Што мае быць прадметам гісторыі Беларусі? У прынцыпе адказ на гэта пытаньне ёсьць просты: беларуская гісторыя павінна даць абраз мінуўшчыны беларускага народу i з гэтай мэтай заняцца сыстэматычным вывучэньнем гістарычных фактаў, павязаць ix ніткай прагматизму, а напасьледак даць сынтэтычны агляд гістарычных падзеяў. Практычнае апрацаваньне гэтых задачаў напатыкае, аднак, на перашкоды падвойнага характару, якія прымушаюць беларускага гісторыка, прынамся сучаснага, ісьці ў кірунку агранічэньня менаваных заданьняў. Першая перашкода дыктуецца агульным станам гістарычнае навукі, ясьней —гістарычнае мэтодолёгіі, другая залежыць ад варункаў спэцыфічна беларускіх: стану жаролаў беларускае гісторыі, дасюлешняе беларускае гісторыёграфіі. Сутнасьць першае прычыны зьмяшчаецца ў тым, што гістарычная мэтодолёгія яшчэ не дайшла да тае дасканаласьці, якая-б дазваляла гісторыку безаглядна ёй карыстацца. Нясучы сьвятло ў цёмныя закуткі мінуўшчыны, гісторык павінен пільна зважаць, ці ён ідзе тым шляхам, які найлепш дазваляе ўбачыць гэтыя куткі, a значыцца павінен усьцяж аглядацца на тасаваны ім мэтад.
Значэньне апошняга выявіцца ўжо пры пляновай сэгрэгацыі гістарычнага матарыялу, ад якой залежыць паўніна малюнку мінуўшчыны, а яшчэ ў большай ступені пры шуканьні залежнасьці між здарэньнямі, інакш пры ix тлумачэньні. Дасьледчык, нават нацыянальнай гісторыі, мае перад сабой вялікае мноства-гістарычных фактаў, важных i няважных, якія трэба разьбіць на групы i выбраць найбольш характэрныя для намаляваньня абразу перажытых народам падзеяў. Але гэта групаваньне павінна адбывацца паводле пляну, абыймаючага тыя кірункі жыцьця народу, якія ў сваёй суцэльнасьці далі-б найбольш дасканальны і праўдзівы малюнак мінуўшчыны. Якія-ж гэта маюць быць кірункі? На працягу шэрагу стагодзьдзяў зацікаўленьне гісторыкаў абмяжоўвалася толькі палітычнымі падзеямі, войнамі, рэвалюцыямі i адпаведна да гэтага дабіраліся гістарычныя факты. Сама гісторыя разумелася, як літаратурнае апавяданьне аб менаваных здарэньнях, з тэндэнцыяй да навучаньня сучасьнікаў. Гэткі стан гісторыі ёсьць характэрны для клясычнае Грэцыі, Рыму, сярэднявечча, гуманізму аж да пары францускага рацыяналізму з канца XVIII ст. філёзафы-рацыяналісты не займаліся гісторыяй, як такой, a бачылі ў ёй толькі адзін з сродкаў да пазнаньня жыцьця чалавецтва, галоўнага яго сэнсу i кірунку. З гэтай мэтай яны сыстэматызавалі адпаведна і гістарычны матарыял, адкідаючы тую яго частку, якую лічылі нехарактэрнай, чым абясцэньвалі масу гістарычных фактаў. З другога аднак боку гэткі naгляд на гісторыю прымушаў рацыяналістаў пашырыць яе рамы ў кірунках дагэтуль ігнараваных. Яны заінтэрасаваліся ня толькі фактамі палітычнага i ваеннага характару, але i эвалюцыяй навук, мастацтва, звычаяў і г. д. Запраўдным зьместам гісторыі падаўнейшаму былі палітычныя і ваенныя падзеі, але ўсё часьцей да апавяданьняў аб ix дадаваліся агляды «поступаў чалавечага духу». Дасьледваючы агульны сэнс жыцьця чалавецтва, рацыяналісты ня шукалі яго ў самой гісторыі, a толькі ў сваіх філёзофічных канцэпцыях. Гэты знойдзены «сэнс» яны ўносілі ў гісторыю i адпаведна да яго сыстэматызавалі гістарычны матарыял. На гэтай аснове працы іхнія ёсьць тэндэнцыйнымі, але сам факт увядзеньня сыстэмэтызацыі гістарычнага матарыялу i пашырэньне межаў заінтэ-расаваньня гісторыі ёсьць вялікай заслугай філёзафаў-рацыяналістаў.
Раз выйшаўшы з традыцыйнага кругу зацікаўленьня, гісторыя ўжо не затрымоўваецца ў пашырэньні яго межаў i абхоплівае найшырэй праявы жыцьця народу. Сяньня ад нацыянальнае гісторыі вымагаецца вывучэньня ня толькі войнаў i палітычных падзеяў, але i матарыяльных умоваў жыцьця народу, яго культуры, эканамічнага быту, грамадзкіх i гаспадарственных устаноў. Пашырэньне ў гэтых кірунках гістарычных досьледаў дасьць у рэзультаце больш менш поўны абраз перажытага народам. Само праз сябе разумеецца, што посьпех гістарычных досьледаў абмяжаваны колькасьцю і якасьцю дайшоўшага да нас матарыялу. Найлепшыя пляны астануцца толькі плянамі, калі няма матарыялу. Гісторыя Беларусі павінна абняць менаваныя галіны народнага жыцьця, каторыя з гледзішча сучаснае мэтодолёгіі i патрэб грамадзянства дастаткова характарызуюць абраз мінуўшага.
Азначэньне межаў заінтэрасаваньня гісторыі, пляновая сэгрэгацыя гістарычнага матарыялу — гэта першае заданьне гісторыка. Наступным будзе тлумачэньне гістарычных фактаў. інакш шуканьне між імі прычыновае сувязі. Толькі ў вадносна рэдкіх прыпадках запраўдныя прычыны гістарычных фактаў пераказалі нам тагачасныя наглядчыкі. У бальшыні прыпадкаў гісторык сам павінен шукаць гэтых прычын, каб павязаць факты ніткай прагматызму. Гэта важная мэтодолёгічная квэстыя перажыла вялікую эволюцыю, зь якой неабходна пазнаёміцца, каб на яе фоне ўцяміць дасюлешнія памылкі гістарычнае мэтодолёгіі з гэтага гледзішча i азначыць шлях найбольш правільнага навуковага спосабу шуканьня прычын гістарычных фактаў.
Ад пачатку гісторыі i амаль да палавіны XIX ст. гісторыкі тлумачылі факты, як рэзультат дзеяньня нейкіх надпрыродных сілаў. Гэткім парадкам паўстала некалькі тэорыяў, апёртых на шуканьні прычын гістарычных зьявішчаў не ў самой гісторыі, a навонкі яе. Найстарэйшая зь ix — тэолёгічная, меўшая сваіх прадстаўнікоў нават да апошніх часоў—лічыць, што гістарычнымі зьявішчамі кіруе надпрыродная, боская сіла, якая вядзе ўсё да празначанай Богам мэты. Але гісторык не патрабуе шукаць першае прычыны або апошняе мэты існуючага.
З гэтага мэтафізычнага жарала выплывае і гэгэльянская тэорыя ідэй, каторыя зьдзейсьніваліся ў гісторыі паступова за пасярэдніцтвам, зьмяняўшых адзін другога народаў. Гэтыя ідэі, як-бы жывыя істоты, мелі быць прычынамі гістарычных падзеяў. Тэорыя гэта аджыла свой век, але водгукі яе існуюць яшчэ i сяньня ў форме г. зв. гістарычных місыяў, прыпісваных народам, або асобным адзінкам.
У лучнасьці з тэорыяй ідэй была i тэорыя разумнага характару гісторыі, або тэорыя няўхільных прычын, каторая казала, што ўсялякі рэальны гістарычны факт адначасна ёсьць разумным, г. з. згаджаецца з разумным плянам усяго існуючага. Паводле гэтай тэорыі ўсякі сацыяльны факт мае raison d'etre ў разьвіцьці грамадзянства, інакш, што ўсё дзеіцца выгадна для грамадзянства. Тэорыя гэта надта аптымістычная, але не навуковая, бо сама нават абсэрвацыя існуючага хутчэй даказвае праціўнае.
Гэткай-жа аптымістычнай ёсьць i тэорыя бязупыннага i неабходнага прагрэсу чалавецтва, выплываючая з таго-ж самага паняцьця аб разумным кіраваньні сьветам. Хоць гэта тэорыя была прынята пазытывістамі, але ейны мэтафізычны характар аж надта відавочны. «Прагрэс» у звычайным разуменьні ёсьць ня што іншае, як суб'ектыўнае выражэньне, якім азначаюцца карысныя для нас зьмены. Але калі-б узяць гэта слова і ў ваб'ектыўным сэнсе («павялічэньне размавітасьці i каардынацыі зьявішчаў»— як кажа Спэнсэр), дык вывучэньне гістарычных фактаў не паказвае на бязупынны прагрэс чалавецтва, a толькі на чародныя поступы, побач з заняпадам, i не дае ніякіх асноў прыпісваць гэтыя поступы нейкай сталай прычыне, свомай усяму чалавецтву, а не шэрагу мясцовых прыпадковых здарэньняў.
Пералічаныя тэорыі, аб'ясьняўшыя гістарычныя факты з помаччу мэтафізыкі, былі разьбіты г.зв. «гістарычнай школай» у Нямеччыне, якая стварыла собскую тэорыю, шукаўшую прычын не ў надпрыродных сілах, а ў самым грамадзянстве. Тэорыя гэта пэрсоніфікавала грамадзянства, прыпісвала яму спэцыяльны тэмпэрамэнт, асаблівы геній нацыі або расы, каторы праяўляецца ў розных галінах людзкой дзейнасьці i тлумачыць іхнюю ўзаемную сувязь. Гэткім парадкам прычын гістарычных зьявішчаў, перажытых паасобным народам, паводле прадстаўнікоў гістарычнае школы, трэба шукаць у істоце самога народу. Гэткі пагляд быў значным поступам, але прадстаўнікі гістарычнае школы, пэрсоніфікуючы грамадзянства i прыпісваючы яму, быццам жывой істоце, асобную сілу да разьвіцьця, ня стрымаліся на гэтым i пачалі ажыўляць іншыя адарваныя паняцьці (напр. закон, слова, абрад, догмат). Гэтыя ажыўленыя абстракцыйныя паняцьці мелі як-бы собскую сілу, пхаючую ix да эволюцыі. Пачалі казаць аб жыцьці i выміраньні слоў, догматаў, устаноў i г д. Гэткім парадкам побач з гістарычнымі фактамі стварыўся цэлы сьвет фікцыйных істотаў. Каб пазбыцца гэтай мітолёгіі, ня трэба шукаць прычын гістарычных фактаў у вадарваньні ад ix канкрэтнае асновы — думаючых i дзеючых індывідуумаў. А калі i карыстацца абстракцыйнымі назовамі, дык трэба асьцерагацца ўсякае мэтафоры, якая прыпісвала-б ім дзеяньні жывых істотаў.
Побач з гэтымі мэтафізычнымі i мэтафорычнымі тлумачэньнямі гістарычных працаў былі спробы пры дасьледваньні прычын тасаваць клясычны мэтад прыродных навук — параўнаньне раўналежных радоў наступаючых па сабе фактаў дзеля выясьненьня, каторыя зь ix спатыкаюцца заўсёды разам. Аднак, існаваньне двух фактаў у некалькі радох не даказвае яшчэ, што адзін зь ix ёсьць прычынай другога, бо абодвы могуць быць рэзультатам нейкай іншай прычыны. Напасьледак трэба зацеміць, што даволі паважнае значэньне ў тлумачэньні гістарычных фактаў здабыў сабе эканамічны мэтад, каторы прымушае шукаць прычын перажытых дадзеным грамадзянствам падзеяў у яго эканамічнай структуры. Ужо само павярхоўнае пералічэньне спосабаў, якімі гісторыкі стараліся i стараюцца тлумачыць гістарычныя факты, паказваюць на іхнюю разнаякасьць, а гэтым самым i на іхнюю недасканальнасьць. Мэтодолёгічнае дасьледваньне прычын якогась факту патрабуе аналізы варункаў, у якіх ён адбыўся, да чаго патрэбна добрая знаёмасьць гэтых варункаў. А падобнае знаёмасьці ў гісторыі якраз i нямашака, дзеля чаго прыходзіцца адмовіцца ад выясьненьня прычын з помаччу простага мэтоду, як гэта адбываецца ў іншых навуках. Аб прычынах фактаў гісторыкі даведваюцца або ад аўтараў дакумэнтаў, наглядаўшых факты, або па аналёгіі з прычынамі, дзеючымі ў сучаснасьці i нагляданымі кожным з нас. Аўтары дакумэнтаў пераказалі прычыны толькі паасобных нагляданых імі фактаў. Не маглі яны перадаць прычын агульных перамен, агульных фактаў. Каб дасьледваць прычыны агульных фактаў, гісторык можа карыстацца толькі аналёгіяй між сучаснасьцю і мінуўшчынай, пры помачы беспасрэднага нагляданьня перамен у сучасных грамадзянствах.
Мэтад гэткага дасьледваньня, прапагаваны ў Францыі праф. Ланглуа i Сэньёбосам, хоць яшчэ ня зусім скрысталізаваўся, але ў васновах сваіх выдаецца найбольш правільным. Галоўныя яго асновы паводле гэтых вучоных зьмяшчаюцца ў наступным:
1) Каб дабрацца да прычын узаемадзеяньня розных прывычак у грамадзянстве, трэба адкінуць абстракцыйную форму, якую гэтыя прывычкі прыймаюць у мове дакумэнтаў (догмат, закон, установа), а дабрацца да рэальных, канкрэтных цэнтраў, якімі заўсёды ёсьць думаючыя i дзеючыя людзі. Толькі ў іх лучацца розныя дзейнасьці, азначаныя абстракцыйнымі паняцьцямі. Узаемадзеяньне гэтых родаў тлумачыцца або нейкай, пануючай прыкметай чалавечае натуры, або сытуацыяй людзей, каторая адбіваецца на праявах іхняе дзейнасьці. Узаемная залежнасьць ня можа быць аднолькавай між рознымі родамі дзейнасьці: яна будзе вялікшай там, дзе адзінка знаходзіцца ў цecнай сувязі з масай (эканамічнае, палітычнае, сацыяльнае жыцьцё) i слабейшай у галінах умысловае дзейнасьці, дзе асабістая ініцыятыва праяўляецца свабадней (мастацтва, навукі).
2) Каб дабрацца да прычын эволюцыі, трэба так-жа зьвярнуцца да адзіных істотаў, каторыя могуць пасьлядоўна разьвівацца, паіменна да людзей. Прычынай усякае эволюцыі ёсьць перамена або ў матарыяльных абставінах існаваньня або прызвычаеньнях людзей. Адносна апошняй трэба зацеміць, што абсэрвацыя паказвае нам дваякія перамены: або людзі астаюцца тыя самыя, але зьмяняюць свае прывычкі, або людзі, якія трымаліся старых звычаяў, сходзяць са сцэны i замяняюцца іншымі, каторыя ўжо ня трымаюцца звычаяў сваіх папярэднікаў. Гэткая зьмена пакаленьняў выдаецца ў нашыя часы найбольш істотнай прычынай эволюцыі. Існуе тэндэнцыя думаць, што тое самае было i ў мінуўшчыне: эволюцыя адбывалася тым вальней, чым больш маладыя пакаленьні трымаліся звычаяў сваіх продкаў[48].
Напасьледак трэба зацеміць, што на гістарычныя здарэньні ўплываюць бязумоўна расавыя розьніцы між народамі, але гісторыя не дае магчымасьці дасьледаваць гэтых уплываў.
Гэткім парадкам мы азначылі круг зацікаўленьня беларускага гісторыка пры досьледах над гісторыяй собскага народу i пазнаёміліся з сутнасьцю першай перашкоды агульнага характару — сучасным станам гістарычнае мэтодолёгіі. Але беларускі гісторык павінен лічыцца з іншымі труднасьцямі, якія дыктуюцца сучасным станам досьледаў над беларускай гісторыяй. Побач з пералічанымі на пачатку заданьнямі, беларускі гісторык павінен мець на ўвазе яшчэ адно — зьбіраньне гістарычных матарыялаў. Стан беларускае гісторыёграфіі да гэтай пары такі, што прымушае беларускага дасьледчыка проста зьбіраць факты і даваць ім першую навуковую апрацоўку. Беларускія гістарычныя матарыялы раськаданы па ўсёй Эўропе, a нават Сібіры. Толькі частка ix апублікавана, значная-ж частка i дагэтуль ёсьць трудна даступнай, схаванай у розных чужацкіх установах, або прыватных архівах, дзе ix у літаральным сэнсе слова трэба адкрываць. I толькі там, дзе факты ўжо сабраны i асьветлены, беларускі гісторык можа здабыцца на агульнейшыя гістарычныя выснавы, характарыстыку таго ці іншага гістарычнага працэсу i нават даць абраз тае пасьлядоўнасьці, у якой разьвіваліся асноўныя факты ў гісторыі Беларусі.
Паддаючы навуковай апрацоўцы гістарычныя матарыялы, беларускі дасьледчык надта часта спаткаецца з распрацаваньнем гэтых матарыялаў чужымі гісторыкамі. Нармальна ня было-б дзіва, каб гісторыяй Беларусі займаліся ня толькі беларусы, але i чужынцы. Аднак розныя спэцыфічныя дзейнікі выклікалі тое зьявішча, што вялікая бальшыня працаў чужых гісторыкаў аб Беларусі ёсьць тэндэнцыйнай, а гэтым самым не навуковай. Таму беларускі гісторык павінен усьцяж гэтыя тэндэнцыі мець на ўвеце i шляхам крытыкі зь імі змагацца.
Неабходнасьць зьбіраньня матарыялаў i першае іхняй апрацоўкі ня выключае аднак магчымасьці пісаньня гісторыі Беларусі ўжо цяпер. Касьцяк эволюцыі гістарычнага працэсу Беларусі ў галоўных нарысах распрацаваны, што i дае беларускаму дасьледчыку легітымацыю да агульнай працы над гісторыяй Беларусі. Новыя матарыялы могуць толькі выясьніць няясныя мамэнты ў гісторыі, некаторыя асьвятліць інакш, або паўней, але ня зьменяць ужо распрацаваных асноў беларускага гістарычнага працэсу.
Навуковае апрацаваньне беларускага гістарычнага працэсу мае i вялікае практычнае значэньне. Паводле старога афорызму, нацыянальная гісторыя ёсьць шляхам да нацыянальнага самаасьведамленьня. I сапраўды, веданьне мінуўшчыны памагае зразумець сучаснасьць i вытлумачыць заданьні будучыні. Народ, ведаючы сваю гісторыю, жыве сьвядома, ёсьць чулы на акружаючую сапраўднасьць i разумее яе. З гэтага гледзішча заданьнем кожнага нацыянальнага гісторыка ёсьць даць свайму грамадзянству абраз мінуўшчыны ў праўдзівым аспэкце. Паказаўшы грамадзянству галаўнейшыя мамэнты яго гістарычнага жыцьця, беларускі гісторык гэтым споўніць сваю задачу. Практычнае прытарнаваньне гэтай веды ад яго не залежыць. Гэткім парадкам з усяго вышэйменаванага відаць, што як тэорэтычны гэтак практычны пункт гледжаньня ставяць гісторыі Беларусі аднолькавую задачу: сыстэматычнае прадстаўленьне таго ага працэсу, каторы прывёў беларускую нацыянальнасьць да яе сучаснага палажэньня.