Аўтобус пад'язджаў да Рыма.
— Мадам і месье, — пачуліся словы гіда, які сядзеў побач з шафёрам, давяральна схіліўшыся над мікрафонам, — мы цяпер едзем па так званай Кампанія Рамана*. Хутка вы ўбачыце сем пагоркаў Вечнага Горада. Мы знаходзімся ў кутку свету, які быў апеты найвялікшымі паэтамі і даў сюжэты для славутых карцін. Гэты ўрадлівы да самага канца існавання Рымскай імперыі край выглядае цяпер спустошаным, але тым не менш велічным...
* Назва мясцовасці, якая ляжыць на поўдзень ад Цібра, паміж морам і Апенінамі.
«Вось яна, гэтая Кампанія Рамана, — падумаў Арман, — над якой ліў слёзы Шатабрыян, над якой Гётэ... над якой Стэндаль... і столькі іншых, і столькі фраз, слоў...»
— У цябе ёсць Стэндаль?
— Ёсць, любы, — сказала маладая жонка Армана, з якой яны былі ў вясельным падарожжы.
Лора, як і ён, скончыла філалагічны факультэт, і таму яны былі ўпэўненыя, што, працуючы ўдваіх, змогуць жыць спакойна. Яны мелі ўсё, каб быць шчаслівымі.
Арман адгарнуў «Старонкі Італіі», выдадзеныя Марціно, на 232 старонцы і ціха, усхваляваны гукам уласнага голасу, прачытаў: «За тры ці чатыры лье ад Рыма пачынаеш заўважаць гэтае поўнае бязлюддзе, гэтае цудоўнае запусценне, пра якія гаварылі столькі падарожнікаў. Калі б такому вялікаму манарху, як Напалеон, удалося акультурыць гэтыя землі, Рым страціў бы тры чвэрці сваёй прыгажосці. Я еду і бачу краявіды, якія выклікаюць захапленне, гэта значыць сумныя, спакойныя, грандыёзныя, якія глыбока кранаюць душу...»
— Што з табой, дарагая?
— Не, нічога, — сказала яна. — Гэта спёка. Зараз пройдзе...
Але гэта не праходзіла. Трэба было спыніць аўтобус. Лорын твар пазелянеў. На лбе блішчалі буйныя кроплі халоднага поту. Арман падтрымліваў ёй галаву над адной з тых канаў, што бачылі рымскія легіёны і самога Стэндаля, які, паміраючы ад суму, пакідаў Чывітавек'я. Горад гэты можна было бачыць і цяпер, адлюстраваны на сценках паліўных рэзервуараў, знемагаючы ў белым святле.
— Мне лепш, — сказала яна, — ужо лепш. Не хвалюйся... Зараз паедзем, я заплюшчу вочы, паспрабую заснуць.
— Але ты нічога не ўбачыш, — сказаў Арман.
— Нічога, ты мне раскажаш. Я ўбачу ўсё тваімі вачыма...
Гэта кранула Армана да слёз. Лора не была прыгожай, але між імі існавала вялікая інтэлектуальная блізкасць. Да таго ж наперадзе ў іх было ўсё жыццё.
Яны селі ў аўтобус. Яна прыпала тварам да яго пляча. Ён прыкрыў вочы рукой. Яна сказала: «Расказвай».
Арман глядзеў на пралысіны ўзгоркаў, на вялізныя яркія рэкламныя шчыты, што ўзвышаліся тут і там і настойліва патрабавалі ад аўтамабілістаў ужываць аперытыў Бранка і машыннае масла Эсо.
«Але, зрэшты, — падумаў ён, — Стэндалю, магчыма, спадабалася б сустрэць у гэтым поўным бязлюддзі і цудоўным запусценні рэкламу тканін фірмы...»
Ён меў на ўвазе букеты чырвоных металічных ружаў, разоў у дваццаць большых за звычайныя, прымацаваныя на слупах, якія стаялі на роўнай адлегласці ўздоўж дарогі.
— Ведаеш, любая, гэта вельмі прыгожа. Але вельмі цяжка пра гэта гаварыць, менавіта таму, што вельмі прыгожа. Таму, што нічога і няма. У сутнасці, гэта прыгажосць успамінаў. Я задаю сабе пытанне, што павінны думаць тыя, хто не атрымаў класічнай адукацыі? Асабіста я згадваю падручнік лаціны і граматыку Крузэ. Гід сказаў, што мы ўедзем у Рым праз браму Народа, якую перабудаваў Мікеланджэла. Я якраз успомніў, што Стэндаль піша, як ён уязджаў праз гэтую самую браму Народа і мытнікі сваімі адміністрацыйнымі прычэпкамі прымусілі яго пачакаць. Гэта неверагодна, як адна дэталь можа ўсё сапсаваць. Ты Стэндаль, ты прыязджаеш у Рым, збіраешся завесці сабе тут каханку... і ты рвеш горла з «фараонамі», якія прымушаюць цябе гібець у пыле!
— І ты таксама, — сказала яна, — ты едзеш у Рым са сваёй няшчаснай жонкай, у якой баліць сэрца, у аўтобусе, і яна не дае табе жыцця. Сапраўды, адна дэталь можа ўсё сапсаваць...
— Не будзь дурніцай, — сказаў Арман, — я не Стэндаль. Вось і пагоркі. Сем пагоркаў. На іх растуць прыморскія хвоі.
Арман адной рукой знайшоў у Стэндаля фразу пра прыморскія хвоі, у той час як другой гладзіў мокры Лорын лоб. «Маркотныя хвоі вянчаюць з усіх бакоў пагоркі Вечнага Горада».
— Цікава, які эфект можа мець простая фраза. Я сказаў бы: «Вось сем пагоркаў, увянчаных прыморскімі хвоямі...» А «маркотныя хвоі» і «Вечны Горад» усё мяняюць...
— Мне лепш, — сказала Лора.
Вулічны рух зачараваў іх. Цьмяны бляск пазелянелых помнікаў прымусіў іх забыцца пра ўсе нягоды, якія выпалі на апошнюю частку падарожжа. Турыстычнае агенцтва забраніравала для іх так званы «пакой маладажонаў» з адным вялікім ложкам у гатэлі, што ўзвышаўся над горадам на вяршыні пагорка Авянцін, які меў у іхніх вачах такую вартасць, што ім цяжка было паверыць, што тут могуць быць кавярні, гандляры, паштоўкі.
Яны заўсёды ўяўлялі Авянцін як вялізную сцэну, дзе ідзе вечнае прадстаўленне вялікіх пачуццяў трагедыі, якую выконваюць акторы ў масках. Іх здзівіла, што яны знайшлі там твары, падобныя на іхнія.
Арман назіраў, як Лора парадкавала свае рэчы ў шафе іхняга пакоя для маладых. Маладая жанчына зачынілася ў ваннай на засаўку, нібы ёй трэба было чагосьці асцерагацца. Арман выцягнуўся на ложку і слухаў спеў птушак, якія пераляталі па галінах хвой. Да гэтага спеву дадаваліся глухія ўдары — гэта на тэрасе выбівалі дываны. Ён уявіў іх яркія колеры, колеры раскошы і задавальнення. Калі Лора выйшла, ён з непрыемнасцю адзначыў, хоць і так добра гэта ведаў, што яна была ўсяго толькі нізенькай жанчынай, даволі пагляднай, але ўжо пабляклай і занадта тоўстай. Але не трэба было думаць пра будучыню.
— Ну што, дарагая, — сказаў ён, — пойдзем вячэраць? Так?
Яна адказала: «Вядома». Яна чакала не гэтага. Яна не ведала, чаго яна чакала, але не гэтага.
Яна паклала свае прычындалы ў белую сумку, якую ён купіў ёй у Бардзігера, на граніцы, калі яны былі шчаслівыя, паўтараючы адно аднаму, што яны ў Італіі, і іх забаўлялі каўбасы і сыры ў форме каўбас, пляшкі з к'янці, падвешаныя за горла і аплеценыя саломай. Яна знайшла дзве паштоўкі, якія яны купілі ў Пізе, на Кампа Санта, пасля таго як з захапленнем любаваліся падаючай вежай. Яны сталі разглядаць іх разам. На паштоўках быў намаляваны д'ябал, рагаты, прышчавы, закаваны ў жалеза. Сваімі рукамі ён, як спрут, абвіваў мноства голых цел нявольнікаў, якія поўзалі на карачках, паказваючы зад. Верхам на іх сядзелі меншыя дэманы і гналі іх праз пакуты.
— Фантастыка, — сказала Лора.
— А, — сказаў Арман, — гэта не супадае з тым, што ўсе думаюць пра Італію як пра шчаслівую краіну... Я ўпэўнены, што тут людзі не могуць сур'ёзна верыць у д'ябла.
Ён абняў яе.
— Я кахаю цябе, — сказаў ён.
— Праўда? Ты кахаеш мяне? Ты ўпэўнены?
— Але, — сказаў ён, — я кахаю цябе.
— Не, любы, — сказала яна. — Я не люблю гэтага святла.
— Тады пойдзем пагуляем, павячэраем, — сказаў ён.
Спачатку яны пайшлі выпіць гаркаватага аперытыву на тэрасе кавярні на вуліцы Віторыа Венета. Гэта была летняя кавярня, якія бываюць на беразе мора. Яе белы, зялёны і блакітны колеры вылучаліся на цёмна-чырвоным фоне будынкаў. Арман праводзіў вачыма маладых жанчын, што праходзілі міма. Амаль усе яны былі прыгожыя, большасць загарэлыя, аднак некаторыя былі і вельмі бледныя, амаль белыя, захаваўшы сваю белізну ў ценю кватэр, дзе сцены былі з ружовага мармуру. У іх былі вельмі высокія грудзі.
— А жанчыны тут прыгожыя...
— Не ведаю, неяк не задумвалася...
— Праўда, — сказаў Арман, — гэта бясспрэчна. Яны частка пейзажу. Яны створаны якраз для гэтых вуліц...
Лора неяк няўпэўнена ўсміхнулася.
— А я, — сказала яна, — я не створана для гэтай краіны?
Арман пяшчотна абхапіў яе за плечы.
— Ты? — сказаў ён. — Я кахаю цябе...
Ён заўважыў, што на левай ноздры ў яе ўскочыў прышч, і яго раптам ахапіла пачуццё абавязку, якое немагчыма было растлумачыць.
Яны купілі ў кіёску кухарскую кнігу за дзвесце лір, багата ілюстраваную, бо Лора вырашыла, што, калі яны вернуцца і ўсталююцца, яна дзеля забавы будзе гатаваць ім простыя італійскія стравы, хоць асаблівай ахвоты гатаваць яна не мела. Як казала яна сама, гаспадыня з яе была даволі кепская.
«Якое гэта мае значэнне? — сказаў Арман. — Я кахаю цябе».
Яны знайшлі аўтобусную станцыю, з якой хадзілі аўтобусы да Альбінскіх гор, і хацелі паехаць павячэраць на беразе возера Нэмі, дзе ў старажытнасці адбываліся марскія баі гладыятараў. Лора шмат пра гэта ведала, але было надта позна, і не было ўпэўненасці, што яны паспеюць на аўтобус, каб вярнуцца.
Урэшце паехалі на таксі ў Трастэвэрэ.
Яны ўспаміналі, якую ролю адыгрываў гэты квартал, калі там жыў няўрымслівы плебс. Менавіта тут выспявалі змовы. Адсюль выляталі, размахваючы мячамі і паходнямі, раз'юшаныя натоўпы і кідаліся на штурм замка Святога Анёла*.
* Рымская цытадэль, адна з папскіх рэзідэнцый.
Апусцілася ноч, да таго ж месячная.
Яны вячэралі ва ўнутраным двары, абсаджаным невысокімі апельсінавымі дрэвамі, праз лісце якіх прабівалася святло чырвоных лямпачак. Яны былі ў захапленні ад белізны абрусаў і хлеба.
Музыкант, граючы на акардэоне, хадзіў ад стала да стала і спяваў песні, падобныя да андалузскіх. Лора сказала, што, напэўна, гэта спадчына гішпанскага панавання, спадчына Борджыа*. Яны сталі гаварыць пра італійскае Адраджэнне, яго нястрымныя страсці, прагу да бурлівага, шалёнага жыцця ў гэтых людзей, якія былі не выкладчыкамі калежаў, а мастакамі, палітыкамі, салдатамі адначасова.
* Славуты італійскі род гішпанскага паходжання.
— Якая адвага! Які віхор! — сказаў Арман. — І, разам з тым, заўваж, калі ўзяць жыццё хаця б таго ж Макіявелі, то яно было сумнае і не ўдалося. Зрэшты, што такое Макіявелі? Бацька шматлікай сям'і, у жыцці якога не было нічога, акрамя прыкрасці, намеснік загадчыка канцылярыі муніцыпалітэта Фларэнцыі, які ледзь зводзіў канцы з канцамі.
— Гэта праўда, — сказала Лора, — і,магчыма, у многіх з гэтых людзей, каму мы прыпісваем незвычайнае жыццё, балелі ногі ці была непрыгожая жонка, і ім даводзілася перажываць бог ведае што, каб сплаціць даўгі. Бо, зрэшты, даўгі трэба было сплочваць ва ўсе часы. Макіявелі плаціў свой доўг. Цэзар Борджыа, мажліва, і не, але гэта ўжо іншая справа.
Арман засмяяўся. Ён быў рады бачыць Лору забаўнай і па-ранейшаму поўнай ідэй. Ён пяшчотна пляснуў яе па левай далоні.
— Паслухай, — сказаў ён, — не чапай гэтага прышча. З ім усё ў парадку, а ты можаш зрабіць толькі горш.
Яны перасталі гаварыць пра Адраджэнне. Памаўчалі. Потым Лора раптам сказала, што ёй хацелася б убачыць vіа Аnnіа* пры месячным святле. Афіцыянт, які раней працаваў у Парыжы і выдатна размаўляў па-французску, сказаў, што, вядома, было б лепш, калі б у іх была машына, а так яны могуць праехаць на тралейбусе да Брамы, а адтуль прайсці пешшу. Гэта будзе цудоўная прагулка, асабліва для закаханых і асабліва пры месячным святле.
* Апіева дарога. Пабудавана ў IV стагоддзі да н.э. з ініцыятывы рымскага цэзара Клаўдзія Апія і захавалася да нашых дзён.
Яны яшчэ трохі пасядзелі, дапіваючы з маленькіх шклянак з тоўстага зялёнага шкла белае віно Шато Рамэн з лёдам. Гэтыя шклянкі былі падобныя да лампад, што гараць перад абразамі Божай маці. Акардэаніст цяпер іграў неапалітанскія мелодыі. За сталом насупраць сядзела жанчына, адна з чатырма мужчынамі. Афіцыянт сказаў, што гэта вельмі вядомая актрыса, але яны яе не ведалі. Рысы яе твару былі настолькі правільныя, што выклікалі захапленне. Гладкі і горды рымскі твар. Яна міргала доўгімі вейкамі на прыплюшчаных вачах. Арман звярнуў увагу, што на ёй была лёгкая сукенка з выразам. Да Лоры ў яго быў толькі адзін ці два раманы, калі ён толькі пачынаў сталець. Гэта былі студэнткі, сціплыя і цнатлівыя, якім ён пасылаў лісты, дзе пісаў пра іх вучобу і наогул пра жыццё.
Але гэтая дзяўчына насупраць была менавіта такою, з якой яму хацелася б пайсці на vіа Аnnіа.
Незнаёмая вельмі свабодна трымалася са сваімі кавалерамі, трое з якіх былі ўжо ў гадах, а адзін малады. На іх былі светлыя касцюмы, белыя накрухмаленыя кашулі і вельмі строгія белыя шаўковыя гальштукі. Яны смяяліся, падлівалі ёй у шклянку ці гладзілі яе чорнага кашлатага сабаку, што адзываўся на мянушку Напалеон, якую яны вымаўлялі на італійскі манер.
Фраза Стэндаля «Маркотныя хвоі вянчаюць з усіх бакоў пагоркі Вечнага Горада» пачынала зноў адзывацца ў сэрцы Армана. Ён зірнуў на Лору як бы збоку. «Але ж я кахаю яе, — сказаў ён сабе, — я кахаю яе... Аднак што гэта значыць, я яе кахаю?» Яму захацелася зараз жа пакінуць Італію і вярнуцца ў Каэн, куды яны атрымалі прызначэнне. У Каэне Лора будзе на сваім месцы, там рэальнае жыццё, не тое, што тут, сярод гэтага дэкору, які ёй не пасаваў.
— Не чапай носа, — сказаў ён, але на гэты раз рэзка, знервавана. — А то будзе яшчэ горш.
— Што значыць — будзе яшчэ горш? — спыталася Лора. Яна ўзяла яго за руку. Ён моцна сціснуў яе руку, потым пагладзіў. Яна заплюшчыла вочы. Яны далі акардэаністу сто лір.
Vіа Аnnіа купалася ў месячным святле. Ад кіпарысаў на брук, у якім антычныя вазы прарэзалі дзве паралельныя каляіны, клаліся блакітныя цені. На фоне бледнага неба над магілай Цэцыліі Мэтэла ўздымалася вялізная рэкламная аўтапакрышка з дрэва. Ноч была чароўная. Паабапал шашы, якой было ўжо не адна тысяча гадоў, стаялі, як коні на прывязі, мотаролеры, чакаючы сваіх седакоў: парачак, схаваных у цемры вясковай ночы, аглушаных звонам цвыркуноў і шчаслівых у абдымках адно ў аднаго.
— Як прыгожа, — сказала Лора.
У іх было мала часу. Апошні тралейбус адыходзіў праз чвэрць гадзіны. Яны, трымаючыся за рукі, селі на тумбу дарожнага знака. Арман загаварыў першы.
— Якая незвычайная цывілізацыя, — сказаў ён. — Калі думаеш, што па гэтай дарозе ездзілі ў Неапаль ужо дваццаць стагоддзяў назад...
— Сапраўды, — сказала Лора, — мы пра ўсё гэта чыталі, усё гэта ведаем, але самае незвычайнае — убачыць потым, што гэта не штосьці з кніг, што гэта рэальна існуе.
Яна глядзела на мотаролеры і думала пра каханкаў, якія ляжалі за магіламі рымскіх патрыцыяў. Арман абняў яе і доўга цалаваў у вусны, але цяпер яму здавалася, што ў ёй больш не было ніякай таямніцы.
— Трэба вяртацца, — вельмі пяшчотна сказаў ён. — Ты, напэўна, стамілася? Табе было зусім кепска ў аўтобусе.
— О! Ты быў такі мілы, такі цярплівы.
— Ну што ты, любая, гэта ж такая дробязь...
— Але я назаляла табе, не давала спакойна любавацца... Мне б не хацелася быць абузай. Я не надта табе перашкаджала, не?
— Ды не, — сказаў ён, — якая ты дурніца! Я кахаю цябе.
— Я таксама кахаю цябе, — сказала яна.
— І добра! Гэта ж вельмі добра...
Яны прабылі ў Рыме два дні, каб абавязкова наведаць усе вартыя ўвагі мясціны.
Ім вельмі спадабаліся сады вілы Баргезэ. Бессаромнасць Паліны Банапарт* зачаравала Армана, які неўпрыкмет гладзіў голыя грудзі мармуровай статуі Кановы. Яны елі марожанае пад хвоямі, якія зблізу выглядалі не так маркотна, як апісаў Стэндаль. Мілыя, святочна апранутыя дзеці з гувернанткамі, якія гаварылі па-нямецку, гулялі вакол іх.
* Паліна Банапарт (1780-1825) — сястра Напалеона, была замужам за князем Камілам Баргезэ.
Сабор Святога Пятра ім не спадабаўся. Яны вырашылі, што ён падобны на тэатр, з якога толькі што выйшлі гледачы. Арман параўнаў ксяндзоў, семінарыстаў і служак з апранутымі ў сутаны рабочымі сцэны.
— Досыць жахліва, гэта праўда, — сказала Лора.
Але раптам яна ўспомніла, што вянчалася ў царкве, і змоўкла.
— Гэта месца без душы, — сказаў Арман.
— А можа, мы ў гэтым вінаватыя? — сказала Лора. — Можа, гэта з-за таго, што мы нічога не прыносім сюды?
Вечарам, калі яны вярталіся ў нумар, ногі ў іх гулі, а ў галаве ўсё перамяшалася: захад сонца, мітры, голыя багіні, марскія ракавіны і распяцці.
Арман маўчаў.
— Пра што ты думаеш? — пыталася Лора. — Пра што ты думаеш? Цябе нешта турбуе?
— Не, — казаў Арман, — нічога. Я цябе кахаю.
— Тады ты павінен быць вясёлым. Ты не вельмі вясёлы...
— Я больш чым вясёлы, я шчаслівы.
— У цябе ўсё ў парадку?
— Так, — адказваў ён.
Раніцай таго дня, калі яны павінны былі выехаць аўтобусам на Капры, як было прадугледжана праграмай Сусветнага агенцтва, яны адчулі палёгку, хоць самі сабе ў гэтым не прызнаваліся. Згодна з праграмай турыстычнага агенцтва яны павінны былі правесці пяць дзён на чароўным востраве. Бо яны не сумняваліся, што як бы там ні было, а Капры яны будуць успамінаць усё жыццё.
На жаль, надвор'е выдалася надзіва дажджлівае для гэтай, звычайна сонечнай, пары. Кампанія здалася ім чымсьці накшталт Нармандыі. Яны пілі цёплую каву з тэрмаса. Лора больш не хварэла, але маленькі прышч на носе зацвярдзеў, пачырванеў і нарваў. Арман супакоіўся. Ён з пяшчотнай пакорлівасцю глядзеў на пышныя вінаграднікі, на пагоркі, ахутаныя туманам. Сонца заззяла якраз тады, калі яны прыехалі ў Неапаль, дзе павінны былі прабыць толькі гадзіну перад тым, як адплыць на батэла* на Капры. Гэтага было дастаткова, каб пераканацца, што ім не схлусілі, і гэта сапраўды, як казаў адзін пасажыр іхняга аўтобуса, варта было таго, каб прыехаць сюды. Дзеля таго, каб пабачыць Везувій, варта было прыехаць. Не таму, што гэта быў нейкі незвычайны вулкан, асабліва пасля таго, як ён патух, а таму, што адна назва будзіла думкі пра іншыя такія самыя вулканы: Этну, Папакатэпельт, Фудзіяму, Кіліманджара. Дождж вымыў фасады будынкаў, і гэта падкрэсліла язвы бедных кварталаў, але затое надало ўсяму нейкі расквітнелы, вясновы выгляд. Сонца прыпякала, і над горадам курылася пара. Арман і Лора гаварылі пра «пачуццёвасць» Неапаля. Хлапчукі паспрабавалі прадаць ім аўтаручкі і гадзіннікі, купленыя ў амерыканскіх маракоў. Іх цяжкія караблі з гарматамі ў белых чахлах віднеліся на брудных водах порта.
* Параходзік (іт.).
— Мне не цярпіцца ўбачыць Капры, — сказала Лора.
Гэтая назва, Капры, нагадвала ёй пра Тыберыя*, значыць, пра мурэн, смаляныя паходні і жоўтыя амфары ў шафранавым пяску.
* Тыберый I, другі рымскі імператар (42 г. да н.э. — 37 г. н.э.), свае апошнія гады правёў на Капры.
Арман абхапіў яе за плечы і прыціснуў да сябе. Але на параходзіку, што плыў да вострава, яму раптам захацелася буры, туману, няважна чаго, абы яно змяніла гэты дэкор з недарэчных раманаў на звычайны пейзаж для звычайных людзей.
З верхняга прыпынку фунікулёра, адкуль порт быў ледзь відаць, праз гэтае нагрувашчанне залітых сонечным святлом кашолак, стракатых, яркіх колераў шаляў і караляў з ракавін іх разам з іншымі турыстамі правялі да гатэля. Абапал дарогі ўзвышаліся тэрасы з садамі, перапоўненымі чырвонымі кветкамі. З вокнаў іх пакоя відаць былі бухта і купалы манастыра, пабудаванага ў маўрытанскім стылі. Навокал панавала ціша, якую зрэдку парушалі траскатня цыкад, гук парасона, які раскрывалі, ці шамаценне пры подыхах марскога ветру сухога лісця на алівах. Сады крута спускаліся да самага заліва. Вада, як і ўсё іншае, была цудоўная: блакітная, празрыстая на вялікую глыбіню. Маторка пакідала на ёй доўгі пенны след.
— Гэта краіна, аб якой мараць, — сказала Лора. — Мажліва, гэта дэкор, але цудоўны! Ах, я хацела б застацца тут на некалькі месяцаў...
— Ты ўпэўнена, што табе не захацелася б у Кабур* ці нават у Каэн?
* Курорт у Нармандыі.
— Чаму ты мне гэта кажаш?
— Не чапай свайго носа, дарагая, бо, гарантую, ты дагуляешся да таго, што там сядзе вялікая скулячка, якая не дасць табе спакою да канца падарожжа...
— Ты думаеш, што я непрыгожая?
— Мне ты самая прыгожая.
Ён заплюшчыў вочы і пацалаваў яе ў вусны.
— Ты здурэў, — сказала яна, калі перавяла дых.
— Зусім не.
Дзень яны прысвяцілі класічнай экскурсіі па ўсім востраве. Яны нанялі гіда і не пашкадавалі. Ці знайшлі б яны самі словы, каб апісаць «гэтае дзіўнае пачуццё эйфарыі, якое вялікія аматары вострава называюць «ла какаіна» дэ Капры* і якое, мажліва, выклікана кантрастам паміж страшэннай прыгажосцю скалаў, пакрытых дзікай расліннасцю, і ціхім хараством вузенькай, добра забрукаванай дарогі, абсаджанай прыватнымі садамі з квітнеючымі ружамі, гваздзікамі, гліцыніямі, міндалем?
* Какаін Капры (іт.).
Яны не даведаліся б, што славуты грот Мітраманіа — гэта былы храм бога Мітры і што ў доме вядомага пісьменніка Курцыа Канацьеры пасярод вялізнага салона, які мае шаснаццаць метраў у даўжыню, ёсць камін, спод якога зроблены з вогнеўстолівага крышталю, праз які можна бачыць мора.
Яшчэ больш карысным для іх гід аказаўся ў тым плане, што даў ім нейкае ўяўленне пра свецкае жыццё. Яны даведаліся, што ў Канцонэ дэль Марэ*, «які ў апошнія гады прыцягвае ўвагу арыстакратыі ўсяго свету, дзякуючы басейну з лазурнай вадой і ўсёй яго раскошы, пасля абеду заўсёды ёсць некалькі незанятых сталоў для гульні ў канастру**».
* Назва гатэля, у перакладзе з італійскай «Песня мора».
** Гульня ў карты.
Аднак з канца раніцы другога дня, калі яны загаралі на тэрасе гатэля, слухаючы, як гудуць мухі і кудактаюць куры, радуючыся знесенаму яйку, як звоняць званы ў манастыры, Арман адчуў патрэбу процідзеяць таму, што гід назваў «какаіна дэ Капры». Ён быў па горла сыты гэтым жыццём, якое асуджала яго на адзіноту, глыбіню якой ён толькі што зразумеў. Спектакль, які ён убачыў у міндалевым садзе, вывеў яго са здранцвення: мажны педэраст, увесь у блакітным, з белай вышыванай шыйнай хусткай, якога прагульваў на пазалочаным паску бульдог з высалапленым языком; ён раздаваў ангельскім дзецям, якія тоўпіліся вакол яго, высушаных марскіх канькоў, загорнутых у шаўкавістую паперу.
— А што, уласна мы тут робім? — сказаў ён.
— Табе не дагодзіш. Што з табой, любы? Мне здаецца, пасля Рыма ты нешта ад мяне хаваеш.
— Ну што ты, дарагая, не. Гэта аніяк не звязана ні з табой, ні з намі... Але я лічу, што тут ёсць нешта абсурднае. Я не ведаю... Але ўсё гэта фальшывае. Ну, ты разумееш, фальшывае...
— Але неба, мора, міндаль не фальшывыя...
— І ўсё гэта становіцца фальшывым. Урэшце стане фальшывым з-за гэтых людзей...
— Але ж мы не такія, як яны.
— Не, — сказаў ён. — Калі мы тут, мы такія самыя, як і яны. Такія, як гэты прыдурак з яго сабакам у садзе. Ведаеш, калі б не расклад нашага падарожжа, я б зараз жа паехаў адсюль.
— А куды? Ты хацеў бы вярнуцца ў Францыю?
— Не ведаю, магчыма. Гэтая краіна не для нас.
— А можа, ты лічыш, што яна не для мяне? Ты так думаеш? Скажы праўду...
— Ты гаворыш глупства, золатка маё. Я хачу сказаць, што гэтая краіна не мае нічога агульнага з намі, з нашым звычайным жыццём.
— Не, — сказала яна, — ты не гэта хацеў сказаць...
Дзень цягнуўся кепска, да таго моманту, калі пад вечар з блакітнай вады купальняў Тыберыя зусім побач з Арманам вынырнула маладая жанчына, якую ён бачыў з чатырма кавалерамі ў рымскім рэстаране ў Трастэвэрэ. Белы купальнік і сонца не зрабілі яе менш таямнічай і не змянілі ганаровага выразу на яе твары, гладкім і правільным, які так уразіў Армана.
— Гэта ж актрыса, якую мы бачылі ў Рыме, — сказаў ён.
— Ну вось, — сказала Лора, — я думаю, што яна прыехала знарок дзеля цябе.
Ён засмяяўся, але смех гэты стаў раптам шчыры. Ён з задавальненнем і нават з пяшчотай паглядзеў на белыя сталы рэстарана, які размяшчаўся ў двары антычнай вілы, на чырвоны квадрат ветразя ўдалечыні, потым на тлусты твар загарэлага таўстуна, які, прыжмурыўшы вочы, прымаў сонечную ванну, расцягнуўшыся на блакітным з жоўтымі палосамі халаце.
Нехта сказаў па-французску: «Глянь, ды гэта ж Марыя Паска, актрыса. Яна сапраўды чароўная».
— Яна сапраўды вельмі прыгожая, — сказаў Арман.
— Так, што да прыгажосці, то яна прыгожая. Але ці можа, па-твойму, мужчына пакахаць такую дзяўчыну? Я лічу, што ў ёй ёсць нешта жорсткае...
— Але яна з тых жанчын, — сказаў Арман, — на якіх глядзяць, а не кахаюць. Жанчыны, якіх кахаюць, зусім іншыя.
У гэты момант ён успомніў, што гід распавядаў, як замежныя турысты забаўляліся некалькі гадоў таму ў гроце Мітраманія, аднаўляючы рытуалы пакланення Мітры.
У кампаніі двух тыпаў Марыя Паска накіравалася да бара, размешчанага пад руінамі балкона, з якога Тыберый кідаў рабоў мурэнам. Арман зірнуў на Лору. Прышч на носе вырас. Вада і вецер раскудлацілі ёй валасы, і яе чырвоны твар абрамляў чорны, нібы драцяны, парык.
— Ты не павінна так сушыць валасы. Ты іх сапсуеш.
Лора не адказала.
У бары Марыя Паска моцна смяялася з тымі двума тыпамі ў белым.
— А што, калі мы тут паабедаем? — спытаўся Арман.
— Гэта будзе вельмі дорага, а ў гатэлі з нас усё роўна вылічаць за абед...
— Так, сапраўды. У сутнасці, гэтая сістэма арганізаваных падарожжаў ідыёцкая...
— Але ўсё ж, любы, мы можам тое-сёе ўбачыць. І паколькі мы ўсё гэта бачым разам, то, як па мне, нічога больш і не трэба.
— Дарагая... — сказаў ён.
— Аднак я не ведаю, што з табой. Мне здаецца, што ты не рады.
— Ды не, я рады. Якая ты дурненькая, мая Лора. Чаму табе такое ўбілася ў галаву? Ты лічыш, што я шмат гляджу на жанчын? — Ён засмяяўся: — Уяві сабе такое: «Выкладчык Каэнскага ліцэя кінуў маладую жонку пад час вясельнага падарожжа і збег са славутай італійскай актрысай Марыяй Паскай!»
Яна засмяялася.
— Ты не хочаш пайсці выпіць чындзаніна ў рэстаране, перад тым як вярнуцца ў гатэль?
— О не, не, я хачу вярнуцца ў гатэль... Вось і катэр.
— У наш шмат часу, мы можам сесці на другі катэр.
— Мой любы, я крыху стамілася.
Яна раптам уся збялела пад сваімі драцянымі валасамі. Ад гэтага прышч на носе стаў асабліва яркім.
— Прабач мне, я стала такой страшнай.
Арман прыклаў шчаку да яе спатнелага лба.
— Гэта як у аўтобусе пад Рымам, — сказаў ён, — нічога, пройдзе. Качанятка маё. Дарагая... дарагая...
Яна не расплюшчвала вачэй.
— Я думаю, — сказала яна, — ці я... ці я не цяжарная.
Арман глянуў на мора.
Ён глядзеў на мора і раптам падумаў, што гэта мора — каб смяяцца, усе людзі, што сабраліся тут, — каб смяяцца.
— А ты ўпэўненая?
— Не, але гэта магчыма.
Ён узяў яе за руку, потым раптоўна нахіліўся і пацалаваў яе ў вусны, дакранаючыся да прышча на носе і адчуваючы яго гарачыню. Ён таксама заплюшчыў вочы.
— Ты быў бы рады? — спыталася яна. — Ведаеш, я добра разумею, што гэта не палегчыць нам жыццё, але ўбачыш, усё ўладзіцца. Галоўнае, каб ты змог спакойна падрыхтавацца да конкурсу на месца выкладчыка. Мне ўжо лепш, — сказала яна, — Гэта як прыходзіць, так і праходзіць.
— Не хочаш пайсці выпіць?
Яна не адказала. Да самага рэстарана ён не адпускаў яе руку. Ён пасадзіў яе і спытаўся, што яна будзе піць. Яна адказала, што выпіла б чындзаніна.
— А ты ўпэўненая, што табе можна алкаголь?
Яна засмяялася.
— Вядома, мой дарагі, калі крышачку, то гэта не страшна.
Ён паглядзеў на Марыю Паску, якая сядзела на высокім табурэце каля стойкі бара. Белы купальнік так шчыльна аблягаў цела маладой жанчыны, што яна была нібы голая, бліскучая, як статуя Паліны Банапарт з вілы Баргезэ. Маркотныя хвоі з усіх бакоў вянчаюць пагоркі Вечнага Горада.
— Мне непрыемна, што гэта здарылася пад час нашага падарожжа, — сказала Лора, — але мы яшчэ вернемся.
— О не, — сказаў Арман, — толькі не ў Італію.