Блізкай сяброўцы, чый заўжды неспакойны дух
міласэрнасці натхніў мяне на гэтую жудасную гісторыю
Незнаёмы дабраўся да лепразорыя, калі сонца апускалася над далінай. Ішоў ён неяк няроўна. Падымаючыся па схіле Гары Хворых, ён то ледзь перастаўляў ногі, апусціўшы плечы і нахіліўшы галаву, нібы зусім знясілены, то выпростваў сваё доўгае цела і паскараў хаду. Тады здавалася, што ён перамагаў стому напружаннем волі, незвычайную сілу якой выдавалі рысы ягонага твару, нібы яму было вельмі важна без спазнення дабрацца да мэты сваёй вандроўкі. Хоць было горача, на ім была доўгая, да пят, карычневая хламіда з воўны. Яго твар быў брудны ад поту і пылу. Каля крыжа, што пазначаў мяжу ўладанняў праказы, ён прысеў на камень, выпусціў з рук свой кій, на канцы якога матляўся невялічкі клуначак з пажыткамі, і, зняможаны, нейкі час сядзеў нерухома, цяжка дыхаючы.
Праз хвіліну ён быў на нагах, даўжэзны цень ад яго постаці падаў на зямлю паралельна ценю крыжа, яго вочы гарэлі, хударлявы скуласты твар раптам прасвятлеў. Непадалёку, каля агароджы, якою быў абнесены манастыр і невялічкі пасёлак пры ім, ён заўважыў брата Роза, які глядзеў на захад сонца, перад тым як ісці званіць да вячэрняй імшы.
Брат Роз і абат былі апошнія манахі, што засталіся ў лепразорыі. Як любіў паўтараць лекар Жан Маяр, праказа забівае павольна, але памалу яна дала рады ўсім манахам, апроч тых, хто памёр ад старасці. Тыя, што прыйшлі сюды, калі заснавалася калонія, за часамі караля Луі Святога*, паўміралі, і даўно ўжо ніхто не прыходзіў ім на змену. Брат Роз быў адзін з апошніх прадстаўнікоў той кагорты. Ён прыйшоў сюды зусім малады, недзе на пачатку стагоддзя. Праказу ён падхапіў шмат гадоў пазней, і яго моцны сялянскі арганізм упарта змагаўся з хваробай. У шэсцьдзесят гадоў праказа яшчэ не апанавала яго, хоць адзнакі яе выразна былі відаць на руках і твары. Усё яшчэ жвавы, брат Роз быў неабходны лепразорыю чалавек. Ён дапамагаў абату пад час службы, званіў да малітвы, даглядаў ляжачых хворых, насіў лекі за доктарам, назіраў, як абрабляліся палі, а таксама хаваў нябожчыкаў, бо хоць праказа і сапраўды забівала павольна, але рэгулярна.
* Луі Святы — кароль Францыі Луі IX (1226-1270), з дынастыі Капетынгаў, быў вядомы сваёй рэлігійнасцю.
Незнаёмец перасек пазначаную крыжам мяжу і хуткімі крокамі наблізіўся да брата Роза, які здзіўлена назіраў за ім. Непадалёк ад манаха чалавек раптам спыніўся, і на яго твары з'явіўся дзіўны выраз незадаволенасці, быццам ён, разгледзеўшы наплечнік* і сутану, быў расчараваны нечаканай сустрэчай. Аднак уважліва ўгледзеўшыся, ён убачыў на твары брата Роза знакі, якія тым часам гаварылі самі за сябе: прыпухлыя павекі і надброўныя дугі, такія ж губы, тоўсты расплылы нос, гладкі, быццам рагавы, лоб, пакрыты падобнай да мякіны луской чэрап. Гэтыя сімптомы, што выклікалі ў кожнага агіду і жах, здаецца, супакоілі яго, вочы ў яго зноў загарэліся, а скулы пачырванелі ад дзіўнай узбуджанасці.
* Частка ўбору манаха — кавалак тканіны, які пакрываў плечы і спускаўся на грудзі і спіну.
Ён зрабіў у бок манаха два крокі. Той выставіў наперад сваю схуднелую руку, спрабуючы спыніць яго. Але незнаёмы не звярнуў ніякай увагі на гэты жэст і хутка ішоў да манаха. Гэта магло б напалохаць брата Роза, калі б нешта яшчэ магло палохаць пракажонага з Гары Хворых.
Невядомы відавочна не меў ніякіх дрэнных намераў. Ён падышоў да брата Роза, стаў на калені, схапіў яго рукі, паднёс да вуснаў і палка пацалаваў. Манах, які быў аслупянеў, вырваўся і адступіў на крок.
— Назад, чужынец! Хіба ты не ведаеш, што тут лепразорый? Ці, можа, думаеш, што сутана ўберагла мяне ад заразы? Я не нашыў чырвонага сэрца і не нашу ляскоткі*, бо мы тут усе такія, мы ніколі не выходзім за крыж і ніхто з тых, што жывуць у даліне, не прыходзіць сюды. Ды ты зірні на мой твар. Я пракажоны, як і ўсе, хто жыве на гэтай гары.
* Пракажоны павінен быў насіць на адзенні знак у выглядзе чырвонага сэрца і ляскотку, каб загадзя папераджаць здаровых пра сваё набліжэнне.
— Ведаю, брат мой, — адказаў незнаёмы. — Бог накіраваў мяне да Гары Хворых. Я свядома прыйшоў да пракажоных, і ты першы, каго я сустрэў. Прывітай мяне пацалункам.
Брат Роз здрыгануўся. Ён прывык чуць толькі сіплыя галасы пракажоных, і гэты вельмі нізкі і глыбокі голас узрушыў яго, выклікаў прадчуванне, што ён не можа належаць звычайнаму чалавеку. Незнаёмы развёў для абдымкаў рукі і зноў наблізіўся да яго. Гэтым разам манах не думаў ухіляцца, і незнаёмы моцна абняў яго і, прыціснуўшыся сваім тварам да ягонага, доўга цалаваў яго папсаваныя праказай шчокі.
Тады брат Роз, аслеплены і адурманены цудоўным водарам, які ішоў ад дыхання незнаёмага, зразумеў, хто гэта такі. Гэтая здагадка раптоўна апякла яго наіўную душу. Як толькі незнаёмы адпусціў яго, ён, нават не пакланіўшыся, павярнуўся і кінуўся бегчы да лепразорыя, крычучы на ўсе грудзі:
— Святы, святы! Брат абат! Бог паслаў нам святога!
У той час, пры Філіпе Валуа*, лепразорый на Гары Хворых ужо даўно не меў ніякіх зносін з астатнім светам. Гэта было асобнае каралеўства са сваім уласным манархам, немачнае каралеўства праказы, якое выклікала ў людзей страх і нянавісць. Ніводзін жыхар даліны не рызыкнуў бы падняцца на тую гару, і калі б які пракажоны надумаў спусціцца ў якую-небудзь вёску, то дабром гэта не скончылася б. Крыж каля ўвахода ў лепразорый быў неадольнай перашкодай.
* Філіп Валуа — Філіп IV, кароль Францыі (1328-1350), пад час яго праўлення пачалася стогадовая вайна з Англіяй (1337-1453).
Толькі калі прыбываў новы хворы, пракажоныя маглі здалёк бачыць здаровых людзей. У такі дзень своеасаблівая працэсія на чале з кюрэ падымалася на гару. Наперадзе натоўпу, скарыўшыся лёсу і не спрабуючы ўцячы, слухмяна ішоў адрынуты, якога падганяла магутная сіла людской агіды і жаху. Вілы, якімі хто-ніхто размахваў у натоўпе, былі непатрэбныя. Каля крыжа ён спыняўся і пачынаў махаць сваёй яшчэ новай, бліскучай на сонцы ляскоткай, а іншыя, стоячы воддаль, пачыналі прарэзліва крычаць. Абат месір Тама д'Арфёй, пачуўшы гэты лямант, уздыхаў, выходзіў за агароджу і ішоў насустрач. Часам з ім быў брат Роз, бо сяляне не цярпелі, калі збіралася шмат пракажоных. Кюрэ здалёк выкрыкваў імя новага прыбыльца і афіцыйна сведчыў, што гэты чалавек быў зажыва адпеты, потым коратка пераказваў навіны, і на гэтым усё канчалася, працэсія хуценька паварочвала назад. Выгнаннік разам з абатам павольна ўступалі ў каралеўства праказы.
Гэтае каралеўства было мініяцюрнай копіяй знешняга свету, са сваёй іерархіяй і сацыяльнай няроўнасцю. Абат напачатку спрабаваў быў паламаць бар'еры, якія ўвесь час паўставалі між рознымі групамі пракажоных, але ўжо даўно зразумеў марнасць сваіх намаганняў. Мэтр Жан Маяр, філосаф і адмысловы лекар, штодня знаходзіў выдатныя довады, каб пераканаць яго, што такі парадак неабходны для існавання любога грамадства, нават калі яно складаецца з адных пракажоных.
Касты выдзяляла сама праказа, бясконца разнастайная паводле сваёй прыроды і свайго разбуральнага ўздзеяння на чалавечы арганізм. Тыя, каго яна толькі ледзь закранула, чый твар быў толькі дэфармаваны, але не раз'едзены, чыё цела не пакрылася агіднымі язвамі, утваралі арыстакратыю і жылі пры манастыры ў гэтак званым малым лепразорыі. Яны раўніва аберагалі свае прывілеі і глядзелі на іншых хворых як на нячыстых істот. Астатнія жылі ў халупах, за мурамі манастыра. Іхнія паселішчы ўсе разам утваралі вялікі лепразорый. Яны сяліліся на схілах гары тым вышэй, чым агіднейшыя былі ў іх праявы хваробы. Падобная да цукровай галавы ў выглядзе конуса гара была падзелена на зоны, што апярэзвалі яе. Зоны гэтыя звужаліся з набліжэннем да вяршыні і давалі прытулак пракажоным з усё больш жахлівым выглядам. Апошнюю зону часам называлі верхнім лепразорыем, што было сінонімам праклятага месца. Урэшце, на самай вяршыні жыў мурын з Афрыкі, абісінец, якога прывезлі з апошняга крыжовага паходу рыцары і кінулі, калі агледзелі ў яго праказу.
Мэтр Жан Маяр, які ў свой час вучыўся ў Салерна і прачытаў там славуты твор Дантэ, часам параўноўваў Гару Хворых з Пеклам фларэнтыйскага паэта, якое дасціпны дэман перавярнуў так, што задніца апынулася вышэй за галаву і вастрыё конуса калола неба.
Жыхары малога лепразорыя — гэтая эліта — дзяліліся на некалькі ізаляваных адзін ад аднаго класаў: ільвападобныя, сабакападобныя, быкападобныя, свінападобныя, пракажоныя з тварамі сатыраў і розныя іншыя. Яе вялікасць Праказа забаўлялася, з незвычайнай шчодрасцю надаючы знешнасці сваіх падданых самыя фантастычныя рысы. Уся гэтая арыстакратыя жыла ў манастырскім пасёлку і пакідала яго толькі, каб пайсці здалёк паназіраць за работай на палетках, дзе працавалі пракажоныя з вялікага лепразорыя, з ніжняй яго зоны, а гэта значыла, што іхняя знешнасць была ўжо занадта агіднай. Апрача лекара, брата Роза і часам абата, ніхто з тых, хто жыў у сценах манастыра, не разыкаваў падняцца ў верхнюю зону.
Зрэшты, вельмі рэдка пракажоныя з любой зоны падымаліся ў вышэйшую, дзе лютавала праказа, мярзотнейшая за тую, ад якой пакутавалі яны самі. Яшчэ радзей бывала наадварот. Калі ж гэта выпадкова здаралася, то госць трымаўся з мясцовымі жыхарамі правілаў, абавязковых для ўсіх пракажоных за межамі лепразорыя; гэта значыць, ён здалёк павінен быў даваць аб сабе знаць і не набліжацца да людзей. Тады мясцовыя жыхары паказвалі на яго пальцамі і адступаліся ўбок, затыкаючы насы, каб паказаць сваю агіду, такую самую, якую пры выпадку выказвалі да іх пракажоныя ў лепшым стане.
Аднак адрынутыя з верхняга лепразорыя былі пазбаўленыя мажлівасці выхваляцца перавагай сваёй формы хваробы, бо амаль ніколі не сустракалі больш знядоленага чалавека, чым самі, і таму ўвесь час пакутавалі маральна не менш жорстка, чым фізічна. Сваю пагарду і адносную перавагу яны маглі паказваць толькі да мурына, які жыў на вяршыні конуса, калі той выбіраўся са свайго берлагу, што здаралася выключна рэдка. Але калі ён адважваўся на гэта, дык апранаў поўны ўбор пракажонага і без перапынку махаў ляскоткай. Тады ўся Гара Хворых трымцела ад жудасці.
Гэтыя парадкі не былі замацаваныя ніякім законам, але ўсе падданыя праказы іх прымалі. Абат асуджаў іх, але і яму было непамысна, калі ён выпраўляўся на гару, і хоць ён і дакараў сябе за грэблівасць, але не мог наблізіцца да мурына. Абісінца зрэдку наведваў толькі Жан Маяр, які сам прыносіў яму лекі і прымушаў сябе пабыць некалькі хвілін побач з ім. Гэткім чынам лекар вывучыў некалькі слоў яго дзіўнай абісінскай мовы, і як ён зразумеў, абісінец быў у сваім краі ці то знахаром, ці то чараўніком.
Жан Маяр заўважыў, што калі ён вяртаўся пасля абходаў, якія, дарэчы, нямала яму каштавалі, дык па ўсёй яго дарозе жыхары кожнай зоны дэманстратыўна расступаліся перад ім. У манастыры Тама д'Арфёй, ягоны сябар, сустракаў яго са змрочным выглядам, у якім чытаўся папрок. Гэта не злавала яго. Астракізм пракажоных, да якога ён ставіўся цвяроза, выклікаў у яго такую самую паблажлівую ўсмешку, як і дзіцячыя гульні.
Чакаючы, калі пазвоняць да вячэрняй малітвы, месір Тама д'Арфёй разам з лекарам папівалі віно. Віно было з невялічкага вінаградніка, які даглядаў брат Роз. Ён жа асабіста ціснуў віно і сачыў, каб ніводная кропля соку не прапала. Дзякуючы яму сябры маглі ўвесь год кожны вечар выпіваць па келіху віна. Гэта быў сціплы пачастунак, якім яны вельмі даражылі.
Абату пайшоў семдзесят пяты год. Ён таксама доўга змагаўся з праказай і процістаўляў яе разбуральнай сіле дысцыпліну простага, пазбаўленага празмернасцей існавання, строгае выкананне ўсіх рэлігійных абрадаў і няўхільнае падпарадкаванне прадпісанням Жана Маяра. Праказа, хоць і папсавала яму твар, усё ж пашкадавала яго, пазбавіўшы язваў, скулячак, гангрэны і іншых агідных прыкрасцей. За гэта ён штодня дзякаваў небу і маліў бога, каб ён даў яму памерці ад старасці з ягоным цяперашнім тварам. Ён належаў да львападобных і прывык да гэтага. Часам ён нават адчуваў гонар ад усведамлення таго, што ён быў выдатны леў, узорны прадстаўнік гэтага тыпу, бо вакол яго танзуры захавалася густая карона валасоў. Жан Маяр, жартуючы, параўноўваў гэтую чупрыну з грывай цара звяроў.
Сам лекар з азызлым, але насмешлівым носам, такімі ж распухлымі губамі, у якіх, аднак, праглядвалася не пыха, а глыбокая пачуццёвасць, быў, бадай, пракажоны-сатыр. Ён са сціплай усмешкай пагаджаўся з гэтым, часам сцвярджаючы, што тое, як праказа змяняе твар чалавека, пэўным чынам залежыць ад характару. Ён прыводзіў шмат прыкладаў у падтрымку гэтага тэзіса, у прыватнасці, выпадак брата Роза, чые вернасць і адданасць не выклікалі сумненняў і чыя галава, бясспрэчна, нагадвала галаву вялікага сабакі.
Мэтр Жан Маяр у маладосці шмат вандраваў, жыў бурлівым жыццём шкаляра ў Францыі і Італіі, заўзята вывучаў медыцыну і філасофію і спазнаў нямала лёгкіх жыццёвых радасцей. Ён меў за абавязковае правіла не наракаць на лёс, і падобна было на тое, што ён зусім не шкадаваў свайго бліскучага мінулага. У той дзень, калі ён даведаўся, што падхапіў праказу (гэта было дзесяць гадоў таму, калі яму толькі мінула сорак), ён не стаў пасылаць небу дарэмных праклёнаў. Ён пачаў наглядаць сабе лепразорый з добрым кліматам, бо шукаў месца спачынку. Гара Хворых спадабалася яму, і ён, на вялікую радасць абату, які ў яго асобе прыдбаў прыемнага таварыша і ўмелага лекара, прыехаў туды сам, не чакаючы, пакуль яго прымусяць. Яго дэвізам было: «Праказа забівае павольна». Ён па-філасофску суцяшаўся гэтай думкай.
У той вечар Тама д'Арфёй быў не ў гуморы, што з нейкага часу не раз здаралася з ім. Паўздыхаўшы з-за манастыра, які разбураўся без догляду, ён пасмуткаваў з прычыны жорсткасці веку і заняпаду хрысціянскіх дабрачыннасцей.
— Міласэрнасці больш няма ў каралеўстве. Нікому няма клопату да няшчасных. А пракажоным не засталося нічога, акрамя агіды. У мінулым стагоддзі ніводзін сеньёр не адважыўся б ставіцца да іх так, як сёння гэта робіць апошні мужык. У тыя часы заўсёды хапала набожных душ, у якіх можна было знайсці спагаду. І прыклад падаваўся зверху, я ведаю. Наш святы кароль Луі спачыў якраз незадоўга да майго нараджэння, але калі я быў падлеткам, яшчэ распавядалі, як ён абышоўся з надзвычай страшным пракажоным у Руамонцкім абацтве. Калі пракажоны з'явіўся там, наш літасцівы кароль сам узяў на сябе клопат пра небараку, які быў падобны да д'ябла. Ён пацалаваў яго рукі і твар, прыслужваў яму за сталом, выбіраў і сам падносіў да ягонага азызлага рота лепшыя кавалкі. Ён абмыў яму ногі. Цяжка назваць такую агідную паслугу, якую б ён яму не зрабіў.
— Так наш літасцівы кароль зарабляў сабе вечнае жыццё, — сказаў лекар.
Абат паціснуў плячыма і працягваў:
— І гэты прыклад меў свой плён. Тады людзі былі больш літасцівыя да няшчасных. Прыклад караля натхняў штодня святыя душы, якія не баяліся набліжацца да пракажоных.
— Але, — ухвальна азваўся Жан Маяр, скрывіўшы сваю вялізную сатыраву губу ў адмысловую грымасу. — Можна нават сказаць, што тады каралеўства кішэла святымі, як мора рыбай. Не было рыцара, абата, манаха, набожнага буржуа, які б не імкнуўся знайсці досыць страшнага пракажонага, каб, пацалаваўшы яго, адным махам здабыць вечнае збавенне і пры гэтым вызначыцца ў вачах караля. Ніколі, абат, ногі жабракоў не абмывалі лепей, чым тады. Ніколі пракажоных так не шкадавалі і не песцілі. Я пытаюся ў сябе, ці цанілі поўнай мерай адны і другія гэтую дабрачыннасць і, што асабліва важна, ці адчувалі яны належны гонар ад таго, што накіроўвалі гэтулькі душ у царства божае.
— Смейцеся, пане філосаф, — сказаў абат, — але мне страшэнна бракуе міласэрнасці, і праз гэта церпіць усё насельніцтва лепразорыя. Што зробіш! У нашага караля Філіпа менш за ўсё баліць галава за пракажоных. Ён займаецца толькі вайною...
— І робіць гэта вельмі кепска, — перабіў лекар, — а яго васалы ваююць яшчэ горш і думаюць толькі, як набіць каўбух. Мяхі з віном, акаваныя жалезам, няздатныя пабіць ангельцаў нават двое на аднаго... А што да нашых пракажоных, абат, то я лічу, што яны добра прыстасаваліся да сваёй ізаляцыі.
Абат уздыхнуў:
— Гэта яшчэ горш. Яны прайшлі праз пакуты. Эгаізм і злосць хваробы больш заразныя, чым праказа. Іхнія сэрцы зачарсцвелі, і яны капіруюць паводзіны жыхароў даліны. Ні ў кога няма ніякага жалю да свайго брата. Відушчы пракажоны пагарджае сляпым. Бязносы пракажоны абыходзіць пракажонага, пакрытага язвамі...
— І ўсе ўцякаюць ад пракажонага мурына. Ваша праўда, але, я вам не раз казаў, пры нашай ізаляцыі павінен быў узнікнуць нейкі грамадскі парадак.
— Мне не патрэбны вашы абгрунтаванні, — гнеўна крыкнуў абат. — Я ўсяго толькі бедны пастыр і лічу, што гэтыя норавы агідныя, але, што яшчэ горш...
Ён замаўчаў і прыгубіў чарку. Гэта быў спектакль. Ён нязграбна прытуляў сваю адвіслую, як у каня, ніжнюю губу да чаркі, амаль цалкам абхопліваючы яе, і адначасова хлябтаў языком, як гэта робяць жывёлы. Лекар, употай назіраючы за ім, думаў, што яго сябар рабіўся ўсё больш і больш падобны да льва, але сёння гэта быў сумны леў, і гэта яму пасавала.
— Яшчэ горш, — працягваў абат, паставіўшы чарку, — я з жахам заўважаю, што і сам паддаюся гэтаму эгаізму, які мяне засмучае. Мне ўсё цяжэй быць міласэрным да маіх пракажоных братоў. Кажу вам, нам патрэбен свежы струмень. Бываюць вечары, калі ад усёй гары тхне праказай. Ад гэтага паху знікаюць усе хрысціянскія дабрачыннасці.
— Што ж, я згодны, ад яе тхне праказай, — сказаў лекар. — Пах непрыемны, але цярпець можна, да яго можна прызвычаіцца, калі ты трошачкі філосаф. Да таго ж ён адганяе ліхіх людзей і вашых цяперашніх баязлівых хрысціян, не забывайцеся пра гэта.
Ён збіраўся дадаць яшчэ нешта мудрае, калі з двара пачуліся крыкі брата Роза.
— Святы, брат абат! Бог нам паслаў святога! Ён прыйшоў, ён тут!
Абат здрыгануўся. Яго пляскаты нос зморшчыўся, як морда ўстрывожанага льва. Гэтая навіна, якая так цудоўна супала з ягонымі цяперашнімі турботамі, здалася яму пасланнем нябёсаў. Ён ускочыў з крывога зэдліка і падышоў да акна. Са свайго пакоя на другім паверсе кляштара ён бачыў усю невялічкую плошчу, на якую выходзіла цэнтральная вуліца лепразорыя. З набліжэннем ночы над гэтым месцам звычайна апускалася панурая ціша, але ў гэты вечар лямант брата Роза выклікаў дзіўнае рэха.
Дабрадзейны манах, спыніўшыся перад акном, не супакойваўся:
— Ён прыйшоў аднекуль вельмі здалёк, брат абат. Гэта відаць па яго запыленым адзенні. Ён падышоў да мяне. Ён глянуў мне ў твар і не ўцёк. Ён абняў мяне. Ад ягонага дыхання пахне ладанам і міртам.
Жан Маяр нецярпліва забурчаў.
— Гэты манах з'ехаў з глузду, і праз яго ў нас будуць непрыемнасці з жыхарамі даліны. Нейкі падарожнік, пэўна ж, не ведаючы, што мае справу з пракажоным... Ты не крыкнуў, каб адагнаць яго? Ты не папярэдзіў, што ты хворы? — гаварыў ён, звяртаючыся да манаха. — Так патрабуе закон, ты добра гэта ведаеш.
— Я так і зрабіў, пан лекар, а ён адказаў, што прыйшоў да пракажоных па добрай волі. Я так і зрабіў, кажу вам, і тады ён пяшчотна мяне пацалаваў.
— Пацалаваць пракажонага, — прашаптаў Жан Маяр з пагардай.
Абат не рашаўся аддацца пачуццю, якое пачынала ахопліваць яго. Брат Роз быў такі збянтэжаны, што ён баяўся, ці манах не трызніць.
— Дзе ён?
Манах павярнуўся і паказаў рукой. Са свайго акна абат угледзеў, як высокая постаць у рудой хламідзе мінула браму і накіравалася да кляштара. У гэтым нечаканым з'яўленні было нешта таямнічае, і гэта ап'яніла манаха і пераканала, што неба пачула яго малітвы.
Незнаёмы напачатку, пакуль быў адзін, крочыў даволі шпарка. Потым, зразумеўшы, што за ім сочаць цікаўныя, якія тоўпіліся ў вузкіх завулках, што выходзілі на галоўную вуліцу, пайшоў павальней, азіраючыся па баках.
Незвычайная ўзрушанасць брата Роза была з энтузіязмам сустрэта пракажонымі. Пры вонкавай абыякавасці і бяздушнай пакоры яны, аднак, падзялялі тугу абата, бо ўсе хавалі ў сэрцах надзею, што ў іхнім свеце зноў з'явяцца любоў, літасць і міласэрнасць. Колісь Тама д'Арфёй часта распавядаў ім з вышыні сваёй казальніцы пра літасцівага караля Луі і іншых святых, якія ішлі ўслед за манархам. Цяпер ён больш не закранаў гэтай тэмы, бо баяўся, што гэта будзе жывіць у іх марную надзею. Аднак старэйшыя не забыліся тых гісторый і пераказвалі іх малодшым.
Усе ўжо ўбачылі, што прыйшоў адзін з тых легендарных персанажаў, пра сустрэчу з якім яны ўпотай марылі. Крык «Святы» раптоўна раздзьмуў агонь, і ў іх адразу ўзнікла прадчуванне цуду; незнаёмы быў Месія, якога Ўсявышні паслаў да іх, каб ператварыць іх пекла ў царства любові. Аднак яны не наважваліся наблізіцца да яго. Здавалася, што незнаёмы выклікаў у іх страх ці, можа, боязь расчаравання. Калі ён запаволіў хаду, нейкая старая з адвіслымі шчокамі, смялейшая за іншых, падышла крыху бліжай да дарогі і апынулася зусім блізка ад яго. Чужынец спыніўся, падышоў да яе і, пакуль астатнія стаіўшы дыханне сачылі за ім, абняў і пацалаваў яе. Пасля гэтага ён пайшоў далей, а навокал пачуўся збянтэжаны гоман, у якім адчувалася ўзрушанасць, што ахапіла лепразорый.
— Бачылі? — усклікнуў надзвычай здзіўлены абат.
— Бачу. Здаецца, умельства здабываць месца ў царстве нябесным яшчэ не згінула.
Пракажоныя рабіліся ўсё смялейшыя, і незнаёмы ішоў па жывым калідоры, а энтузіязм няшчасных гатовы быў абярнуцца фанатычным захапленнем. Калі ён падышоў да акна, сотні знявечаных вуснаў паўтаралі крык брата Роза: «Святы, святы!» — і з усіх бакоў да яго цягнуліся рукі.
— Мір табе, чужынец, — сказаў абат. — Мы ўсе, ты бачыш гэта, вельмі ўзрушаныя тымі знакамі тваёй прыязнасці да нас, што ты выказваў, але ці добра ты разумееш, якой жахлівай небяспецы сябе аддаеш?
— Я не баюся праказы.
Прыціхлы натоўп быў, як і брат Роз, уражаны гэтым нізкім глухім голасам, які гучаў так дзіўна, бясспрэчна, таму, што чужынец гаварыў сцяўшы зубы. Збянтэжаны гэтым голасам і ўзрушаны высакароднасцю адказу, абат збег па драўляных сходах, рэзка адчыніў дзверы і апынуўся перад незнаёмым. Той упаў перад ім ніц, потым схапіў ягоныя рукі і асыпаў іх пацалункамі.
— Устань, брат мой, — вымавіў абат, спрабуючы вызваліцца. — Я бласлаўляю пачуццё, якое цябе натхняе. Мне проста вельмі хацелася наблізіцца да цябе, але гэта мая слабасць. Паглядзі на мяне лепей. Паглядзі на няшчасных, якія стаяць вакол цябе, і падумай, якую цану ты рызыкуеш заплаціць за праяўленне тваіх высокіх пачуццяў.
Незнаёмы з хвіліну ўглядаўся ў ільвіныя рысы абата, яго расплылы на ўвесь твар нос, потым павольна агледзеў пракажоных, якія паўколам абступілі яго. За выключэннем малых дзяцей тут цяжка было знайсці сапраўды чалавечы твар. Узрушанасць, як часта казаў лекар, робіць гэтых гратэскных істот пачварнымі. Але словы, прадыктаваныя абату абавязкам, насуперак яго ўласным памкненням, выклікалі ў пракажоных трывогу і гнеў. Натоўп інстынктыўна паўстаў супраць перашкод, якія ставіліся перад святым у выкананні яго місіі. Пракажоныя, з іх аголенымі хваробай нервамі, не цярпелі, калі нешта рабілася ім насуперак, і роспач ператварыла натоўп у жудасную зграю, у якой напоўніцу праявіліся характары жывёлін, аблічча якіх насілі з ласкі Яе Вялікасці Праказы ўсе яе падданыя: горыч «ільвоў» вылілася ў мармытанне, якое нагадвала прыглушаны рык, свінападобныя, выцягнуўшы насы, рохкалі, нібы дзікі. «Сабакі» ашчэрылі зубы і пагрозліва гыркалі. Здавалася, усе былі гатовыя кінуцца на абата, каб разадраць яго.
Аднак незнаёмага гэта відовішча не ўразіла. Ён зноў зірнуў на абата і запытаўся тым самым глухім голасам:
— Хіба ўсе людзі не браты?
— Бясспрэчна, хоць сёння шмат хто забыўся пра гэта.
— Шмат хто забыўся, гэта праўда, — як рэха, паўтарыў незнаёмы.
Жан Маяр, які ўважліва сачыў за ім, адзначыў горыч, з якой былі сказаны гэтыя словы. Зрэшты, гэта яго не здзівіла, бо, паводле яго філасофіі, гэтае пачуццё не пярэчыла святасці.
— Я пра гэта не забываюся, — казаў далей чужынец, — і вось я з вамі. Чаму ж ты мяне гоніш, брат мой?
— Я? Ганю цябе?!
Набожнай стойкасці старога прыйшоў канец. Незнаёмы ўпэўнена падышоў да абата, абняў і палка пацалаваў, выціраючы слёзы, якія ручаямі каціліся па львіным твары.
Супакоены гэтым канчатковым доказам рашучасці незнаёмага, натоўп яшчэ цясней абступіў яго, пачуліся ўхвальныя выкрыкі, кожнаму пракажонаму не цярпелася атрымаць цудадзейны пацалунак. Але Жан Маяр адцягнуў яго ўбок і ціха сказаў яму:
— Пачакай, чужынец. Ці добра ты ведаеш, што чакае цябе, калі ты прабудзеш тут ноч, што ты, здаецца, і збіраешся зрабіць? Паўсюль у даліне жыхары будуць цкаваць цябе. Калі ты, як яно здаецца, не тутэйшы, то не можаш нават уявіць, якія суровыя тут законы наконт пракажоных. Ідзі адсюль зараз жа, і, мажліва, твайго візіту не заўважаць.
— Даруй нашаму лекару, — сказаў абат, які цяпер таксама ўстрывожыўся. — Ён думае, як толькі што думаў і я сам, што гэта яго абавязак казаць так. Гэта вучоны чалавек. Ён не лечыць праказы, бо яна невылечная, ён і сам пракажоны, але ніхто не разбіраецца ў гэтым лепш за яго. Аднак ён далёкі ад спраў боскіх. А я, брат мой, пазнаў цябе.
— Аман, святы айцец, — сказаў Жан Маяр і заміргаў вачыма, ад чаго на ягоным твары з'явілася жахлівая грымаса.
— Я прыйшоў з горада, званіцы якога, магчыма, відаць з вашай гары. Я ведаю звычаі гэтага краю і чэрствасць сэрцаў яго жыхароў. Аднак, месір доктар, калі такія твае абавязкі...
Здавалася, незнаёмы інстынктыўна адчуў у мэтру Маяру ворага. Ён гаварыў з ім нерашуча, адвярнуўшыся ўбок.
— Толькі, месір доктар, я не маю ніякага жадання вяртацца ў даліну. З гэтага дня я хачу жыць сярод пракажоных. Хіба пракажоныя адмовяцца прыняць мяне?
— Вядома ж, не! — крыкнуў абат. — Я пазнаў цябе. Будзь блаславёны, пасланец Госпада.
— Тады дазвольце мне застацца. Мне не трэба нічога, акрамя абярэмка саломы ў самай убогай хаціне.
— Ты будзеш маім госцем. Увайдзі ў гэты кляштар, тут цяпер твой дом. Для мяне вялікае шчасце і гонар прыняць цябе. Уваходзь. Ты, пэўна, здарожыўся?
Пад іранічным позіркам Жана Маяра абат уцягнуў чужынца ў свой пакой, пачаставаў яго віном і настояў на тым, каб уласнаручна памыць яму ногі. Незнаёмы дазволіў, але як быццам бы з нейкай агідай. Ён адмовіўся ад прапанаванага жытла і выказаў настойлівае жаданне вярнуцца да натоўпу, які нецярпліва гаманіў.
Лекар, які не пераставаў сачыць за ім, хацеў быў выпрабаваць яго святасць.
— Ты яшчэ не бачыў сапраўды страшных пракажоных. Тыя, што тут, яшчэ маюць нейкае аблічча — чалавечае ці не — не важна. Перш чым ты сустрэнешся з іншымі, падрыхтуйся да самага брыдкага.
— Хіба ўсе людзі не браты? — паўтарыў нізкім голасам чужынец. — Ніякая форма праказы мне не гідкая. Але, — сказаў ён устрывожана, — хіба не ўсе пракажоныя жывуць пры манастыры?
— На жаль, брат мой, — сказаў абат, — ён стаў занадта цесны для іх. Многія, самыя страшныя, вымушаны жыць у халупах на схілах гары. Каб абысці вялікі лепразорый, трэба дні са два.
Было падобна, што чужынца ахапіла нечаканая трывога, і ён рэзка ўскочыў.
— Брат абат, я не магу затрымлівацца, — хутка сказаў ён, — я адчуваю сябе вінаватым перад гэтымі няшчаснымі.
— Ніякая форма праказы мне не гідкая, — задумліва паўтарыў лекар. — Вось сапраўды смелы чалавек.
Чужынец выйшаў так хутка, што абат нават не паспеў варухнуцца, каб затрымаць яго. Жан Маяр падышоў да акна і выглянуў на вуліцу. Змяркалася.
— Дзіўная птушка гэты ваш святы. Вось пайшоў лавіць пракажоных. Чаго, чаго, а гэтага тут хапае. І дваццаці крокаў не зрабіў, а ўжо пацёрся тварам аб дзесятак выдатных струплявых пыс. Ніхто з нашых не хоча прапусціць такога свята. На плошчы аж цёмна ад людзей. А вось пайшлі па жанчыну, каб прывесці да яго. Што ён робіць? Ды ўсё тое самае. Нахіляецца, прыціскаецца да яе грудзей сваімі, цалуе ў лоб і шчокі, зноў цалуе, потым пераходзіць да іншай. Вядома, гэтыя шлёндры хацелі б яшчэ, але ён не затрымліваецца. Як святы спяшаецца ўсіх прывітаць або давесці сваю святасць.
— Мэтр Жан, гэта блюзнерства, — сказаў абат, у якога яшчэ не прайшоў экстаз. — Гэта святы, і веліч яго місіі не дазваляе яму затрымлівацца ні на хвіліну.
— Вядома, — прабурчаў лекар, — але ці не хочацца вам пагаварыць з ім крыху больш і даведацца, што ў яго за святасць. Бываюць, вы ведаеце, святыя каралі. Гэты не з іх. Бываюць святыя рыцары. Гэта таксама не той выпадак. Святы манах? У яго няма танзуры. Ён і не мужык, да таго ж я ніколі не чуў пра мужыкоў-святых.
— А! Хіба важна, хто ён у мірскім жыцці. Гэта святы, і нам гэтага дастаткова. Ці не адчулі вы, як і я, водару, які зыходзіць, калі ён дыхае? Я і цяпер яшчэ п'яны ад яго. Брату Розу не прымроілася. Водар ладану і мірту.
— Глядзі ты! Сапраўды. Я абнюхаў яго ўсяго, як і вы, хоць ён і не палічыў мяне годным свайго пацалунку. Богу не заўгодна было паслаць да нас пекную святую. Я, праўда, не прывык мець справу са святымі, але я ніколі не чуў, што яны неяк спецыфічна пахнуць.
— А вось тут вы і памыляецеся, хоць вы і выдатны лекар, — сур'ёзна сказаў стары. — У былыя часы некаторых святых ахінаў водар, які напаўняў паветра навокал. Гэта даведзена.
Жан Маяр моўчкі глянуў на свайго набожнага сябра, потым, не вельмі перакананы, паківаў галавой. Калі праз гадзіну ён пайшоў ад абата, месір Тама Д'Арфёй усё яшчэ быў усхваляваны, а ўзрушанасць, якая панавала вакол кляштара, доўга не давала яму заснуць.
Чужынец да позняй ночы блукаў па малым лепразорыі. Спачатку ён хадзіў па вуліцах паселішча без ніякага парадку, цалаваў усіх, каго сустракаў, пры гэтым яго нібы магнітам цягнула да вялікіх груп пракажоных. Потым, калі першая ўзрушанасць, якую выклікала яго з'яўленне, трохі сцішылася і вуліцы апусцелі, ён быццам бы задумаўся, і ў яго незвычайных паводзінах з'явілася нешта накшталт метаду.
Ён папрасіў брата Роза, які неадступна хадзіў следам за ім, быць яму правадніком і пачаў заходзіць у кожнае жытло. Там ён знайшоў пракажоных, якія не выйшлі — хто з прычыны кепскага стану, хто проста праз абыякавасць. У кожнай хаціне ён выказваў сваю міласэрнасць у простым і строгім рытуале: зайшоўшы, ён абдымаў і цалаваў усіх па чарзе. Можна было падумаць, што ён баяўся, каб хто не схаваўся. Нікому не ўдалося пазбегнуць яго ласкі. Упартых ён праследаваў, заганяў у куток, і там — зноў абдымаў, і яго дзіўны голас, у якім, здаецца, чуўся горкі папрок, ушчуваў няшчаснага за ягоны сорам.
— Хіба ўсе людзі не браты? — паўтараў ён. — Я прыйшоў да цябе з любоўю, а ты мяне цураешся!
Тады сэрца самага здзічэлага пракажонага мякчэла, і ён са слязьмі прымаў яго пацалунак. Зрабіўшы гэта і агледзеўшы ўсе закуткі, каб упэўніцца, што не прапусціў нікога — ні хворага ў пасцелі, ні дзіцяці ў калысцы, — чужынец выходзіў і нецярпліва ішоў да наступнага дома.
Ён скончыў свой абход і зноў апынуўся на галоўнай вуліцы пасёлка позна ўночы. Некалькі пракажоных, якія не спалі, убачылі яго ў гэты момант у святле ліхтара, які трымаў брат Роз. Яны заўважылі, што яго твар быў бледны і мокры ад поту, і ад думкі, што ён ахвяруе сваім здароўем дзеля іх, ім зрабілася прыемна. Брат Роз тым часам маліў яго крыху адпачыць, перш чым ісці ў вялікі лепразорый, што ён збіраўся зрабіць. Манах хацеў забраць яго ў сваю халупу, раз ужо ён не скарыстаўся з гасціннасці абата, але незнаёмы адмовіўся махам галавы. Яны перакінуліся некалькімі словамі, якіх ніхто не пачуў, і схаваліся ў цемры. Святы знік, і ў тую ноч на вулічках пасёлка больш не бачылі яго ценю. Усе былі перакананыя, што ён урэшце заначаваў у манаха. Паступова размовы сціхлі, і ціша зноў запанавала на Гары Хворых.
Тама д'Арфёй падняўся незадоўга да першай ранішняй малітвы (яшчэ не было шасці) і пайшоў у капліцу, каб падзякаваць небу. Ён прабыў там зусім нядоўга, бо яму было вельмі цікава даведацца, як там новы госць лепразорыя. Выходзячы, ён напаткаў Жана Маяра. Той акурат скончыў ранішні абход у лякарні. Лякарня, або, як казалі, Божы дом, уяўляла сабой доўгі барак, дзе размяшчалі хворых, стан якіх вымагаў сталага лячэння. Манахаў, якія хадзілі б ля хворых, не было, а брат Роз часцей за ўсё быў заняты іншымі справамі, і таму лекар патрабаваў ад пракажоных, якія яшчэ былі чагосьці вартыя, па чарзе глядзець хворых, што яны рабілі, не хаваючы агіды.
Жан Маяр размаўляў з братам Розам. У адказ на пытанне: «Дзе ён?», якое абат задаў яшчэ здалёк, ён паціснуў плячыма і буркнуў:
— Пайшоў да вялікага лепразорыя. Пайшоў яшчэ давідна, пераначаваўшы ў Божым доме.
— У Божым доме! Але ж наша ўбогая лякарня заваленая хворымі, нават пракажоным не хапае ложкаў.
— Ён так пажадаў, — сказаў брат Роз, — ён спаў з двума самымі страшнымі хворымі.
— Ён спаў з пракажонымі?!
— Ён так пажадаў, — паўтарыў манах. — Ён паспаў усяго некалькі гадзін, а перад тым дапамагаў даглядаць хворых.
— Мэтр Жан, — сурова сказаў абат, — хіба гэта не захапляе вас?
— Не спрачаюся, гэта смелы ўчынак, і я не адмовіўся б, каб бог паслаў нам добраахвотнага санітара, да таго ж святога. Я не пярэчыў бы гэтаму, калі б святы дух не выяўляўся ў ім праз шкодную гарачку. Ён ашалеў. Калі так пойдзе далей, яго здароўе не вытрымае. Да таго ж няма хваробы больш шкоднай за шаленства, нават калі яно святое, і сёння з раніцы ўсе мае лайдакі заразіліся ім. Гэтыя эмоцыі нічога ім не дадуць. Вам трэба ўжыць свой аўтарытэт, каб прымусіць яго крыху сцішыцца і праяўляць сваю святасць больш памяркоўна. Гэта вам кажа медык. Баюся, каб уся гэтая ўзрушанасць не перарасла ў вар'яцтва.
Абат задумаўся. Ён ведаў, што яго сябар — чалавек цвярозага розуму і добры лекар і што ён часта, як бы мімаходзь, дае добрыя парады. Ён сам не ўхваляў ніякіх эксцэсаў, і, хоць ён не прызнаваўся сабе ў гэтым, яго бянтэжылі паводзіны незнаёмага.
— Не мая воля патушыць святы агонь, — сказаў ён, — але, магчыма, мне ўдасца пераканаць яго паберагчы свае сілы дзеля самой яго місіі.
— Тады правядзіце мяне. Я павінен наведаць вялікі лепразорый. Мы абавязкова сустрэнем гэтую птушку, і вы зможаце яго паўшчуваць. Сёння я збіраюся заначаваць на паўдарозе да вяршыні, а заўтра падымуся на самы верх. Ужо даўно я не адведваў майго цемнаскурага калегу.
Гэтай фамільярнай фразай пра мурына, які жыў на вяршыні, Жан Маяр намякаў на элементарныя веды ў медыцыне, якія, як яму здалося, ён у таго разгледзеў. Але ніякі жарт не мог уратаваць абата ад трымцення, калі гаворка ішла пра чорную жудасць. Аднак лекар стаяў на сваім:
— Апошнім часам вы не пакідалі сценаў манастыра, а гэта вам не пашкодзіла б. Пракажоным патрэбен мацыён у разумных межах.
З хвіліну абат вагаўся. Яго зусім не вабіла правесці ноч дзе бог дасць. Але лекар меў рацыю: ён не выяўляў ніякага жадання пакідаць манастыр і адчуваў дакоры сумлення за тое, што стараўся пазбягаць сустрэч са страшнымі пракажонымі. Да таго ж яму карцела як мага хутчэй пабачыць чужынца. І ён наважыўся.
— Пойдзем, — сказаў ён. — Сядзенне ў чатырох сценах кепска адбіваецца і на душы, і на целе. Я з вамі.
Яны выйшлі з манастыра разам з верным братам Розам, які нёс скрынкі з лекамі, і з маладым пракажоным, на якога нагрузілі коўдры і харч. Гэты пракажоны прыслужваў абату. Тама д'Арфёй не адважваўся прызнацца нават сабе самому, што выбраў яго з эгаістычных меркаванняў: праказа ледзь закранула яго твар, і ён быў амаль чалавечы.
Спачатку яны ішлі праз палеткі каля манастыра. Навокал было хораша, сцежка падымалася ўгору не настолькі крута, каб замінаць размове. Сябры гутарылі. Жвавыя рухі і ранішняе паветра ўзбадзёрылі абата. Праходзячы праз вінаграднік, віно з якога абат піў штодня, ён узнёс хвалу небу за багаты ўраджай і пахваліў брата Роза за добры догляд. Дабрадзейны манах пачырванеў ад задавальнення.
— Зямля тут добрая, — сказаў ён, — пагана, што вышэй яна нікуды не вартая. А нам трэба будзе ўзараць яшчэ. Што ні год ратоў усё прыбывае.
— Праказа забівае павольна, — мудра заўважыў лекар.
І праўда, насельніцтва лепразорыя ўсё расло, і гэта турбавала абата. Праказа не толькі павольна забівае, але і зусім не стрымлівае інстынкт размнажэння. Жан Маяр нават сцвярджаў, што яна распальвае сексуальныя апетыты. Сапраўды, нараджалася больш, чым памірала. Дзеці, якіх немагчыма было ізаляваць, зараджаліся праказай, ледзь паспеўшы з'явіцца на свет, і былі асуджаныя на тое, каб не ведаць у сваім жыцці нічога, акрамя Гары Хворых.
Пры кожным такім нараджэнні — у большасці яны былі пазашлюбныя — абат уздыхаў, а лекару, які прымаў роды ў пракажонай, рабілася непамысна. Адзін прапаведаваў цнатлівасць, другі асцярожнасць, і абодва з аднолькавым поспехам.
Пракажоныя не баяліся пракляццяў, пагарджалі парадамі і штоночы так шчыравалі, што гэта не магло застацца без вынікаў. Не здатны выкараніць зло, Тама д'Арфёй намагаўся абмежаваць яго з дапамогай вянчанняў і хрышчэнняў, да якіх усе ставіліся абыякава. Лекар кляўся, што будзе скручваць галовы загадзя асуджаным небаракам, але ніколі не мог на гэта адважыцца. Такім чынам колькасць падданых Яе Вялікасці Праказы ўвесь час расла.
Абат уздыхнуў, але не адказаў брату Розу. Яны мінулі палі. Дарога зрабілася больш крутая. Неўзабаве, за паваротам, перад імі адкрылася панарама даліны, над якой узвышалася Гара Хворых. На поўдні было ясна, і можна было разглядзець кожнае дрэва вялізнага лесу. У другім баку было наадварот: ад горада слаўся, ахутваючы наваколле, чырванаваты туман.
— Я яшчэ ўчора заўважыў яго, — сказаў лекар. — Дзіўны туман. Сонца не разганяе яго.
— Гэта пыл, — сказаў брат Роз. — Воблака стаіць над дарогамі і сцежкамі. Памятаю, у дзяцінстве я бачыў такое, калі быў кірмаш. Купцы з усяго каралеўства з'ехаліся ў горад. Дарогі былі проста пераараныя вазамі і вершнікамі.
— Мажліва, кірмаш ці вялікае свята.
Нейкі час яны стаялі засмучаныя, не кажучы ні слова. У сваёй турме яны не бачылі нічога, акрамя праказы, і сяк-так мірыліся з лесам, але досыць было ім глянуць на даліну, як у іх абуджаліся ўспаміны пра знешні свет і выклікалі тугу, якую ўзмацняў няспынны гул званоў, што далятаў здалёк. Жан Маяр паспрабаваў у звыклай для яго форме развеяць гэтую тугу:
— Што нам дым і гоман у даліне, абат! Не сумняваюся, гэта адно з вашых новых рэлігійных святаў. Звоняць як апантаныя. Можа, здарыўся нейкі цуд? На добрую навіну злятаецца процьма пілігрымаў і гандляроў, якія прагнуць збыць свой няпотраб. Мы смяёмся з усяго гэтага. Хіба ад учора ў нас няма свайго святога?
— Урэшце, вы маеце рацыю, мэтр Жан, — сказаў абат. — Бог пасяліў нас на Гары Хворых і паслаў нам святога, каб нам стала сорамна за наш эгаізм. Я ўпэўнены, што ў глыбіні душы вы адчуваеце тое, што і я: ніхто не можа бясконца жыць без любові і міласэрнасці.
— Так, — сказаў лекар, — аман, абат, але мне не церпіцца зноў убачыць гэтага Месію пры дзённым святле... А вось, здаецца, і ён.
Яны падышлі да лясістай зоны, дзе было шмат хацін, якія стаялі даволі далёка ад сцежкі. Чужынец быў тут. Ён стаяў нерухома, абапёршыся спінай на дрэва, лісце якога напалову хавала яго. Ён не заўважыў іх, увесь паглыблены ў назіранне за тузінам малых, якія, здавалася, былі цалкам захопленыя нейкай дзіўнай цырымоніяй. Большасць нерухома сядзела ў тры рады на кукішках. Адзін, у цёмных лахманах, стаяў перад гуртам на каленях. Крыху далей тварам да іх стаяў, як падалося, галоўны ў гэтай хеўры. Ён нешта казаў і махаў рукамі. Яны не заўважылі ні чужынца, ні тых, што прыйшлі пасля яго.
Абат хацеў выдаць сваю прысутнасць, калі Жан Маяр ціха сказаў:
— Стойце ціха, мне хочацца паглядзець на яго, калі ён думае, што яго ніхто не бачыць.
— Але што робяць дзеці?
— Гэта проста гульня.
— Гульня?
— Паназіраем за імі. Хіба не яны заўтрашні дзень лепразорыя? Улюбёная іхняя гульня. Пракажоныя дзеці гуляюць у пракажонага.
На галаву таго, што стаяў на каленях, была накінута чорная тканіна, а да грудзей быў прышпілены шматок чырвонай, — неахайна выразанай у форме сэрца. Ён прадстаўляў пракажонага. Старэйшы хлопчык, які стаяў перад ім, імітаваў абрад адпявання. Скончыўшы чытаць малітвы, у якія ён устаўляў словы, падобныя гучаннем да лацінскіх, ад чаго прысутныя проста паміралі са смеху, хлопчык нахіліўся і кінуў некалькі жменяў зямлі на галаву таму, што стаяў на каленях, сказаўшы пры гэтым:
— Гэта значыць, што ты памёр для гэтага свету.
Хлопчыкі ў трох радах шапталіся і штурхалі адзін аднаго локцямі. Пракажоны ўпаў ніцма. Завадатар казаў далей:
— Я забараняю табе калі-небудзь уваходзіць у царкву, набліжацца да людзей.
— Я назаўсёды забараняю табе мыць рукі ў крыніцах, ручаях ці ў якой іншай вадзе, акрамя той, што ў тваёй місцы.
— Ты не надзенеш ніякай вопраткі, акрамя вопраткі пракажонага.
— Я забараняю табе, калі ты будзеш у дарозе, адказваць таму, хто звернецца да цябе з пытаннем, перш чым ты не станеш так, каб вецер дзьмуў у твой бок, каб не заразіць гэтага чалавека. Больш таго, з гэтага часу ты будзеш пазбягаць вялікіх дарог, каб нікога не сустрэць.
— А калі ты будзеш ісці па палях, я забараняю табе дакранацца да агароджаў і кустоў каля сцежкі.
— Я забараняю табе дакранацца да каго б ні было, асабліва да дзяцей і маладых людзей.
— Ад сёння я забараняю табе есці ці піць з кім-небудзь, апрача пракажоных.
Скончыўшы сваё павучанне, ён махнуў рукой. Пракажоны ўстаў і падышоў да шырокай ямы, бразгаючы дзвюма жалязякамі, звязанымі разам, якія замянялі ляскотку. Калі ён ішоў, усе астатнія адсоўваліся ад яго, затыкаючы насы і ўдаючы самую вялікую агіду. Ён лёг у магілу. Іншыя пачалі здалёк кідаць жменямі зямлю, пакуль не засыпалі яго напалову.
У жыцці гэта называецца separatio leprosarum — цырымонія, якая папярэднічае інтэрнаванню ў лепразорый новавыкрытага пракажонага і якая выкрэслівае яго з ліку жывых. Дзеці, якія нарадзіліся ў лепразорыі, не спазналі яе на сабе, але яна так уразіла іх бацькоў, што яны ўвесь час гаварылі пра яе між сабой, параўноўваючы розныя яе варыянты. Вялікія і малыя ведалі рытуал да драбніц.
Хлапчукі ўнеслі столькі рэалізму ў гэтую імітацыю, што гэта ўразіла абата. Што ж да лекара, які пад час сваіх падарожжаў нагледзеўся такіх забаў, то яго больш цікавіла рэакцыя чужынца на ўсё гэта. А той быў, здавалася, зачараваны гульнёй. Калі дзеці скончылі, ён выйшаў да іх са сваёй схованкі. Жан Маяр адзначыў, што ён быў бляднейшы, чым напярэдадні. Стомленасць і недасыпанне адбіліся на яго зняможаным твары. Аднак вочы гарэлі нейкім амаль драпежным агнём.
Калі ён падышоў, дзеці змоўклі. Адзін, самы малодшы, заплакаў і ўцёк. «Яшчэ крыху, і яны разляцяцца, як чарада вераб'ёў», — падумаў лекар. Але чужынец усміхнуўся і загаварыў спакойным голасам, і яны пачалі слухаць і хутка зацікавіліся.
Абат зноў хацеў быў падысці, але Жан Маяр спыніў яго.
Яны здагадаліся, што чужынец распытвае пра гульню. Раптам па ўсім наваколлі разнёсся яго смех, якога яны яшчэ не чулі. Смяяўся ён, як і гаварыў, праз зубы. Хутка стала ясна, што ён прапаноўваў хлапчукам прыняць яго ў гульню і тыя, зацікаўленыя, згадзіліся.
Новая гульня была прасцейшая, але таксама інспіраваная праказай. Цяпер старэйшы хлапчук начапіў на сябе належныя аксесуары і выконваў ролю пракажонага. Астатнія, крычучы ад страху, уцякалі, а ён ганяўся за імі, бразгаючы сваімі жалязякамі. Той, каго ён даганяў, павінен быў замяніць яго. Але чужынец па-свойму ўвайшоў у гэтую гульню: замест таго каб уцякаць ад пракажонага, ён пайшоў яму насустрач, абняў, прыціснуў да сябе і пацалаваў.
Калі ён адпусціў хлопчыка, той выглядаў збянтэжаным, але незнаёмы ласкава загаварыў да яго, і тады ўся гурма сабралася вакол іх. Падобна было, што ён звяртаўся да іх з чымсьці накшталт казані, з якой лекар і абат разабралі толькі знаёмае ўжо пытанне, сказанае з горкім папрокам:
— Хіба ўсе людзі не браты?
— Вось дык прапаведнік! — прашаптаў Жан Маяр. — Абат, гэта ваш сур'ёзны канкурэнт.
Падобна было, што ён ахрысціў свавольнікаў у сваю веру. Калі гульня ўзнавілася, яна стала дэманстрацыяй міласэрнасці. Чужынец стаў выконваць ролю пракажонага, а хлопчыкі, замест таго каб уцякаць, кідаліся ў ягоныя абдымкі і цалавалі яго.
Усе яны, у тым ліку і той хлопчык, што з плачам уцёк, але потым вярнуўся, пабывалі ў яго абдымках. Пасля гэтага, быццам страціўшы ўсякую цікаўнасць да гульні, ён раптам адкінуў вэлюм і чырвонае сэрца і, нічога не сказаўшы, імкліва пайшоў прэч, угору па схіле. Ён пайшоў так нечакана, што дзеці аслупянелі.
Сябры рушылі далей. Яны маўчалі, паглыбленыя ў думкі і зберагаючы сілы, бо неба аблажылі хмары, а спёка стала невыносная.
— Абат, — раптам сказаў Жан Маяр, — назіраючы за ім, я раптам западозрыў яго ў махлярстве.
Тама д'Арфёй запратэставаў — з тым большым абурэннем, што і яго самаго збянтэжылі і занепакоілі паводзіны чужынца.
— Мэтр Жан, — сурова сказаў ён, — асабіста я не ўбачыў нічога, акрамя ўрока міласэрнасці, дадзенага дзецям, якія, не маючы на ўвазе нічога кепскага, знайшлі сабе брыдкую забаву. І ўрок быў карысны. Яны больш не будуць гуляць у гэтыя жорсткія гульні.
— Прынамсі, нейкі час. Аман, абат.
А ён тым часам зноў абрынуўся на іншых пракажоных, як коршак на куранят.
Яны зноў дагналі яго ў вялікім паселішчы пракажоных, дзе вырашылі заначаваць. Гэта было апошняе паселішча перад праклятай зонай верхняга лепразорыя. У лекара тут была хаціна, дзе ён адпачываў пад час сваіх абходаў. Дастаўшыся туды пад вечар, лекар пайшоў паглядзець сваіх хворых, а потым далучыўся да абата. Сябры як маглі ўладкаваліся, каб павячэраць, пакуль брат Роз і абатаў слуга слалі пасцелі.
Як Жан Маяр даведаўся пад час абходу, чужынец яшчэ не пабыў у гэтай вёсцы, але навіна пра яго з'яўленне на Гары Хворых ужо даляцела таямнічымі шляхамі да тутэйшых пракажоных, і ўсе яны сабраліся на паляне, чакаючы яго.
Заклапочаны тым, каб у час свайго турнэ не ўпусціць ніводнай душы, ён, вядома, збочваў на кожную сцежку, якія віліся вакол гары, заходзіў у кожную хаціну і такім чынам ішоў па доўгай спіралі, у той час, як лекар і яго спадарожнікі падняліся самай кароткай дарогай.
Апусцілася ноч. Натоўп пракажоных на паляне выглядаў цяпер нейкай няяснай масай, і абат адчуў ад гэтага палёгку. Яго балюча ўразіла гэтая безліч гнойных балячак, мярзотных язваў, лахманы скуры, што віселі на панявечаных руках, якія часам, здавалася, былі гатовыя адарвацца ад цела, як ссохлыя пялёсткі, усе нягоды, якія сталі звыклымі ў гэтым ужо жахлівым месцы. Ён хацеў, хоць і не прызнаўся б у гэтым, каб цемра разагнала і смурод, які ішоў ад зборышча, смурод кепскай праказы, не такі, да якога ён ужо прызвычаіўся ў малым лепразорыі.
Калі ў хаціну ўварвалася хваля паветра яшчэ больш смярдзючая за іншыя, ён збялеў, ускочыў і рэзка прычыніў дошку, якая замяняла аканіцу. Потым яму стала сорамна за гэтую нестрыманасць, і ён, прыгнечаны, зноў сеў.
— Бедныя людзі, — прашаптаў ён.
— Праказа забівае паволі... — сказаў лекар. — Але вы дарэмна так засмучаецеся, абат. Хвароба дае і пэўныя выгоды.
— Сапраўды выгоды, — прашаптаў, падціснуўшы, як раз'юшаны леў, свае вялізныя губы Тама д'Арфёй.
— Вядома. Праказа добра адганяе ўзброеных людзей, а такое ліха, як вайна, здаецца, збіраецца надоўга пасяліцца ў нашым каралеўстве. Наша слаўная праказа прымушае ангельцаў трымацца воддаль. Ніводзін вораг каралеўства не наважыцца напасці на лепразорый — як і ніхто свой, дарэчы. І дзякуй богу. Я маю на ўвазе тых рыцараў, якія, быццам баронячы бедны люд, рабуюць вёскі, што трапляюцца на іх дарозе. Гара Хворых здаецца мне асяродкам міру і спакою. Так Усявышні ператварае зло ў даброць.
— Аман, бязбожнік, — сказаў Тама д'Арфёй, слаба ўсміхаючыся.
— Я не ўпэўнены, што пакінуў бы гэтае сховішча, каб зноў вярнуцца ў вар'яцкі свет, нават калі б гэта было магчыма.
Абат, разважаючы над апошнім выказваннем, быў ужо гатовы прыйсці да высновы, што філасофія — цудоўная штука, але гоман, які ўсчаўся на дварэ, прымусіў яго прыслухацца. Ён расчыніў акно, але не мог разабраць ні слова, бо, пачынаючы з пэўнай вышыні, на гары жылі хворыя, галасавыя звязкі ў якіх былі пашкоджаныя праказай, і іх гаворка нагадвала мала зразумелае чужым звярынае рыканне. Толькі лекар крыху разумеў прымітыўныя мовы, на якіх размаўлялі на розных паверхах гары. Ён пацвердзіў абату тое, пра што той ужо здагадаўся: чужынец быў блізка. Ён папрасіў брата Роза патушыць свечку. Сябры ўладкаваліся каля акна, шырыня якога якраз дазваляла ім прасунуцца сваімі вялізнымі галовамі. Яны пільна ўглядаліся ў цемру, чакаючы прыходу святога.
Пра яго з'яўленне абвясцілі бязладныя крыкі ўсіх пракажоных, якія ўсхапіліся на ногі. Ад гэтых крыкаў у сяброў заледзянела кроў. Пачварная фантасмагарычнасць таго, што адбывалася, агаломшыла іх, як бязглузды кашмар.
Як прэлюдыя да д'ябальскага відовішча, у лесе ўспыхнула некалькі мігатлівых агеньчыкаў. Яны мігцелі ўсё часцей, і ў хуткім часе таямнічае мігценне злілося ў адно цэлае, асвяціўшы лес магічным святлом. Тады на сцежцы, што выходзіла на паляну, з'явілася працэсія, падобная да карнавальнай.
На чале ішлі дзеці з паходнямі, над якімі ўспыхвалі чырвоныя языкі полымя. Але абат і лекар-філосаф акамянелі ад жаху, калі ўбачылі групу, якая ішла за дзецьмі, а брат Роз, якога цяжка было чым-небудзь збянтэжыць, глуха ўскрыкнуў, калі наважыўся зірнуць у шчыліну. Іх жах быў выкліканы і агіднасцю відовішча, і яго незразумеласцю, бо страшная, пачварная істота выглядала досыць экстравагантна. Яны ўбачылі вялізнае цела такой непамернай шырыні, што яно выступала па абодва бакі дарогі. Знізу яно трымалася на некалькіх нагах, а зверху яго вянчалі тры галавы.
Cerbero fiera crudele e diversa
Con tre gole caninamente...* —
машынальна прамармытаў Жан Маяр, выціраючы лоб.
* Цэрбер драпежны і люты.
Страшныя тры ў яго пашчы...
(Дантэ. «Боская камедыя». Пекла. Песня VI.)
Сапраўды, адзінае разумнае, што магло прыйсці ў гэтую хвіліну яму ў галаву, — гэта атаясаміць тую істоту з дэманам, які ахоўвае браму ў пекла.
Першае ўражанне ад гэтага д'ябальскага стварэння не дазволіла ім спачатку разглядзець яго як след. Калі ж яны прымусілі сябе зрабіць гэта — бо толькі так можна было скінуць з сябе здранцвенне, што іх ахапіла, — то заўважылі, што кожная асобная частка пачвары была агідная па-свойму. Абат, як толькі апамятаўся ад першага шоку і змог убачыць яшчэ нешта, акрамя страшнага цэлага, засяродзіў сваю ўвагу на галовах. Яны неадольна прыцягвалі позірк. У той, што злева, не было носа, ад губ засталіся толькі абрыўкі. Чорная дзірка пасярэдзіне твару нагадвала прорву, якую не можа асвяціць ніякі агонь. Што да правай, то на ёй не было месца, якое б нагадвала чалавечае цела, якое не гніло. Яна была суцэльнай язвай, гангрэнай, па форме аддалена падобнай да шара, і трэба было доўга ўглядацца, каб разгледзець на ёй нос і рот, схаваныя ў брыдкіх пухірах, ад якіх у святле паходняў падалі неверагодныя цені.
Трэцяя галава ў знямозе звесілася наперад. Яна ў такт хадзе матлялася то ўлева, то ўправа. Гэта навяло абата на думку, што яна імкнецца схаваць тое, што яна яшчэ больш мярзотная, чым дзве другія. А калі яна стала падымацца, то ў яго замерла сэрца ад прадчування, што ён убачыць твар. Сапраўды, галава павольна паднялася. Манахава трывога перарасла ў паніку, калі ён пазнаў твар незнаёмага. Гэта быў менавіта ён. Абапал яго ішлі пракажоныя з халуп, што стаялі ў баку ад паселішча; ім захацелася правесці яго да гэтага месца. Яны падтрымлівалі незнаёмага, амаль неслі. А ён так моцна абвіў рукамі шыі спадарожнікаў, так цесна да іх прыціснуўся, што тры целы здаваліся адным.
Жах знік адразу, як толькі яны зразумелі, што тут няма нічога звышнатуральнага. Абат сваім целам адчуў мярзотнасць блізкасці незнаёмага з гэтымі істотамі, і яго перасмыкнула ад агіды.
— Гэты чалавек святы! — з усяе моцы закрычаў ён, нібы хацеў пераканаць сам сябе. — Толькі святы можа вытрываць такое.
— Бясспрэчна, гэта святы, — сказаў Жан Маяр, — але я лічыў, што святасць нясе душам мір і спакой, а гэта сапраўдны шаленец. Вось ён зноў пачынае свае штукі.
Чужынец, адпушчаны пракажонымі, нейкі час стаяў прыгаломшаны, хістаючыся ў бакі. Але калі натоўп цесна абступіў яго, ён авалодаў сабой. Не адкладаючы на потым, нават не перавёўшы дыху, ён яшчэ больш прагна пачаў раздаваць пацалункі, укладаючы ў іх адначасова і палкасць пачуцця, і манатонную рытуальнасць цырымоніі. Ён распасціраў рукі для абдымкаў, падыходзіў да пракажонага, апантана прыціскаў яго да сябе, прыкладаўся вуснамі да брыдкай плоці, потым адпускаў яго і браўся за другога.
— Я памыляўся, калі падазраваў яго ў ашуканстве, — прамармытаў сам сабе лекар. — Ён з аднолькавай утрапёнасцю кідаецца на ўсіх пракажоных: мужчын і жанчын, дзяцей і старых, незалежна ад полу і ўзросту. Вар'ят? Святы вар'ят, ёсць і такія. З учарашняга дня гэты дзівак перацалаваў больш за пяць соцень пракажоных пыс, і яму ўсё яшчэ мала... Абат, я бачу толькі адно разумнае тлумачэнне.
— Разумнае тлумачэнне, — з насмешкай сказаў абат.
— Грэшнік, грэшнік, які каецца, якога турбуюць, не даюць спакою пакуты сумлення і які спадзяецца ўратаваць сваю душу, заслужыць колькасцю такіх учынкаў месца ў раі, на якое страціў права. Але каб абудзіць у ім такую заўзятасць, такую прагу ахвяравання, трэба было нагадаць яму пра нейкае незвычайнае злачынства.
— Хама Няверлівы, — сказаў Тама д'Арфёй, — калі ўжо ты пакінеш выпінацца з жылаў, шукаючы тлумачэнняў дабрачыннасці божай? Гэта святы.
— Такая ўжо мая прафесія, шукаць тлумачэнні, — адказаў лекар, — а сам я прывык лічыць, што зацікаўленасць — магутны штуршок да ўчынкаў. Нават да святых.
Ён зноў уважліва паглядзеў у акно і, крыху памаўчаўшы, сказаў сур'ёзным тонам:
— Шчыра кажучы, я збянтэжаны. Сапраўды, яго гераізм наводзіць на думку пра падтрымку найвышэйшай сілы... Але чаму Ўсявышні не даў свайму абранцу больш прывабнага твару? Вы звярнулі ўвагу на гэты брыдкі кручкаваты нос, бледную скуру, скуласты твар, упарта сціснутыя тонкія вусны?.. Ці не хавае гэты водар ладану і мірту, які вы ўчора пачулі, які ўсіх ап'яняе, каго ён цалуе, ці не хавае гэты водар сернага смуроду?
— Ты сам д'ябал! — прашаптаў абат. — Ты не верыш у бога і хацеў бы пераканаць...
— Вядома, я памыляюся. Сатана ўсяго толькі папоўская выдумка, якая натхніла месіра Дантэ на цудоўныя вершы. Але зірніце на яго цяпер.
Чужынец стаяў пасярэдзіне паляны, шчыльна аточаны натоўпам. Абат ізноў падышоў да акна і ўбачыў, як яго доўгая постаць, што ўзвышалася над натоўпам, схілялася ў святле паходняў, якія дзеці трымалі ў выцягнутых руках, над немаўляткам, што працягнула яму пракажоная.
Мажліва, словы Жана Маяра пасеялі трывогу ў душы абата? Мажліва, безліч пачуццяў, якія ён толькі што перажыў, стварылі спрыяльную глебу для галюцынацый? Можа, дрыготкае полымя паходняў нейкім фантастычным чынам скажала рэчаіснасць? Але старога ахапіў жах, калі ён убачыў твар. святога, які ў гэты момант, здавалася, быў наліты лютай злосцю. Паводзіны малога яшчэ больш узмацнілі гэтае ўражанне. Дзіця так крычала і білася, што маці ледзьве магла яго ўтрымаць. Тыя некалькі секунд, пакуль святы стаяў, схіліўшыся над малым са страшным выразам твару, які быў падобны да сатанінскага, абату здавалася, што ён бачыць ахвяру, аддадзеную пачварнаму людаеду.
Ён заплюшчыў вочы і перажагнаўся. Калі ён іх зноў расплюшчыў, галюцынацыя знікла. Святы выпрастаўся і перайшоў на іншае месца.
Малое толькі слаба скуголіла. Манах прыклаў руку да лба і выказаў сваё незадавальненне лекару, чые блюзнерскія размовы маглі пасеяць сумненні ў простых і чыстых душах.
— Пагаворым з ім? — спытаўся той, паціснуўшы плячыма.
Абат вагаўся. Ён адчуваў, што падзеі гэтага вечара зламалі яго і цяпер ён стаў амаль абыякавы да перспектывы змяшацца з натоўпам пракажоных.
— Пачакаем да заўтра. Ён павінен будзе пайсці адпачыць.
— Каб сярод ночы ісці далей... Хоць вы, відаць, маеце рацыю. Ён спыніцца, калі абыдзе ўвесь лепразорый, чаго пры яго тэмпах чакаць ужо нядоўга. Дзе-небудзь каля вяршыні мы яго дагонім... Абат, вас не цікавіць, як ён успрыме пракажоных праклятай зоны?
Месіра Тама д'Арфёй перасмыкнула, але ён нічога не адказаў, і сябры леглі спаць.
У халупе быў толькі адзін пакой. Як толькі патушылі свечку, лекар зноў загаварыў:
— Калі ён не пабаіцца абняць пракажоных там, угары, калі не пакажа ніякай агіды да чорнага страшыдлы, што жыве на вяршыні, тады, думаю, нават я сам схілюся перад ім і прызнаю яго святым.
Яны выправіліся ў дарогу на світанку, бо наперадзе іх чакаў нялёгкі шлях: сцежка крута падымалася ўгору. Як і прадбачыў Жан Маяр, чужынец выйшаў раней за іх. Як і напярэдадні, ён ішоў па спіралі, радыус якой паступова змяншаўся. Паказвала на навальніцу: парыла. На цяжкіх пад'ёмах у абата пачыналася задышка,і ён раз-пораз спатыкаўся.
Яны ішлі па пустэльнай мясцовасці, паміж змрочных выветраных скал, якія грувасціліся абапал сцежкі і пазначалі ўваход у верхні лепразорый.
— Вось і дзевятае кола і яго знядоленыя жыхары.
O sovra tutte mal cteata plebe,
Che stai nel loco onde parlare e duro
Me foste state qui pecore o rebe!*
* О вы, няшчасныя! Такая ваша доля —
Пакутаваць у гэтым страшным месцы,
Дзе нават пазайздросціш і жывёле!
(Дантэ. «Боская камедыя». Пекла. Песня XXXII.)
— Я не разумею па-італійску, — змрочна сказаў абат, — але я сам сабе думаю, што ваш фларэнтыец знайшоў бы тут яшчэ некалькі жахаў для свайго пекла.
— Адзін дык акурат, — сказаў лекар, спыняючыся, каб перавесці дых, — ягонае пекла было безданню, і ў яго спускаліся. Наведнікі не рызыкавалі задыхнуцца, як мы, пры ўзыходжанні.
Стары не ўсміхнуўся, крыху пастаяўшы, ён рушыў далей, цяжка ступаючы, потым спытаўся сур'ёзным тонам:
— Ці доўга яшчэ засталося тым, хто тут?..
— Некалькі месяцаў, а можа, гадоў. Я ведаў пракажонага, цела якога было спрэс гной, у ім кішэла ўсякая нечысць. У такім стане ён жыў яшчэ доўга.
У абата вырваўся ўздых.
— Праказа забівае павольна, і ён быў гэтаму рады. Ён баяўся смерці, — дадаў Жан Маяр.
Яны падняліся яшчэ вышэй. Конус гары рабіўся ўсё вузейшы. У абата буйнымі кроплямі выступіў пот, які вельмі, як яму здавалася, смярдзеў. Яшчэ ніколі ён не адчуваў цяжару гадоў і хваробы так, як у гэты дзень.
Трэба сказаць, што стаяла страшэнная духата. Цёмныя хмары грувасціліся над далінаю. Горад і наваколле ўсё яшчэ былі схаваныя пад бледна-чырвоным покрывам. Лекар паспрабаваў пераключыць увагу свайго спадарожніка на гэтае відовішча.
— Дзіўна, абат. Гэта, бясспрэчна, пыл, і стаіць ён ужо тры дні. Дарогі павінны быць ушчэнт разбітыя няспыннай людской плынню. Якім кірмашом, якім святам можна ўсё гэта растлумачыць?
— Адкуль мне ведаць? Вайна, паніка, мажліва, — раздражнёна адказаў абат. — «Што нам да таго», — казалі вы ўчора. Ворагі каралеўства нас не чапаюць.
Вялебны Тама д'Арфёй меў сапраўды кепскі настрой. Прычыны таго былі розныя. Перш за ўсё таму, што верхні лепразорый заўсёды выклікаў у яго панурыя думкі. Хоць лекар і запэўніваў яго, што ягонае цела ўжо не зазнае істотных пашкоджанняў, абату часам бачыўся ў абліччах некаторых жыхароў праклятай зоны яго ўласны партрэт у будучыні, і гэта было для яго невыносным. Да таго ж ён вінаваціў свайго сябра за сумненні, якія той унёс у яго душу, што да святога. Ён злаваўся на яго за тое, што лекар паступова нішчыў радасць, якую ён адчуваў пасля з'яўлення незнаёмага. Уночы яго мучылі недарэчныя кашмары: анёлы ператвараліся ў дэманаў.
Жан Маяр не настойваў. Яны доўга ішлі моўчкі. Падыходзячы да вяршыні, яны заўважылі таго, хто нарабіў ім столькі клопату. Чужынец сядзеў на скале, непадалёк ад некалькіх буданоў апошняга перад вяршыняй паселішча.
Ніводнага пракажонага не было відаць, але яны адчувалі позіркі, што пільна сачылі за імі з-за складзеных з галля сцен. Пракажоныя тут часцей за ўсё не пакідалі сваіх вартых жалю логваў, нібы саромеючыся паказацца на белы свет.
Здавалася, што чужынец спаў, апусціўшы галаву. Ён заўважыў іх толькі, калі яны падышлі зусім блізка. Тады ён ускочыў і павярнуўся да іх зняможаным тварам. Лекар вельмі мякка сказаў:
— Ты зусім знясілены ці, прынамсі, выглядаеш так. Твая смеласць і твая заўзятасць здзіўляюць нас, але няма сэнсу дзеля міласэрнасці губіць самога сябе, і ты зробіш лепш, калі будзеш ашчаджаць свае сілы. Наш абат і сам святы чалавек, але ён скажа табе, што калі ты хочаш доўга аддаваць сябе іншым, дык трэба берагчы здароўе. А ты, я бачу, вось-вось знепрытомнееш.
— Гэта спёка, — прашаптаў святы.
Ён па-ранейшаму гаварыў праз упарта сціснутыя зубы, ад чаго губы выцягваліся ў дзіўную грымасу; але голас яго быў ужо не такі глыбокі. Ён быў ледзь мацнейшы за шэпт.
— Брат мой, — сказаў абат, — мэтр Жан Маяр даў мудрыя парады. Я казаў табе: у тым, што датычыць нашага фізічнага здароўя, няма чалавека больш дасведчанага за яго. Таму, калі ты згодны, то зменшы свой запал. Вярніся з намі ў манастыр, дзе ты адпачнеш. А заўтра з новымі сіламі прадоўжыш сваю місію.
— Твае рукі дрыжаць, — дадаў лекар, — я ўпэўнены, што ў цябе гарачка.
Ён памкнуўся ўзяць яго за руку. Чужынец ускочыў і адступіўся на некалькі крокаў. У яго змрочных вачах успыхнуў шалёны агонь.
— Мне яшчэ трэба ўбачыць тых, хто жыве тут, — сказаў ён тым самым прыдушаным голасам.
Ён перасіліў знямогу, цвёрдымі крокамі накіраваўся да бліжэйшага будана і ўвайшоў у яго. Лекар, хітаючы галавой, рушыў за ім, бо ў яго былі там справы. Брат Роз з медыкаментамі пайшоў следам. Абат не мог прымусіць сябе наблізіцца да клаакі, з якой несла агідным смуродам. Ён сеў на зямлю непадалёку і пачаў чакаць.
Жан Маяр выйшаў, змяніўшыся з твару. Ён загаварыў сур'ёзным, нязвыклым для яго тонам.
— Абат, — сказаў ён, — я каюся за мае насмешкі і падазрэнні. Сапраўды, у ім ёсць нешта звышнатуральнае. Тое, што ён зрабіў пры мне, пераходзіць межы ўсякага гераізму, бо кажу вам, тых, хто тут жыве, можна параўнаць з гнілымі трупамі. Я, лекар, пракажоны, здатны толькі кранацца іх кончыкамі пальцаў, адвярнуўшы твар. Ён жа нават не здрыгануўся.
— І ён іх аб...
— Так, ён іх моцна абняў і прыціснуў да сябе гэтак жа палка, як і іншых.
Нейкі час Тама д'Арфёй маўчаў. Яму было непамысна. Ён не мог знайсці адпаведных слоў, каб ухваліць гэты незвычайны ўчынак. Урэшце ён выціснуў з сябе:
— Бог надзяляе сваіх абранцаў такой смеласцю, якая мяне бянтэжыць. Я адчуваю сябе непаўнацэнным.
— Я таксама, — прызнаўся лекар.
— Хіба ўсе людзі не браты? — пачулі яны шэпт ззаду.
Яны здрыгануліся. Гэты невыразны і разам з тым пагардлівы голас цяпер выклікаў у іх інстынктыўную агіду.
Святы абышоў усе халупы і цяпер пакідаў паселішча. Ён сеў непадалёку ад іх, прыклаў руку да грудзей і не варушыўся.
Яны збіраліся падысці да яго, калі раптоўны пошуг ветру адцягнуў іх увагу. Яны міжволі павярнуліся, падстаўляючы спацелыя твары ягонай адноснай прахалодзе, і заўважылі перамены, што адбыліся з краявідам: покрыва пылу, што засцілала даліну, дзе-нідзе прарвалася і праз гэтыя дзіркі сталі відаць асобныя яе мясціны. У той самы момант сонца, прабіўшы хмары, высвеціла шматлікія дэталі. Як яны і меркавалі, на дарогах панавала небывалае ажыўленне. Брат Роз, які меў востры зрок, апісваў ім вазы, конных і пешых. Ён казаў, што ўсе ідуць у адным кірунку — з горада.
— Гэта падобна на ўцёкі, — сказаў Жан Маяр, — несумненна, вайна, але...
Ён не скончыў фразы і задумаўся. Пошугі ветру зрабіліся больш працяглымі. Раптам абат, які ўцягваў паветра на поўныя грудзі, здрыгануўся і паглядзеў на сябра. Той, як і ён сам, са збянтэжаным выглядам уцягваў паветра вялізнымі ноздрамі.
— Вы адчулі?
Жан Маяр кіўнуў галавой на згоду і зноў стаў прынюхвацца.
— Ці не мярцвячынай пахне? Нехта з нашых небаракаў...
— Гэта не можа быць з гары. Мы стаім спінай да паселішча, а гэты смурод прыносіць вецер. І потым, іхняя падла заўжды смярдзіць праказай, а гэта праказай не пахне, я ў гэтым гатовы прысягнуць.
Нейкі час яны ў нерашучасці маўчалі. Вецер сціх, і смурод прапаў. Яны зноў былі павярнуліся да чужынца, які нерухома ляжаў на зямлі, калі іхнюю ўвагу зноў адцягнулі прарэзлівыя гукі, падобныя да ляскоткі. Яны даносіліся з самага верху гары і, як здавалася, набліжаліся.
Жах і паніка адразу ахапілі Гару Хворых, нібы гэтыя гукі былі знакам трывогі. З буданоў пачулася невыразнае ўстрывожанае мармытанне, дзверы рэзка парасчыняліся. Абатаў слуга, скінуўшы свой груз, кінуўся наўцёкі ўніз па схіле. Брат Роз замармытаў нешта поўным жаху голасам.
— Мурын, мурын!
Дабрачынны манах з поўнай абыякавасцю прайшоў усе кругі мясцовага пекла, уваходзіў услед за лекарам у страшныя буданы, дапамагаў перавязваць агідную плоць, але з набліжэннем чорнага пракажонага страціў усю сваю смеласць. Калі ён суправаджаў Жана Маяра ў абходах верхняга лепразорыя, то ніколі не падымаўся на самы верх. Лекар ішоў туды адзін. Ды і сам ён мусіў звяртацца да свайго прафесійнага сумлення і ўсёй сваёй філасофіі, каб наблізіцца да абісінца.
Тым часам гукі набліжаліся, і ён паспрабаваў пажартаваць, аднак у яго голасе бракавала ўпэўненасці:
— А вось і сатана, які жыве на вяршыні. Усё, як у месіра Дантэ, выходзіць, у нашым пекле ёсць усё.
Абат трымцеў і адчуваў, што ў яго падгінаюцца ногі. Ён не мог вымавіць ні слова. На павароце сцежкі, якая спускалася да іх, з'явілася жудасная постаць. У гэты момант чужынец, здаецца, ачомаўся і ўзняў галаву. Ён устаў. Яго вяло ўбок, але непахісная воля, здавалася, і на гэты раз перамагла стому. Мурын спыніўся непадалёк ад яго, здзіўлены тым, што ён не ўцякае. На ім быў поўны ўбор пракажонага: шэрая вопратка з выразна бачным чырвоным сэрцам на грудзях. Чорны вэлюм хаваў яго твар.
Чужынец раскінуў рукі і зрабіў крок яму насустрач. Абат інстынктыўна здрыгануўся і не змог стрымацца, каб не крыкнуць:
— Не, брат мой! Не! Толькі не яго, не гэтага! Бог гэтага не патрабуе! Бог не можа патрабаваць такога!
Брат Роз, нягледзячы на бязмежную павагу да святога, не мог вытрымаць гэтага відовішча. Ён лёг на зямлю і закрыў галаву рукамі.
— Хіба ўсе людзі не браты? — прашаптаў святы.
— Не замінайце яму, — прамармытаў Жан Маяр, — магу вас запэўніць, што праказа знявечыла яго менш за іншых.
— Ён жа чорны, — прастагнаў прыгнечаны тым, што адбываецца, Тама д'Арфёй.
Чужынец зрабіў яшчэ крок. Абат у адчаі махнуў рукой. У гэты момант, быццам каб памацніць яго роспач, вецер зноў прынёс смурод. Адразу ўсё наваколле напоўнілася жахлівымі міязмамі, якія перабілі адвечны смурод праказы, не змешваючыся з ім. Абат і лекар не маглі паварушыцца ад агіды. Чужынец не зважаў на гэта і ішоў проста да мурына.
Але той пачуў смурод, і гэта неяк асабліва падзейнічала на яго. Надзвычай хуткім рухам, падобным да таго, як птушкі ўзнімаюць галовы, ён павярнуўся сваім схаваным пад вэлюмам тварам у бок даліны і на некалькі секунд замёр, нібы ўбачыў удалечыні нейкі звышнатуральны знак. Чужынец, распасцёршы рукі для абдымкаў, набліжаўся, і мурын гэтак жа механічна павярнуўся да яго. Абат зусім страціў уладу над сабой.
— Не давайце яму, — закрычаў ён, — у імя любові да бога! Кажу вам, бог не можа гэтага жадаць! Ён ачмурэў ад гэтага паху...
— Гэты пах, — прашаптаў Жан Маяр. — Колісь у Італіі, мне здаецца...
Лекар выглядаў збянтэжаным. Ад намагання прыгадаць вельмі старое перажыванне зморшчыны на яго гратэскным лобе прарэзаліся яшчэ глыбей.
Ён адарваўся ад сваіх думак, калі манахі пачалі зацята жагнацца. Чужынец падышоў да пракажонага. Сваю любоў і міласэрнасць ён праявіў гвалтам. Рэзкім рухам ён сарваў вэлюм з мурына, і ўсе ўбачылі яго твар, запухлы, вялізны, знявечаны, але галоўнае — чорны, як у дэмана, толькі сінюшныя плямы праказы выдзяляліся на ім. Святы абняў гэтае мярзоцце і прыпаў губамі да яго шчакі.
Абдымкі былі нядоўгія. Тое, як раптоўна яны скончыліся, зусім збіла з тропу прысутных.
Спачатку мурын схапіў аберуч галаву святога і адвёў ад свайго твару, на якім, нягледзячы на зверападобнасць, было напісана чалавечае пачуццё: страх.
Нейкі час ён разглядаў яго, потым, не выпускаючы, павярнуўся ў бок даліны, зрабіўшы неверагодна рэзкі рух, які моцна нагадваў рэфлекс напалоханай жывёліны. Яго ноздры надзімаліся, нібы яму хацелася надыхацца гэтым пахам, які яшчэ ахінаў схілы гары. Пакуль ён так стаяў, страх усё больш акрэсліваўся на яго твары, у яго рысах і вачах чыталіся жах, жудасць і роспач, калі тым жа машынальным рухам ён зноў перавёў позірк на святога.
Тады яго вусны, пакрытыя агіднымі пухірамі, растуліліся. З іх вырваўся крык, ад якога задрыжала ўся Гара Хворых, а ў пракажоных верхняга лепразорыя захаланула кроў. У той самы момант мурын далёка адштурхнуў святога з сілай, якую мог даць толькі смяротны жах. Святы, спатыкаючыся, зрабіў некалькі крокаў назад, зваліўся на зямлю і знерухомеў, нібы зламаная лялька.
Мурын павярнуўся да Жана Маяра і сказаў некалькі слоў на сваёй варварскай мове.
Потым ён павярнуўся і кінуўся бегчы, пасылаючы праклёны небу, пад жалобны акампанемент ляскоткі.
Знікненне мурына быццам бы крыху супакоіла абата. Ён яшчэ раз перажагнаўся і спытаўся ў сябра:
— Што ён сказаў?
Жан Маяр адказаў не адразу. Ён стаяў збялелы. Зморшчыны на яго твары прарэзаліся яшчэ глыбей. Яму здавалася, што абрыўкі ўспамінаў, якія перад тым невыразна ўсплылі ў памяці, пачалі злівацца ў звязанае цэлае, сэнс якога ён быў ужо гатовы раскрыць. Але раней нават, чым ён паспеў зразумець і ясна выказаць разгадку гэтай таямніцы, ён скамянеў ад прадчування жахлівасці свайго адкрыцця. Ад гэтага прадчування ён страціў сваю звычайную спакойнасць. Урэшце ён загаварыў перарывістым голасам:
— Ён сказаў... праўда, я зразумеў толькі адно слова — чорны... Дайце падумаць... Так, чорны. Ён казаў пра нешта чорнае, гэта дакладна, я добра ведаю гэтае слова яго мовы. Ён часта з засмучаным выглядам паўтараў яго мне і біў сябе ў грудзі... Тады ён відавочна меў на ўвазе свой колер... Але цяпер гэта не тое.
Яго разважанні перапыніла новая хваля смуроду. Раптам ён падышоў да чужынца, які ляжаў па-ранейшаму нерухома, і сурова сказаў:
— Ты прыйшоў з горада, як ты нам казаў, і павінен ведаць, што там адбываецца. Спачатку мы думалі, што гэта нейкае вялікае свята, але...
Ён ускрыкнуў, убачыўшы твар чалавека, які ляжаў на зямлі. Твар святога зрабіўся як у мерцвяка і, здавалася, распадаўся на вачах.
— Абат, гэты чалавек памірае.
— Сапраўды свята! — прашаптаў святы з жудаснай грымасай на твары.
Ён паспрабаваў устаць, але яго галава цяжка ўпала. Ён заплюшчыў вочы і знерухомеў. Жан Маяр, забыўшыся пра ўсё, акрамя сваіх прафесійных абавязкаў, стаў на калені і прыклаў галаву да яго грудзей. Ад гэтага дотыку святы расплюшчыў вочы, яго твар ажыў, дзіўна вышчарыўся. Апошнім намаганнем ён абняў і канвульсіўна прыціснуў лекара да сябе, шэпчучы:
— Брат мой!
Жан Маяр рэзка вырваўся. На яго твары быў такі самы жах, і ноздры раздзімаліся, як у мурына. Ён яшчэ больш збялеў.
— Водар святасці рассеяўся, абат! — закрычаў ён. — Застаўся толькі смурод, такі самы, які далятае з горада. Вядома, праказа так не пахне, не можа пахнуць!
У гэты момант святы перабіў яго. Яго ахапіў магутны прыступ гарачкі, і яе хваравітая энергія раптам вылілася ў бязладны паток слоў:
— Свята, кажаце?.. Ах, якое свята! З шэсцем... шэсцем мёртвых... воз з мерцвякамі ўночы. Гэта я іх вазіў. Ніхто больш не асмельваўся. Я сам скідаў мёртвых, а часам і не зусім яшчэ мёртвых, у магілы. Толькі я ішоў прэч, як ваўкі прыходзілі разграбаць зямлю. Пасля мяне ніхто не асмеліцца хадзіць за возам... Але хіба ўсе людзі не браты?
Ён залямантаваў. Яго нечакана гучны голас разляцеўся над усёй гарой. Упершыню ён шырока раскрыў рот, развёўшы сківіцы, быццам, выканаўшы сваю місію, ён ужо не меў патрэбы стрымлівацца. Стаў відаць яго чорна-сіні, раздуты, як бурдзюк, язык, які яму ўдалося з учарашняга дня нікому не паказаць, і такое самае паднябенне, ад якога ішоў густы смурод.
— Дарагі доктар, мілы доктар, я цябе пазнаў. Калі я захварэў, ты падышоў да мяне на дзесяць крокаў, толькі на дзесяць, у недарэчнай масцы і пракураны ладанам. Гэта ты загадаў забіць мае дзверы, але ты забыўся пра акно і пакінуў нейкія свае парфумы... Ты забараніў усім набліжацца да майго жытла. Ты паставіў на ім белы крыж і напісаў: «Божа, злітуйся з нас».
— Божа, злітуйся з нас, — як рэха, прашаптаў Жан Маяр, якога нібы маланка ўдарыла.
— Ніхто не злітаваўся з мяне; але я не пабаяўся абдымаць пракажоных... і цябе, любы лекар-пракажоны. Кажаш, праказа забівае паволі?.. Ха, ха! А хіба я сам не выдатны лекар, найлепшы лекар?
— Абат, — закрычаў Жан Маяр, які выйшаў са здранцвення, — абат! Ваш святы... Наш святы!..
У парыве лютасці ён кінуўся на гэтага чалавека, які зноў адкінуўся назад і страціў прытомнасць. Некалькімі рэзкімі, ліхаманкавымі рухамі ён задраў да шыі яго доўгую рудую хламіду і сарваў сподняе. Абат убачыў, як ён пахіснуўся і адступіў на крок перад той апошняй жахлівай карцінай, якая яму адкрылася.
Страшныя пухліны, брыдкія плямы агідна чорнага колеру пакрывалі пах святога. Такія самыя злавесныя плямы былі пад пахамі і пачалі з'яўляцца ў іншых мясцінах на целе. Гэтыя плямы, якія былі ўжо вялікія і месцамі зліліся ў адно, пачалі ўбіраць цела ў пахавальны саян.
Лекар брыдка вылаяўся. Ён увесь калаціўся ад лютасці. Павярнуўшыся да сябра, ён закрычаў, паказваючы пальцам на злавесныя знакі:
— Пошасць, у сто разоў больш заразная і ў тысячу разоў страшнейшая за праказу, абат! Хвароба, ад якой паміраюць за пяць дзён! ЧОРНАЯ ЧУМА!