8.


Каторы дзень стаіць гарачае надвор'е. Т ата з мамай прымушаюць насіць са студні ваду на агарод, паліваць. Якая ж гэта нудная праца! Носіш-носіш, ажно рукі балець пачынаюць. Але іначай пасохне ўся гародніна, прападзе. А як агарод паліў, трэба ісці ў лес шыльніку нагрэбсці, карову ды парсюка падсцяліць. I няма калі да Алега збегаць. Дамаўляліся жыўцоў наставіць на шчупака ды стронга. Спачатку трэба зрабіць пару дзясяткаў снасцей. Да тоўстай жылкі прывязваецца свінцовае грузіла (грузілаў яны з Алегам ужо адлілі. Свінец са старых акумулятараў выплавілі). Потым, крыху вышэй грузіла — на павадку вялікі рыбалоўны гак. I ўсё. Толькі трэба на дошчачку накруціць, каб жылка не зблыталася. Марыць Ігнаська, што прыйдзе ран­кам з ракі і аддасць маме ў рукі цэлы кукан вялікіх шчупакоў і стронгаў. А на сняданак усе будуць есці смажаную рыбу і... ну ён не дзеля таго, каб хвалілі...., але можа тата ці мама скажуць добрае слова...

Яшчэ не выходзіць з галавы Ігнаськінай чароўны камень. Толькі страшнавата нешта стала пасля таго сапсана. I вельмі хочацца падзяліцца ўражаннямі. Асабліва з Алегам. Ну, невыносна хочацца! Але ж курапатка папярэдзіла, што калі раскажа каму — прападуць чары.

У каго перавярнуцца, каб аніякай небяспекі? У выдру? Пасля апоўдня навінскія хлопцы на раку ходзяць купацца. I Толік з імі будзе. То паднырнуць да Толіка ды і ўкусіць яго за мяккае месца. Моцна ўкусіць, зубы ў выд­ры вострыя! За ўсё — за кпіны, за ганьбу, за бойку. Толькі як ён даведаецца, што гэта помета яму? A-а! Хай сабе і ніяк не даведаецца. Дастаткова, што ён, Ігнаська, ведаць будзе...

Ад каменя да ракі з кіламетр-паўтара. Што выдры можа пагражаць? Нічога, здаецца...

Загрузка...