Анры Труая Пра каханне і вераломства


Вось ужо тры месяцы і васемнаццаць дзён Жан Дзюпон усё шукаў і шукаў нагоды, каб парваць са сваёй палюбоўніцай. Як паветра патрэбна была нейкая важная прычына, нейкая сур'ёзная падстава, бо ў звычайныя для такіх выпадкаў словы накшталт: «Я больш не кахаю цябе» апантаная жанчына верыць з вялікай неахвотай.

Сёмага снежня а дзевятай гадзіне вечара Жан зайшоў у знаёмы пакой. Трэба было рыхтаваць глебу для разрыву. Як і большасць мужчын, Жан Дзюпон не змог прыдумаць нічога лепшага, як строіць з сябе чалавека стомленага, прыгнечанага, страшэнна заклапочанага. На языку ўжо круціліся даўно завучаныя фразы: «Ведаеш, я цяпер такі заняты... Не звяртай увагі... Ну, што ты... Гэта пройдзе... Табе проста цяжка мяне зразумець... У мяне столькі работы... Раскажы лепш пра сябе, дарагая...»

Між тым «дарагая» паводзіла сябе неяк дзіўна ў гэты вечар. Твар расчырванеўся, з вачэй вось-вось пальюцца слёзы, уся дрыжыць, нервуецца... На Жанаў пацалунак ніяк не адрэагавала. Не запрасіла сесці. Не абняла. Не паўтарыла сто разоў чутае: «Любы, ты пахнеш вуліцай». Не шапнула на вушка: «О, ведаю, мілы мой донжуан, што табе карціць!..» Не, не і не! Дэніза Пакэ пазірала яму проста ў вочы з такім выглядам, нібы ў яе дамскай сумачцы быў схаваны флакончык з сернай кіслатой. І вось пачуўся замагільны голас:

— Жан, я больш не кахаю цябе. Нам не трэба сустракацца...

— Што? — ледзь выціснуў з сябе Жан.

Ён аж задыхнуўся ад радасці і... нечаканасці.

— Мілы мой! Дарагі! — усхліпнула Дэніза. — Я зрабіла табе балюча... Але павер: так трэба. Я пакахала іншага. Гэта зубны ўрач. Ён з Аўстраліі. Я яму расказвала пра цябе, і, ведаеш, ён хоць і ніколі не бачыў цябе, але з павагай...

А потым быў разыграны звычайны ў такіх выпадках спектакль. Супакоены, шчаслівы Жан Дзюпон бездакорна сыграў ролю мужчыны, жыццё для якога страціла ўсялякі сэнс. На твары — глыбокі адчай і поўная безнадзейнасць. Нібы ў перадсмяротнай сутарзе рукі ўчапіліся за крэсла. Дыханне збілася...

— Ну што ж... Вось ты як... Разумею, разумею... — толькі і змог прамармытаць Жан.

Не магла супакоіцца і Дэніза. Уся ў слязах, яна ўсё расказвала і расказвала:

— Ведаеш, я спачатку супраціўлялася, як толькі магла. Але гэта аказалася мацней за мяне, мацней за нас...

— Ён твой палюбоўнік?

— Ну... калі ты так хочаш...

— Бывай, Дэніза!

— Але ж мы застаёмся сябрамі?

— Пра якое яшчэ сяброўства ты пляцеш?

— Пачакай, хочаш не хочаш, але бачыцца з табою нам усё роўна давядзецца ў нашым бюро.

— Ды такіх бюро ведаеш колькі ў горадзе?! Пляваў я на тваё бюро. Знайду сабе работу ў іншым месцы.

— Ты мяне ненавідзіш?

— Не, я проста стараюся забыцца пра тваё існаванне.

— Ты пакутуеш?

І тут Жану Дзюпону ўспомніўся нейкі стары фільм, дзе адзін барадаты ўнурысты акцёр на аналагічнае пытанне мудра і проста адрэзаў адным словам: «Страшэнна».

І Жан сказаў:

— Страшэнна!

З выглядам ушчэнт разбітага чалавека Жан устаў і накіраваўся да выхаду...

Уздых палёгкі вырваўся з ягоных грудзей толькі тады, калі дзверы за ім зачыніліся. Малады чалавек пацёр ад задавальнення рукі і куляй вылецеў з пад'езда. Свежы, бадзёры подых ветру сустрэў яго на вуліцы. Жан спыніўся, каб трохі аддыхацца.

Вольны, вольны, вольны! — тахкала сэрца...

А вакол бурліла жыццё. З лёгкім шумам праносіліся машыны, шпарка крочылі вясёлыя прахожыя, ярка зіхацелі вітрыны крамаў, і нават дождж быў нейкі ўрачысты і святочны. Жану здалося, што ўвесь свет хоча далучыцца да ягонай радасці.

І хіба ў такім настроі можна было вяртацца дамоў на метро? Не, толькі таксі. Таксі і кіно. А пасля сеанса — куфаль добрага піва, а можа, і «сябровачку на вечарок», як казаў Жанаў калега Кліш...

На бульвары Манмартр стаяла чарада таксовак. Туды і рвануўся Жан Дзюпон. Не паспеў ён дабегчы да сярэдзіны вуліцы, як яго ашаламуціў пранізлівы рык аўтамабільнай сірэны: проста на яго імчала машына. Жан хацеў адскочыць назад і грымнуўся аб асфальт... Замерлі ў начным змроку дзве фары. Да іх цяпер ужо смертаноснага святла далучаўся крывавы колер светлавой рэкламы...

— О-ой! — пачулася ў цемры.

Жан цераз сілу расплюшчыў вочы: перад яго носам стаялі чыесьці брудныя чаравікі, а зверху, нібы ў дно калодзежа, у яго ўпіваліся незнаёмыя вочы... Яму стала страшна... Неверагодны боль скалануў усё цела, і Жан страціў прытомнасць...


***

Папацелі хірургі над яго пераломамі...

— А цяпер — два месяцы поўнага спакою... у гіпсе, — такі канчатковы прысуд вынес доктар. І дадаў:

— Танна яшчэ адкупіўся...

Праз два дні пасля гэтага няшчаснага здарэння ў шпіталь прыйшоў Жэром Кліш — верны Жанаў сябра. Ён прысеў ля ложка хворага і спагадліва пачаў:

— Эх, дарагі ты мой бедалага... Як жа гэта цябе...

І сапраўды, шкада было глядзець на гэтае цела, закаванае ў гіпс. На падушцы замест галавы ляжаў забінтаваны шар, на якім віднеўся невялікі квадратны выраз, дзе Жэром з цяжкасцю пазнаваў сябравы вочы, нос, губы... Па зразумелых прычынах Жана паклалі ў асобны пакой.

— Вось так, брат... Папаў я ў пераплёт... — данеслася з падушкі.

— Паслухай, Жан! Няўжо табе рабіць не было чаго?.. Каб з-за жанчыны пайсці на такое?!

— Якой жанчыны?

— Ды не прытварайся ты!

— Пра якую жанчыну ты вярзеш?

— Ну як «пра якую»? — пра Дэнізу Пакэ!

— Не зразумеў...

— А што, хіба ты не з-за яе?..

І тут Жан так застагнаў, нібы на яго зноў наехаў аўтамабіль:

— У цябе што, не ўсе дома? Ці зусім здурэў?

— Супакойся, Жан! Дэніза сама мне ўсё расказала. У цябе ж былі з ёю шуры-муры?

— Ну, былі...

— А ў той вечар ты хадзіў да яе?

— Ну, хадзіў...

— Хіба тады яна не адкрыла табе сакрэт, пра які, дарэчы, ведала ўсё бюро? Ну... пра тое, што яна пакахала другога?

— Ну, дапусцім...

— У такім выпадку больш пытанняў у мяне няма.

Жэром глядзеў на свайго сябра з той трыумфальнай усмешкай, з якой атлет прымае апладысменты, бразнуўшы аб памост узятую штангу.

— Пачакай, а далей... — не мог уцяміць Жан.

— А далей усё проста: Дэніза пасылае цябе на ўсе чатыры, ты выходзіш на вуліцу і кідаешся пад колы першага сустрэчнага аўтамабіля...

— Ах ты, ідыёт! — захрыпеў Жан. — Ты што, забыўся, што я сам амаль чатыры месяцы толькі і думаў, як парваць з ёю! А Дэніза мне толькі аблегчыла ўсё... Яна...

— Пачакай, Жан! Ты мне ніколі не гаварыў пра свой намер.

— Толькі таму, што я чалавек сціплы і выхаваны!

— Ну, ведаеш...

— Паслухай, Жэром, павер мне: сёмага снежня, як я ішоў ад Дэнізы, я быў самы шчаслівы чалавек на зямлі, я быў...

— І таму ты вырашыў кінуцца пад машыну?

— Ды нікуды я не кідаўся, — зароў Жан. — Паслізнуўся, страціў раўнавагу — вось і ўсё!

Жэром хітра ўсміхнуўся, даючы зразумець, што такога чалавека, як ён, не так проста абвесці вакол пальца.

— Цудоўна! Геніяльна! — сказаў ён. — Толькі вось сведкі на гэты конт маюць іншую думку. «Гэта быў свядомы ўчынак чалавека, які страціў усялякую надзею і ўпаў у адчай», — вось што ў адзін голас паўтараюць сведкі.

Жан ужо не мог больш трываць.

— Якія сведкі?! Што ты мелеш? А Дэніза? У яе вы спыталіся? Яна што, не магла растлумачыць?..

— Вось яна нам і растлумачыла, што чалавек ты звышадчувальны, тонкі, далікатны і што яна дарэмна не патурбавалася, каб прыняць пэўныя меры перасцярогі.

Тая частка Жанавага твару, што віднелася з-пад бінтаў, пакрылася потам. Ён задыхаўся. У вачах з'явілася штосьці дэманічнае.

— Вось што я табе скажу: я ніколі не кахаў і не кахаю Дэнізу! Я ненавіджу яе! Няхай мне яе на талерачцы прынясуць, голенькую, і я скажу: «Не». Яна распаўнела! Ніякага выгляду не мае! Зубы дрэнныя! Ходзіць, як качка! Апранацца не ўмее! Пазногці і то дагледзець не можа!

— Ну-ну... Расказвай байкі... — перапыніў яго Жэром са сваёй хітрай усмешкай.

Спляжаны, зняможаны Жан адкінуўся на падушку.

— Ведаеш, — працягваў Жэром, — не трэба тут паказваць свой гонар. Ну што тут такога абразлівага, калі чалавек кахае жанчыну, ды кахае так, што гатоў богу душу аддаць, калі даведваецца, што яго не кахаюць?

Жан заплюшчыў вочы і нібы збіраў усе свае сілы для апошняга слова.

— Жэром! — ледзь прабіўся яго ціхі голас. — Я не хачу цябе бачыць. Ідзі адсюль. Ідзі і ніколі больш не прыходзь.

А Жэром быццам і не чуў гэтых слоў. Ён асцярожна папраўляў коўдру і супакойваў хворага:

— Ай-яй-яй, варушышся, круцішся. Прастудзішся яшчэ. Вось дзівак!

— Не называй мяне так! Я забараняю табе!

— Дарэчы, ты ведаеш, што вечарам да цябе зойдзе наш шэф Маландрэн?

— Пляваць мне на яго! — чуеш?! — на ўсіх мне напляваць!

Ён хацеў прыўзняцца на адзін локаць, але рэзкі боль прымусіў яго зноў упасці на падушку. І нібы праз туман бачыў ён, як Жэром устаў, апрануў паліто і ўзяў свой капялюш...


***

У той самы вечар у шпіталі з'явіўся месьё Маландрэн — невысокі тоўсценькі чалавечак з чорнымі бліскучымі вачыма.

— Вітаю вас, дарагі, — бадзёра пачаў шэф, — і віншую! Віншую вас з тым, што вы нарэшце парушылі будзённае ціхаплыннае жыццё нашага бюро!

— Месьё Маландрэн, мне прыемна гэта чуць ад вас, але што я такое зрабіў, каб... — адказаў, запінаючыся, Жан.

— Вось гэта прыгода дык прыгода! Вы ведаеце, Жан, я ў захапленні ад вас.

— Месьё Маландрэн, што вы, што вы, я...

— Паслухайце, Жан, як жа гэта цудоўна, як жа гэта прыгожа — так кахаць! Кахаць да самазабыцця, калі нават уласнае жыццё аддаецца на алтар гэтаму высокаму пачуццю!..

— Месьё Маландрэн, але ж я нікога не кахаю і, паверце, вельмі даражу сваім жыццём.

— Мілы мой, — не супакойваўся Маландрэн, — мне сорак сем гадоў. Але і я калісьці быў малады. І я скажу вам шчыра: я разумею вас. На вашым месцы я зрабіў бы тое самае. Ведаеце, толькі сапраўдныя мужчыны і могуць запаліць агонь высокіх пачуццяў!

Пасля ранішніх дэбатаў з Жэромам цяжка было Жану падтрымліваць гаворку. І ўсё ж ён паспрабаваў не пагадзіцца з шэфам:

— Гэты самы звычайны няшчасны выпадак. Ніякім самазабойствам тут і не пахне...

Месьё Маландрэн па-бацькоўску ўсміхнуўся.

— Вы цудоўны чалавек, Жан. І ваша сціпласць робіць вам толькі гонар. Я вельмі цаню вас, і, ведаеце, я сёння прасіў месьё Мурга падумаць пра больш высокую пасаду для вас.

— Дзякую, месьё Маландрэн, паверце, я...

— Нічога, нічога, дарагі. Давайце вашу руку і хутчэй папраўляйцеся! Вы — чалавек маёй натуры. Мне прыемна мець справу з тым, хто разумее мяне з паўслова.

І месьё Маландрэн паціснуў тое, што было два дні назад Жанавай рукой, а цяпер стала гіпсавай трубою.

Цяжкі одум апанаваў маладога чалавека, калі ён застаўся адзін. Спачатку яго раздражняла тое, што і Жэром, і Маландрэн далі такое рамантычнае тлумачэнне ягонай бядзе. Ну, а Дэніза, тая, вядома, заганарылася: як-ніяк з-за яе чалавек кінуўся пад машыну. О! Яна вялікая артыстка і ахвотна возьме на сябе ролю вераломнай жанчыны-фаталісткі, што ўпіваецца каханнем і прымушае трапятацца кожнага мужчыну! Напэўна ж, яна цяпер выхваляецца, называе мяне «мой бедненькі», носіць свае штучныя самацветы ў даўнейшай аправе і не шкадуе памады, тушы, фарбы! Якое глупства! Я ж ніколі не кахаў яе! Парваць з ёю вырашыў яшчэ тады, калі ёй і не снілася пра гэта! А цяпер вось стаў прагнаным пакрыўджаным рыцарам! І ўсе нябось лічаць, што я — ахвяра, я — выціснуты лімон, я — цацка, якую капрызнае дзіця шпурнула пад канапу!

І тым не менш пасля размовы з Маландрэнам штосьці пахіснулася ў пазіцыі Жана. Як бы там ні было, а агульныя сімпатыі — на ягоным баку. Салідныя, паважаныя людзі ганяць паводзіны Дэнізы і хваляць мяне... Сама думка, што можна памерці з-за каханай, падабалася ўсім жанчынам і нават некаторым мужчынам. Аднак жа ён не хацеў памерці з-за жанчыны, а значыць, і ягоная рэпутацыя фальшывая! І не далёка ён адышоўся ад Дэнізы, раз таксама ўводзіць у зман людзей!.. Дык навошта яму тады гэтыя сімпатыі?.. Ах! Ну чаму ж мне ніхто не верыць?..

Дрэнна спалася ў тую ноч Жану. Яму ўсё снілася нейкая велізарная чорная малпа, якая паўтарала Жанавы словы, жэсты і, нарэшце, заняла яго месца ў бюро...

Назаўтра апоўдні завітала маладая прыгожанькая балбатлівая сакратарка з іх бюро.

— Гэта так хораша, што вы пайшлі на такое! — прашчабятала яна, чырванеючы. — Скажыце, вы вельмі кахалі яе?

Жану стала не па сабе. Ён хацеў яшчэ раз растлумачыць, паставіць усё на месца, разважаць, але сіл і мужнасці яму ўжо бракавала, і ён адвярнуў галаву ўбок.

— Ах! Каб жа гэта ўсе мужчыны былі такія, як вы! Скажыце, вы шмат пакутавалі?

Жан акінуў яе позіркам. Яна з трывогай чакала адказу. Яна баялася расчаравацца. І Жан пашкадаваў яе:

— Гэта было вельмі страшна.

— Ну, а... пад машыну... Вы адразу рашыліся?..

— Так... не... ну, ведаеце, у такі момант не думаеш...

І ён змоўк. Агідна стала на душы ад уласнай хлусні і гэтай незаслужанай увагі.

— Дзякуй вам! Калі глядзіш на такіх мужчын, як вы, зноў пачынаеш верыць, што ёсць-такі каханне на свеце!

— Не будзем больш пра гэта, — сціпла сказаў Жан. І ашчасліўленая сакратарка выйшла з пакоя...

Калегі не пакідалі ў самоце Жана. Штодня абавязкова хтосьці заходзіў, і кожны перш-наперш спяшаўся засведчыць сваю павагу да рыцарскага ўчынку хворага. Па пошце прыйшлі дзве ананімныя запіскі, якія парадавалі і сагрэлі Жанава сэрца:

«Як бы мне хацелася, каб мяне пакахалі так, як кахаеш ты». Подпіс: «Незнаёмая бландзінка».

А ў другой запісцы быў вершык:

Ты, хто памерці гатоў за каханне,

Пажыві для мяне, не ўмірай!

Ты сустрэнеш мяне на спатканні,

І жыццё ператворыцца ў рай!

І подпіс: «Адна з тваіх каляжанак, якая любіць высокія, чыстыя пачуцці».


***

Усе гэтыя размовы з саслужыўцамі, гэтыя бясконцыя дыфірамбы, гэтыя пяшчотныя словы павагі і захаплення рабілі сваю справу, і Жан пачынаў памалу сумнявацца ў самім сабе. А хіба й на самай справе яму так ужо хацелася парваць з Дэнізай? І ці прынесла яму душэўную палёгку яго свабода? Няўжо ён быў такі шчаслівы, калі выбягаў з пад'езда? Вядома, у той вечар, можа, і не было ўжо колішняй узнёсласці ў іх адносінах з Дэнізай. Але пяшчоту да гэтай жанчыны сэрца, безумоўна, захавала. Падточваў душу чарвячок ціхай, затоенай рэўнасці, як-ніяк перавага была аддадзена нейкаму зубному ўрачу... І чорт нанёс гэтую машыну! Быў жа, відаць, у мяне час, каб уратавацца! Але ж не, палез... Жыць надакучыла, ці што?!.

І зноў зайшоў Жэром:

— Ну, як маешся, Рамэо?

— Ды ведаеш, не зусім... Да папраўкі яшчэ далёка...

І Жан пачаў распытвацца пра Дэнізу: як яна? Ці хвалюецца? Ці адчувае сваю віну? Як выглядае? Ці збіраецца прыйсці ў шпіталь?

У адказ Жэром закашляўся, закруціўся і... мусіў прызнацца, што Дэніза нават не пацікавілася яго здароўем.

«Што ж... Гордая яна... — тлумачыў сам сабе Жан паводзіны былой сяброўкі. — Гордая, таму і не хоча выносіць напаказ свае пачуцці. У гэтым мы з ёй аднолькавыя...»

Як толькі Жэром пайшоў, Жан паклікаў санітарку і папрасіў яе з'ездзіць да яго дадому і прывезці невялікую скрыначку, дзе захоўваліся пісьмы і фатаграфіі Дэнізы. Ён перачытваў гэтыя доўгія любоўныя пасланні, дзе амаль кожная фраза выклікала ў памяці пікантныя ўспаміны. Слязіліся вочы і млела сэрца, калі ўглядаўся ён у фатаграфіі той, хто ледзьве не стала прычынай яго пагібелі.

Але чаму ж яна не прыходзіць? Яна ж ва ўсім вінаватая! І яна гэта ведае лепш, чым хто! А можа, яна сама сабе не давярае і баіцца сустрэчы з ім, каб не пачаць усё спачатку?!.

І зноў Жан паклікаў санітарку і прадыктаваў ёй вось гэтае пісьмо:

«Дэніза, дарагая! Я дараваў табе. Чакаю цябе! Прыходзь! — Жан».

Пацягнуліся бясконцыя дні пакутлівага чакання. Пры кожным слове, пры кожным гуку ў калідоры Жан уздрыгваў, заміраў і прагным позіркам упіваўся ў дзверы. Але тая, каго ён чакаў, усё не ішла. Замест яе прыходзілі саслужыўцы. Жан сустракаў іх так холадна, паводзіў сябе з імі так жорстка, што ахвотнікаў хадзіць у шпіталь рабілася ўсё менш і менш.

Адзінай уцехай яму былі фатаграфіі Дэнізы. З імі ён засыпаў і прачынаўся, з імі ён гаварыў, сумаваў і плакаў. «Ну і баба, — шапталіся паміж сабою санітаркі, — да чаго давяла чалавека... Зусім галаву страціў...» Тым не менш яны з радасцю згаджаліся напісаць пад дыктоўку хворага чарговае пісьмо Дэнізе. Аднак усе Жанавы лісты засталіся без адказу.


***

Праз два месяцы Жана выпісалі са шпіталя, а яшчэ праз тыдзень урач дазволіў яму рабіць невялікія прагулкі па вуліцы. І перш-наперш малады чалавек пакульгаў да Дэнізы. Калі нарэшце ён даплёўся да пятага паверха і апынуўся перад знаёмымі дзвярыма, сэрца яго забілася так, што давялося спыніцца і перадыхнуць. «Нічога, я такі дайду да яе, нікуды яна не дзенецца, вось зараз зайду, і ўсё будзе добра. Не можа быць, каб яна пра ўсё забылася...» — так супакойваў сам сябе Жан... І ён рашуча націснуў на званок... Хвіліна, другая... Дзвярэй ніхто не адчыняў... Яшчэ званок... Другі... Трэці... Цішыня. Тады Жан пачаў стукаць у дзверы кулаком...

— Што вы там забыліся? — пачулася з ніжняга паверха. Да яго спяшалася кансьержка.

— Ды мне трэба пабачыць мадэмуазель Дэнізу Пакэ, — адказаў Жан.

— Паслухайце, малады чалавек. Вось ужо тры тыдні, як яна пераехала адсюль.

— Як?! Тры тыдні?!.

— Ну, а што ёй тут рабіць?! Замуж выйшла і паехала сабе да мужа!..

...Штосьці абарвалася ў Жанавай душы. Ашаломлены, няшчасны малады чалавек ледзьве спусціўся па лесвіцы. Доўга блукаў ён па начным Парыжы, і нейкае новае, невядомае дагэтуль пачуццё пакрысе авалодвала ўсёй яго істотай. Жан памалу супакоіўся і абыякава пазіраў, як кудысьці спяшаюцца людзі, як сотнямі агеньчыкаў мільгаюць рэкламы... «Жыццё ідзе сваім ходам, — нечакана падумалася Жану, — ды толькі мне з ім ужо не па дарозе...»

Ён даклыпаў да бульвара Манмартр. Схадзіўся моцны вецер, паліў густы дождж. На мокрым блішчастым асфальце адбіваліся агні вітрын. Недалёка стаялі свабодныя таксі...

Вось каля самага тратуара імчыць машына... Жан увабраў галаву ў плечы, сціснуў кулакі і, калі да машыны заставалася два ці тры метры, кінуўся пад колы...

Ён яшчэ паспеў адчуць моцны ўдар, і здалося яму, што проста над ім грымнуў страшэнны пярун...

...Калі Жана дасталі з-пад машыны, ён ужо не дыхаў...


Загрузка...