7.


...Гопнуўся ў траву ля каменя, ускочыў, і — бягом у Мендыжэчы. За капейкамі, што пад дзядоўнікам схаваў. Грошы невялікія, толькі перад мамай сорамна. Як дзіця малое: «Дзе рэшта? — Згубіў...» Пра «перастрэлку», на­туральна, нічога казаць не стаў. Прамаўчаць — гэта ж не зманіць!

Вецер у вушах, пот вочы залівае, падбягаў ужо. I — на табе! Твар да твару з тым, параненым. Белы бінт праз лоб, кепка брылём назад, за па­сам нагавіц рагатка тырчыць. Босы, голае тулава аж чорнае ад загару. Вышэйшы крыху за Ігнаську, і рукі мускуламі як вяроўкамі перавіты. Калі біцца прыйдзецца, кепска. Ой, як жа біцца не хочацца!

— Ігнаська! — працягнуў нечакана для сябе руку. Той, відаць таксама не чакаў такога жэсту, паціснуў зніякавела. — Алег.

— Алег, я не хацеў пацэліць, далібог! Так проста кінуў, ненаўмысна атрымалася! Моцна разбіў? — затрашчэў Ігнаська. — Ты, гэта... Ты даруй мяне! Чэсна-найчэсна не хацеў!

— Ды нічога, ужо не баліць. Скуру крыху рассек. Такой бяды! Загоіцца.

— А гэта што ў цябе? Рагатка? Па чым страляеш?

— Ды гэта я так... Куды прыйдзецца. Па мішэнях. Па варонах.

— Не шкада? Птушак?

— Чаго іх шкадаваць? Яны куранят крадуць. Варон нават паляўнічым загадана страляць!

— I шмат варон настраляў?

— Калі чэсна, то ніводнай, — зарагатаў Алег. — Такія хітрушчыя! Нізавошта не падабрацца на стрэл! Вось толькі сёння да галкі падкраўся, дур­ная нейкая галка, неасцярожная. Усё ў траве капалася. Але прамазаў!

— Ну а галку навошта страляць? Яны ж куранят не крадуць! — (Каб ты ведаў, што гэта была за «дурная» галка!) — У мяне пазалетась галка жыла. Та­кая разумная! Клікаў — прылятала. А потым прапала. Можа ты падстрэліў?

— Не, я ўвогуле ні разу па птушках не пацэліў. Во Валодзя, ну, той, што са мной быў, калі ты мне ў лоб..., дык ён цэлкі стралок. Вераб'ёў страляе. Тыя блізка падпускаюць. Скубе, кашай набівае і гатуе на вогнішчы. А я не, я болыи рыбу люблю лавіць.

— I як ловіш? Вудай? — Па-сапраўднаму зацікавіўся Ігнаська. Дагэтуль ён падтрымліваў гутарку толькі, каб адстаяць свае прынцыпы (па жывому страляць нельга!) і працягнуць знаёмства. — Я лаўлю на вуду. Але вялікай рыбы не трапляе, чамусьці. Толькі гаркушы, ну, бывае, што верхаводкі. Яшчэ сліжоў і кялбоў. Ім чарвяка трэба пад самы нос... А вось тата ўмее ліпеня злавіць, і нават стронга. Толькі ён рэдка вудзіць.

— Я? Я па-рознаму. I вудай таксама. I на жыўца, нанач стаўлю. На шчупака, або на стронга. I сеткай па завонях. Ну, не сапраўднай сеткай — на дзве палкі кавалак тканіны ад мяшка, і цягаем па завонях — ямах, дзе пасля паводкі вада засталася. Там шмат рыбы бывае. Часам нават шчупакі. А часцей — карасі. Залацістыя і серабрыстыя... А хочаш — мы зараз пойдзем карасёў лавіць? Можа і ўюны трапяць. Бачыў уюноў? Як змеі, і пішчаць!

— Як гэта — пішчаць? — Здзівіўся Ігнаська. — Рыбы? Рыбы не могуць пішчаць. Кажуць жа: «Нямы, як рыба»...!

— Пабачыш. У сэнсе — пачуеш. Пайшлі?

Уюноў не злавілі. Гадзіны са дзве цягалі па вадзе кавалак мешкавіны, прыбіты да двух палак. Толькі спачатку нагамі добра ўзмуцілі вадаём. Так Алег закамандаваў, каб рыба не бачыла іхняй «сеткі».Брудныя, мокрыя падцягвалі цяжкую снасць да берага і вывальвалі змесціва на траву. Там, сярод выдраных з дна водарасцяў весела скакалі карасікі з залатой луской. Алег борздзенька збіраў іх у торбу, што вісела на шыі.

Лёгкая пена аблокаў у вадзе, моцны пах аеру і балотнай мяты. Залатыя дыскі б'юцца на траве.

— Алег, яны такія маленькія. Можа... Давай выпусцім? Хай гадуюцца. А як падрастуць — тады яшчэ раз зловім...

— Яны не падрастуць. Гэтая завонь да канца лета перасохне. I карасікаў паядуць качкі з чаплямі. Чым мы горшыя за чапляў? Ведаеш, яны смажаныя такія смачныя! Хрусткія.

— То можна выпусціць у раку. — Заўпарціўся Ігнаська.

— Не, у рацэ яны не жывуць. Карасі, асабліва залацістыя, бягучай вады не любяць. Кінь глупства, Ігнась, глянь, яны ўжо ўсе пазасыналі. Шкада табе? А сам жа казаў — ловіш гаркуш, сліжоў... Таксама малыя. Іх не шкада?

— Не ведаю... Я як паглядзеў — яны такія... як залатыя. Спачатку здалося — радуюцца, скачуць. А потым зразумеў — яны задыхаюцца, і таму трапечуць. I нешта так шкада стала... Ігнаська страсянуў галавой. — Не звяртай увагі. Гэта я так...

Загрузка...