10.


— Тата, а якія ў нас самыя небяспечныя звяры? — спытаўся Ігнаська за вячэрай.

— Не размаўляй за сталом. Пасля пагутарым. Пашанцавала табе ў наш час нарадзіцца. Вось каб я малы так за сталом сябе паводзіў, то адразу б лыжкай па ілбе атрымаў. Тата мой, нябожчык, а твой дзед — ото строгі быў!

(Ну вось! Па ілбе лыжкай. А сам цэлую гісторыю пра дзеда распавёў. I тое, што за сталом не зашкодзіла.)

— Тата, а табе зараз за гутарку, хто павінен лыжкай у лоб — мама, ці я? — хітра прыплюшчыў вочы Ігнаська, а мама разрагаталася: «Ну што? Атрымаў?»

— Ну, спеліся! Пагавырыце ў мяне! — Напусціў на сябе сур'ёзу тата, хаваючы ў вачах смяшынкі.

— Значыць цікава табе, якія жывёлы самыя небяспечныя? — Удакладніў тата пасля вячэры. — Для каго небяспечныя? Для мышэй вунь наша Кіса-Іна вельмі небяспечная... Ага, для людзей! А навошта гэта табе? Прос­та, цікава? Ну, Ігнаська, калі сур'ёзна, у нас, у Беларусі практычна няма такіх жывёлаў, каб чалавеку іх баяцца. Можа толькі зубр... ды мядзведзь... Але колькі тых мядзведзяў ды зуброў! Вось я, лічы трыццаць пяць гадоў тут жыву, ніколі ні мядзведзяў, ні зуброў не бачыў. I ваўка — толькі адзін раз, а я ж паляўнічы! Ваўкі — яны такія нашуганыя, што як чалавека пачуе, гатовы са скуры выскачыць, каб толькі не сустрэцца. Чытаў я, што калі ваўкоў становіцца шмат, могуць на людзей нападаць, але толькі на дзяцей, а калі дарослыя — то на нізкарослых. Воўк жывёліна надзвычай разумная, ацэньвае з кім можа справіцца, а з кім — не.Яшчэ лось можа напасці, бык, самец значыць, восенню, калі ў іх вяселлі. У ласёў зрок кепскі, і ў час гону можа пераблытаць чалавека з супернікам. Яны ў гэты час адзін з адным з-за ласіх б'юцца... Што фыркаеш? Смешна, што з-за ласіх? Пачакай, можа сам калі з-за дзяўчынкі якой біцца будзеш! Не будзеш? Ну і правільна! Хай яны з-за цябе б'юцца...

Яшчэ, Ігнаська, на чалавека дзік можа кінуцца і параніць, або нават забіць. Але гэта толькі, калі яго прыперці, каб не было куды ўцякаць. Або паранены. Яшчэ дзікая свіння, калі яенага парася злавіць. Парася пішчыць — матка абараняе. Дык і котка наша кацянят абараняе... I мыш, калі ў кут загнаць, за палец будзе кусаць. Да крыві. Не чапай нікога, і цябе не зачэпяць. А да зубра, мядзведзя, калі ў Налібокі здарыцца трапіць, папросту не падыходзь блізка. У кожнай істоты ёсць мяжа, якую яна лічыць мяжой бяспекі. Слабыя жывёлы, калі гэтую мяжу парушаеш, уцякаюць, а такія як зубры і мядзведзі — абараняюць.

А ўвогуле самае небяспечнае стварэнне на зямлі — гэта мы з табой... Ну, не канкрэтна я і ты, а — чалавек. Во дзе самы вялікі драпежнік! I ўсё жывое яго баіцца. Ну, за выключэннем, можа якіх гадаў у Афрыцы, Паўднёвай Амерыцы. Кракадзілы, удавы, пітоны — яны, як я думаю, не такія мазгі маюць, каб баяцца. Таму і на чалавека могуць паляваць. А ў нас на­ват гадзюка ад чалавека ўцякае. Не наступі — і не ўджаліць.

— Тата, а ці ёсць у нас жывёлы, якім ніхто не страшны? На якіх ніхто не нападае? — падаў Ігнаська голас.

— Ну, як мы ўжо высветлілі, чалавек нападае на ўсіх. Вунь, Акульчыкі — як толькі з'явіцца дзе след дзіка, ці казулі, ці лася нават, то за стрэльбы і ў лес. I няма ад іх ратунку звярам ні зімой, ні летам. Бо старэйшы сын у іх участковы... А! Дык гэта я не пра тое! Прабач.

Хто ж у нас на самым верее?... Цяжкое пытанне ты мне задаў... Зда­ецца, і няма такіх. Зноў зубр і мядзведзь? Воўк яшчэ. На іх ніхто не палюе... Хібатолькі — пакуль малыя. Дзіцяня кожны пакрыўдзіць можа. Дзік дарослы ад любога драпежніка адб'ецца, лось таксама. 3 птушак, мо­жа, пугач?... Ды і яго, калі днём дзе заўважаць, вароны збіраюцца і ўсёю грамадой атакуюць. Але нічога зрабіць не могуць, толькі прагнаць куды. Беркут? Арлан? Але і іх так мала, што я ніколі не бачыў. Чытаў толькі, што ёсць недзе ў Беларусі.

Так што, Ігнаська, кожная жывёліна мае свайго ворага. Нават малога зубраня, калі дарослыя правароняць, воўк можа зарэзаць. I мядзведзяня.

— Тата, а хто дужэйшы — мядзведзь, ці леў?

— О-ох, Ігнаська! Ну і пытанні!... У якім сэнсе? Ну, што ты маеш на ўвазе? Напрыклад, на твой погляд, хто дужэйшы — карова, ці воўк?

— Воўк. — Ігнаська зрабіў здзіўленыя вочы. Маўляў, што тут незразумелага. — Воўк можа карову зарэзаць і зесці... Значыць ён і дужэйшы!

— Ага, вось ты пра што! Пытанні, Ігнаська, трэба задавацьтак, каб было зразумела, пра што пытаешся. Бо я падумаў, што ты пра сілу. Вось калі карову ў калёсы запрэгчы, і ваўка, то атрымаецца, што карова дужэйшая. Яна, братачка, некалькі тонаў грузу пацягне. А воўк — не.

— Ха-ха-ха! — уявіў Ігнаська запрэжаных у калёсы карову і ваўка.

— Вось табе і «ха-ха»! Карова дужэйшая. Але калі справа да бойкі, то воўк безумоўна пераможа. Воўк — ваяр, драпежнік. Адмыслова створаны для таго, каб забіваць. А карова — жывёлка мірная. Забіць, натуральна, можа — рагамі запароць, або капытамі затаптаць, але гэта не яе «прафесія».

— Дык хто каго заб'е ў бойцы — мядзведзь ці леў? — Ігнаську няпроста адхіліць ад «генеральнай» думкі.

— Ніхто, Ігнаська. Дзе на тваю думку яны могуць сустрэцца для бойкі? Ільвы жывуць у Афрыцы. Мядзведзі — у Еўропе, Азіі, Паўночнай Амерыцы. — Здаецца, гутарка тату пачала надакучваць.

— А калі іх звесці? Выпусціць у адну клетку?

— Ну ты і «харошы» хлопчык! «Добры»!... Гэта ведаеш як называецца? Гэта называецца «жорсткае абыходжанне з жывёламі». Гэта па Божых за­конах — грэх, а па чалавечых — злачынства.

— Ну, тата! Я ж не па-сапраўднаму пытаюся! Я ж гэта... тэратычна!

— Ах тэарэтычна! Не «тэратычна», а «тэарэтычна»!

— Ну, тэрэ...тэарэтычна!

— Нават тэарэтычна я не ведаю. Але ведаю, што кошкі — а львы, хоць і вялізныя, але кошкі — вельмі спрытныя драпежнікі. Думаю, спрытнейшыя за мядзведзя. Чытаў нават у паляўнічым часопісе, што ў Сібіры, гэта ў Расіі, за Уральскімі гарамі, сібірская тыгрыца даволі лёгка выцягнула за лапу з бярлогі мядзведзя і імгненна забіла, пракусіўшы чэрап. Так што думаю — леў перамог бы. Але гэта «тэратычна».

Загрузка...