Да літоўска-беларускіх адносінаў


У артыкуле «Аб беларуска-літоўскіх адносінах» («Беларускі Фронт», № 14) мы разгледзелі тэрыторыяльныя пратэнсыі Літвы да беларускіх абшараў. Цяпер спынімся над аргумантамі, на якіх літоўцы апіраюць свае жаданьні. Усе гэтыя аргуманты зводзяцца, фактычна, да аднаго гістарычнага, — які выступае ў розных модафікацыях. Першая яго фаза выявілася ўжо ў пачатковую пару літоўскага адраджэнскага руху, калі паўстала літоўская гісторыяграфія. Літоўскія гісторыкі, як Басановіч, Давойна-Сыльвэстровіч, выступілі на арэну гістарычнага дасьледаваньня жыцьця свайго народу з вялікім размахам. Яны захапілі літаральна ўсю гісторыю б. Вялікага Княства Літоўскага i ідэнтыфікавалі яго з паўстаючай «Новай Літвой». Пагляды літоўскіх гісторыкаў перадаліся літоўскім паэтам, якія ў сваіх патрыятычных творах пісалі напрыклад аб Беларусі i далёкай Украіне як аб «кусках» аднае Вялікае Літвы, што ізноў паўстае да жыцьця. З гледзішча гэтага размаху можна сказаць, што літоўскі адраджэнскі рух быў поўнай процілежнасьцю беларускаму.

Пратэндуючы на ўсю гісторыю Вялікага Княства Літоўскага, новая Літва, ясна, пратэндавала тэарытычна і на ўсе належаўшыя да яго землі, тым больш, што панаваўшая ў ХIX ст.тэорыя аб дагістарычных насельніках Беларусі казала, быццам ўся Беларусь да прыходу беларускага народу, была заселена продкамі літоўцаў, якіх беларусы адсунулі на поўнач, займаючы іхнія сялібы. Як бачым, гэта першая фаза «гістарычнага аргуманту» абасноўвала літоўскія пратэнсыі да беларускіх земляў дзяржаўнай прыналежнасьцю апошніх да Вялікага Княства Літоўскага і ў дапамогу паклікалася на літоўскі характар дагістарычнага насельніцтва Беларусі. Гэткі пагляд даваў магчымасьць літоўцам захапіць толькі беларускіх земляў, колькі яны хацелі.

Гэтая фаза скончылася тады, калі зьявіліся гістарычныя працы беларускіх гісторыкаў такой меры, як М. Доўнар-Запольскі і M. Любаўскі. Дзякуючы іхнім капітальным досьледам над гісторыяй роднага краю, была канчальна разьвеяна нарбутаўская міталёгія, a гісторыя Вялікага Княства Літоўскага знайшла навуковае асьвятленьне. Было сьцьверджана, што Вялікае Княства зьяўлялася гаспадарствам «рускім» — беларускім — i было створана беларусамі. Працы Доўнар-Запольскага i Любаўскага дагэтуль лічацца найболын аб'ектыўнымі і грунтоўнымі з усяе гісторыяграфіі аб Вялікім Княстве Літоўскім. Утоесамленьне Вялікага Княства Літоўскага з «новай Літвой» сталася немагчымым. Польскі гісторык Ф. Конэчны («Атэнэум Віленьске», г. IX, 1930) прапанаваў нават і вельмі трапна, на азначэньне таго, што ў гісторыі Вялікага Княства Літоўскага была зроблена не славянскай часткай яго насельніцтва, ужываць назоў «Летува», «летуўскі» (як называюць яны сябе сяньня), а не «Літва», «літоўскі», бо гэтыя апошнія ў Вялікім Княстве Літоўскім адносіліся наўперад да беларусаў, што сьцьвердзілі іншыя дасьледчыкі. Адначасна архэалягічныя раскопкі на тэрыторыі Беларусі ўсё больш пацьвярджалі, што беларускія плямёны былі першабытнымі насельнікамі свайго краю і нават, што дарэчча Прыпяці было славянскай прарадзімай, скуль славяне разыходзіліся ў розныя бакі.

Дагістарычныя ўладаньні літоўскага этнаграфічнага элемэнту ў сьвятле новых досьледаў усе больш корчыліся. У сувязі з гэтым зчэзьлі літоўскія пратэнсыі да беларускіх земляў на аснове дзяржаўнае прыналежнасьці ix да былога Вялікага Княства, літоўцы моцна адступілі, але ня хочучы аканчальна зрэзыгнавань з пратэнсыяў i замкнуцца ў сваіх этнаграфічных граніцах, ахварбавалі гістарычны аргумант у новы колер i пусьцілі ў сьвет. Нарадзілася другая яго фаза, каторая пануе дагэтуль у літоўскім грамадзянстве. Паводля гэтай адмены літоўцы кажуць, што іхнія этнаграфічныя межы ў мінуўшчыне ішлі значна глыбей у беларускія абшары i прынамся пакрываліся з тымі граніцамі, дзе цяпер жывуць беларусы-каталікі. А гэтыя граніцы больш менш пакрываюцца з тымі, якія бачым на літоўскіх картах Вайчуляйціса (гл. №14 «Беларускага Фронту»). Літоўцы лічаць, што цяперашнія беларусы-каталікі — гэта па паходжаньню чыстыя літоўцы, але з цягам часу збеларушчаныя. Чыстымі беларусамі трэба лічыць толькі праваслаўных. Разважаньні гэтыя апіраюцца галоўна на тым, што беларусы куды раней прынялі хрысьціянства ўсходняе і трымаліся яго, a літоўцы ахрысьціліся ў каталіцтва толькі ў 1387г. і такжа моцна трымаліся сваёй р.-каталіцкай веры. Гэткім парадкам хоць з цягам часу значныя літоўскія абшары былі збеларушчаны, дык усё-ж рэлігія мае быць добрым паказьнікам, дакуль гэтыя абшары даходзілі ў мінуўшчыне. На гэтым дапушчэньні, што беларусы-каталікі гэта толькі збеларушчаныя літоўцы і апіраюцца літоўскія пратэнсыі да беларускіх земляў з Вілыняй і Горадняй.

Яны маюць вярнуцца да Літвы i тады пачнецца іхняе адбеларушчаньне. Таму літоўцы не ўважаюць патрэбным дэкляраваць нейкую аўтаномію для земляў з каталіцкім беларускім насельніцтвам. Проста пачалася-б рэвіндыкацыя ўкрадзеных душ, як яна адбываецца ў іншых краінах. I хоць гэты аргумант у новай форме ёсьці куды скрамнейшы ад папярэдняга, аднак i ён ня можа ўтрымацца ў сьвятле дасюлешніх навуковых дадзеных. Бо калі хоць на хвіліну пагадзіцца з літоўскім поглядам, што беларусы толькі былі праваслаўнымі, тады трэба раз назаўсёды адкінуць літоўскія пратэнсыі да Горадні і Вільні, бо гэтыя гарады заложаны праваслаўнымі беларусамі.

Што да Горадні, дык апошнія раскопкі Едкоўскага ўстанавілі, што Горадня была «рускім» (беларускім) горадам ад свайго пачатку i што ўжо ў XII ст. тут былі праваслаўныя мураваныя цэрквы! Дапушчэньне праф. Г. Лаўмянскага, быццам Горадня была спачатку літоўскім аселішчам i толькі ў XV ст. сталася горадам, аказалася ні на чым не апёртай байкай. Няма ніякіх дадзеных, каторыя пацьвярджалі-б «літоўскі» (летуўскі) пачатак Горадні.

Што да Вільні, дык тут на карысьць беларусаў прамаўляюць ня толькі архэалягічныя дадзеныя, але i пісьменныя дакуманты. «Крывы горад», дзе вядуцца раскопкі, як і назовы гары, дзе ён быў («Лысая», «Крывая», пакуль яе не замянілі на «гapy Бэкеша») сьведчаць цалком ясна, што тут ад пачатку было славянскае крывіцкае аселішча, што ёсьць згодным з весткай Васкрэсенскага летапісу аб Вільні. Незалежна ад гэтага там, дзе цяпер ёсьць Бакшта, быў другі «рускі» (беларускі) умацаваны горад. A калі зьвярнуцца да пісьменных дакумантаў аб Вільні, дык адразу робіцца ясным, што найстарэйшая частка Вільні, яе «сэрца» была «рускай» (беларускай) i праваслаўнай. Гэтае «сэрца» Вільні знаходзілася ў абрубе даўнейшых віленскіх муроў, якія паводля М. Лаўмянскай («Вільно пшэд наяздэм москевскім 1655 р.») пачыналіся ад цяперашняй Катэдральнай званіцы i ішлі вуліцай Боніфратэрскай, Людвісарскай да Віленскай, потым між Пазнанскай i Жэлігоўскага і, не даходзячы да Завальнай, беглі ўздоўж яе да Конскай, потым па Базыльянскай да Субача, скуль да мосту праз Віленку пры Мэтрапалітальнай царкве; з гэтуль ішлі ўздоўж Віленкі да мосту пры Бэрнардынскім касьцёле, дзе і канчаліся, бо далей места забясьпячала Віленка аж да замку. У гэтай «рускай» частцы Вільні было 10 цэркваў, з якіх бальшыня зьявілася надоўга перад касьцёламі. Тут канцэнтравалася ўсё жыцьцё гораду. Найдаўнейшыя касьцёлы былі тут збудаваны толькі ў канцы XIV ст. (Катэдра i Сьв. Мікалая, які абслугоўваў каталіцкіх «гасьцей» (купцоў), пераважна немцаў). Назовы брамаў у мурох — Субача, Вострая, Спаская, Рудніцкая (ад слова «Руднікі»), Татарская, Вялейская, Бэрнардынская i Магдалены (дзьве апошнія выступаюць пазьней), як i вуліц з «завулкамі» (Вялікая, Замковая, Зарэчная, Савіча (сяньня Бакшта), Спаская (сяньня Міласэрная), Рудніцкая, Конская, Філіпаўская (сяньня Гаона), Прачысьценская (сяньня Мэтрапалітальная), Цялячча (сяньня Людвісарская), Скапоўка (ад слова «капа», «скапіцца», што азначала месца, дзе зьбіраўся копны суд, а не ад нейкага баламутнага «смока», як выводзе Клос у сваім правадніку па Вільні, бо ў беларускіх местах да ўвядзеньня майтборскага права судоўніцтва знаходзілася ў руках г. зв. конных судоў) і іншыя — гавораць самі за сябе. Нічога «летуўскага» тут знайсьці немагчыма. Гэтак выглядае справа Горадні і Вільні, нават калі пагадзіцца з цяперашнім літоўскім пунктам гледжаньня аб літоўскім паходжаньні беларусаў-каталікоў.

Але літоўскае гледзішча ёсьць памылковым з іншых прычынаў. Наўперад трэба адкінуць думку аб масавай беларусізацыі літоўцаў на працягу гісторыі. Калі частка літоўцаў i зьбеларушчылася, дык, адносна, вельмі малая i то там, дзе літоўцы жылі зьмяшаныя з беларусамі. Раскопкі ведзеныя ў Дзісеншчыне, Пастаўшчыне, Вільні i Горадні даказалі ўсюды наяўнасьць славянскага (крывіцкага) насельніцтва на мясцох раскопак ад найранейшай пары гісторыі. Гэткім парадкам зьбіваецца пагляд, быццам этнаграфічная літоўская мяжа даўней праходзіла значна больш на поўдзень (Паставы — Маладэчна — Ваўкавыск – Слонім, да якой мяжы больш менш даходзіла беларускае насельніцтва паводля праф. Г. Лаўмянскага, а за якой на поўнач ляжалі або абшары заселеныя літоўцамі, або пустыя). Магчыма, што далейшыя раскопкі выявяць наяўнасьць крывічоў далей на паўночны захад ад Вільні, Горадні, Пастаўшчыны i Дзісеншчыны і зблізяць этнаграфічную мяжу між беларусамі i літоўцамі, існаваўшую ў мінуўшчыне, да сучаснай. Як-бы там ня было, трэба думаць, што ў некаторых мясцох уздоўж сучаснай этнаграфічнай беларуска-літоўскай мяжы ляжалі, як дапускае Г. Лаўмянскі незаселеныя пушчы. З цягам часу гэтыя пушчы калянізаваліся з абодвух бакоў — літоўскага i беларускага. Паўставалі мяшаныя абшары. Ня былі яны аднак гэткімі шырокімі, як думае Лаўмянскі, бо вузкасьць ix пацьвярджаюць раскопкі. Толькі на гэтых мяшаных абшарах літоўскае насельніцтва беларушчылася, бо было слабейшым ад беларускага лічбова, ня кажучы ўжо аб нізшасьці культурнай i палітычнай. Гэткім парадкам у сьвятле навейшых навуковых дадзеных выключаецца магчымасьць беларушчаньня ў мінуўшчыне суцэльных этнаграфічна літоўскіх абшараў. Там дзе літоўцы зьбеларушчыліся, яны напэўна былі мяншынёю ў параўнаньні з беларусамі. Ужо гэта выключае магчымасьць залічаньня абшараў заселеных цяпер беларусамі-каталікамі да некалішніх этнаграфічна літоўскіх, а самых беларусаў-каталікоў лічыць зьбеларушчанымі літоўцамі.

Але калі прасачыць гісторыю пашырэньня ў Беларусі каталіцтва, дык i тады будзе ясным, што каталіцтва прыймалі i праваслаўныя беларусы, а ў XVII ст. нават масава. На прыкладах беларускіх магнатаў і баярства гэта выступае з асаблівай яснасьцю. А магнаты i баяры, перайшоўшыя з праваслаўя ў каталіцтва, заводзілі апошняе ў сваіх вялікіх земляўладаньнях з беларускім насельніцтвам. У канцы зусім ня выключана, а нават i пацьвярджаецца жароламі, што і ў 1387 годзе, калі быў каталіцкі хрост літоўцаў, мноства праваслаўных, а значыцца беларусаў, такжа перахрысьцілася ў каталіцтва. Гэткім парадкам каталіцтва пашыралася ў нас адразу ня толькі між літоўцаў, але i беларусаў. Шляхі пашырэньня каталіцтва на землях б. Вялікага Княства Літоўскага, прычыны гэтага зьявішча i ягоны абсяг зусім не прадстаўляюцца гэтак проста, як думаюць літоўцы, i таму залічваньне ўсіх беларусаў каталікоў да літоўцаў з паходжаньня ёсьць абсалютна безасноўным. І як ня можа апраўдаць літоўскіх пратэнсыяў да беларускіх земляў першая адмена гістарычнага аргуманту, гэтак сама ня можа ix апраўдаць i другая, толькі што разгледжаная.

Гэтак прадстаўляецца збольшага літоўская аргумантацыя. Трэба сказаць, што літоўскую старану ўвяло ў абмылку не ў малой ступені імкненьне мерыць «літоўскасьць» Вялікага Княства Літоўскага сучасным сэнсам гэтага слова. А тымчасам гэтыя два паняцьці літоўскасьці (даўней i цяпер) зьяўляюцца проста нясумернымі. Таму меў поўную рацыю прафесар Конэчны, калі прапанаваў назваці тое, што было зроблена этнаграфічнымі жамойцамі (цяперашнімі «літоўцамі») у мінуўшчыне, «летуўскім», а не літоўскім! Толькі пры гэткім размяжаваньні гэтых тэрмінаў гісторыя «Летувы» атрымае правільнае асьвятленьне, якое выключыць i «гістарычнае» абасноўваньне літоўскіх пратэнсыяў да беларускіх земляў і зробіць для собскага народу зразумелым яго гісторыю. Калі зірнуць вокам на эвалюцыю навейшай літоўскай гісторыяграфіі, дык здаецца, што яна хоць і пад прымусам, але ідзе ў гэтым напрамку.

Загрузка...