13.


...Страшна. Паніка ў сэрцы Ігнаські. Пасля татавага аповеду пра звяроў, што «наверсе», вырашыў дзіком пабыць. Каб ніякай небяспекі. I было жаданне, таемнае, нават сабе не хацеў прызнацца — крыху Толіка прыпалохаць. Паглядзець, як ён уцякаць будзе. Калі пеўня ды каровы баіцца, то ад дзіка можа нават на дрэва залезе. Каб потым усе ўзгадвалі, ды смяяліся. Думаў сапраўдным секачом стаць, з ікламі-кінжаламі, а стаў падсвінкам. I ніякіх іклаў. Хто такога баяцца будзе? Нават сабакі могуць справіцца, калі тры-чатыры збярэцца. Зусім не цікава быцьу скуры дзіка-падлетка. Уразіла толькі тое, што столькі пахаў адразу адчуваць пачаў! I слых. Такі слых, што пачуў, як у Навінах Казюня з Харужычыхай сварыцца. Куры Харужыкавы ў Казюнін агарод залезлі, ці што...

Пашвэндаўся па пасадцы на Францішкоўскай гары ды і назад, да каменя. I тут зразумеў, якую памылку зрабіў... Камень вялізны, круты, і залезці наверх, каб у сляды святога Францішка стаць капыты не дазваляюць. Слізгаюць.

I з аднаго боку, і з другога спрабаваў. Скакаў — і з месца, і з разгону. Марна. Толькі пабіўся. Эх! Каб у якога горнага барана ці казла ператварыўся. Але Ігнаську толькі мясцовыя звяры-птушкі цікавяць. Ды і асцярожнасць не перашкодзіць — убачыць хто-небудзь таго ж дзіка — ну, дзік і дзік, невялікае дзіва. А калі б якога тэка ўбачылі ці тура, от было б балбатні! Маглі б якую аблаву арганізаваць. Ды злавіць, барані Бог, ды ў клетку...

...Змарыўся ўшчэнт, бакі аб камень пааббіваў, адышоўся ўбок, у траву залёг. Плакаць захацелася. Не так, як тады ў аўтобусе, тады нешта незразумелае з ім зрабілася, а ад бяссілля. I ад разумения, што сам вінаваты — так хацелася Толіка напалохаць, што іншыхдумаку галаву не прыйшло. Напрыклад — як ён будзе ў чалавечы выгляд вяртацца.

— Ч-ж-ж-р-р-к! Ч-ж-ж-р-р-к! — Курапатка-пеўнік сям'ю збірае. Павылазілі на сьцежку дзеці. Вялікія ўжо. Амаль бацькоў дагналі. Ігнаськава шчаціна бурая, не бачаць у пажухлай ад спёкі траве Ігнаську. Устаў. Малыя адразу ф-р-р-р, на крыло, і адляцелі крыху ўбок, а пеўнік адбег і прыглядаецца.

— Дзень добры! — рохнуў Ігнаська. Гэта я, не палохайцеся. Гэта я, Ігнаська. Во трапіў, дык трапіў! Не магу на камень узлезці. Няўжо астатак жыцця прыйдзецца ў свіной скуры хадзіць?

— Думай, думай. Змагайся, Ігнаська. Пакуль жывеш — думай. — Працыркаў пеўнік. — Думай! Дзічыхі для парасятаў цэлыя кучы травы ды галінак збіраюць, гнёзды будуюць. Капаць умеюць. Думай, Ігнаська! Не здавайся!

I курапачая сям'я з трэскам паднялася ў паветра. Паляцелі ў некалькіх метрах над зямлёй. Шэрыя курапаткі высока не лётаюць. I на дрэвы садзіцца не ўмеюць.

«Думай, Ігнаська, думай... Лёгка сказаць... Тут выць хочацца, ад роспачы зямлю есці! Як што — думай! I тата, і мама, і зараз вось гэтыя, пярнатыя... Стоп! Што там пеўнік пра дзічыху казаў? Што гнёзды будуе? Сапраўды — калі нацягаць да каменя сукоў, травы, каменняў. Вунь якраз крушня непадалёку. Я ж, мабыць і зямлю лычам капаць магу... Во, сапраўды магу! Зрабіць побач кучу з усяго, што здолею паднесці, а потым з кучы — на камень!»......

Загрузка...