4.


...Кульнуўся з валуна, носам у траву. Устаў, агледзеў сябе. Нармальна прайшло. Во, каб хто ўбачыў, як на валун бусел сеў, а потым праз галаву пачаў кульбіты рабіць! Падумаў бы — ці бусел звар'яцеў, ці ён сам трызніць.

На сцежцы курапаткі: — Ч-ж-ж-ы-рр-к, Ч-ж-ж-ы-рр-к! Тыя ж самыя, толькі зараз незразумела, што яны кажуць. Глядзяць недаверліва, але не ўцякаюць. Прысеў, паклікаў: «Ціп-ціп-ціп!». Падбеглі. Пагладзіў асцярожна курачку: «Мне дадому трэба, сонца садзіцца, а тата адлупцаваць абяцаў. Бывайце, любыя птушачкі.» I паімчаў праз луг.

— Ну? — Тата хмурыцца, але Ігнаська бачыць, што ён толькі напускае на сябе строгасць, а насамрэч ледзве стрымліваецца, каб не заўсміхацца.

(Вось жа звычка ў гэтых дарослых — «нукнуў» і чакае нейкага адказу... Што я павінен яму казаць? Як стану дарослым, ніколі не буду задаваць такія пытанні. «Ну...»!).

— Гэт-та... Я не зразумеў...Ты нешта пытаешся?

— Колькі разоў было сказана: дарослым нельга казаць «ты»!

— А як звяртацца? «Вы нешта пытаеце, тата»?

— Ну, гэта ўжо залішняе... Па твары відаць, што тата вось-вось разрагочыцца. Дастатковатак: «Тата нешта пытаецца?» Так! Тата пытаецца... Дзе насіла цэлы дзень ягонага лайдака? Дома хлеба няма ні скарынкі.

Заўтра ж сходзіш у Мендыжэчы за хлебам.Мендыжэчы — гэта вёска за лесам. Туды брукаваная шаша вядзе. Там крама, у хаце бельманаўскай. Хлеб, газа, гумовікі. Раз на тры-чатыры дні Ігнаську пасылаюць туды. Купляць хлеб — ягоны абавязак. I яшчэ ламачча насіць з лесу. У хаце дзве печы — адна вялікая, з ляжанкай, другая — «стаяк». У вялікай мама есці гатуе, яе дровамі паляць. А стаяк — ламаччам з лесу. Калі моцная спёка стаіць, то ежу на вуліцы гатуюць. Для гэтага тата з цаглін агмень склаў, яго таксама ламаччам паляць. А стаяк летам «адпачывае», таму зараз Ігнасік толькі зрэдку сухія палкі з лесу цягае. А зімою то кожны дзень на лыжы — і ў лес, ён адразу за плотам.

Загрузка...