5.


У Мендыжэчах даволі хлопцаў, але неяк так здарылася, што Ігнаська з імі не знаёмы. Бо ў Мендыжэчах свая школа, а Ігнаська ходзіць у іншую, у Кіявецкую. Кіявецкая хоць і далей, але там матуля настаўніцай працуе. I навінскія дзеці ў Кіявецкую ходзяць. Вось і атрымалася, што навінскіх Ігнаська ведае, а Мендыжэцкіх — не.

Кіявецкая школа старая. Там прапрадзед Ігнасікаў вучыўся, Дамінік, і прадзед, Ляксандра, і дзед, Пётрусь, і тата. I вось Ігнасік яе скончыў. Увосень, у пяты клас у Ракаўскую школу пойдзе. Далёка, восем кіламетраў.

Пайшоў за хлебам не шашой, шашой нецікава, аляснымі сцежкамі, праз Казіну. Гэты лес, што паміж Мендыжэчамі і хутарам, Казіной называюць. Невядома чаму. Ігнаська пытаўся ў таты, а той толькі плячыма паціснуў. «Казіна, ды Казіна, — кажа, — так заўсёды называлі».

Ідзе Ігнаська праз Казіну асцярожна. Пройдзе крокаў трыццаць, спыніцца, паслухае, паглядзіць. Вось вавёрка на елцы зацокала. Выглядае з-за стаўбура адным вокам. Паспрабаваў Ігнаська абысці елку, каб усю вавёрку ўбачыць — дзе там! Ігнаська вакол дрэва, і вавёрка вакол стаўбура, прыкрываецца ім. Спрытнюга! Што заўсёды дзівіла Ігнаську — гэта як яны могуць па дрэве галавою ўніз спускацца? Уверх — зразумела, кіпцюрамі чапляюцца за кару. Так нават кошка ўмее. Але кошка з дрэва задам спускаецца, а вавёрка — уніз галавою. I не падае!

Нешта зашамацела ў лістоце, і вылецеў вехіра, галуб дзікі. Паклаў Ігнаська на сцежку сетку-авоську і грошы, каб рукі вызваліць, бо ўсё лета нічога не насіў апрача трусікаў, а ў іх кішэняў няма. I палез на ясень, адкуль той галуб вылецеў. Заўважыў у кроне сухіх галінак купку. Можа гняздо? Памалу-памалу — дабраўся амаль да вяршынкі, а там у разгалінаванні — сапраўды гняз­до. I галубка сядзіць, трывожна вочкам паблісквае. Працягнуў Ігнаська руку, каб пагладзіць, як учора курапатку гладзіў, не вытрымала, зляцела. Шумна так крыламі заляскала. Гэта ў галубоў сігнал трывогі. Не ведае, дурненькая, што Ігнаська нічога кепскага не меўся зрабіць. Зляцела, а ў гняздзе двое птушанят. Ды якія брыдкія! Голыя, ружовыя, няўклюдныя! Ну быццам пацучаняты! Няўжо з іх такія прыгожыя галубы вырастуць? Доўга глядзеў на іх Ігнаська і думаў, параўноўваў з малымі курапаткамі, што ўчора бачыў. Тыя, можа з дзень, як вылупіліся, а ўжо шустрыя, бегаюць, тату з мамай слухаюць — вунь як зашыліся ў траву, калі бацька схавацца закамандаваў! А галубяняты дык ледзьве варушацца. Або ўзяць зайцаў і трусоў. Здаецца — ну такія ўжо падобныя! Амаль аднолькавыя. Знаходзіў часам Ігнаська зайчанятаў, маленькіх, на далоні памяшчаюцца — відаць толькі што народжаных. Дык яны хоць і малыя, а ўжо відаць — зайцы. У поўсці, вочы глядзяць. А трусяняты народзяцца — ну быццам гэтыя галубы малыя — ледзве варушацца, голыя, сляпыя, у ружовай тонкай скуры. Чаму так? Злез з дрэва і ў задуменні пайшоў далей. А як дайшоў да крамы, адчуў — чагосці не хапае...

Ну што за лёс! Грошы і сетку ў Казіне забыўся! Ажно горача стала ад думкі, што нехта там жа пройдзе. Кінуўся бягом назад, пыл закурэў з-пад босых пяткаў. Прыбег да ясеня з гняздом вехіры—ляжаць там на сцежцы ягоная авось­ка і рубель. Пашанцавала. Хоць хто там пойдзе сцежкай, калі дарога побач...

Вярнуўся ў Мендыжэчы, хлеба купіў. Шэсць боханаў. Рэшту, восем капеек, пад гумку трусоў закруціў. Закінуў авоську за плечы і назад пасунуўся. Цяжкавата.

За маслазаводам куча каменнага вугалю насыпана. I з-за яе «абстралялі» Ігнася. Двое хлопцаў пачалі кавалкамі вугалю кідацца. Відаць было, што проста так кідаюцца, не стараюцца пацэліць. Можа пазнаёміцца хочуць. Добра было б, а то ў Навіны хадзіць гуляцца не выпадае, пакуль То­лк не з'едзе. Нагнуўся, падняў кавалак вугалю, ды і шпурнуўу адказ. Нават авоську са спіны не здымаў, і не цэліў зусім.

Не, дзень сёння нейкі няўдалы! Дакладна ў лоб вышэйшаму бамбануў! Каб і хацеў так пацэліць, то не здолеў бы. А тут — на табе! Войкнуў хло­пец, схапіўся за твар, і ўпаў за кучай. А другі над ім схіліўся. Што на вайне, далібог! Зараз паранены расчухаецца, і ўдвох яны Ігнаську будуць біць. I хлеб у пыле выкачаюць. Потым бацькі ў разбіральніцтва ўцягнуцца. Трэба ўцякаць, хоць і сорамна. I нязручна — з такім грузам за спіною...

...Захэканы і ўспацелы забег у Казіну, азірнуўся. Не, не даганяюць. Відаць моцна прыклаў тым вугалем. Ну вось, цяпер яму ні ў Навіны, ні ў Мен­дыжэчы сунуцца нельга. I як цяпер за хлебам хадзіць? А тут што? Ну што гэта за лёс такі?! Гумка раскруцілася, рэшту згубіў, пакуль бег. Дзе ты яе зараз знойдзеш — пяць капеек і тры. Упалі ў пыл, як у ваду.

Загрузка...