Цяпер не праходзіць і дня, каб не прыдумвалі новых машын. Але самай дасканалай, самай дзівоснай стала тая, на якой чалавек абляцеў вакол Зямлі, а потым дабраўся і да Месяца. Прыйдзе час, і людзі даляцяць да іншых планет сонечнай сістэмы.
Сёння, у век радыё і тэлебачання, такой навіною не здзівіш нават жыхара самай далёкай глыбінкі. Абуджаная цікавасць да таямніц Сусвету, нібы шостае пачуццё, прымушае людзей прыслухоўвацца да кожнага слова...
І тым не менш усё гэта — рэчы не такія ўжо істотныя. Чалавецтва жыве сваімі спрадвечнымі пачуццямі: любіць жыццё, баіцца смерці, пакутуе ад хвароб...
А каханне... Хто яго зведаў — радуецца свайму шчасцю, а каго яно абмінула — той душыцца ад зайдрасці. Вось так і атрымліваецца, што адваротны бок гэтага магічнага медаля кахання пазначаны нянавісцю...
Такія вось думкі навеяла на мяне адна гісторыя, якую я зараз раскажу.
Калі і ёсць на французскай зямлі глухі, забіты куточак, то гэта, напэўна, Верхняя Авернь, што працягнулася ад Сэн-Флура да Абрака, акурат на граніцы Лазера, Авейрона і Канталя. Гэта шырокае плато, якое знаходзіцца на вышыні 1000-1200 метраў. Доўга супраціўлялася тутэйшае насельніцтва наскокам механізаванай цывілізацыі (чыгунку тут не правялі і па сённяшні дзень). А ўсё ж тым часам мотакасілка замяніла касу, трактар — быкоў, а на змену граблям і вілам з'явілася снопавязалка.
Імклівы час не закрануў толькі адной прафесіі — пстуха, а дакладней — пастуха авечак.
Авечыя статкі ў тутэйшых гаспадароў невялікія — сотня галоў, не болей, і таму справа з выпасам жывёлы ў Аверні так не адладжана, як, скажам, у Правансе. За пастуха тут ідзе той, хто ўжо да іншай работы няздатны. Кожную раніцу ў Аверні можна бачыць, як пажылы згорблены чалавек з сабакам гоніць па вёсцы статак. Старэйшыя авечкі са званочкамі на шыі добра ведаюць дарогу і самі вядуць астатніх на пашу. У руках у пастуха парасон, які яму служыць кульбай, а пры патрэбе абароніць ад спякотлівага сонца ці ад дажджу. У мяшочку схаваны яго полудзень і літр віна. Калі ж гэтага забракуе, то пастух добра ведае, дзе спатоліць смагу: крыніц тут багата!
Работа ў пастуха, вядома, сезонная. Узімку, калі авечкі стаяць у хляве, навошта ён каму патрэбен?! Было б проста неразумна ці, калі хочаце, «нерэнтабельна» плаціць грошы і за сена, і за пастуха, тым больш што зімою гаспадар сам сядзіць дома без работы. Іншая справа летам: авечкі кормяцца бясплатна. Гэта дазваляе зэканоміць сена, запасы якога не бясконцыя, дый жывёла на пашы лепей набірае вагу. Вось за гэта, вядома, пастуху заплаціць варта.
У сярэдзіне кастрычніка пастуховая праца заканчваецца, і ён вяртаецца ў багадзельню. Там ім будзе апекавацца сацыяльная служба, дык клапаціцца ні аб харчах, ні аб даху над галавой яму не давядзецца. Шэсць месяцаў — начлег на сене ў гумне, абед у полі, вячэра ў гаспадара, шэсць месяцаў — багадзельня. Паўгода жыве пастух на волі, дыхае свежым паветрам, п'е крынічную ваду, а паўгода прывыкае да тых сваіх апошніх дзён, калі прыйдуць паралічы ды іншыя хваробы старасці...
Стары Лакасань у свае семдзесят сем гадоў быў яшчэ досыць дужы і рухавы, каб справіцца з авечым статкам. Усё жыццё, пакуль дазвалялі сілы і здароўе, Лакасань працаваў на чужых палетках: араў, баранаваў, сеяў, касіў... А як стукнула яму семдзесят пяць, гаспадары перасталі наймаць яго на работу, і апынуўся стары «каля авечак».
Спачатку ён пачуваў сябе вельмі адзінока, злаваў на людзей і на сябе, але памалу самота і злосць саступілі месца нейкаму новаму пачуццю. Яно ішло ад адчування свабоды, ад таго, што ніхто не паглядае табе ў спіну, ад таго, што ты аддадзены самому сабе і прыродзе, ад таго, што апынуўся ты ва ўлонні поўнага спакою...
Зрэшты, пастух не такі ўжо і адзінокі: у яго ёсць статак, які патрабуе да сябе пэўнай увагі і клопату, ёсць надзейны памочнік — сабака, добрая і разумная істота, якая на ляту ловіць сэнс твайго поклічу ці свісту і ажно дрыжыць ад нецярпення хутчэй кінуцца табе на дапамогу.
Найбольш падабаўся старому Лакасаню час папаўдні. Добра пад'еўшы і запіўшы свой абед, любіў ён прылегчы ў цяньку свайго парасона ды падрамаць, вадаючы, што Перлу (яго сабака) сам пакіруе статкам. Пра што думалася яму ў такія часіны? Пра старасць, пра няхітрую, а ўсё ж такі прыемную цяперашнюю работу, пра смерць... Да смерці Лакасань адносіўся спакойна, без філасофскіх ускладненняў: як-ніяк сякія-такія грошы ў яго ёсць у ашчаднай касе, а гэта будзе добрай падтрымкай, калі ён назаўсёды атабарыцца ў багадзельні. Тады, вядома, нейкую суму можна будзе перадаць манашкам, нагадаўшы, што ім жа пяройдзе і астатак... І ўсё ж не прымала яго душа гэтай змрочнай установы... Зусім іншая справа — зямля, неба, сонца, дождж, жывёла, быкі, авечкі, яго сабака, людзі, гаспадары, манашкі!..
Так жылося і думалася Лакасаню, пакуль не навалілася на яго хвароба.
Дзякаваць богу, здарылася гэта акурат у самы разгар лета. Ён працаваў ужо два гады ў адных і тых гаспадароў, якія даволі памяркоўна абыходзіліся з ім. Што зробіш, у іх свае клопаты, вунь колькі трэба плаціць за машыны, купленыя ў крэдыт. Даводзіцца берагчы кожны франк. А эканомія, як вядома, засушвае чалавечыя пачуцці...
Хворы Лакасань не сумняваўся, што яго завязуць у багадзельню. Але маладая гаспадыня паклала яго ў ложак, дала лякарства, выклікала доктара, даглядала, песціла — словам, рабіла ўсё, нібы была яму за дачку. У старога адзінокага чалавека аж слёзы сыпаліся ад гэтай увагі і пяшчоты, пра якую кожны бацька можа толькі марыць...
Калі Лакасань паправіўся і зноў апынуўся на пашы, ім завалодала адна-адзіная думка... Нават ноччу, прачынаючыся, бачыў ён перед сабой гожую постаць гаспадыні, якая нібыта зноў нахілялася над ім і пыталася: «Ну як, дзядзька Лакасань, як вы сёння сябе адчуваеце? — і тут жа супакойвала: — Нічога, нічога, хутка зноў станеце на ногі, дый доктар казаў вам...»
Пакуль стары папраўляўся, ён еў разам з маладымі гаспадарамі і быў сведкам усіх іх размоў. Моладзь ёсць моладзь, у яе свой размах, свае смелыя планы: падвоіць статак, ператварыць жаўтазелевы папар у квітнеючую лугавіну, купіць тэлевізар, каб бавіць час доўгімі асеннімі і зімовымі вечарамі... Праўда, наконт тэлевізара думкі трохі разышліся. Гаспадыня хацела перш-наперш прыдбаць пральную машыну, але муж ёй запярэчыў і сказаў, што тэлевізар яны будуць глядзець абое, а вось пральная машына будзе служыць толькі ёй адной. «У рэшце рэшт, — стаяў на сваім муж, — мыць бялізну можна і без машыны, а тэлевізар нічым не заменіш. Купім тэлевізар і заадно суседзям пакажам, што мы не лыкам шытыя...»
Словам, пераканаў гаспадар сваю кабету, і спрэчка на тым скончылася. Зрэшты, якая там спрэчка, ды ў такой маладой сям'і, дзе каханне яшчэ рабіла сваю цудатворную справу...
Прайшла зіма. Пачалася вясна, і стары Лакасань зноў з'явіўся на ферме. Трэба было бачыць, з якой пяшчотай пазіраў ён на сваю маладую гаспадыню. І здавалася яму, што вось вярнуўся ён дамоў, да сваёй сям'і пасля доўгага падарожжа... Ды хто гэта бачыў, хто гэта разумеў?.. Ва ўсякім разе ні гаспадар, ні гаспадыня ніякіх перамен у паводзінах старога пастуха не заўважылі.
Між тым сёлета Лакасань быў куды больш гаваркі, чым у мінулыя гады. То ён расказваў пра сябе, то скардзіўся на здароўе, то з гонарам гаварыў пра свой узрост («Як ні лічы, а хутка восемдзесят»)... І аднаго разу, калі гаспадыня была дома адна, ён падышоў да яе і нечакана спытаўся: «Паслухайце, вам праўда хочацца купіць тую пральную машыну?»
Ад нечаканасці ў гаспадыні аж мову адняло. Потым яна схамянулася і, ані не сумняваючыся, што стары вырашыў пажартаваць, гарэзліва адказала: «А як жа, вядома!»
— Калі так, то я дам вам грошай на гэту машыну.
«Жартаваць дык жартаваць», — сказала сабе гаспадыня і з усмешачкай праспявала:
— Ну, калі вы заплаціце, то, можа, я тады сама і выберу...
— Добра. Заўтра паедзем у горад, зойдзем да Ланзака, там і купім вам машыну.
«Вось табе і жартачкі, — не магла даўмецца кабета, — няйначай стары нешта задумаў...»
А пастух тым часам працягваў:
— Ведаеце, я зусім не жартую. Колькі б тая машына ні каштавала, я заплачу за яе. Вы не думайце, грошы ў мяне ёсць, і скажу вам шчыра: не надта мне хочацца, каб яны трапілі ў рукі манашак...
Назаўтра гаспадар павёз жонку і Лакасаня ў горад. Адразу паехалі да крамы Ланзака. Гаспадар застаўся на вуліцы, каб паправіць штосьці ў маторы, а стары пастух з прыгожай гаспадыняй пайшоў у краму.
— Як гэта глянуць на вашы пральныя машыны?
— Адну секунду... Вось, калі ласка, вельмі практычная мадэль... А вось яшчэ адна, працуе ў паўаўтаматычным рэжыме... А гэта, панове, — поўны аўтамат! Вы ўключаеце яе — і ніякіх праблем: машына сама выканае ўсе аперацыі і сама адключыцца...
— Мы, бадай, возьмем вунь тую, — сказала гаспадыня і паказала на самую простую і, напэўна, самую танную мадэль.
З любоўю паглядаў Лакасань на сваю добрую, прыгожую гаспадыню, якая калісьці так старалася вылечыць яго і якая, можа, і сама таго не ўсведамляючы, прымала цяпер яго бацькоўскую ласку...
Стары падышоў да машын, паклаў руку на самую дасканалую, «поўны аўтамат», і ўрачыстым голасам, які не вельмі пасаваў яго ўзросту і становішчу, прамовіў:
— Пан Ланзак, вось гэтая машына няхай будзе маім падарункам даме. Колькі я вам павінен?
Не чакаючы адказу, пастух дастаў з кішэні пачак грошай.
Дамоў вярнуліся з пральнай машынай.
Гаспадар са сваёй кабетай не ведалі што і думаць. Няўжо гэты стары яшчэ мае «нешта наўме»?.. А можа, на старасці год пачаў ужо розум траціць?.. Не можа быць, каб ён адваліў такую суму грошай проста так... А можа, хацеў аддзякаваць?.. Але за што?.. Ну, паклікалі тады доктара, даглядалі, але што тут такога?..
Так і не асвяціўся іх розум ад той думкі, што гэта быў голас шчырага сэрца, голас шчодрай, удзячнай душы!.. Пастух для іх так і застаўся пастухом, а пральная машына, самая дарагая, самая дасканалая, так і засталася падарункам-загадкай.