Беларусы і суседзі


Была пара, калі гэтыя суседзі у прыраўнаньні з нашым народам былі слабыя i не маглі перашкодзіць разьвіцьцю нашага народу i будаваньню ягонае дзяржаўнасьці. I таму, калі Масква i Польшча выйшлі на шырокую гістарычную арэну, беларускі народ меў ужо сваю вялікую i моцную дзяржаву і мог весьці ня толькі памысную абарону, але i прадпрыймаць войны з мэтай задзіночаньня ўсіх беларускіх земляў у сваім гаспадарсьцьве. У гэтым часе дачыненьні з Масквой i Польшчай з юрыдычнага глeдзішча складаліся нармальна. Ня было мовы аб іхных «правох» на беларускай зямлі.

А часам гэтыя суседзі самі шукалі дапамогі i знаходзіліся ў фактычнай апецы беларускага гаспадарства.

Дзякуючы, аднак, шэрагу гістарычных памылак, якія не дазволілі нам сваечасна зразумець, што на ўсходзе і захадзе растуць заўзятыя ворагі беларускага народу i ягонае свободы, ужо ад паловы XV стагодзьдзя мы бачылі вялікія зьмены ў нашых дачыненьнях з гэтымі суседзямі, а наўперад з Масквой. Узмацаваўшыся, яны пачынаюць свой наступ на Беларусь. Маскоўскі князь Іван III ужо афіцыйна выражае свае прэтэнзіі на беларускія землі і імкнецца ў вельмі прымітыўны спосаб ix абгрунтаваць. Галоўным яго аргумэнтам было супольнасьць веры ў беларусаў i маскалёў. Прэтэнзіі Масквы, якія падтрымоўваліся наступнікамі Івана, былі прычынаю доўгае i ўпорыстае барацьбы Беларусі з гэтым ворагам, якая цягнулася стагодзьдзі. Яе імкнуцца выкарыстаць палякі, каб шляхам умоваў, г.зв. «вуніяў» асягнуць уключэньня беларускага гаспадарства ў склад польскае Рэчыпаспалітае. Шляхам выкрутнае сафістыкі i сьведамага перакручваньня зьместу i сэнсу гэтых умоваў, яны хацелі вывесьці свае «права» на Беларусь. У васнове, аднак, i іхных прэтэнзіяў ляжыць толькі захопніцтва. Вуніі не даюць ім ніякага права. Нават апошняя з ix, Люблінская 1569 г., хоць i ўводзіла незначныя зьмены ў нас i тварыла супольную Рэчпаспалітую, але не падпарадкоўвала Беларусь Польшчы, бо ў сваёй істоце яна была умовай роўных з роўнымі. Дарэмна прадстаўнікі маскоўскае i польскае дзяржаўнасьці, ня грэбуючы сродкамі, імкнуліся знайсьці хоць для вока нейкае «права» на нас. Усе іхныя меркаваньні на гэтую тэму пацьвярджалі толькі іхны імпэрыялізм. Мінуўшчына Беларусі ня можа быць для ix крыніцай ніякага права. Наадварот, яна паказвае, што беларускі народ, нават у найцяжэйшыя хвіліны, умеў змагацца супроць маскоўскага і польскага захопніка i бараніць свае правы да свабоднага жыцьця.

Калі, аднак, пасьля ўпадку беларускае дзяржаўнасьці, у нас наступіў пэрыяд нацыянальнага сну ў поўным сэнсе гэтага слова, калі ня было ўжо чутно беларускага голасу ў вабароне сваіх інтарэсаў, дужэйшыя за нас Масква i Польшча маглі ўжо бесканкурэнцыйна дaводзіць «лепшасьць» сваіх «правоў» на Беларусь. Польшча, што таксама, хоць i пазьней за нас, страціла сваю дзяржаўнасьць, інтэлектуальна стаяла вышэй за расейцаў i ў дадатку знаходзіла спагад у Заходняй Эўропе i таму памысна канкуравала з Масквой. Паступова ў Заходняй Эўропе вырабіўся пагляд, што Беларусь, як штось апрычонае, ня існуе, што гэта толькі геаграфічны назоў бліжэй неазначанай тэрыторыі, якая зьяўляецца прадметам маскоўска-польскіх спрэчак. Гэтыя спрэчкі вяліся ў тым кірунку, што Масква даводзіла «истинно русский» характар Беларусі i яе народу, a палякі, паклікаючыся на яе прысабечаную гісторыю i перакручваючы сэнс вуніяў, ды на кожным кроку гаворачы аб сваёй быццам выкананай культурнай місіі, цьвердзілі аб яе польскасьці. Ужо гэтая супярэчнасьць паглядаў нашых суседзяў на нацыянальна-культурную сутнасьць Беларусі, дыямэтральная розьніца паміж гэтымі паглядамі, паказвала, што ў васнове іхных прэтэнзіяў да Беларусі ляжаць выключна імпэрыялістычныя імкненьні, а не якоесь права. Але нават у гэтых спрэчках за Беларусь наглядаецца пэўны кампраміс i згода. Відавочна, абое адчувалі, што бароняць не свае, a толькі хочуць захапіць чужое. Расейцы прысвайвалі з нашае гісторыі тое, што зрабілі беларусы праваслаўныя, a палякі, што зрабілі беларусы каталікі. Вычувалася, што абодвыя канкурэнты гатовыя падзяліць Беларусь паводля рэлігійнага прынцыпу: праваслаўныя беларусы — гэта расейцы, беларусы каталікі — палякі. Гэты падзел абгрунтоўваўся нават некаторымі гісторыкамі з польскага i расейскага боку.

Трэба сказаць, што два вякі гэтага нацыянальнага сну прынесьлі нам вельмі шмат шкоды. I таму, калі з XIX ст. пачалося нашае Адраджэньне, перш культурнае, а пасьля палітычнае, дык мы былі так моцна адарваныя ад сваёй мінуўшчыны, што не мaглi i ня ўмелі выкарыстаць яе, як крыніцу нашых правоў да сваёй зямлі, і спаткаліся з так хітра сплеценай маскоўска-польскай павуцінай гэтых прэтэнзіяў да Беларусі, што доўгі час не маглі адважыцца выступіць з сваім собскім палітычным абліччам ня то, што перад іншымі народамі, але i перад сваім уласным. I нялёгкім было шуканьне гэтага аблічча, свайго беларускага палiтычнага шляху. Шмат хістаньняў і перашкодаў павінен быў перамагчы беларускі рух, пакуль знайшоў гэты шлях. Праз нясьмелыя выказваньні жаданьня быць нягоршымі за іншых, «звацца людзьмі», праз фэдэрацыйныя плыні ў бок ці то Расеі ці Польшчы, беларускі нацыянальны рух вырабіў, урэшце, свой собскі палітычны сьветапагляд. Гэты сьветапагляд, гэтыя доўга шуканыя ідэалы беларускага народу выказаны ў эпаховым акце з нашае гісторыі 3-й Устаўнай грамаце ад 25 сакавіка 1918 г., якім Рада Беларускае Народнае Рэспублікі, як правамоцнае прадстаўніцтва беларускага народу, нарвала ўсялякія палітычныя сувязі Беларусі з Масквой i Польшчай i абвесьціла яе незалежнасьць.

Толькі ад гэтага часу мы можам гаварыць аб нараджэньні нашага беларускага „я”, аб скрышталізаваньні нацыянальна-палітычных мэтаў беларускага народу.

Масква i Польшча пільна сачылі за разьвіцьцем беларускае палітычнае думкі. Сачылі, бо ведалі, што прыходзіць трэйці канкурэнт, гэтым разам найнебясьпечнейшы, бо праўны гаспадар, спадкаемца сваіх нашчадкаў, легітымацыя якога ў поўным парадку. У часе, калі гэтая думка была яшчэ сьціплай i нясьмелай, калі яшчэ блыталася ў фэдэрацыйных канцэпцыях, калі мы яшчэ ня мелі адвагі выкінупь з галавы пачуцьцё ніжэйшасьці нават пры азначэньні сваіх нацыянальных ідэалаў, Масква i Польшча адносіліся да нас згары, глядзелі на наш рух з дамешкай гіроніі. Аднак, кaлi яны пабачылі, што гэты рух хоча адзін панаваць у Беларусі, хоча бачыць у беларускім народзе адзінага праўнага гаспадара Краю, ад кідаючы ўсе маскоўска-польскія прэтэнзіі, адносіны Масквы i Польшчы да нас зьмяніліся на яўна варожыя.

У гэткай ролі яны i выступілі ў дачыненьні да Беларусі пасьля Першага Усебеларускага Кангрэсу ў 1918 г., калі было пераканальна, што беларускі народ ня хоча быць аб'ектам іхных крывавых апэрацыяў і адкідае іхную няпрошаную апеку. Акупаваўшы Беларусь, бальшавіцкая Масква, ня пытаючы волі беларускага народу, прарабляе над ім розныя палітычныя экспэрымэнты, раздае ягоную тэрыторыю каму хоча, паклікае адзін за другім розныя палітычныя наватворы, якія маюць «задаволіць» дзяржаўныя імкненьні беларускага народу. Усе гэтыя палітычныя крокі бальшавіцкае Масквы накіраваныя на адну мэту: разьдзяліць і аслабіць беларускі народ, каб як найхутчэй вычыркнуць яго з лічбы жывых народаў. Гэткім чынам яшчэ да агульна ведамага Рыскага Трактату аб падзеле Беларусі з 18.1.1921 году бальшавікі заключылі шэраг умоваў i выдалі шэраг пастаноў, сутнасьць якіх палягала на падзеле Беларусі.

Мы ня маем патрэбы спэцыяльна займацца ані гэтымі дагаворамі, ані пастановамі савецкага ўраду, зробленымі бяз удзелу прадстаўнікоў беларускага народу i cyпроць ягонае волі. Гэтыя пастановы i дагаворы былі пазьней ануляваныя, або зьмененыя тым-жа бальшавіцкім урадам. Мы толькі хочам падчыркнуць ix антыбеларускі характар i тую лёгкасьць, з якой бальшавікі распараджаліся беларускай тэрыторыяй i лёсам беларускага народу. Мы хочам толькі адцеміць, што ніводзін з гэтых дакумэнтаў ня ішоў на спатканьне беларусам, а заўсёды быў накіраваны супроць ix. Але найвялікшым злачынствам бальшавіцкае Масквы ў дачыненьні да Беларусі, аб свабодзе якой яна так дзёрла горла, быў г. зв. Рыскі Трактат з 18. 1. 1921 г. аб падзеле Беларусі паміж Масквой i Польшчай.

Тут трэба адцеміць, што ў дачыненьні да Беларусі бальшавіцкая Масква заўсёды дзеіла ў згодзе з Польшчай. Каб паняволіць беларускі народ, ня даць нашаму селяніну належнае яму зямлі, а нашаму работніку фабрыкаў і абярнуць аднаго i другога ў вечных нявольнікаў, бальшавіцкі, маскоўскі пpалетар працягнуў руку польскаму пану, запрашаючы яго да супольных крывавых нарадаў аб тым, як найлепш i найхутчэй зьнішчыць беларускі народ. Гэтым маскоўскі пралетар аказаўся блізшым польскаму пану, чымся беднаму беларускаму селяніну i paботніку, і гэта толькі таму, што беларускі селянін і работнік адважыліся загаварыць аб собскай свабодзе. Сяньня вядомы ўвесь цынізм гэтых народаў, у выніку якіх наступіў падзел Беларусі на Усходнюю i Заходнюю. Так прыкладам прадстаўнік Польшчы Домбскі адмовіўся ад далучэньня да Польшчы Менску, які суліў яму Ёффе, прадстаўнік маскоўскага пралетарыяту. Адмовіўся даслоўна таму, што гэта было-б лішне вялікай «беларускай скулай» на «польскім целе», інакш кажучы, палякі не спадзяваліся яго стравіць. Ёффе згадзіўся з гэтым, ведаючы згары, што ў СССР ёсьць досыць месца, а ГПУ ёсьць лішне моцнай установай, каб беларускае жыхарства Менску, што ў гады рэвалюцыі так актыўна змагалася за беларускую справу, расьцярушыць i загубіць. З гэтага мы бачым усю пэрфідыю, усе тыя нікчэмныя пабуды, якія тады кіравалі маскоўскага пралетара i польскага пана.

Абодвым ішло аб вышуканьне найлепшых i найпэўнейшых сродкаў зьнішчэньня беларускае нацыі.

Беларускі народ пратэставаў супроць гэтае ўмовы i ніколі яе ня прызнаваў. Усе пазьнейшыя падзеі на Беларусі былі адным вялікім, народным пратэстам супроць гэтага гвалту. Бальшавікі i палякі хутка пераканаліся, што самы падзел Беларусі, зроблены ў Рызе, яшчэ ня можа зьнішчыць беларускага народу, што патрэбныя іншыя, яшчэ больш гвалтоўныя мерапрыемствы. Тады між Масквой i Польшчай наступае ціхае паразумленьне, што да правядзеньня гэтых мерапрыемстваў. Pаспачынаецца амаль адначасна так у Усходняй, як i Заходняй Беларусі плянавае нішчэньне беларускае інтэлігэнцыі: у Польшчы пад закідам камунізму, а ў саветах — фашызму.

Мы ня хочам праз гэта сказаць, што маскоўскі пралетар ня быў ворагам панскае Польшчы. Як расеец, як захопнік, ён, зразумела быў ворагам усякае Польшчы, калі яна ня будзе бальшавіцкай, падпарадкаванай Маскве. Але нас гэты бок справы ня цікавіць. Нам важна ведаць толькі тое, што ў дачыненьні да Беларусі Масква i Польшча мелі тыя самыя мэты i тасавалі прыблізна тую самую тактыку нішчэньня, толькі, зразумела, у бальшавікоў яна выглядала куды жудасьней i таму мы бачым тут такое вялізарнае cпyсташэньне ў радох беларускае інтэлігэнцыі, сялянства і работніцтва.

Загрузка...