцкія плямёны ад беларусаў, або нават асыміляцыі суседніх балтаў, граніцы беларускае мовы пасунуліся тут крыху далей на захад[9]. Бясспрэчнай хіба ёсьць рэчай, што гісторыя Беларусі не павінна абмяжавацца толькі да сучаснае яе тэрыторыі, але павінна наўперад прыймаць пад увагу г. зв. гістарычныя межы беларускага народу i выясьніць той гістарычны працэс, шляхам каторага беларусы апынуліся у цяперашніх этнографічных межах. З гэтага гледзішча гісторыка павінны цікавіць аднолькава побач з бясспрэчнай беларускай тэрыторыяй так-жа тэрыторыі даўнейшае Севершчыны, зямлі Вяцічаў, Пскоўшчыны, бо землі гэтыя былі населены беларускімі плямёнамі, трапіўшымі ў сілу асаблівых умоваў у сфэру палітычнага жыцьця небеларускіх цэнтраў i адыйшоўшымі праз гэта ад агульна-беларускае цэласьці.
Лішнім было-б даказваць, якое вялізарнае значэньне ў жыцьці народу маюць фізыёграфічныя ўмовы краіны, дзе ён жыве. Гэта ёсьць праўда агульна-ведамая i ня мыляючыся можна сказаць, што ня толькі культура матарыяльная, але псыхіка i aгyлам культура духовая народу ў значнай ступені залежыць ад прыродных умоваў, у якіх ён жыў i жыве. Характэрызуючы коратка фізыёграфічныя ўмовы Беларусі на працягу гісторыі, трэба сказаць. што яны зводзіліся галоўна да трох дзейнікаў, каторымі былі: лес, вада i балоты. Ад найдаўнейшых часоў тэрыторыя Беларусі была пакрыта вялізарнымі лясамі-пушчамі, даваўшымі добрую здобыч зьвярыны каляністу i спрыяўшымі разьвіцьцю бортніцтва. Апрача таго лясы ды балоты хавалі насельніцтва ад нападаў ворагаў i перашкаджалі апошнім свабодна рухацца па Беларусі, як гэта было ў краёх бязлесных (прыкладам Украіна). Аднак, побач з гэтым, пры надта прымітыўнай тэхніцы, лес быў вялікай перашкодай для шыбкага разьвіцьця земляробства. Калі для першабытнага асадніцтва лес прадстаўляў хутчэй няпрыязны дзейнік, дык вада для яго, была бязумоўна дадатным элемэнтам. Вада мела значэньне камунікацыйнае, была багата рыбай i na яе берагох былі натуральныя лугі, дзе затрымліваліся першыя асаднікі. Гэтыя лугі згулялі ў Беларусі тую-ж ролю, як абшары лесу ў Сярэдняй Эўропе, паіменна прынялі найстарэйшае асадніцтва, якое пасоўвалася найахватней вадзянымі шляхамі i стабілізавалася ў вадкрытых мясцох, старонячыся няпрыязных гушчаў. Асядаючы над берагамі рэк, на краях спрадвечных лясоў, першыя каляністы паступова ўглыбляліся ў пушчу, цярэбячы дарогі для земляробаў, каторыя пачалі яе карчаваць. Аднак i земляроб асядаў пачаткава над ракой, дзе меў прыродныя лугі i без вялікага труду мог араць зямлю i павялічваць яе коштам лесу.
Прыродныя ўмовы Беларусі будуць больш зразумелымі, калі мы ўспомнім рэзультаты гэолёгічных досьледаў ейнае тэрыторыі[10].
З гледзішча гэолёгічнага тэрыторыя Беларусі мае сваю цікавую гісторыю. Характэрным ёсьць факт, што ад найдаўнейшай эпохі — архэйскай — на тэрыторыі Беларусі ня было значнейшых горатворчых працэсаў, a наглядаліся толькі дужа памальныя падняцьці i апусканьні асобных частак — г. зв. эпірогэнэтычныя рухі. Дзякуючы апошнім прастор Беларусі некалькі разоў да пасьляледавіковае пары заліваўся морам i аслабаняўся ад яго. Досьледы сьцьвярджаюць, што ужо у кэмбрыйскую пару блізу ўсю Беларусь заліло мора, прыйшоўшае з захаду. Гэта мора трывала праз усю сылюрскую эпоху, у канцы якой паверхня Беларусі пачала падымацца з усходу i памалу ўся Беларусь выйшла з пад вады. У другой палавіне чарговай дэвонскай эпоxi мора ізноў находзе на Беларусь, але гэтым разам з паўночнага ўсходу (г. зв. Ціманскае мора), залівае паўночна-усходнюю частку Беларусі i трывае там амаль да канца вуглявой пары. Толькі ў канцы гэтай пары ўся Беларусь робіцца сухаземлем. Сухасьць клімату не дала магчымасьці вытварыцца ў Беларусі значнейшым пластам каменнага вугальля. Праз цэлы шэраг наступных гэолёгічных пораў (пэрмскую, трыяс, юра), Беларусь астаецца сухаземлем. У крэйдавую пару мора ізноў залівае Беларусь з захаду i займае паўдзённа-заходнюю частку прыблізна да р. Бярэзіны i Вяльлі i трывае да канца гэтае пары. У гэтым часе асядаюць пласты пішучае крэйды. Паўночна ўсходняя частка Беларусі астаецца ў гэтую пару сухаземлем. У наступную нумулітычную пару (олігоцэн) ўся Беларусь ізноў заліваецца морам, прышоўшым гэтым разам з паўночнага ўсходу, але ўжо ў канцы гэтай пары мора аканчальна аслабаняе тэрыторыю Беларусі. У навейшыя (чацьвёртарадныя) часы ў Беларусі таксама адбываюцца эпіро-гэнэтычныя рухі, але даволі слабыя i ня змогшыя зьмяніць прастораў, занятых сухаземлем і вадой. У рэзультаце гэтых рухаў паўночная Беларусь крыху паднялася, а паўдзённая зьніжылася. Трэба аднак зацеміць, што да падыймаўшыхся прастораў належыць i паўднёвы пояс узгор'яў, што цягнуцца ад Ваўкавыска праз Наваградак за Слуцк.
Сучасную сваю паверхню i яе структуру Беларусь заўдзячвае ледавіку. Шмат тысячаў гадоў назад уся тэрыторыя Беларусі пакрываецца ледавіком, прыпоўзшым сюды з поўначы і прынёсшым з сабой многа каменьняў, пяску і гліны (морэна). Калі ледавік растаяў, усю паўдзённую Беларусь пакрыла вялізарнае возера, г. зв. Гэродотавае мора, з якога лішкі вады сьцякалі праз Польшчу i Нямеччыну ў Нямецкае мора. Гэта возера паступова высыхала i сяньня маем толькі малыя яго астачы (возера Князь, Выганоўскае на Палесьсі і інш.). Ледавік пакінуў за сабой пласты, пад якімі ў глыбіні ляжаць іншыя, што сфармаваліся ў ранейшыя поры[11].
Паводле формаў паверхні тэрыторыя Беларусі прадстаўляе фактычна нізіну, пакрытую, асабліва на захадзе i паўночным усходзе, шырокімі грамадамі узвышшаў. Тыповымі нізінамі зьяўляюцца полацкая i палеская. З узвышшаў на захадзе трэба адцеміць наступныя іхнія грамады: Вялейскую Падкову Узгор'яў (у вадазборніку Вяльлі), Паўднёвы Ланцуг Узгор'яў (на паўдзён ад Нёмана), Паўночныя Марэны (між якімі плыве Дзьвіна) i Дняпроўскае Узгор'е (на паўдзён ад верхняга Дняпра i далей на захад). Уздоўж усходняй мяжы Беларусі цягнецца плоскае узвышша — Вокаўскі Лес)[12].
Усе важнейшыя рэкі Беларусі стварыліся не раней, як у ледавіковую пару[13]. Беларусь абыймае верхнія часткі вадазборнікаў Дняпра, Нёмана i Дзьвіны. Найвялікшай ракой Беларусі ёсьць Дняпро. Гэта надта важная гістарычная артэрыя Беларусі. Галоўныя яго прытокі на тэрыторыі Беларусі: з правай стараны — Воп, Хмосьць, Друць, Бярэзіна і Прыпяць, з левае — Сож і Дзясна. Другой ня менш важнай артэрыяй была Дзьвіна. Найважнейшымі яе прытокамі ёсць з правага боку: Таропа, Усьвят, Вобаль, Палата і Дрыса, з левага — Мяжа, Каспля, Вула, Дзісенка.
Урэшце Нёман ёсьць трэцяй ракой Беларусі вялікага значэньня. Найважнейшыя яго прытокі: з левага боку — Шчара, Зельва, Чорная Ганча, з правага—Бярэзіна. Мараланка, Вяльля.
На поўнач ад вадазборніка Дзьвіны праз тэрыторыю Беларусі цякуць верхнімі сваімі часткамі рэкі Лаваць i Вялікая. У мінуўшчыне гэтыя рэкі мелі вялізарнае значэньне. Яны належалі да г. зв. вялікага воднага шляху «із Bapar y Грэкі», праходзіўшага далей Дзьвіной i Дняпром праз тэрыторыю Беларусі. Па р. Лаваці ішоў гандаль з Ноўгарадам, а па Вялікай з Псковам, а далей па аднэй i другой — з замор'ем.
Беларускія рэкі ў гісторыі згулялі вялізарнае значэньне. Апрача падчыркненае вышэй іхняй камунікацыйнай ролі пры пашырэньні колёнізацыі, рэкі Беларусі былі вялікімі гандлёвымі шляхамі. Беларусь ляжала на скрыжаваньні двух вялікіх водных шляхоў. Першым з ix быў ужо ўспомнены, «із Bapaг y Грэкі», які лучыў поўнач з паўднём i ішоў Дняпром, Касплей, Дзьвіной, Лавацьцю або Вялікай. Другі лучыў усход з захадам i праходзіў Дзьвіной, Волгай або Дняпром. На тэрыторыі Беларусі знаходзіліся г. зв. “волакі" — сухаземныя дарогі, па якіх перавозілі тавары ад аднае ракі ў другую, быўшыя істотнай часткай вялікіх шляхоў. Над рэкамі Беларусі ад зараньня гісторыі народу бачым вялікія i сільныя гарады: Полацак. Смаленск, Віцебск. Пінск, Тураў i інш. — быўшыя гандлёвымі цэнтрамі Беларусі. Аб вялічыне тагачаснага беларускага гандлю сьведчаць раскопкі, асабліва апошніх часоў. Як даказаў праф. Шчакаціхін, Беларусь нават да пачатку сваей эры была ў надта ажыўленых гандлёвых зносінах з гэткімі краямі, як Пэрсыя, Сырыя, Грэцыя, Скандынавія, Нямеччына, Вугрыя[14]. Ня трэба падчырківаць, што гэты гандаль ішоў успомненымі шляхамі.
Найвялікшым балотам на тэрыторыі Беларусі ёсьць Палесьсе. Побач з іншымі, яно ледавіковага паходжаньня. Часткава балоты могуць паходзіць ад высыхаючых вазёраў. У мінуўшчыне Палесьсе, было натуральнай граніцай на паўдні, труднай да пераходу.
Пазнаёміўшыся з абшарам Беларусі, яе гэолёгічнымі i фізыё-географічнымі ўмовамі, паўстае пытаньне, ці тэрыторыю Беларусі можна разглядаць у гісторыі, як нейкую фізычна-гэографічную суцэльнасьць, розную ад суседніх. А.Смоліч з гледзішча будовы паверхні Беларусі, яе расьліннасьці, натуральных межаў, клімату, сеткі рэкаў рашуча выказваецца, што i цяпер Беларусь гэткую суцэльнасьць творыць[15]. З тым большым правам можна цьвердзіць, што гэткай суцэльнасьцю Беларусь была ў мінуўшчыне, калі ня было чыгункі, параходаў, тэлеграфаў, а ўвесь прастор яе ў значне вялікшай ступені быў пакрыты непраходнымі пушчамі й балотамі. Гэта суцэльнасьць рабіла з Беларусі трудны да здабыцьця край, хоць ён i ня меў выразных натуральных граніц у форме напр. высокіх гораў. Тым ня менш якраз іменна з гледзішча цэласьці гэтых фізыёгеографічных умоў, тэрыторыю Беларусі асабліва ў гісторыі можна лічыць, як маючую натуральныя граніцы. Ужо праф. Карскі зьвярнуў увагу, што межы Беларусі, аддзяляючыя яе з захаду i ўсходу ідуць вялікімі вададзеламі пакрытымі лясамі і маюць характар натуральных межаў[16]. У мінуўшчыне гэтыя лясы былі куды большымі i тварылі большую перашкоду для непрыяцеляў. Апрача таго яны былі больш балотнымі, як цяпер. Дык можна лічыць гэтыя лясістыя вададзелы натуральнымі граніцамі.
Аб Палесьсі, як натуральнай граніцы на паўдні, мы сказалі вышэй.
Труднасъць здабыцьця Беларусі, дзякуючы яе асаблівым фізыё-географічным варункам, была важкім дзейнікам, абясьпячаўшым арганізацыі асобных беларускіх гаспадарстваў, з якіх найвялікшымі былі Полаччына, Смаленшчына i Турава-Піншчына.
Яшчэ нядаўна спорным было пытаньне, калі зьявіўся чалавек на тэрыторыі Беларусі. Лічылася агульна прынятай думка, што сьляды чалавека ў Беларусі даходзяць толькі да пазьнейшае пары каменнага пэрыяду — нэоліту[17]. І хоць раскопкі на тэрыторыі Беларусі выкрылі шмат месцаў з астачамі жывёлы ледавіковае пары (косьці маманта, паўночнага аленя i інш.), што наводзіла на думку існаваньня i чалавека ў гэтую пару, a ўжо Сементкоўскі казаў, што ў зьбіральнікаў i аматараў старыны Віцебшчыны ён бачыў прылады «бяз ніякіх азнак шліхоўкі»[18], праф. А. Сьпіцын на першым зьезьдзе дасьледчыкаў беларускае архэолёгіі i архэографіі ў Менску (17—18. I. 1926 г.) усё-ж заявіў, што існаваньне чалавека на тэрыторыі Беларусі ў пару палеоліту астаецца загадкай[19].
Але посьле гэтай аўторытатыўнае заявы яшчэ ўлетку таго-ж 1926 г. пытаньне гэтае атрымала неспадзеўкі новае асьвятленьне. Сябра гістарычна-архэолёгічнае камісіі б. Інстытуту Беларускае Культуры ў Менску К. Палікарповіч натрапіў каля вёскі Бердыж, Чачэрскага раёну, Гомельскае акругі, на стаянку палеолітычнага чалавека. К. Палікарповіч знайшоў у ваколіцы гэтае вёскі сярод касьцей маманта некалькі зробленых чалавекам адшчэпкаў крамня i дзьве ножападобныя прылады. на якіх былі сьляды дробнай штучнай адбіўкі (г. зв. «рэтуш»). «Гэтая апрацоўка крэмняў, сувязь ix з пэўным гэолёгічным пластом (марэнны суглінак), сьляды вагню, прысутнасьць костак розных выкапальных жывёлаў, непарушанасьць усіх пластоў, не выклікае—кажа Палікарповіч— ніякага сумліву, што тут маем астачы палеолітычнае культуры часу вялікага зьледзяненьня»[20]. Хутка, бо ў 1929г.. была знойдзена другая палеолітычная стаянка ў в. Юравічы на Прыпяці каля Мозыра, a потым новабабовіцкая. Трэба лічыць, што i стаянка ў в. Гамкаве, Смаленскае акругі, ёсьць палеолітычнай[21].
Гэтыя стаянкі маюць вялікую навуковую вартасьць. У сэнсе тэрыторыяльным (прынамся ў гістарычных межах) беларускімі трэба лічыць дзьве раней ад вышменаваных знойдзеныя палеолітычныя стаянкі, паіменна супонеўскую каля Бранску i мезінскую на Дзясьне, на паўдзён ад г. Ноўгарад-Северскага. Аднак з факту, што на межах Беларусі былі палеолітычныя стаянкі, яшчэ ня можна было рабіць выснаваў аб існаваньні ледавіковага чалавека на тэрыторыі Беларусі. Апісаныя знаходкі выясьняюць гэтае пытаньне i дазваляюць з усей пэўнасьцю адсунуць пачатак каменнай культуры насельнікаў Беларусі даледавіковай пары.
Палеоліт зьмяніла наступная пара — нэолітычная, або шліхаванага камяня. Факт існаваньня чалавека ў Беларусі ў гэтую пару выплывае з папярэдняга i сьцьвярджаецца ўжо шматлікімі знаходкамі гэтай пары. Каменных прыладаў нэоліту знойдзена шмат на тэрыторыі ўсяе Беларусі. Параўнальна дагэтуль найбольш ix аказалася ў Віцебшчыне, Віленшчыне, Меншчыне, Магілёўшчыне i Полаччыне, найменш — у Горадзеншчыне, Слонімшчыне, Ваўкавышчыне, Беласточчыне, Смаленшчыне[22]. Апрача маладых беларускіх архэолёгаў, нэолітычныя стаянкі ў Беларусі знайшлі, або ix студыявалі, галоўна да вайны, расейскія i польскія архэолёгі, як А. Сементкоўскі, графы Уваравы, графы Тышкевічы, Ф. Дабранскі, Татур, Н. Авэнаріус. М. Кусьцінскі, Е. Раманаў, В. Шукевіч, А. Сьпіцын, i іншыя[23]. Былі гэта пераважна архэолёгі-аматары, каторыя займаліся галоўна раскопкамі курганоў i ў гэтых працах траплялі на астачы нэолітычных стаянак у Беларусі. З боку адпаведных архэолёгічных расейскіх ці польскіх устаноў ня было наладжана сыстэматычных i плановых досьледаў. Архэолёгі-аматары абшар досьледаў выбіралі прыпадкова. Дзе гэтых аматараў ня было, там агулам i ніякае архэолёгічнае працы не вялося, хіба якімсь адумыслова прыехаўшым з „цэнтру" архэолёгам i зь якойсь спэцыяльнай мэтай[24].
Нешматлікія знаходкі не даюць яшчэ магчымасьці пазнаньня жыцьця палеолітычнага чалавека ў Беларусі. Затое адносна нэолітычнае пары вучоныя робяць на аснове ўжо дасюлешніх знаходкаў выснавы аб жыцьці чалавека ў гэтую пару, прычым некаторыя з ix можна лічыць цьвёрда ўстаноўленымі навукова. Дасьледчыкі кажуць, што нэолітычны чалавек у Беларусі жыў пераважна на берагох рэк i надта рэдка на берагох вазёр[25]. Жыльлём для гэтага чалавека былі зямлянкі, але ня выключана, што ён будаваў адумысныя для гэтага шалашы.
Гэта асабліва пацьвяржаецца знаходкамі беларускіх архэолёгаў за апошняе дзесяцігодзьдзе. Сьцены гэткага шалаша рабіліся з гальля, абмазанага глінай, a магчыма i ca скуры зьвяроў. Падлога рабілася з бітай гліны, а пасярод яе знаходзілася вогнішча наўперад дзеля прыгатаваньня ежы. Астачы глінянае пасуды паказваюць, што чалавек ёю карыстаўся i ўмеў вырабляць. Пасуда ляпілася з гліны чырвонае, або шэрай, дрэнна апаленай, з дамешкаю пяску або жарствы. Форма пасуды была розная, орнамэнт просты i даволі аднастайны[26]. Асядаючы па берагох рэк i вазёр нэолітычны чалавек здабываў у ix для сябе яду — рыбу i асобную ракавіну, г. зв. unio pictorum. Па берагох-жа рэк ён знаходзіў для сябе ў вялікай колькасьці крэмень, служыўшы для вырабу каменных прыладаў[27]. У лясох чалавек паляваў на зьвярыну. Рыбалоўства і паляваньне былі найгалаўнейшымі заняткамі нэолітычнага чалавека ў Беларусі. Хоць насельніцтва каменнага пэрыяду ў Беларусі групавалася па берагох рэк i вазёр, аднак, паводле некаторых дасьледчыкаў, яно не вяло аднолькавага спосабу жыцьця. Гэтыя дасьледчыкі, апіраючыся на тым, што каменныя прылады на поўначы Беларусі спатыкаюцца малымі групамі, а на поўдні вялікімі, робяць выснаў, што насельнікі паўночнай Беларусі вялі вандроўнае жыцьцё, тады, як на поўдні (ад Дзьвіны) жыло аселае насельніцтва[28]. Сементкоўскі дапушчае нават, што ўжо ў гэтую пару насельнікі Беларусі вялі гандаль з суседзямі, бо часам трапляюцца прылады з гэткіх пародаў камяня, каторыя не спатыкаюцца ў дадзенай мясцовасьці[29]. Нешматлікія знаходкі паказваюць, што каменны чалавек сваіх нябошчыкаў хаваў розна, часам ix паліў, часам закапываў у зямлю, пры гэтым разам з рэчамі нябошчыка[30].
Праф. М. Шчакаціхін кажа, што ўжо ў гэтую пару назіраецца хоць i прымітыўнае, але ўсё-ж імкненьне да мастацкага апрацаваньня каменных сякераў i вырабаў керамікі. Орнамэнтыка сякераў азначаецца вельмі простымі лінейнымі ўзорамі i ёсьць больш рознастайнай у кераміцы. Тут найпрасьцейшым рысункам ёсьць дзьве раўналежныя лініі па берагу пасудзіны. У далейшым разьвіцьцю гэтыя лініі ламаюцца на кавалкі ды зварочваюцца да сябе наўскос або стоць, творачы вуглы, крыжыкі i г. п. Надта характэрна, што ўжо ў гэтым часе спатыкаецца рысунак «капыцікаў», якія захаваліся яшчэ i цяпер на сучасных вясковых беларускіх паясох. З часам орнамэнтыка робіцца ўсё больш складанай: зьяўляюцца просталінейныя геомэтрычныя фігуры (трыкутнікі, ромбы, прастакутнікі) i рысункі крывалінейныя (хвалявыя лініі, колцы, сярпы, паўмесяцы i г. д[31].
Нэолітычную пару зьмяніла пара мэталяў, калі жыхар Беларусі навучыўся ўжываць прылады з мэталяў. Населенасьць Беларусі i ў гэтую пару выплывае ня толькі як выснаў з папярэдняга, але пацьвярджаецца i іншымі дадзенымі. Карскі гаворыць, што ў гэтую пару ішоў ажыўлены гандаль па Нёмну i Дняпру янтаром («жывой смалой»), прычым, паводле сьвядоцтва Плінія, гандаль адбываўся гэткім спосабам, што плямёны жыўшыя на берагох Балтыцкага мора перадавалі тавар суседзям, а тыя далей аж да паўдзённых мароў. Народы, што займаліся гэтым гандлям, ужо зналі мэталы. Пацьвярджаецца гэта шматлікімі знаходкамі па Дзьвіне даўнарымскіх, сыракускіх, афінскіх, македонскіх, фазоскіх i др. грошаў. Прадметаў бронзавага веку знойдзена, аднак, у Беларусі мала (медныя сярпы, кліны, тапары знойдзены, прыкладам, у Меншчыне)[32].
Першыя пісьменныя сьвядоцтвы, каторыя гісторыкі адносяць да жыхароў Беларусі, паходзяць ад бацькі гісторыі—Гэродота, жыўшага ў V стаг. да нашай эры. Гэродот, апісваючы насельнікаў Скіфіі, на якой падарожнічаў, кажа, што на поўнач у лясох, дзе ляжыць вялікае возера, жыве вандроўнае племя Будзінаў. Ведамыя чэскія гісторыкі Шафарык i Нідэрле лічаць, што Будзіны Гэродота жылі па Прыпяці i верхнім Дняпры. Думку гэтую падтрымліваў i праф. Карскі, які бачыць у Будзінах аўтахтонаў мясцовасьці па Прыпяці, верхнім Дняпры i Бярэзіне[33]. Гэткае зьлёкалізаваньне Будзінаў выдаецца правільным, бо возера, каля якога зьмяшчае ix Гэродот, гэта, бязумоўна, цяперашняе палескае-балота, быўшае возерам у часы Гэродота.
Гаворачы аб Будзінах, Гэродот кажа, што за адно пакаленьне перад наступам Дарыя Нэўры, народ жыўшы на паўн. захад ад вытокаў Бугу i Днестру за скіфскай мяжой, з прычыны размнажэньня зьмеяў у іхняй зямлі, пакінулі свае сялібы i перайшлі ў зямлю Будзінаў. Браун уважае, што гэтыя нэўры пасяліліся над Прыпяцьцю i Нёманам[34]. Карскі думае, што Нэўры спачатку жылі на захад ад цяперашняй тэрыторыі Беларусі, скуль ix выціснулі праўдападобна германскія плямёны (іхнім сымболям была зьмяя). Нэўры падаліся на ўсход i занялі заходнія абшары па верхнему Нёману i часткава пa Прыпяці[35].
Трэба зацеміць, што Будзінаў Гэророта ведаюць i іншыя клясычныя пісьменьнікі, як Юры Ганоры, Марцэлін, Этык, Пліні, Мэля. Карскі гавора, што i гэтыя пісьменьнікі зьмяшчаюць Будзінаў над Прыпяцьцю i Дняпром (верхнім). Думку Лаппо Данілеўскага, што з прычыны супярэчных дадзеных клясычных пісьменьнікаў аб Будзінах немагчыма сказаць аб ix штось канкрэтнае, Карскі лічыць лішне рашучай i неабаснаванай[36]. Апрача Гэродота, крыху сьвятла на першае насельніцтва Беларусі кінуў Пталамэй у сваёй Географіі. Ён успамінае аб славанах, жыўшых у вярхох Бярэзіны (Borystenes'a), каторыя мелі свае гарады, што дае асновы дапушчаць аселасьць гэтага племені.
Вось i ўсе весткі клясычных пісьменьнікаў, што з большай ці меншай праўдападобнасьцю можна аднесьці да жыхвроў Беларусі. Наагул трэба зацеміць, што да Гэродота тэрыторыя Беларусі была няведамай грэцкім i рымскім пісьменьнікам, як i ўсе абшары паўночныя (ад Чорнага мора); аб гэтых абшарах існавалі толькі фантастычныя апавяданьні, ня маючыя ніякага навуковага значэньня[37]. Толькі Гэродот i Пталамэй пралілі крыху сьвятла на беларускую краіну.
Кім былі гэтыя першабытныя насельнікі Беларусі да зьяўленьня сюды беларускіх плямёнаў i ці магчымай навукова была-б гіпотэза, што беларускія плямёны — гэта аўтохтоны свайго краю? Гісторыкі, каторыя разважалі гэта пытаньне, даюць розныя супярэчныя адказы. Ix можна падзяліць на дзьве групы. Большасьць гісторыкаў выказвае думку, што беларускія плямёны ня былі аўтохтонамі тэй тэрыторыі, на якой засьпеў ix кіеўскі летапісец, што яны прыйшлі ў Беларусь із агульнай славянскай прарадзімы i знайшлі тут чужыя сабе народы. Ізноў-жа частка гісторыкаў скланяецца да думкі, што тэрыторыю Беларусі і сучаснай Літвы ад пачатку займалі нейкія супольныя продкі славянаў i балтаў, з якіх пасьля выдзяліліся славяне — продкі беларускіх плямёнаў — i балты — продкі цяперашніх літоўцаў, латышоў, прусаў. Разгледзім гэтыя пагляды.
Гісторыкі першае групы, адказваючы на пытаньне, кім былі насельнікі Беларусі да прыходу сюды беларускіх плямёнаў, не пагаджаюцца з сабой. Погляды ix дзеляцца на дзьве аснаўныя тэорыі (маючыя ў некаторых гісторыкаў свае нязначныя адхілы): фінскую і балтыцкую.
Прадстаўнікі фінскае тэорыі кажуць, што да прыходу беларусхіх плямёнаў тэрыторыю Беларусі займалі фінскія народы мангольскага паходжаньня. Гэтыя фіны жылі ня толькі ў Беларусі (даходзячы да балтыцкага ўзьбярэжжа), але займалі вялізарныя абшары Эўрапэйскай i Азіяцкай Расеі. Будучы значна нішшымі культурна i слабшымі палітычна ад славянаў, фінскія плямёны пад напорам апошніх адступалі на поўнач, або лёгка асыміляваліся. Прадстаўнікі гэтай тэорыі лічаць фінамі i Будзінаў Гэродота[38].
Тэорыя фінізму апіраецца на дадзеных архэолёгіі i на дайшоўшай да нас номэнклятуры рэк, вазёр, мясцовасьцяў. Праф. Галубоўскі, адзін з выдатных прадстаўнікоў гэтай тэорыі, абасноўвае яе наступным спосабам. Дадзеныя архэолёгіі паказваюць, што ўсходнія славяне, а ў ix ліку i беларускія плямёны, пры насыпцы курганоў-могілак над сваімі нябошчыкамі апрача зямлі не карысталіся з ніякага іншага матарыялу. На аснове гэтага праф. Галубоўскі кажа, што ўсе могілкі з камянямі, што трапляюцца ў Беларусі, павінны быць аднесены да якога іншага чужога племені, бо яны неславянскія, a значыцца i не беларускія. Адказваючы, чые гэта могілкі, Галубоўскі параўноўвае каменныя могілкі ў Беларусі i знойдзеныя ў ix чарапы з ведамымі люцынскімі могілкамі, a апошнія з ашэраданскімі, што знаходзяцца ў зямлі Ліваў — народу фінскага паходжаньня. На аснове знойдзенай між могілкамі і чарапамі падобнасьці праф. Галубоўскі i дапушчае, што першымі насельнікамі Беларусі былі фінскія плямёны. Назовы некаторых рэк i вазёр, асабліва што канчаюцца на ва, га, за, ла, ма, ра, са, ша, энга, анга ёсьць фінскага паходжаньня i маюць пацьвярджаць правільнасьць вывадаў гэтай тэорыі[39].
У некаторых гісторыкаў тэорыя фінізму мае адхілы. Яны выказваюць пагляд, што тэрыторыя Беларусі была заселена ня толькі фінамі, але часткова вугорскімі плямёнамі[40].
Тэорыя фінізму ці вугра-фінізму лічыцца ўжо перастарэлай i наагул слаба абаснаванай навукова. Закідаюць ёй прыпісваньне дужа вялікай ролі фінскаму элемэнту ў дагістарычную пару, якой ён ня згуляў, бо ў сапраўднасьці гэта быў элемэнт слабы i не натолькі шматлікі, каб мог займаць гэткія вялізарныя абшары. Архэолёгічныя аргумэнты фіністаў слабыя, бо могілкі з камянямі ў Беларусі ня ёсьць ідэнтычнымі з люцынскімі i тым больш ашэраданскімі, a толькі падобныя. Аб значэньні номэнклятуры, як аргумэнту, скажам крыху ніжэй.
Прадстаўнікі другой — балтыцкай тэорыі кажуць, што першабытнымі насельнікамі Беларусі былі балты, a фактычна тая ix галіна, з якой паўсталі літоўскія i латыскія плямёны. Паводле гэтай тэорыі балты займалі дарэччы Дняпра i Прыпяці, скуль ix адсунулі на поўнач беларускія плямёны, рушыўшыя із сваёй праславянскай радзімы. К. Буга дае малюнак руху балтаў, што распачаўся пад напорам беларускіх славянаў. Паводле Бугі літоўскія плямёны, уступаючы перад беларускімі, паціснулі братніх латышоў, сядзеўшых над Балтыцкім морам між Нёманам i Дзьвіной (у цяперашняй Літве) i занялі іхнія сялібы. Ізноўжа латышы падаліся на поўнач i паціснулі сядзеўшыя на балтыцкім узьбярэжжы фінскія плямёны — кураў, ліваў[41].
На карысьць гэтай тэорыі перш-на-перш паклікаюцца на назовы рэк, вазёр, мясцовасьцяў у Беларусі. Вядома, што ўва ўсёй Беларусі ёсьць шмат назоваў небеларускага, а балтыцкага паходжаньня. Як можна начай вытлумачыць гэты факт, як не прабываньнем тут балтыцкіх плямёнаў — кажуць прыхільнікі разгляданай тэорыі. Другім аргумэнтам ёсьць дадзеныя архэолёгіі з курганнай пары. Праф. А. Сьпіцын дапушчае нават, што балты пакінулі ў Беларусі свой асобны пэрыяд курганнай культуры. Астачай гэтага пэрыяду праф. Сьпіцын лічьшь i ведамыя курганы каля в. Гнёздава ў Смаленшчыне. Трэцім аргумэнтамь ёсьць гістарычныя весткі. З летапісу ведама напр., што каля Смаленску жыло літоўскае племя Голядзь i што яшчэ ў XIII стаг. латышы не займалі цалком цяперашняй сваёй тэрыторыі, што мае пацьвярджаць правільнасьць вывадаў К.Бугі адносна пададзенага ім руху балтаў пад напорам беларускіх плямёнаў, a значыцца i правільнасьць балтыцкае тэорыі наагул. Між рэпрэзэнтантамі гэтай тэорыі ёсьць толькі нязгоднасыць адносна часу, калі балты адыйшлі з Беларусі, што адназначна з вырашэньнем пытаньня, калі беларускія плямёны занялі тыя абшары, на якіх ix засьпеў кіеўскі летапісец. Праф. А.Сьпіцын падае як дату гэтага зруху VIII стаг. па Н. X., а К. Буга дапушчае, што зрух балтаў распачаўся ўжо ў IV стаг. па Н. X.
Балтыцкая тэорыя выдаецца лепш абаснаванай ад фінскае, аднак i проці яе высоўваюць шмат закідаў.
Найважнейшы аргумэнт гэтай тэорыі — балтыцкія назовы — толькі тады быў-бы моцны — кажа Карскі, — калі-б існавала пэўнасьць, што гэтыя назовы далі самі балты, тут жыўшыя. Магло, аднак, быць i так, што плямёны, асеўшыя на дадзенай тэрыторыі, прынясьлі з сабой чужыя назовы з раней займанага краю, нічога супольнага з яго языком ня маючыя i назвалі адпаведна рэкі i вазёры ў новым краю. Магло, ізноўжа, здарыцца так, што прыйшоўшыя плямёны мірна зжываліся з аўтахтонамі i перанялі ад ix назовы, каторыя аўтахтоны атрымалі ад ранейшых жыхароў, або прынесьлі так-жа з чужыны. Усё гэта стварае няпэўнасьць i камплікацыі здавалася-б у яснай квэстыі, што трэба мець на ўвазе, ня кажучы ўжо аб неабходнасьці высьцерагацца надужываньня назоваў, падганяючы ix пад тэорыю прынятую аўтарам. Кожны назоў трэба лічыць асобным фактам[42]. Архэолёгічныя дадзеныя яшчэ менш ад назоваў могуць быць аргумэнтам балтыстаў, бо тое, што лічыцца балтыцкім, амаль ня розьніцца ад славянскага. Напасьледак, аргумэнты гістарычныя так-жа не зьяўляюцца пераконваючымі, бо аб племені Голядзі нічога канкрэтна ня ведама i яно ёсьць дагэтуль загадковым. Трудна нават сказаць, ні яно было па паходжаньні балтыцкім, бо назоў яшчэ гэтага не даказвае (прыкладам беларускае племя Северанаў мела неславянскі назоў). Яшчэ менш ёсьць пераконваючым аргумэнт, што латышы нават у XIII стаг. не займалі цяперашніх сялібаў, у чым К. Буга даглядаецца пацьверджаньня правільнасьці азначанага ім зруху балтаў з тэрыторыі Беларусі.
Усе гэтыя засьцярогі трэба мець на ўвазе пры разглядзе балтыцкае тэорыі.
Гісторыкі другой групы кажуць, што беларускія плямёны былі аўтохтонамі сваей тэрыторыі, на якой ix засьпела гісторыя. Гэту тэорыю можна было-б назваць славяна-беларускай. Прадстаўніком гэтай тэорыі зьяўляецца ведамы праф. Карскі, а сутнасьць яе паводле Карскага зьмяшчаецца ў наступным. Даўгагаловыя чарапы, паходзячыя яшчэ з нэолітычнае пары, прамаўляюць за тым, што ў Беларусі жыло племя, каторае было прототыпам славян i балтаў. У сучаснасьці даўгагаловасьць наглядаецца із славян найбольш у беларусаў. Гэткім парадкам можна дапусьціць, што насельнікі Беларусі ў нэолітычную пару належалі да індаэўропэйскага племені, магчыма да тэй яго галіны, каторая лягла ў васнову славян, найбольш чыстымі прадстаўнікамі каторых зьяўляюцца беларусы[43]. На аснове падобнасьці ў сэнсе антрополёгічным беларусаў i літоўцаў, зь якіх апошнія здаўна (паводле праф. Баццэнбергэра ад 5000 г.) жывуць на цяперашняй сваей тэрыторы, Карскі дапушчае, што i ў нэолітычную пару яны жылі па суседзтву з беларусамі, г. ё. прыблізна ў цяперашніх межах, прычым магчыма, што пасяленьні балтаў спускаліся далей, на паўдз.-усход уразаючыся ў тэрыторыю Беларусі[44]. Дзеля адсутнасьці прычын да вялікіх ператасовак народаў, Карскі дапушчае, што i ў пару мэталяў у Беларусі жылі тыя-ж насельнікі, толькі значна пасунуўшыя наперад сваю культуру. Дадзеныя языка дазваляюць яшчэ больш бачыць у гэтых насельніках славянаў. Ідучы за Шафарыкам i Нідэрле, Карскі рашуча цьвердзіць, што Будзіны і Нэўры Гэродота былі славянамі i толькі не рашаецца прызнаць славянамі Ставанаў Пталамэя[45]. На аснове гэтых дадзеных i аналізуючы географічныя назовы рэк, вазёр, мясцовасьцяў у Беларусі, Карскі цьвердзіць, што беларускія плямёны былі аўтохтонамі сваей тэрыторыі i толькі на захадзе i паўн.-захадзе частку яе займалі ў перамежку балты, ды на поўначы дзе-ні-дзе на правых даплывах Дзьвіны жылі некаторыя фінскія плямёны[46].
Тэорыя славяна-балтыцкая выдаецца найбольш праўдападобнай. Пацьвярджаюць яе i досьледы праф. Шчакаціхіна над беларускім мастацтвам. Разглядаючы беларускае мастацтва, Шчакаціхін ужо ад нэолітычнай пары даглядаецца адзінства формаў матэрыялънае культуры жыхароў Беларусі, яе асобнай сынтэтычнае суцэльнасьці i кансэквэнтнае эволюцыі[47]. Гэтыя-ж вывады могуць утрымацца на наш пагляд толькі пры дапушчэньні культурнай эвалюцыі аднаго i таго самага насельніцтва пачынаючы ад нэоліту. Бо калі-б дапусьціць магчымасьць вялікшых рухаў рознародных плёменаў на тэрыторыі Беларусі, дык цяжка было-б гаварыць аб вывадах, да якіх дайшоў Шчакаціхін. Пры вялікшых ператасоўках насельніцтва наглядаліся-б i пераскокі ў яго культуры, якая-б не тварыла эвалюцыйнай цэласьці.
Рэасумуючы нашы разважаньні, напрашваецца выснаў, што толькі на захадзе i поўначы дагістарычнымі насельнікамі Беларусі былі балты і фіны, што беларускія плямёны i ix продкІ былі аўтохтонамі вялікшай часткі сваёй тэрыторыі, асабліаа паўдзённа-ўсходняе. Разумеецца, што гэты выснаў зьяўляецца ня больш, як гіпотэзай, бо ані лінгвістыка, ані архэолёгія, прынамся ў сучасным сваім стане, не даюць магчымасьці змяніць гэтую гіпотэзу на навуковую праўду.