урыўкі з Усеагульнай гісторыі, выдадзенай у 1992 годзе ўніверсітэтам Тамбукту
1954 — надзвычайныя здарэнні на Зямлі. 1959 — выданне «Жыцця людзей» на Ўране. 1982 — першае выданне на Зямлі.
Як толькі ў канцы 1970 года паміж Зямлёй і большасцю вялікіх планет наладзіліся дружалюбныя адносіны, зямным вучоным захацелася параўнаць свае гіпотэзы і дактрыны з навуковымі працамі іншапланетных калег.
Рабіць гэтае параўнанне часта было даволі цяжка, бо, як вядома, найбольш слынныя фізікі Венеры, Юпітэра і Марса не ўспрымаюць ні святла, ні гукаў і жывуць у свеце радыяцый, пра якія мы дагэтуль нічога не ведалі. Але сёння, у 1992 годзе, дзякуючы хуткаму развіццю тэорыі пачуццёвых эквівалентаў, можна сказаць, што мы здольныя перакласці на зямную мову ўсе мовы планет, акрамя Сатурна.
Адным з самых цікавых адкрыццяў нашай эпохі сталі працы, што напісалі пра нас, жыхароў Зямлі, вучоныя іншых планет. Людзі і падумаць не маглі, што натуралісты з Марса, Венеры і нават Урана мільёны гадоў назіраюць за Зямлёй пры дапамозе куды больш дасканалых інструментаў, чым нашы. Зямная навука далёка адстала ад дасягненняў вучоных з суседніх планет. А паколькі нашы органы не ўспрымаюць радыёактыўных выпрамяненняў, якімі карысталіся назіральнікі, то мы і не здагадваліся, што нават у самыя патаемныя моманты нашага жыцця мы маглі апынуцца пад уважлівым вокам нябеснага ўльтрамікраскопа.
Цяпер кожны адукаваны чалавек можа пазнаёміцца з гэтымі працамі ў Бібліятэцы Таварыства планет. Яны цікавыя самі па сабе, выклікаюць пачуццё павагі і таму будуць асабліва карысныя тым маладым людзям, якія вырашылі прысвяціць сябе вавуцы. Калі заўважаеш неверагодныя памылкі ў меркаваннях такіх разумных істот, якія да таго ж мелі выдатную даследчую тэхніку, міжволі задумваешся і над нашымі ўласнымі меркаваннямі і сам у сябе пытаешся: а ці не глядзім мы на расліны і жывёл так, як на нас глядзелі марсіяне?
Найбольшай увагі, як нам здаецца, варты А.Е.-17 — уранскі вучоны, які ў 1959 годзе апублікаваў «Жыццё людзей». Да міжпланетнай вайны гэтая кніга карысталася папулярнасцю як на Ўране, так і ў жыхароў Венеры і Марса. Яна даступная і нам, бо ўранцы — адзіныя іншапланетныя жахары, якія, як і мы, адораны разуменнем жыцця, а таму іх слоўнікавы запас досыць блізкі да нашага. Да таго ж свае эксперыменты яны праводзілі так, што іх вынікі добра адчуваліся на Зямлі на працягу 6 месяцаў. Пра гэта можна прачытаць у нашых зямных газетах і хроніках таго часу. А цяпер мы паспрабуем:
1. Коратка апісаць некаторыя факты, якія мелі месца на нашай планеце ў 1954 годзе.
2. Паказаць, як вядомы вучоны А.Е.-17 расцаніў вынікі сваіх эксперыментаў.
Пачынаючы з сакавіка 1954 года многія назіральнікі адзначалі, што іх здзіўляе стан атмасферы ў паўночным паўшар'і. Хоць надвор'е было добрае, нечакана ў вельмі абмежаваных зонах пачыналі бушаваць навальніцы. Капітаны караблёў, а таксама пілоты паведамлялі на Цэнтральную метэастанцыю, што час ад часу компасы давалі адхіленні без усялякай на тое прычыны. У многіх месцах людзі бачылі, як па зямлі праходзіла нешта накшталт ценю ад вялізнай хмары, між тым як неба заставалася ясным і ніякай хмары не было відаць. Газеты друкавалі інтэрв'ю з вучонымі-метэаролагамі, якія сцвярджалі, што гэтыя з'явы імі прадугледжваліся, што яны выкліканы плямамі на Сонцы і знікнуць з надыходам перыяду прыліваў Месяца ў час раўнадзенства. Аднак гэты перыяд настаў і прынёс яшчэ больш дзіўныя праявы.
Трэцяя нядзеля красавіка 1954 года. Мноства людзей сабралася на алеі, што вядзе да Мармуровай аркі, каб паслухаць дакладчыкаў-энтузіястаў. Нечакана ўсе ўбачылі, як на іх навальваецца цень ад нейкай нябачнай перапоны, якая пагрозліва ўстала між Зямлёй і Сонцам. Праз некалькі імгненняў зямля на ўчастку 300 ці 400 ярдаў, ад агароджы да сярэдзіны парку, раптам паднялася, пападалі вырваныя з карэннем дрэвы, некаторых людзей засыпала, а тыя, што былі блізка каля гэтага ўчастка, з жудасцю ўбачылі, як у зямлі ўтварылася яма, глыбінёй не менш за 100 ярдаў, а з выкапанай зямлі стварыўся ўзгорак такой жа вышыні.
Назаўтра паліцэйскі дакладваў начальству: «Усё выглядала так, нібы нейкі гігант капануў у парку вялізнай рыдлёўкай». І гэта было праўдападобна, бо адзін бок ямы быў прамы і гладкі, між тым як са схілу капца зямля асыпалася, адкрываючы знявечаных людзей.
Засыпала больш як 300 чалавек. Ледзь выкарабкаліся наверх тыя, каму пашчасціла апынуцца пад тонкім пластом зямлі. Некаторыя з іх, раптоўна звар'яцеўшы, з жудаснымі крыкамі збягалі ўніз па стромкім адхоне свежага капца. А на яго вяршыні нечакана з'явіўся капітан Уард — адзін з прапаведнікаў пратэстанцкай арганізацыі «Армія Выратавання» — і з незвычайнай разважлівасцю пачаў крычаць, вытрасаючы пры гэтым пясок з валасоў і адзежы:
— Я папярэджваў аб гэтым, брацці! Вы верыце ў фальшывых багоў, і ўсявышні разгневаўся на свой народ, і перст яго занесены над намі...
Гэтая невытлумачальная падзея так моцна нагадвала боскія пакаранні, апісаныя ў Бібліі, што многія скептыкі з прысутных ад гэтага моманту паверылі ў бога і сталі шчырымі веруючымі на ўсё жыццё.
Здарэнне дало магчымасць ацаніць вартасці лонданскіх паліцэйскіх. Трое з іх апынуліся сярод ахвяр. Неўзабаве прыбылі яшчэ 12 чалавек. Яны смела ўзяліся наводзіць парадак. Адразу ж выклікалі конную гвардыю і пажарнікаў. Суперінтэндант паліцыі Кларквэл узначаліў сілы дапамогі, і не прайшло і чатырох гадзін, як парк меў свой звычайны выгляд. На жаль, загінула 200 чалавек.
Вучоныя розна тлумачылі гэтае здарэнне. Калі не звяртацца да чагосьці звышнатуральнага, то цікавай магла стаць толькі гіпотэза пра землятрус, хоць і яна была малаверагодная, бо сейсмографы не зарэгістравалі ніякіх штуршкоў. Людзі ўвогуле супакоіліся, калі даведаліся, што гаворка ідзе пра землятрус з незвычайнай прыродай паходжання. Сейсмолагі назвалі гэта «вертыкальным манаформным сейсмам».
Пасля выпадку ў Гайд-парку шмат дзе адбыліся падобныя здарэнні. Яны не так звярталі на сябе ўвагу, бо не мелі смяротных вынікаў. Аднак то тут, то там на нашай планеце з аднолькавай хуткасцю ўзнікалі гэтыя загадкавыя капцы. Некаторыя з іх існуюць нават і цяпер. У прыватнасці, я назаву капцы на Эенскай раўніне (Францыя), у Перыгордзе, у Рошнаве (Валахія, Румынія) і ў Ітапуры (Бразілія).
Але гэтая містычная рыдлёўка, якая нібы практыкавалася толькі на незаселеных участках зямлі, цяпер збіралася перакінуцца і на будынкі. 24 красавіка, апоўдні, прахожыя былі здзіўлены нейкім незразумелым гукам, які адны параўноўвалі са свістам шаблі, другія — тонкага і вельмі моцнага струменю пары. Гэта адбылося ў парыжскім квартале, між Трыумфальнай аркай, авеню дэ ля Гранд-Армэ, авеню Марсо і авеню Анры-Мартэн.
Той, хто знаходзіўся насупраць будынка нумар 66 на авеню Віктора Гюго, бачыў, як на ім з'явілася вялікая крывая расколіна; дом два ці тры разы страсянуўся, і паверх з мансардамі, дзе былі пакоі для абслугі, раптам спляскаўся, нібы ад моцнага націску. У вокнах, на балконах з'явіліся спалоханыя жыхары. На шчасце, дом не абваліўся, хоць і нагадваў пераламаную папалам літару. Пасярод лесвіцы выратавальнікі ўбачылі шчыліну, зробленую нейкім нябачным інструментам. І здавалася нават, што нейкае лязо прайшло па прамалінейнай траекторыі праз дрэва сходаў, дываны, жалеза парэнчаў.
Мэбля, дываны, карціны — усё на яго шляху акуратна было разрэзана папалам. Цудам ніхто не пацярпеў. Пакоі абслугі былі пустыя, бо якраз быў час абеду. Адна дзяўчына з трэцяга паверха адчула штуршок і ўбачыла, як яе ложак чымсьці няроўна рассекла. Ёй не забалела, толькі здалося, нібы яе ўдарыла слабым электрычным разрадам.
Усё гэта выклікала нямала меркаванняў. Зноў загаварылі пра сейсм. Некаторыя газеты абвінавачвалі архітэктара і домаўладальніка ў тым, што яны пабудавалі дом з нядобраякасных матэрыялаў. Ад парламента патрабавалі тлумачэння. Урад абяцаў прыняць меры, каб такія здарэнні больш не паўтараліся, адначасова паставіўшы пытанне аб даверы. Ён быў пацверджаны галасаваннем.
Як і пасля выпадку ў Гайд-парку, за падзеямі на авеню Віктора Гюго адбылося нямала вельмі падобных здарэнняў. Пра іх мы не будзем расказваць, аднак, як нам сёння здаецца, разумны назіральны чалавек павінен быў дапусціць ва ўсім гэтым нейкую замаскіраваную дзейнасць з пэўнай мэтай. Невядомая нябачная сіла парассякала вялікія і малыя дамы ў многіх краінах. То ў Масачусетсе (ЗША), то ў Даніі, то ў Гішпаніі гэтая сіла падымала ў паветра, а потым кідала ўніз сялянскія хаты, разбіваючы іх разам з жыхарамі. У Нью-Йорку на Мэдысан авеню папалам рассекла будынак. Чалавек 50 загінула ў выніку гэтых здарэнняў, але паколькі ўсё гэта адбывалася ў розных краінах і кожны асобны выпадак меў усяго некалькі ахвяр, пра гэта стараліся шмат не гаварыць, тым болей што ніхто нічога не мог разумна растлумачыць.
Аднак новыя прыгоды ў маі — чэрвені 1954 года незвычайна ўсхвалявалі ўсю планету. Першай ахвярай стала маладая мурынка з Хартфарда (Канектыкут, ЗША).
Паштальён — адзіны сведка гэтага здарэння — расказваў, што мурынка якраз выходзіла з дома сваіх гаспадароў, калі яе раптам падхапіла і пачало падымаць угору. Са страшэнным крыкам яна ўзляцела на метраў 100, а потым разбілася аб зямлю. Паштальён сцвярджаў, што не бачыў над ёй ніякіх паветраных апаратаў.
Другім «паветраплавальнікам» стаў адзін таможнік з Кале (Францыя). Людзі бачылі, як яго таксама вертыкальна падняло ў паветра і хутка панесла цераз праліў да ангельскага берага. Праз некалькі хвілін яго звайшлі на ўзбярэжжы каля Дуўра (Англія). Таможнік быў мёртвы, хоць і не меў бачных раненняў. Здавалася, што ён быў асцярожна апушчаны на зямлю. Ён пасінеў, нібы вісельнік.
Пасля гэтага пачаўся так званы перыяд удалых падарожжаў. Першым чалавекам, які закончыў сваё «падарожжа» жывы, быў стары жабрак. Нябачная рука схапіла яго ў той момант, калі ён прасіў міласціну на цвінтары сабора Парыжскай Багамаці. Праз 10 хвілін ён апусціўся акурат пад ногі аслупянеламу паліцэйскаму на плошчы Пікадзілі-Сэркус (Лондан). Вандроўка не зрабіла яму ніякай шкоды, і ён меў такі выгляд, нібы падарожнічаў у зачыненай кабіне, куды не даходзілі ні вецер, ні святло. Сведкі пачатку падарожжа расказвалі, што жабрак знік з вачэй, як толькі адарваўся ад зямлі. Такія «падарожжы» часам працягваліся некалькі тыдняў. Цяпер іх лічылі даволі камічнымі, бо ведалі, што яны не з'яўляюцца небяспечнымі. Здавалася, што самая багатая фантазія кіруе нябачнай рукой. Аднойчы маленькая дзяўчынка з Данвера (Каларада, ЗША) апынулася сярод расейскай раўніны. А зубны ўрач з Сарагосы (Гішпанія) аказаўся ў Стакгольме. Найболей гаварылі пра падарожжа месьё Марка Лефо — ганаровага старшыні французскага Сената, які ўзляцеў у Люксембургскім садзе (Парыж) і быў дастаўлены на бераг возера Антарыо (Канада). Ён скарыстаў гэта, каб зрабіць падарожжа па Канадзе. Калі ён вярнуўся на радзіму, яго з трыумфам сустрэлі на вакзале Буа-дэ-Булонь. Магчыма, гэтая міжвольная рэклама шмат паспрыяла таму, што яго ў 1956 годзе выбралі прэзідэнтам Рэспублікі.
Заўважылі, што адзенне ўсіх «падарожнікаў» пасля прызямлення было ў плямах ад нейкай чырванаватай вадкасці. Гэта, бадай, было адзінай нязручнасцю ўвогуле бяскрыўдных прыгод. Праз 2 месяцы падарожжы спыніліся, каб даць месца новым, яшчэ больш загадкавым падзеям. Пачатак ім паклаў эпізод, якому далі назву «дзве сям'і».
Першая сям'я — маладая французская пара — жыла ў невялікім доме ў гарадку Нэі-сюр-Сэн, паблізу Парыжа. Жак Мартэн, муж, эрудыт, аўтар дысертацыі аб жыцці вядомага французскага пісьменніка і дыпламата Поля Марана, чалавек спартыўнага складу, — працаваў у ліцэі Пастэра. Жак меў чацвёра дзяцей. 3 ліпеня апоўначы мадам Мартэн толькі паспела заснуць, як пачула той свіст, пра які мы ўжо расказвалі. Яна адчула лёгкі штуршок, і ёй падалося, нібы яна з вялікай хуткасцю ўзнімаецца ў паветра. Расплюшчыўшы вочы, яна здзівілася, убачыўшы свой пакой, заліты блакітным месячным святлом. У пакоі, аднак, не хапала адной сцяны. Потым мадам Мартэн заўважыла, што яна ляжыць на краі ложка, рассечанага папалам, а злева, там, дзе некалькі секунд назад ляжаў яе муж, — бездань, над якой зіхацяць зоркі. У жудасці яна адкінулася на той край ложка, які яшчэ стаяў трывала. Ложак меў толькі 2 ножкі, але не хістаўся. Гэта здзівіла і разам трохі супакоіла мадам Мартэн. Потым яна адчула, што больш ужо не падымаецца, а хутка перамяшчаецца па прамой лініі; урэшце ёй кальнула ў сэрца так, як гэта бывае, калі апускаешся ў ліфце, і яна здагадалася, што пачала зніжацца. Мадам Мартэн уявіла, як яна ўпадзе і насмерць разаб'ецца, і ўжо заплюшчыла вочы, чакаючы фатальнага прызямлення. Аднак усё адбылося інакш: яна мякка асела на зямлю, паглядзела вакол сябе і нічога не ўбачыла. У пакоі стаяла цемра. Вось працяг яе расказу:
«Здавалася, бездань зноў зачынілася. Я паклікала мужа. Думала толькі, што я выйшла з нейкага кашмару. Я страшэнна хвалявалася. Мне хацелася пра ўсё расказаць мужу. Я працягнула руку, наткнулася на мужчынскае плячо і пачула моцны незнаёмы голас чалавека, які гаварыў па-ангельску:
— Оh! Dаrlіng!* Як ты мяне напалохала...
* О! Дарагая! (англ.)
Я рэзка адсунулася і хацела запаліць святло, але ніяк не магла знайсці выключальніка.
— Што з табой? — прамовіў незнаёмы.
Ён сам запаліў святло. Мы абое адначасова ўскрыкнулі. Перада мной быў малады ангелец. Бландзін з невялікім кароткім носам, крыху блізарукі, ён быў у піжаме і яшчэ добра не прачнуўся. Пасярод ложка была шчыліна. Коўдры, матрац, падушка — усё было рассечана папалам. Адна частка ложка была вышэйшая за другую на 5-10 сантыметраў. У гэтых складаных абставінах паводзіны майго суседа, як толькі ён зусім прачнуўся, прымусілі мяне прасякнуцца павагай да брытанскай нацыі. Лёгка даравальнае ўтрапенне цягнулася ўсяго толькі нейкі момант, пасля ангелец вёў сябе проста, натуральна, карэктна, нібы мы былі ў салоне. Я гаварыла па-ангельску і сказала яму сваё імя; ён назваў сябе: «Джон Грэхем». Мы знаходзіліся на поўдні Англіі ў горадзе Рычмандзе. Агледзеўшыся, я заўважыла, што палавіна майго пакоя была са мной. Я пазнала сваё акно, свае занавескі вішнёвага колеру, фатаграфію мужа, якая была на куфры. Я пазнала таксама столік з кнігамі каля майго ложка; на кнігах ляжаў мой гадзіннік. Другая палова была мне незнаёмая. На начным століку стаяў партрэт прыгожай жанчыны, ляжалі фатаграфіі дзяцей, часопісы, пачак цыгарэт. Джон Грэхем доўга ўглядаўся ў мяне, вывучаў рэчы, разам з якімі я з'явілася перад ім, а потым з усёй сур'ёзнасцю спытаўся:
— А што вы тут робіце, місіс Мартэн?
Я адказала яму, што сама не ведаю, і, паказаўшы рукой на партрэт, сказала:
— Гэта мой муж.
У сваю чаргу, кіўнуўшы на фатаграфію, ён прамовіў:
— Гэта мая жонка.
Яна была вельмі прыгожая, і я з трывогай падумала, што, магчыма, у гэты момант яна ў абдымках Жака.
— Ці лічыце вы, — спыталася я, — што палова вашага дома была перавезена ў Францыю ў той час, як наша палавіна адпынулася тут?
— Чаму?
Ён мяне раздражняў. Чаму? Пра гэта я і сама нічога не ведала. Можа, таму, што ва ўсёй гэтай гісторыі былі элементы нейкай прадуманай сіметрыі.
— Туманная гісторыя, — паківаў галавою мой субяседнік, — і як яно так зрабілася?
— «Як! Як!..» — сказала я. — Гэта...
У гэты момант мы пачулі стогны з верхняга паверха і разам падумалі: «Дзеці!»
Джон Грэхем саскочыў з ложка і босы кінуўся да дзвярэй. Праз адчыненыя дзверы я пачула крыкі, кашаль і голас ангельца, які то супакойваў, то сварыўся на дзяцей. Я хуценька ўстала, паглядзелася ў люстэрка. Твар быў як звычайна. Крыху паправіла валасы. Заўважыўшы, што дэкальтэ маёй начной кашулі занадта выразнае, я пашукала вачамі кімано і тут жа ўспомніла, што павесіла яго ў другой палавіне пакоя, якая засталася ў Францыі.
Я ўсё яшчэ была перад люстэркам, як пачула за спіной збянтэжаны голас.
— Дапамажыце, калі ласка! — папрасіў Джон Грэхем.
З дзіцячага пакоя чуліся моцны плач і крыкі.
— Ахвотна. А ў вас не знойдзецца жаночага халата і тапачак?
— Безумоўна, знойдзем.
Ён даў мне чысты халат і паказаў, як прайсці ў дзіцячы пакой. Гэта былі цудоўныя малыя. Яны хварэлі на коклюш. Найбольш, відаць, мучыўся самы меншы — мілы белабрысы хлопчык. Я ўзяла яго за руку, і ён крыху супакоіўся.
Так у гэтым пакоі прабылі мы дзве гадзіны. Абое страшэнна хваляваліся, ангелец ад думак пра жонку, я — пра мужа.
Я спыталася ў Джона, ці можна пазваніць у паліцыю. Ён паспрабаваў пазваніць і зразумеў, што тэлефон пашкоджаны. Антэну радыёпрыёмніка перарэзала папалам. Як толькі пачало світаць, Джон Грэхем выйшаў з дому. Дзеці паснулі. Праз некалькі хвілін Джон вярнуўся і папрасіў мяне выйсці разам з ім. Трэба было бачыць фасад дома! Невядомы чараўнік, відаць, хацеў падабраць два дамы аднолькавай вышыні, якія можна было б падзяліць больш-менш аднолькава. І гэта яму ўдалося. Аднак наш цагляны дамок у Нэі быў даволі просты, з высокімі вокнамі, акружанымі каменнымі карнізамі, а перад намі ж стаяў чорна-белы катэдж з шырокімі паўавальнымі вокнамі. Спалучэнне гэтых зусім непадобных частак нарадзіла дзіўны архітэктурны ансамбль. «Арлекін» Пікасо ў архітэктуры — дый годзе!
Я папрасіла містэра Грэхема, каб ён даў тэлеграму ў Францыю і даведаўся, што сталася з яго жонкай. У адказ пачула, што тэлеграф адчыняецца толькі ў 8 гадзін. Ён быў такі флегматык і нават у гэтых надзвычайных абставінах дапусціць не мог, што можна было б парушыць распарадак і пабудзіць тэлеграфіста. Дарэмна я старалася яго разварушыць, адказ быў адзін:
— Тэлеграф працуе з 8 гадзін!
Нарэшце а палове восьмай, калі Джон Грэхем збіраўся ісці на тэлеграф, мы ўбачылі, што да дома на кані пад'ехаў паліцэйскі. Ён здзіўлена паглядзеў на дом і перадаў нам тэлеграму ад прэфекта парыжскай паліцыі. У тэлеграме было пытанне, ці знаходжуся я па гэтым адрасе, і адначасова паведамлялася, што місіс Грэхем — жывая і здаровая — знаходзіцца ў Нэі.
Няма патрэбы далей цытаваць гэты тэкст. Дастаткова адзначыць, што місіс Грэхем з такой жа руплівасцю клапацілася пра дзяцей мадам Мартэн, як і яна сама — пра дзяцей ангелькі. Абедзьве сям'і былі ў захапленні ад далікатнасці сваіх спадарожнікаў у гэтых прыгодах і моцна сябравалі між сабой да канца дзён сваіх. Яшчэ 10 гадоў назад мадам Мартэн жыла са сваёй сям'ёй у Шамбурсі (Сена і Ўаза).
Рамкі гэтага раздзела не дазваляюць нам спыніцца на аналагічных прыгодах, якія здзіўлялі людзей на працягу ўсяго мая 1954 года.
Серыя «рассечаных дамоў» цягнулася яшчэ даўжэй, чым «перамяшчэнні людзей». Больш як 100 сем'яў было абменена. І гэтыя абмены сталі ўлюбёнымі тэмамі для пісьменнікаў і кінематаграфістаў. Тут было нешта фантастычнае, што кранала пачуцці і вельмі падабалася публіцы. Дарэчы, даволі пацешна было бачыць (і гэта адбылося на самай справе), як каралева прачынаецца ў ложку жандара, а расейская танцоўшчыца раніцай здагадваецца, што яна ў алькове прэзідэнта ЗША. Потым прыгоды з абменам рэзка спыніліся.
Настаў час новых прыгод. Здавалася, што таямнічыя істоты, якія забаўляліся, парушаючы жыццё людзей, былі капрызныя і ім хутка надакучалі адны і тыя забавы.
У пачатку верасня невядомая рука, чыю сілу цяпер ведае ўся Зямля, замахнулася на самых таленавітых вучоных нашай планеты. 12 чалавек, амаль усе славутыя фізікі і хімікі, адначасова былі сабраны з розных краін і дастаўлены на паляну ў лесе Фантэнбло (непадалёк ад Парыжа). Кампанія маладых людзей кожную нядзелю прыязджала сюды, каб адпачыць і пагуляць па лясных узгорках. Аднойчы яны ўбачылі, як між дрэў і камянёў журботна блукаюць старыя. Заўважыўшы іх збянтэжанасць, хлопцы хацелі ім дапамагчы. Падышоўшы бліжэй, яны здзіўлена спыніліся: ад старых іх аддзяляла нейкая празрыстая непраходная заслона. Хлопцы думалі абмінуць перашкоду, абышлі вакол і канчаткова ўпэўніліся, што старыя акружаны нябачнай сцяной. Некаторыя з маладых пазналі тут сваіх выкладчыкаў. Клікалі іх, але ніхто іх не пачуў. Гук, відаць, не праходзіў праз гэтую сцяну. Вядомыя прадстаўнікі навукі апынуліся ў клетцы, нібы драпежнікі.
Здавалася, яны даволі хутка змірыліся са сваім становішчам: ляглі на сонейку, дасталі з кішэняў паперу і пачалі пісаць нейкія ўраўненні, даволі весела абмяркоўваючы іх. Адзін хлопец пайшоў паведаміць уладам. Апоўдні сабраўся натоўп цікаўных. Між тым вычоныя, відаць, пачыналі хвалявацца. Яны падыходзілі да нябачнай сцяны і, разумеючы, што іх галасоў ніхто не чуе, паказвалі на мігі, каб ім далі есці.
У натоўпе было некалькі афіцэраў, і адзін з іх паабяцаў перадаць ежу гэтым няшчасным з самалёта. Задумка была выдатная. Праз дзве гадзіны пачуўся гул матора. Пралятаючы над гэтай нябачнай клеткай, лётчык спрытна, акурат усярэдзіну, выкінуў пакеты з правіянтам. На жаль, калі да зямлі заставалася метраў дваццаць, пакеты перасталі падаць і нібы застылі ўгары. У клетцы быў нябачны дах.
Пад вечар вучоныя мелі выгляд безнадзейных людзей. Яны ўсё паказвалі на мігі, што хочуць есці і баяцца начнога холаду. Засмучаныя гледачы нічога, аднак, не маглі зрабіць. І няўжо давядзецца глядзець на пагібель гэтых свяцілаў навукі?
Ніхто не думаў, што могуць быць якія-небудзь змены да заўтрашняй раніцы. Аднак ужо на досвітку, калі добра прыгледзецца, можна было заўважыць, што ў цэнтры клеткі з'явіўся новы дэкор. Пра гэта паклапацілася нябачная рука. Пакеты, якія кінуў лётчык, цяпер віселі на вяроўках на вышыні пяць метраў. Другі канат вісеў побач і даходзіў да самай зямлі. Кожны малады чалавек мог бы лёгка залезці па гэтым канаце і зняць выратавальныя пакеты. Але мала было надзеі, што хто-небудзь з гэтых сямідзесяцігадовых людзей адважыцца на такую гімнастыку. Яны хадзілі вакол канатаў, нават правяралі іх на трываласць, і ўсё ж рызыкантаў сярод іх не знаходзілася.
Так прайшоў увесь дзень. Надышла ноч. Цікаўныя пачалі разыходзіцца. Апоўначы адзін студэнт вырашыў паспрабаваць, ці на месцы нябачная сцяна. На яго вялікае здзіўленне, ніякай заслоны ён не адчуў і з радасным крыкам ішоў уперад. Жорсткая сіла, якая два дні насміхалася з людзей, нарэшце злітавалася. Вучоных накармілі, сагрэлі, і ніхто з іх не захварэў.
Вось тыя асноўныя факты, якія характарызавалі гэты незразумелы перыяд. Сёння, аднак, мы ведаем, што гэта быў перыяд, калі ўранскія вучоныя праводзілі свае эксперыменты. А цяпер мы падаём найбольш важныя фрагменты з кнігі славутага А.Е.-17.
Чытач зразумее, што мы былі вымушаны знаходзіць зямныя эквіваленты ўранскім словам, пераклад якіх не заўсёды быў літаральны. Час уранцы адлічваюць гадамі, якія значна даўжэйшыя, чым зямныя. Там, дзе гэта было можна, мы зрабілі пералік часу на прывычныя нам зямныя меркі. Акрамя таго, уранцы, гаворачы пра людзей, ужываюць слова, якое прыкладна азначае «бяскрылыя двухногія». Гэтае занадта складанае слова мы амаль усюды замянілі на «людзі» або «зямляне». Гэтаксама мы зрабілі з паняццем «горад», якое ўранцы азначаюць як «чалавечы мурашнік». Дарэчы, у гэтым, як нам здаецца, яны мелі рацыю. І яшчэ трэба, каб чытач не забываўся, што ўранцы, як і мы, адораны зрокам, аднак гукі ім зусім невядомыя.
Уранцы «гавораць» між сабой пры дапамозе спецыяльнага органа, які складаецца з мігатлівых каляровых лямпаў. Вядома, што ўранцы, не знайшоўшы гэтых апаратаў у людзей, тут жа вырашылі, што мы наогул няздольныя перадаваць свае думкі адзін аднаму.
Тут мы змяшчаем толькі кароткія фрагменты кнігі А.Е.-17 і настойліва раім усім студэнтам прачытаць яе поўнасцю. Ёсць цудоўнае выданне гэтай кнігі з каментарыем прафесара Пекінскага ўніверсітэта Аг-Чу.
Як ужо, відаць, здагадаўся чытач, А.Е.-17 — гэта не ўранскае прозвішча аўтара, а наменклатурны індэкс, дадзены прафесарам Аг-Чу.
Пры дапамозе звычайнага тэлескопа на паверхні малых планет, і ў прыватнасці на Зямлі, можна ўбачыць плямы. Яны настолькі вялікія, што нельга дапусціць, каб гэта былі азёры ці моры. Калі доўгі час назіраць гэтыя плямы, то можна заўважыць, што на працягу некалькіх зямных стагоддзяў яны павялічваюцца, дасягаюць максімальных памераў, потым пачынаюць меншаць, а часам нават зусім знікаюць. Многія назіральнікі лічылі, што гэта — вынік захворвання глебы. Сапраўды, гэта вельмі магло нагадваць утварэнне і рассысанне пухліны. І толькі пасля вынаходніцтва ўльтратэлемікраскопа стала зразумела, што мы маем справу са скопішчам жывой матэрыі. Першыя апараты ўсё ж не былі яшчэ дасканалыя і дазвалялі бачыць, нібы ў тумане, нешта накшталт жывога жэле. Вядомыя назіральнікі, як, напрыклад, Н.-33, сцвярджалі тады, што гэтыя скопішчы — зграі жывёлін, якія вядуць агульны спосаб жыцця. З дапамогай сучасных апаратаў удалося высветліць, што ўсё гэта не так. Цяпер не толькі былі відаць індывідуумы, але і тое, што яны адрозніваюцца паміж сабою і робяць пэўныя рухі. Плямы, якія заўважыў Н.-33, на самай справе аказаліся велізарнымі гнёздамі. Іх, бадай, можна параўнаць з уранскімі гарадамі. (Гэтым гнёздам мы далі назву «гомільеры» — «чалавечыя мурашнікі».)
У гэтых гарадах жывуць маленькія істоты — людзі. Гэта двухногія бяскрылыя млекакормячыя з нязначным валасяным покрывам на целе, якое звычайна ахінаецца штучнымі матэрыяламі. Доўгі час меркавалася, што гэту дадатковую скуру людзі ўтвараюць самі па сабе. Мае ж даследаванні даюць падставы сцвярджаць, што гэта — памылковае меркаванне, бо людзі маюць нейкі інстынкт, які вымушае іх збіраць і сплятаць раслінныя або жывёльныя валокны, каб бараніцца ад холаду.
Я сказаў: «інстынкт» і з самага пачатку гэтай працы з усёй яснасцю хачу адзначыць, што пытанне, якое ўвогуле ніколі не варта было ставіць, на працягу некалькіх гадоў абмяркоўвалася з неверагоднай лёгкасцю. Асабліва гэта датычыцца маладых натуралістаў, бо яны ўзялі сабе за моду прыпісваць гэтым зямным лічынкам розум, які па сваёй прыродзе нібыта такі, як і ў нас, уранцаў. Хай сабе іншыя разбіраюцца, наколькі жахлівая такая дактрына з рэлігійнага погляду. Я ж пакажу ў гэтай кнізе ўсю абсурднасць падобных канцэпцый толькі з навуковага пункту гледжання.
Сапраўды, калі ўпершыню назіраеш за гэтым жэле і бачыш тысячы жывых цікавых сцэн: доўгія вуліцы, па іх ходзяць людзі, яны часам спыняюцца і, здаецца, нават разумеюць адзін аднаго, або калі глядзіш на прыватнае асобнае гняздо, дзе бацькі пільнуюць сваіх малых, сочыш за арміямі на маршы ці захапляешся працай будаўнікоў, — то ўсё гэта ўяўляецца такім прыгожым спектаклем, што сапраўды можа здацца, нібы людзі такі надзелены нейкім розумам. Аднак каб дасканала вывучыць псіхічныя здольнасці гэтых жывёлін, недастаткова выкарыстоўваць толькі выпадковыя карціны, што перш-наперш паўстаюць перад даследчыкам.Трэба ставіць людзей у такія абставіны, якія найлепш будуць спрыяць даследаванню, трэба як мага больш змяняць гэтыя абставіны, карацей кажучы, трэба эксперыментаваць і ствараць навуку толькі на аснове фактаў. Менавіта так мы падышлі да справы, правёўшы вялікую серыю эксперыментаў, якія будуць апісаны ніжэй. Але перш чым распачаць наш выклад, я прашу чытача ўявіць тыя неверагодныя цяжкасці, з якімі мы сутыкаліся ў сваёй працы. Безумоўна, як толькі мы пачалі выкарыстоўваць праменні, значна лягчэй стала праводзіць эксперыменты на далёкай адлегласці, бо дзякуючы праменням мы атрымалі магчымасць падхопліваць целы, маніпуляваць імі і нават пераносіць з аднаго месца ў другое. Аднак людзі — істоты вельмі маленькія, кволыя, і выпрабаванне на іх праменняў — справа грубая і жорсткая. Таму спачатку некаторыя людзі гінўлі ў час эксперыментаў. Спатрэбіліся звышдакладныя выпрамяняльныя прылады, каб дасягаць аб'екта назірання і абыходзіцца з ім з патрэбнай асцярожнасцю. У прыватнасці, калі мы пачалі пераносіць людзей з аднаго месца ў другое, то спачатку не ўлічвалі супраціўлення гэтых істот. Мы пераносілі іх занадта хутка праз паветраныя слаі, якімі акружана Зямля, і людзі задыхаліся. Мы былі вымушаныя стварыць такую ўстаноўку, усярэдзіне якой шкодныя эфекты ад хуткасці перамяшчэння не ўспрымаліся. Праводзячы доследы па разразанню і пераносу людскіх гнёздаў, мы спачатку не ўлічвалі канструкцыі будынкаў. І толькі ў ходзе эксперыментаў навучыліся ўтрымліваць іх, выкарыстоўваючы моцны пучок праменняў.
Чытач знойдзе тут геаграфічную карту той часткі зямной паверхні, дзе мы правялі найбольш істотныя эксперыменты. Просім звярнуць увагу на два вялікія чалавечыя мурашнікі, якія мы назвалі: Хаатычны і Строгі. Гэтыя назвы потым былі прыняты ўсімі астрасацыёлагамі. А мы, даючы іх, кіраваліся тым, што гэтыя мурашнікі вельмі адрозніваюцца паміж сабой: адзін здзіўляе строгасцю свайго плана, другі ўяўляе сабой нейкае складанае перапляценне крывых вулачак. Хаатычны і Строгі мурашнікі аддзелены адзін ад аднаго нейкай бліскучай лініяй. Мы мяркуем, што гэта мора. Самы вялікі мурашнік на Зямлі — Геаметрычны. Ён яшчэ больш правільны, чым Строгі. Ад першых двух Геаметрычны аддзелены значнай бліскучай паверхняй.
Які пункт Зямлі выбраць для эксперыментаў? Як умяшацца ў жыццё гэтых істот, каб атрымаць ад іх неабходныя рэакцыі? Прызнаюся, я страшэнна хваляваўся, калі ўпершыню ўзяў даволі моцны апарат і пачаў рыхтавацца да эксперыментаў на Зямлі. Са мною былі мае чатыры вучні, якія хваляваліся не менш, чым я. Адзін за адным мы пачалі разглядаць праз ультратэлемікраскоп чароўныя малюсенькія пейзажы. Мы накіравалі наш апарат на Хаатычны мурашнік. Знайшлі там даволі адкрытае месца, каб лепш прасачыць, што будзе пасля. Маленькія дрэўцы паблісквалі ад веснавога сонца, і мы бачылі,як многія істоты зліваліся ў натоўп. Пасярод натоўпу, чамусьці асобна ад астатніх, была толькі адна асоба. Спачатку мы хацелі разгадаць гэту гульню, але гэта нам не ўдалося. Тады мы вырашылі выкарыстаць праменні. Эфект быў ашаламляльны. У зямлі ўтварылася яма; некалькі істот засыпала зямлёй; і адразу ж істоты зрабіліся надзіва актыўныя. Сапраўды, можна было падумаць, што яны арганізуюцца даволі разумна. Адны ратавалі засыпаных, другія пабеглі па падмогу. Даволі хутка ўсе пашкоджанні былі ліквідаваны. Пасля мы вырашылі выкарыстоўваць нашы праменні ў менш населеных пунктах, каб не ставіць у небяспеку гэтых істот. Мы навучыліся змяншаць магутнасць праменняў і пачалі працаваць больш асцярожна. І толькі калі ўпэўніліся ў нашай методыцы, мы вырашылі пачаць першую серыю эксперыментаў.
Маёй першай мэтай было праверыць, ці знойдзе дарогу назад адна з зямных істот, калі яе ўзяць і перанесці з роднага мурашніка зусім у іншае месца. Напачатку, як я ўжо адзначыў, мы сутыкнуліся з велізарнымі цяжкасцямі. Па-першае, істоты паміралі ў час перанясення, па-другое, мы не ўлічвалі таго, што яны маюць штучную скуру, ад якой яны лёгка могуць пазбавіцца. Таму, як толькі мы апускалі іх на зямлю, мы адразу гублялі іх з вачэй. Калі ж мы паспрабавалі зрываць гэтую штучную скуру і ставіць меткі непасрэдна на целе, то і тут нас чакала няўдача, бо, апынуўшыся на Зямлі, істота тут жа набывала новую скуру.
З цягам часу мае вучні ўсё ж навучыліся сачыць за істотамі і трымаць іх пад кантролем. Мы высветлілі, што ў 99 выпадках з 100 істота вярталася менавіта туды, адкуль мы яе бралі. Я вырашыў перанесці дзве істоты з Хаатычнага мурашніка ў Геаметрычны, якія знаходзяцца далёка адзін ад аднаго.
Праз 10 зямных дзён мой верны вучань Е.Х.-33, які сачыў за імі дзень і ноч, паказаў мне, як тыя вярталіся назад. Яны знайшлі дарогу дамоў, нягледзячы на тое, што мясцовасць, куды я іх апусціў, была ім зусім невядомая. Да таго ж абедзве істоты былі зацятымі дамаседамі (гэта мы ведалі, бо даўно сачылі за імі). Якім жа чынам знайшлі яны дарогу? Я пераносіў іх так хутка, што заўважыць маршрут яны не маглі. Чым жа яны кіраваліся? Вядома, не памяццю, а нейкай спецыфічнай якасцю, пра якую мы можам толькі гаварыць, не могучы яе вытлумачыць, бо гэта выходзіць за межы нашай уласнай псіхалогіі.
Тут жа паўстала і другая праблема. Ці пазнаюць астатнія істоты вяртальца? Здаецца, што так яно і ёсць. Звычайна калі ён вяртаўся ў сваёй гняздо, там узнікала вялікае ўзбуджэнне. Іншыя істоты пры гэтым прыкладалі да яго рукі, а часам нават губы. Разам з гэтым у некаторых выпадках, як нам падалося, вяртанне выклікала злосць і незадаволенасць.
Такім чынам, першыя эксперыменты паказалі, што бяскрылыя двухногія маюць нейкі інстынкт, дзякуючы якому яны пазнаюць свае мурашнікі.
Потым мы вырашылі даведацца, ці існуюць на Зямлі, як у нас на Ўране, такія пачуцці, як каханне, мацярынская любоў і г.д. Такое меркаванне мне здавалася абсурдным, бо да гэтых чыстых пачуццяў уранцы прыйшлі толькі праз мільёны гадоў цывілізацыі. Аднак абавязак даследчыка — працаваць над праблемай непрадузята і не загадваць вынікаў, якія могуць прынесці эксперыменты.
Ноччу істота-самец звычайна адпачывае каля сваёй самкі. Я папрасіў сваіх вучняў разрэзаць папалам гнёзды, каб аддзяліць самца ад самкі, безумоўна, стараючыся не параніць ніводнага, а потым узяць і склеіць адну палову «А» з паловай «Б» і паглядзець, ці здагадаюцца яны пра якую-небудзь перамену. Пры гэтым мы імкнуліся ствараць нармальныя ўмовы для эксперыментаў і таму падабралі падобныя гнёзды. Я раіў таксама сваім вучням падабраць менавіта такія гнёзды, дзе б колькасць дзяцей была аднолькавая, а памеры пакояў супадалі.
Нарэшце Е.Х.-33 радасна паказаў мне два гнязды, дзе было па чацвёра дзяцей. Адно гняздо было ў Хаатычным мурашніку, другое — у Строгім. Н.Х.-33 з дзівоснай далікатнасцю разрэзаў і перанёс паловы гнёздаў. Ніякіх сумненняў вынікі не выклікалі. У абодвух выпадках штучна падабраныя намі пары, прачнуўшыся, выявілі толькі лёгкае здзіўленне. Гэта, мусіць, ад пералёту і прызямлення. Потым усе яны заставаліся на месцы, захоўваючы пры гэтым самыя звычайныя ўзаемаадносіны.
Факт амаль неверагодны: адразу ж абедзве самкі без ніякага жаху ці агіды пачыналі клапаціцца аб жытле і дзецях, відаць, не разумеючы, што ўсё гэта чужое.
Мы паўтарылі эксперымент многа разоў. У 93 выпадках са 100 паводзіны самак былі аднолькавыя. Самкі маюць устойлівую прывычку да сваіх абавязкаў і зусім не думаюць, дзеля каго яны іх выконваюць. Незалежна ад таго, з чыімі дзецьмі ім даводзіцца апынуцца, яны клапоцяцца пра іх аднолькава старанна. Можна было дапусціць, што гэтая блытаніна звязана з тым, што мы падбіралі вельмі ўжо падобныя гнёзды. Аднак паступова мы ўскладнялі эксперымент і бралі, напрыклад, адну палову ад беднага, другую — ад багатага гнязда. Вынік быў той самы: чалавек не можа адрозніваць свайго жытла ад чужога.
Даказаўшы такім чынам, што па ўзроўню сваіх пачуццяў зямлянін стаіць вельмі нізка ў параўнанні з іншымі істотамі, мы вырашылі заняцца яго інтэлектуальнымі вартасцямі. Для гэтага мы змясцілі некалькі індывідаў у прамянёвую клетку. Ежу паклалі так, што дастаць яе можна было, толькі зрабіўшы больш-менш складаныя рухі. Падбіраючы для эксперыменту зямлян, я нават дазволіў узяць менавіта тых, у якіх, на думку майго калегі Х.-38, былі прыкметы навуковага інтэлекту. Дэталі гэтага эксперыменту можна знайсці ў Дадатку «В». Не пакінуўшы месца сумненням, эксперымент даказаў, што жыццё чалавека настолькі абмежаванае ў часе, што ён імгненна ўсё забывае і няздольны знаходзіць элементарныя спосабы вырашэння праблем, якія хоць крышку адрозніваюцца ад тых, да якіх ён спрадвеку прывык.
Пасля другой серыі эксперыментаў мы так добра навучыліся ўлоўліваць рухі гэтых істот, што маглі, нават не ўмешваючыся, сачыць за імі на працягу іх звычайнага жыцця. Некалькі зямных гадоў я з захапленнем назіраў жыццё аднаго мурашніка.
Паходжанне зямных грамадстваў нам невядомае. Як і чаму гэтыя істоты адмовіліся ад волі і сталі рабамі мурашнікаў? Мы пра гэта нічога не ведаем. Можна дапусціць, што, збегшыся ў мурашнікі, яны атрымалі магчымасць супрацьстаяць іншай жывёле, а таксама і сілам прыроды. Аднак плацяць за гэту магчымасць людзі страшэнна дорага. Ніхто так не пазбаўлены адпачынку і радасці, як яны. У вялікіх мурашніках, у прыватнасці ў Геаметрычным, актыўнае жыццё пачынаецца на досвітку і захоплівае нават частку ночы. Гэта яшчэ можна было б зразумець, калі б дзейнасць чалавека ішла яму на карысць. Але ж чалавек настолькі абмежаваны, настолькі ахоплены інстынктамі, што працуе і выпрацоўвае намнога больш, чым яму трэба. Дзесяткі разоў я бачыў, як у крамах збіралася так многа тавараў, што людзі самі, здавалася, гэтым былі заклапочаныя. А між тым другая група, ні на што не зважаючы, усё вырабляла тыя самыя тавары.
Мы дрэнна разумеем падзел чалавецтва на касты. Усё ж удалося высветліць, што адна група людзей апрацоўвае зямлю і амаль цалкам забяспечвае ўсіх ежай; другая група вырабляе адзенне або будуе гнёзды; а трэцяя група, здаецца, нічога не робіць, апрача таго што хутка перамяшчаецца па планеце і есць. Чаму першыя дзве групы церпяць і згаджаюцца карміць і апранаць трэцюю — гэтага мы не здолелі адгадаць.
Е.Х.-33 правёў велізарную работу, імкнучыся даказаць, што гэта цярпенне мае сексуальнае паходжанне. Ён устанавіў, што вечарамі, калі збіраюцца прадстаўнікі трэцяй касты, да іх прыходзяць і працаўнікі, каб паглядзець на паўраздетых жынчын. Такая тэорыя мне падаецца ўдалай, аднак абгрунтавана яна занадта слаба, каб да яе ставіцца сур'ёзна.
Я асабіста лічу, што каставы падзел на Зямлі трэба тлумачыць у першую чаргу дзіўнай абмежаванасцю чалавека. Увогуле, я думаю, што было б велізарнай памылкай тлумачыць дзеянні людзей, карыстаючыся нашым уранскім ладам мыслення. У сваіх дзеяннях чалавек не кіруецца свабодным розумам, а падпарадкоўваецца нейкаму фатальнаму неўсвядомленаму ўзбуджэнню. У чалавека няма выбару ў тым, што ён павінен зрабіць (бедалага-чалавек нібы слізгаецца па раней вызначаным схіле, каб прыйсці да мэты). Мне было добрай забаўкай назіраць асабістае жыццё некаторых мужчын, для якіх любоўныя прыгоды сталі галоўным сэнсам жыцця. Я бачыў, як яны, імкнучыся спакусіць жанчыну, бралі на сябе ўсе выдаткі пры будаўніцтве дома. Не задавольваючыся гэтым, мужчына ішоў шукаць другую спадарожніцу, якая таксама атрымлівала жытло! За такое каханне мужчына вядзе бясконцую барацьбу, не зважаючы ні на што. Увесь час сутыкаючыся з цяжкасцямі, мужчына ніякіх разумных вывадаў не робіць і не кідае сваіх авантур. І нават за дзесятым разам ані не разумнее.
Няздольнасць чалавека запамінаць мінулае, прадбачыць будучыню пацвярджаецца і шматлікімі войнамі, якія ўзнікаюць паміж людзьмі. У нас, уранцаў, неверагодная нават думка, што адна група ўранцаў можа атакаваць другую або кідацца прадметамі, каб параніць саперніка ці атруціць яго ядавітымі газамі.
А між тым усё гэта адбываецца на Зямлі. На працягу некалькіх стагоддзяў я назіраў, як узнікаюць сутычкі паміж велізарнымі масамі людзей то ў адным, то ў другім кутку планеты. Часам яны ваююць пад адкрытым небам, часам хаваюцца ў зямлі і імкнуцца разбурыць варожыя акопы, абрынаючы на іх цяжкія груды металу. А часам яны нават прыладжваюць прымітыўныя крылы, каб кідаць снарады зверху. Улічыце пры гэтым, што абодва бакі робяць адно і тое. Гэта жахлівае і смешнае відовішча. Сцэны тут настолькі страшныя, што, калі б людзі валодалі хоць слабой памяццю, яны б не дапусцілі іх паўтарэння на працягу многіх пакаленняў. Аднак за кароткі чалавечы век людзі два-тры разы ўвязваюцца ў гэтыя смяротныя бойкі.
Другі прыклад сляпога падпарадкавання зямлян інстынктам мы бачым у тым, што яны часам будуюць свае мурашнікі якраз у такіх месцах планеты, якія небяспечныя для жыцця і асуджаны на пагібель. Так, мы з увагай сачылі, як на адным перанаселеным востраве за 8 гадоў ад землятрусаў тройчы разбураліся ўсе дамы. Кожнаму разважліваму назіральніку ясна, што людзі павінны былі б пакінуць гэты востраў. Але дзе там! Як нічога і не было, людзі заўзята бяруцца за працу і будуюць такія самыя дамы з дрэва і жалеза. А на другі год яны зноў будуць разбураны.
«Але, — запярэчаць мне апаненты, — які б абсурдны ні быў аб'ект дзейнасці чалавека, бясспрэчна, што гэтая дзейнасць усё ж упарадкаваная, а гэта сведчыць аб існаванні на Зямлі нейкай кіраўнічай сілы, нейкага розуму».
Ізноў памылка! Паводзіны людзей пасля землятруса нагадваюць рухі газавых малекул. Кожная малекула сама па сабе апісвае даволі складаную траекторыю, аднак у сукупнасці гэтыя малекулы робяць даволі простыя дзеянні. Калі мы разбураем горад, мільёны людзей пачынаюць сутыкацца паміж сабой, замінаюць адзін аднаму, дзейнічаюць самым хаатычным чынам, — і ўсё ж такі праз нейкі час горад узнімаецца зноў.
Вось такі гэты своеасаблівы інтэлект. Цяпер стала модным разглядаць яго як нейкі водбліск нашага ўранскага розуму. Аднак мода праходзіць, а факты застаюцца. І факты прыводзяць нас да старых расказаў аб уранскай душы і яе прывілеяваным лёсе. І я быў бы рады, калі б мае эксперыменты памаглі разбіць падобныя дактрыны і паставіць зямлян на месца. Бо зямляне паводле свайго інтэлекту знаходзяцца на ўзроўні жывёлін, хоць і безумоўна цікавых для вывучэння. Людзі страшэнна наіўныя і непаслядоўныя ў сваіх дзеяннях. Усё гэта сведчыць аб тым, што неймаверная бездань ляжыць паміж уранскай душой і жывёльным інстынктам.
На шчасце для самога А.Е.-17, ён у пару памёр і не стаў сведкам першай міжпланетнай вайны, пасля якой наладзіліся дыпламатычныя адносіны паміж Уранам і Зямлёй. А гэта дазволіла атрымаць такія факты, якія цалкам адхілілі канцэпцыю А.Е.-17. Да канца дзён сваіх ён жыў у славе і ў пашане. Гэта быў добры ўранец. Злаваў ён толькі тады, калі яму пярэчылі.
Цікавы для нас факт: на Ўране яму паставілі манумент. На п'едэстале — барэльеф, зроблены па тэлефатаграфіі, на якой — натоўп людзей, вельмі падобны да таго, што можна бачыць на Пятай авеню.