Іх было пяцёра. Пяцёра сынкоў парыжскіх мультымільярдэраў, якія мелі свае капіталы нават за мяжою. Гэта былі шчаслівыя дзеткі, якім лёгка даставаліся аўтамабілі, дзяўчаты ў норкавых футрах... І быў шосты. Сын дробнага службоўца прэфектуры. Бацьку плацілі мала. Заўсёды незадаволены, нічым не прыкметны.
Пяцёра пазнаёміліся з шостым у кавярне літаратараў у багатым парыжскім квартале Сэн-Жэрмен дэ Прэ. І дамовіліся заснаваць штомесячны часопіс «Назад». Як і трэба было думаць, пяцёра ўкладвалі грошы, шосты даваў ідэі.
Сыны мільярдэраў былі добранькія, сумленныя, чысценькія, як золата, да якога бруд не прыліпае. Любілі смяяцца, зрэдку працаваць, і, хоць былі крыху прастадушныя і наіўныя, ім вельмі падабаліся дасціпныя рэчы.
Чытачу не варта ведаць, як іх звалі. Але імя шостага, якое каштавала мала, я назаву. Сына дробнага службоўца звалі Мартэн. Скончыў універсітэт. Філолаг. 23 гады. Насуперак бацькоўскім жаданням не захацеў быць настаўнікам ці рэдактарам у якім-небудзь міністэрстве і, урэшце, нікім такім, каб стаць гонарам сціплай сям'і. Мартэн умеў складна гаварыць, добра валодаў пяром, і ўсё ж было ў яго натуры штосьці сапсаванае. Ад яго адметнага, сухога смеху часта рабілася страшна.
Што ўяўляў сабой першы і адзіны нумар часопіса «Назад»? Пра гэта можна лёгка меркаваць, бегла пазнаёміўшыся з яго зместам. Перадавы артыкул, напісаны Мартэнам, меў загаловак «Даволі рэвалюцыйнай расслабленасці!». Пад кожным з пяці астатніх артыкулаў стаяў подпіс аднаго з сыноў мільярдэраў. Вось загалоўкі іх опусаў: «Няхай бедныя выкручваюцца самі!», «Давайце любіць багатых!», «Масы трэба паставіць на месца!», «Народ — дурань!» і «Вялікі капітал — гэта мы!»
Тут дзеля справядлівасці трэба сказаць, што калі ідэя заснавання часопіса была прынята сынкамі багацеяў без ніякіх пярэчанняў і сумненняў, то пры вызначэнні яго кірунку і характару легкадумнасць пакінула іх: яны доўга спрачаліся, пераглядалі свае пазіцыі, зноў спрачаліся... І праз два тыдні перагавораў мала чаго ўжо не хапала, каб смелая ініцыятыва была пахавана назаўсёды. Але Мартэн быў упарты і непахісны. З хітрасцю, якая, мусіць, была пазычана ў самога д'ябла, ён горача гаварыў пра антыканфармізм, смеласць думкі, свабоду, праўду, шчырасць — словы, згадзіцеся, якія калісьці нарабілі столькі бяды ды і цяпер маглі б збіць з панталыку моладзь, калі б пра яе не клапаціліся. «Перад намі, — падкрэсліваў Мартэн, — сапраўдная місія: вызваліць розум і ачысціць сумленне людзей». Урэшце пяцёрка не толькі здалася, але і шчыра прызнала Мартэнавы погляды сваімі.
На трэці дзень пасля выхаду часопіса ў свет вядомы мільярдэр месьё X. выклікаў да сябе сына. На стале ў яго красаваўся часопіс «Назад». Ён даволі сурова прыняў сына і ўсё ж не ўтрываў, каб у глыбіні душы не расчуліцца, убачыўшы элегантна адзетага сына і ў цудоўным настроі. Бацька пастукаў рукой па часопісе і металічным голасам пачаў:
— Я не пытаюся, ці знаёмы ты з гэтым смеццем, бо тут вялікімі літарамі выстаўлена напаказ тваё прозвішча, якое таксама, і перш-наперш, з'яўляецца маім. Я хачу верыць, што ты ўчыніў гэта праз неразуменне або праз неабдуманасць. Але як ты мог — ты, такі выхаваны хлопчык, такі адукаваны і разумны, ты, хто добра ўсвядоміў, што такое бесклапотнае жыццё і што такое сродкі жыцця, бо ты ж багаты, і вельмі багаты — мільярдэраў сын, як ты мог, пытаюся я, не згарэўшы ад сораму, напісаць артыкул, адна назва якога «Вялікі капітал — гэта мы!» з'яўляецца правакацыяй? І калі б справа была толькі ў назве! Але ж і сам змест выходзіць за ўсялякія межы. Слухай! Чытаю наўгад: «Мы не хочам больш прыкідвацца, што ставімся да пралетарыяту з любоўю. Бо ніякай любові да яго мы не адчуваем...» І далей: «Няхай сацыялісты стараюцца зрабіць бедных жабракамі, няхай, раз ім гэта падабаецца, аднак мы не можам болей цярпець, што сацыялісты перашкаджаюць багатым выкарыстоўваць свае грошы так, як ім хочацца; мы не можам болей цярпець, што багатых прымушаюць па-брацку ўздыхаць...» І яшчэ: «Скончым з гэтай рэвалюцыяй — алібі — алібі хітрых, алібі нягоднікаў, алібі б...!»
Бацька загарнуў часопіс і стукнуў па ім кулаком.
— Ты што, зусім здурнеў? Хіба пра такія рэчы гавораць, га? Ты не адмовішся? А я думаю, што ты ад усяго адрачэшся! Ад усяго і на ўвесь голас! Я думаю, што змагу сказаць нашым таварышам з левых экстрэмістаў, а таксама нашым сябрам з урада і епіскапства, што гэта проста жарт і сэрцам ты заўсёды за народ...
— Ніколі!
Некалькі секунд яны моўчкі глядзелі адзін на аднаго. Бацькаў погляд быў змрочны і пагрозлівы. Раптам сын устаў з крэсла і, расправіўшы грудзі, моцна крыкнуў:
— Далоў Арагона!
Пачуўшы гэта, бедалага-бацька збялеў.
— Мой маленькі хлопчык, — пачаў ён надламаным голасам, — мала таго, што ты напісаў гэтыя жахлівыя рэчы, дык ты яшчэ палохаеш свайго бацьку! Чаго табе яшчэ трэба? Я ж табе кожны месяц даю па шэсцьсот тысяч франкаў на кішэнныя выдаткі. Толькі што купіў на свята новы «Крайслер». Мой маленькі, хіба я калі забараняў табе займацца літаратурай? Наадварот. Я ж бачу, што многія маладыя з багатых сем'яў пішуць. І ты мог бы браць з іх прыклад. Калі я думаю пра Рэвэйо-Пішона з харчовай прамысловасці і шампанскіх вінаў... Яго сын нядаўна выдаў кнігу паэм, і ў іх услаўляюцца рабочыя. Пра гэтую кнігу пісалі самыя перадавыя газеты! Вось дзе шчасце і гонар бацьку! Пачакай, мой хлопчык, падумай, апамятайся! Гэта ж так лёгка размахваць сваім сэрцам і выказваць вялікія пачуцці! І, павер мне, гэта дробязь, якая нічога не каштуе, затое ты заўсёды будзеш у выйгрышы! Заўсёды! Урэшце, чаго я ў цябе прашу? Быць за народ, як і астатнія. Быць рэвалюцыянерам, як і ўсе мы.
— Пра тое, што я напісаў, я падумаў. І так буду думаць заўсёды.
— Ага! Вось ты як! З гэтай хвіліны на кішэнныя выдаткі будзеш мець пяцьдзесят тысяч франкаў. І так будзе, пакуль ты не зменіш сваіх поглядаў. Паўтараю: пяцьдзесят тысяч.
Пяцьдзесят тысяч франкаў — гэта была сума, якую і астатнія мільярдэры (яны дамовіліся папярэдне) вызначылі сваім сынам.
З Мартэнам было крыху іначай. Яго бацька прачытаў вячэрнюю газету, спартыўны штотыднёвік, а на часопіс «Назад» нават не глянуў. Таму і ўцяміць не мог, чаму гэта раптам ад шэфа пасыпаліся на яго папрокі і непрыемнасці. Хвалюючыся за сваё маральнае аблічча і ўвогуле за становішча, ён пачаў капацца ў сваім сумленні. Аднак не знаходзіў нічога такога ні ў сваёй працы, ні ў выяўленні палітычных сімпатый, што магло б так угнявіць кіраўніцтва. А калегі ўхіляліся з ім гаварыць, а пры шэфу нават злосці не хавалі. І ўсё ж адзін з самых старых сяброў растлумачыў яму, чаму так раптам змяніліся да яго адносіны ў прэфектуры. Бацькаў гнеў быў страшны. Вось што ён сказаў свайму сыну:
— Ах ты, нягоднік! Вось як ты плаціш бацьку! Усё жыццё я ўсім ахвяраваў, каб ты выбіўся ў людзі, каб ажаніўся з багатаю нявестаю. А ты! Вось як ты мне аддзячыў! Арганізаваў анархісцкі часопіс! І папісваеш гэтыя брудныя артыкульчыкі! Я — той, каго кіраўніцтва заўсёды ставіла ў прыклад, сёння стаў бацькам адступніка, паганца, пісакі-прайдзісвета, які з гразёю мяшае рэвалюцыю! О, падонак! Вон з маёй хаты — я праклінаю цябе!
Тут пытанне пра кішэнныя выдаткі не ставілася, як, дарэчы, не ставілася яно ніколі і раней. Беспрытульны Мартэн на жыццё меў пяцьсот франкаў, што засталіся ад сціплай зарплаты галоўнага рэдактара часопіса. Урэшце, грошы мала яго турбавалі. Было ў гэтым маладым чалавеку штосьці ад Мефістофеля. Ён лёгка зжываўся з беднасцю і меў у гэтым свеце толькі самыя неўтаймоўныя жаданні, народжаныя злосцю. Злосцю таго, хто думае інакш, гэта значыць «вельмі правільна». Ён ужо памалу забываўся на бацькаў праклён, які ўспрыняў, відаць, занадта лёгка, выйшаў з дому і пакіраваўся ў рэдакцыю свайго часопіса, дзе вырашыў пакуль што пажыць. Рэдакцыя складалася з аднаго пакойчыка, вестыбюля і туалета. Мартэн паслаў на падлозе часопісы, лёг і хутка заснуў. Назаўтра раніцай у 10 гадзін прыйшла сакратарка. Да гэтага часу Мартэн ужо адстукаў на машынцы сем старонак. Ён забыўся праветрыць пакойчык, і дзяўчына, скрывіўшы носік, незадаволена сказала:
— Ну і паветра тут.
Сыны мільярдэраў вельмі любілі гэтую пухленькую бялявую маладую сакратарку. Яе звалі Жынэта. Яна час ад часу сустракалася то з адным, то з другім сынком. Была з імі такая далікатная і тактоўная, што ёй адказвалі ўзаемнасцю і рабілі невялікія падарункі. Мартэн не падараваў ёй нічога. Праўда, з ім Жынэта ніякіх інтымных спраў не вяла, бо лічыла, што ў яго менш таленту, чым у іншых.
Пяцёрка з'явілася ў рэдакцыі апоўдні. Выгляд ва ўсіх прыгнечаны, слова не выцягнеш. Што ж, цяпер, калі ў кожнага было толькі па пяцьдзесят тысяч, сынкі безнадзейна глядзелі на будучыню часопіса і не спадзяваліся нават на выданне другога нумара. Мартэн прабраў сынкоў, падбадзёрыў, даводзячы зноў і зноў, што яны — лідэры антыканфармізму і свабоды.
— За працу! — адрэзаў ён. — За працу ў імя багатых і вялікага капіталу!
Сынкі як быццам зноў акрыялі і, успомніўшы свой колішні энтузіязм, паабяцалі неадкладна ўзяцца за работу.
Мартэн вярнуўся да свайго вялікага артыкула з назвай «Багацейце!», якому, на шчасце, не было суджана з'явіцца ў друку. Гэта быў ёмісты памфлет. Яго аўтар намагаўся (дарэчы, марна) высмеяць высакародныя паводзіны нашай буржуазнай эліты, яе ласку да працоўных і набожнае шанаванне рэвалюцыі. Мартэн цвёрда наважыў перарабляць артыкул столькі, колькі спатрэбіцца, абы дасягнуць ідэальнай формы. Артыкул рос як на дражджах. Цэлы стол быў завалены паперамі. Жынэта не паспявала за ім друкаваць. Почырк у Мартэна быў дрэнны, і ёй часта даводзілася кідаць машынку і ісці да яго ўдакладняць напісанне некаторых слоў. Мартэн злаваў, што яму перашкаджаюць думаць, але на пытанні сакратаркі адказваў і кожны раз абзываў яе то непісьменнай, то адсталай. У адказ на Мартэна сыпалася: «Пачвара ты! Выскачка!» Часам спрэчка ледзь не даходзіла да кулакоў. Аднойчы раніцай пасля такога «дыялогу» Жынэта такі ўляпіла аплявуху Мартэну. Той устаў, каб адпаведным чынам адказаць ёй. І ў гэты момант сонечны прамень асвяціў іх. З ніжняга паверха данеслася джазавая музыка, і, самі таго не чакаючы, яны расталі ў абдымках.
У той самы дзень пасля абеду з'явілася пяцёрка. Мартэн, расчырванелы ад доўгіх пацалункаў, прыняў сваіх кампаньёнаў у поўным замяшанні. Ён папытаўся, ці закончаны іх артыкулы. Аўтары моўчкі глядзелі яму ў вочы. Нарэшце першы заявіў:
— Усё ўзважыўшы, я вырашыў быць за народ.
— Усё ўзважыўшы, — сказаў другі, — я — за рабочых!
— Усё ўзважыўшы, — выпаліў трэці, — я — за абяздоленых!
— Усё ўзважыўшы, — працадзіў чацвёрты, — я — за масы!
— Усё ўзважыўшы, — падагульніў пяты, — я — за рэвалюцыйны дух!
Усяго толькі некалькі дзён не бачыліся сынкі з Мартэнам. Аднак і гэтага ім хапіла, каб з карысцю для сябе падумаць. Акрамя таго, мізэрная сума — пяцьдзесят тысяч франкаў на месяц — памагла ім усвядоміць, што такое беднасць, і яны ўжо насілі ў сабе пачуццё еднасці з абяздоленымі, з працоўнымі класамі, з масамі. Сынкі прызналі і асудзілі свае памылкі. Зноў сталі рэвалюцыянерамі, з чыіх радоў, як правільна казалі бацькі, не варта было і выходзіць.
— Што з вамі робіцца? Вы ўсё-такі не кінеце часопіс? — папытаўся Мартэн.
— Гэта будзе складана, — пачуўся адказ. — Дый часопіса «Назад» больш няма. Хапіла і аднаго нумара. Пакладзены канец гэтаму бруду! І так панасміхаліся з вялікіх ідэй, якія хвалююць сэрца кожнага сумленнага чалавека. І, нарэшце, нашы бацькі маюць рацыю, калі гавораць, што нельга дасягнуць поспеху ў літаратуры, зневажаючы рэвалюцыю. А нам таксама хочацца, каб і пра нас сказалі, што мы — маладыя пісьменнікі вялікага сэрца і шчырай душы. Так што скончана з нашым «Назад» раз і назаўсёды.
— Ну, гэта мы яшчэ пабачым! — сказаў Мартэн. — Я адзін буду выдаваць «Назад»!
— А на якія грошы?
Мартэн запнуўся. Ён увесь час думаў толькі пра змест часопіса і ніколі не цікавіўся матэрыяльным бокам справы. Сынкі заўважылі яго разгубленасць і задаволена пачалі скаліць зубы.. Жынэта вырашыла, што гэта ўжо занадта. Яна пацалавала Мартэна і, павярнуўшыся да пяцёркі, адсекла:
— Грошы мы знойдзем! А вашых нам не трэба! Вы — бяздарныя выскачкі! Вы — пачвары! Ідзіце дадому, і няхай вашы таткі мільярдэры дадуць вам блаславенне!
— Але ж мы дзейнічаем у імя народа, — паспрабавалі пярэчыць сынкі.
— Даволі! У майго любага і ў мяне шмат працы. Марш адгэтуль!
Сынкі былі абражаны ўжо тым, што яна бессаромна, пры іх, пацалавала Мартэна, а яе апошнія нахабныя словы зусім вывелі іх з цярпення.
— Мы ў сябе дома, бо мы плацім за памяшканне, газ і электрычнасць. Так што самі вымятайцеся адсюль і рабіце свой часопіс у іншым месцы!
З болем у сэрцы Мартэн і Жынэта мусілі пакінуць рэдакцыю.
Пасля гэтай расправы сынкі вярнуліся да бацькоў і сціпла расказалі пра тое, што яны толькі што зрабілі масам. Адначасова яны пакляліся быць вернымі справе рэвалюцыйнай будучыні. Да глыбіні душы расчуленыя таты адразу давялі кішэнныя выдаткі сваіх дзетак да васьмісот пяцідзесяці тысяч франкаў на месяц.
Між тым становішча Жынэты і Мартэна было вельмі хісткае. Без падтрымкі, амаль без грошай, ім заставалася спадзявацца толькі на сябе. Праўда, Мартэна гэта зусім не хвалявала. Ён усё думаў пра свой вялікі артыкул, над якім яшчэ трэба было працаваць і працаваць. На шчасце, Жынэта была больш практычная. За тыя некалькі соцень, што ў іх яшчэ заставаліся, яна купіла білет нацыянальнай латарэі і назаўтра ж стала ўладальніцай пяці мільёнаў франкаў. Шчаслівы Мартэн цяпер быў упэўнены, што другі нумар часопіса ўбачыць свет. Але Жынэта думала інакш: абгрунтавана і доказна яна пераканала Мартэна, што пяць мільёнаў — гэта дробязь, і перш чым укладваць значныя сродкі ў такую няпэўную справу, як часопіс,трэба стварыць мацнейшую платформу. І абое заняліся камерцыяй. Спецыялізаваліся на ангельскіх шпільках. Па праўдзе кажучы, Мартэну гэта не надта падабалася, але памалу ён адчуў смак у гэтай справе і ўкладваў у яе ўвесь свой інтэлектуальны запал.
На сённяшні дзень Мартэн і Жынэта — людзі з добрым дастаткам. І, як прадчувала Жынэта, у Мартэна няма ніякага жадання зноў вяртацца да выдання часопіса «Назад». Цяпер Мартэн — за народ, за абяздоленых і, як усе, — рэвалюцыянер. Ён памірыўся з сынкамі мільярдэраў і разам з імі жартуе з лёсу часопіса-нябожчыка. У Мартэна цудоўныя адносіны з палітычнымі коламі. А нядаўна ён купіў сабе новы амерыканскі аўтамабіль за мільён чатырыста тысяч франкаў. І тым не менш Мартэн — чалавек ненадзейны. Даволі часта пасля званых абедаў ці кактэйляў у найлепшых дамах Парыжа ён з гумарам усклікае: «Каб ведалі яны, як я стаўлюся да іх рэвалюцыі!» Ён злосна смяецца, а ў вачах загараецца распусны агеньчык.
Я добра ведаю Мартэна і з нейкай трывогай пытаюся ў сябе, ці не ўчыніць гэты чалавек калі-небудзь спектакля, дзе багацей публічна раскажа пра свае сапраўдныя адносіны да народа. Уявіць гэта цяжка, але...